Подых навальніцы
Шрифт:
— Як ето будзе, Міканорко? — не вытрывала, запытала нясмела.
— Што — як? — глянуў, нібы здалёк, Міканор.
— Голо, пусто. У хляве. Як вымерло ўсё. Сумота.
Міканор выцер скавародку кавалачкам хлеба, даеў, спакойна, дасведчана параіў:
— Забуваць трэба, мамо, на старое.
Устаўшы з-за стала, дадаў:
— A калі ўжэ ў хлеў канешне глядзець, то ідзіце глядзець у калгасны. Там не пусто.
У цемры, на палацях, яму зноў згадаліся насмешлівае: "Пабагацелі!" — спрэчка з Хонем пра Хадоську, але яны хутка адступілі перад шырокай, клопатнай радасцю, ад якой усярэдзіне было цёпла i хораша. Нават пра бяду сваю, што, прыхаваная ад людскіх вачэй, ныла, шчымела неадольна ў сэрцы, пра недасяжную прысуху сваю — глінішчанскую настаўніцу, думаў без заўсёднага шкадавання аб няскладнасці жыцця. Думкі, якія весяліла неўтаймоўнае адчуванне вялікай перамены, жвава беглі наперад. "Веялку скарэй прывезці б — каторую абяцалі. А шчэ б — малатарню дабіцца б! Да i трактар паспробуваць бы дабіцца! Хоць на дзень, кеб паказаў — што такое калгас! Дадуць не дадуць, а паспробуваць трэба!.. A галоўнае — не сакрэт — штоб упарадкаваць землю скарэй! Штоб каморніка прыслалі, не зацягваючы доўго! Штоб з араннем не апазніцца!.. Упарадкаванне зямлі — галоўнае! Самую добрую землю, тую, што каля цагельні, канешне! Ніякую другую! Будзе зямля добрая — будзе ўсё!.. Няхай пасмяюцца тады ўсялякія карчы ды ігнацікі! Паглядзім, як смяяцца будуць!.. І кароў пародзістых дабіцца трэба!.. І будавацца канешне! Кароўнік, канюшню, свіран — як паложано!.. Але наўперад канешне — з зямлёй упарадкавацца! І канешне тую, што каля цагельні!.. Зямля — галоўнае!.."
5
І наступнымі днямі нямала сыходзілася цікаўных на Хведаравым i Хоневым дварах. Але больш пільна збіраліся тыя, чые стаялі ў хлявах каровы ды коні. Асаблівай настойлівасцю, было прыкметна, вылучаліся жанкі. Жанкі, праўда, быццам памагалі карміць, даіць, але старанне гэтае больш давала адзін вынік: кожная, як магла, замінала Хведару, даяркам. Хведар нярэдка лаяў жанок, адганяў, але, непаслухмяныя, яны лезлі i лезлі ў хлеў. Патроху прывыкалі к іншым рукам каровы, i не касавурыліся, i малака больш давалі, не таілі, a жанкі ўсё не хацелі адвыкаць ад сваіх рагуль.
Управіўшыся з каровамі ды коньмі, даяркі i канюхі ішлі ў гумны: Зайчык i Хоня браліся за цапы, з прымаўкамі, са смешкамі, выпярэджваючы адзін аднаго, білі па снапах. Цапы ў калгасных гумнах, як i ў іншых, цупалі з рання да позняга вечара. Малацілі Міканораў бацька, Алёша, Хведарава Вольга, сам Міканор.
Намалочанае збожжа звозілі ў Хведараў свіран. Кульгавы Хведар зважваў усё, запісваў у кніжку, стукаючы па падлозе драўлянай нагой, памагаў ссыпаць у засекі. Хведар не толькі памагаў жанкам у хляве, але i быў упраўным кладаўшчыком. Ён i замыкаў свіран, сачыў за ім — быў, можна сказаць, яго вартаўніком.
Неяк ранкам, прыкладна так з месяц пасля таго, як звялі дабро разам, запрог Міканор коней, з бацькам пакаціў у Юравічы. Калі паявіліся зноў, усе, хто трапіўся на дарозе, на загуменні, дзівіліся: на калёсах, пабліскваючы фарбай, круглячыся коламі, стаяла машына. Нібы аддаючы пашану ёй, Міканор i бацька пачціва ішлі побач яе. Бацька асцярожна кіраваў коньмі, а Міканор падтрымліваў машыну, каб не ўпала. Калі знялі веялку, паставілі на прыгуменні, Міканор сам паказаў Зайчысе i Алёшавай сястры, як трэба абыходзіцца з ёю, паказваў з радасцю i годнасцю — ледзь не паў-Куранёў глядзела на яго i на яго радасць — веялку. З таго дня каля веялкі ледзь не ўвесь час быў хто-небудзь з цікаўных, хоць бы з дзяцей; багата каму хацелася ўзяць за ручку, пакруціць колы. Міканор i сам нярэдка падыходзіў да яе, памагаў жанкам веяць.
Каля веялкі Міканор асабліва шкадаваў, што не ўдалося дабіцца пакуль малатарні. А як добра было б, каб хоць ненадоўга прыслалі трактар. Але ў Міканоравым шкадаванні была i надзея, i веялка яе нібы падмацоўвала: ёсць веялка, раней ці пазней будзе i малатарня, i, не сакрэт, i трактар. Усякая тэхніка будзе. Веялка — гэта пачатак. Усе разумець павінны.
Нязвыклае паволі станавілася звыклым. Дзень за днём, кожны ранак, выпаліўшы ў печы, паснедаўшы, калгасаўцы сыходзіліся каля Міканоравай хаты, гаманілі, курылі. Тут уведвалі ўсе, дзе каму рабіць, куды каму ісці. У цэнтры гурту звычайна быў Міканор — ён прыходзіў амаль заўсёды з гатовымі планамі: перад тым, бачылася, вымеркаваў, што трэба, разважыў сам з сабою. Было часам i так, што яму пярэчылі, раілі, асабліва Хоня, Хведар кульгавы, Хведарава Вольга, i ён, хоць i спрачаўся, нярэдка прыслухоўваўся, мяняў свае рашэнні. Праўда, рабіў ён гэта неахвотна i з няёмкасцю, нібы гэта прыніжала яго, выяўляла яго нявартасць. Тут вельмі памагаў Хоня, які цудоўна ўмеў прыйсці ў час на падмогу, ператварыць непрыемнае ў вясёлае, жартаўлівае. Часам i на бязрыбным балоце спаймаць нешта можна, дык, маўляў, глядзець усюды не шкодзіць; да ўсіх прыслухоўвацца!..
Як бы там ні было, Міканор усяму быў кіраўнік галава быў; як потым зразумелі, i брыгадзір, i бухгалтар, i старшыня. Што помніў, а што запісваў у сшытак: i колькі чаго намалочана, i хто намалаціў, i хто дзе рабіў. Сам асабіста ставіў кожнаму за дзень "палачку", па якіх, казаў, будзе відаць, колькі хто рабіў…
З прычыны асаблівага значэння Міканора цемнаватая i цесная Міканорава хата ўсё больш станавілася як бы цэнтрам тых, хто пайшоў у калгас. Сюды збіраліся на сходы, на нарады, нярэдка збіраліся i проста так. Пайсці ў Міканораву хату рабілася ўжо як бы прывычкай. Вечарамі ў Міканоравай хаце цяпер век свяціліся вокны, век гаманілі, меркавалі пра нешта калгасаўцы; іншы раз — было так — без Міканора: калi Міканору даводзілася прападаць вечарамі ў Алешніках ці Юравічах.
Раз ці два гэтымі вечарамі няпрошаны заходзіў у Міканораву хату Глушакоў Сцяпан. Сядзеў ён звычайна моўчкі, амаль увесь час глядзеў толькі ды слухаў. Міканору не даспадобы былі гэтыя яго наведванні, але старшыня неяк прамаўчаў: у хату прыходзіла нямала іншых пабочных, ды i сакрэтаў якіх-небудзь у тыя вечары не было. Так што праганяць хлопца не было i прычыны.
Але праз некалькі дзён хлопец паявіўся на двары ўранку, стукнуў дзвярыма, улез у хату. Міканор яшчэ не ўправіўся вочы працерці пасля сну, санліва сапучы, нацягваў сухія, абпыленыя боты, зіркнуў спадылба, недавольна.
— Чаго прыйшоў? — не адказаў на прывітанне.
Хлопец нібы няёмка — прыдурваецца! — стаў каля дзвярэй, пачаў мяць у руках шапку.
— У калгас… прасіць хочу…
— У калгас?! — Міканор паглядзеў на яго, нібы хацеў зразумець: што ён удумаў. Пацікавіўся непрыязна: Чаго ето?
— Як усе. Жыць.
Міканор устаў, націснуў на бот. Зноў глядзеў пранікліва.
— Хто ето навучыў цябе? Бацько ці Яўхім?
Сцяпан збянтэжыўся больш, пачырванеў.
— Сам я…
— Сам! — Міканораў позірк паказваў: думаў знайсці дурня! Сказаў спакойна, насмешліва: — Ідзі скажы свайму бацьку ці брату… Скажы: мы не такія дурныя, як ён думае!
— Чаго? — не зразумеў Сцяпан. На твары яго паявілася нешта разгубленае i дурнаватае.
— Скажы: няхай сам прыйдзе! — жорстка сказаў Міканор.
— Чаго? Ён i мяне… не пусціць…
Міканор сабраўся ісці мыцца.
— Вы мне… не верыце?
Міканор зазлаваў:
— Не верыце? Не верыце? Знаю я вас! Твой бацько таксамо — сіратою ўмее! Слязу пусціць!..
— Мне бацько не ўказ. У мяне свая галава. — У Сцяпанавым голасе пачулася ўпартасць. — І Яўхім мне не пара!
— Пара не пара, аднаго поля!
— На адным полі рознае расці можа. Не канешне, як бацько такі, дак i я…
— Не для вас ето! Ясно? — узяла нецярплівасць Міканора.
— Дак… як жа мне?.. — Сцяпан стуліўся, нібы прасіў аб літасці.
Міканору стала шкада яго. Ён i злаваў таму, што ўвесь час лезла агіднае шкадаванне. Якога не павінна было быць. Адужаў чуласць, адрэзаў:
— Не блытайся пад нагамі! От як!
Зачэрпнуў карцом вады i нахіліўся над начоўкамі. Ужо за спіной пачуў недарэчнае:
— Дак… бувайце здаровы!..
Добра, не было на гэты час у хаце маткі. Калі ўвайшла, запыталася, чаго прыходзіў Сцяпан, Міканор толькі махнуў рукою. Ведаў, што матцы лепей не гаварыць пра гэта.
Увесь дзень было дзіўна ніякава: лезла, тачыла непаслухмяная вінаватасць, як бы несумленна, пагана абышоўся са Сцяпанам. Гнаў развагі, што Сцяпан i стары яго — розныя зусім, што са Сцяпана — не сакрэт — мог толк быць. Падтрымліваў ранішнюю цвёрдасць: тое, што можа быць, яшчэ не значыць, што так канешне i будзе, што Сцяпан не можа — калі захоча стары — стаць за яго, за Яўхіма, за ўсё кулацкае кодла. І Іераконваў сябе: правільна зрабіў, так i трэба. Стараўся не прызнаваць, што злаваў на Сцяпана, нецярплівы быў асабліва таму, што Глушакі, гэта ужо не раз чапляла матка, хоць i няблізкія, a сваякі. Ён i матцы казаў i сам думаў, што лічыць такіх сваякамі можна толькі на здзек яму, але, як там ні кажы, сваяцтва усё ж нейкае было i што ні думай, нейкі цень на яго кідала. І ад гэтага ў яго была асаблівая злосць на Глушакоў, як бы яны хацелі падкапацца да яго такім спосабам. Таму лічыў, што з імі трэба быць асабліва цвёрдым, бязлітасным. Таму не хацеў, каб пра гаворку яго са Сцяпанам ведала матка…