Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

За доўгім дашчатым плотам будавалі дом; людзі рабілі ўжо: з ночы яшчэ там i тут над сценамі блішчалі лямпачкі, пачэпленыя на жэрдкі i на драты між жэрдак. Магло быць, што людзі рабілі тут i ўсю ноч, — будавалі i ўдзень, i ўночы. Дом быў падняты ўжо за трэці паверх, было відаць, што будыніна расце вялізная, са смелым размахам, вартая сталіцы i часу. Нават проймы вокнаў уражвалі нязвыклай шырынёй, як яшчэ адзін знак нязнанай раней смеласці.

Неўзабаве Апейка пачуў далекаваты, але дужы гул; зацята, аж выбіваючыся на віск, лезла ўгару недзе ад Свіслачы машына. Ён мімаволі стаў, углядваючыся ў той бок, чакаючы, востра ловячы кожны гук, кожную праяву: ён ведаў, ішло дзіва, якое славілі газеты i паэты i якое ён толькі мелькам убачыў учора з аўтамабіля — мінскі трамвай.

Апейка зводдалек пабачыў, як трамвай вылез з-за гары, паволі, важка выпаўз, стаў каля цэнтральнага сквера. Выпусціўшы купку людзей i забраўшы тых, што чакалі, ён пабег насустрач Апейку лягчэй, хутчэй, з грукатам i звонам, якія імкліва, няўхільна раслі i дужэлі. Ён прамчаў паўз Апейку з такім громам, такім ззяннем вокан, за якімі людзі выглядалі дзіўна святочна, што Апейкава сэрца напоўнілася гонарам за сваю сталіцу, за краіну; у грымотным лёце трамвая, ад якога аж здрыгалася зямля, Апейку пачуўся магутны індустрыяльны поступ краіны.

На Савецкай людзей пабольшала, i ішлі яны цяпер вельмі хутка; іншыя ледзь што не беглі. Не адзін, не два паглядвалі на гадзіннікі над тратуарам: набліжаўся самы пачатак рабочага дня ва ўстановах. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як i сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу.

Калі ён падышоў да Універсітэцкага гарадка, ужо зусім развіднелася. Гарадок будаваўся; там, куды падышоў Апейка, ён быў абгароджаны дашчатым плотам; за агароджай чырванелі недакончаныя камяніцы адразу некалькіх будынкаў. Пры кожным з ix былі людзі, мноства людзей; на драўляных усходах, на рыштаваннях, каля самаробных блокаў: насілі, паднімалі на блоках складкі цэглы, цабры з цэментам, кпалі сцены. Будынкі, як i той, які Апейка бачыў раней, будаваліся з размахам: кожны даўжынёй ледзь не на цэлы квартал; увесь жа Універсітэцкі гарадок быў сапраўдным горадам у горадзе: агароджа будаўнічай пляцоўкі абкружала ні мала ні многа — некалькі кварталаў. Занятая будаваннем вялікай індустрыі, краіна не шкадавала ні рабочых, ні матэрыялаў, каб зрабіць моладзі ўсё, што трэба для вучобы, для асветы…

Апейка не адразу знайшоў той адзіны цагляны будынак на два паверхі, дзе — каля самай чыгункі — ціснуўся пакуль універсітэт. Сцены будынка знадворку былі калісьці пабелены, цяпер дождж размыў пабелку, вецер наляпіў вугальнага тару ды пылу, будынак выглядаў так нікчэмна, што Апейка i не падумаў бы, што тут можа быць універсітэт. Да таго ж i дабрацца да яго было няпроста: усё навокал абгарадзілі,— можна было падысці толькі па вузкім калідоры між платоў, з боку чыгункі. На шчасце, дапытваючыся універсітэта, Айейка натрапіў на студэнтку, ветлівую, бялявую дзяўчыну ў кажушку i ў хустцы, вельмі падобную на сваіх юравіцкіх равесніц. Дзяўчына ў кажушку i давяла Апейку да універсітэта; ветлівая, сарамяжая, з пачырванелым на холадзе вострым носікам, сказала, дзе можа быць сакратар камсамольскай ячэйкі,— хапатліва пабегла падшытымі валёнкамі на другі паверх. Апейка агледзеўся: тут, дзе хадзілі маладыя хлопцы i дзяўчаты з кнігамі, дзе з усіх сцен глядзелі то расклады заняткаў, то сценгазета "За бальшавіцкія веды", то аб’явы пра сходы, пра вечары, Апейку неяк асабліва ўзяло шкадаванне, што не давялося самому пабыць студэнтам. "Не патаўчэшся ніколі ў студэнцкай гурме… Hi клопатаў, ні радасцей гэтых не зазнаеш ужо… Акопы ды шпіталі ды газета пад сельсавецкай газоўкай — усё тваё студэнцтва… Паспяшаўся нарадзіцца: будзеш век невукам. Усё жыццё… — Апейка стрымаў сябе: — Нічога, стары. Друпя павучацца. Умей радавацца за другіх. Змена якая ідзе, бачыш — прыгожая, культурная!.."

У пакоі, які яму паказала дзяўчына, было два студэнты. Адзін — чорненькі, плячысты, у зацяганай, але адмысловай вельветавай куртачцы, другі — русявы з неяк па-дзіцячы мілым віхарком, у сацінавай сіняй сарочцы i пінжачку. Русявы, з віхарком, адказаўшы ц а нрывітанне, ветліва папрасіў Апейку пачакаць хвілінкуот толькі дакончыць гаворку з таварышам. Меркавалі пра спектаклі: для чагосьці выбіралі спектакль; адразу, як дамовіліся, чорненькі развітаўся, весела, хвацка стукнуў дзвярыма, i русявы цікаўна зірнуў па Апейку. Гэта i быў сакратар ячэйкі. Калі Апейка назваў сябе. сваю пасаду, ён зычліва падаў руку, ад душы паціснуў Апейкаву. Поціск быў дужы, чулася, што рука гэта ведала працу. Было i ў позірку яго светлых, нібы празрыстых вачэй штосьці вельмі добрае, зычлівае; i па гаворцы, i па манеры трымацца было відаць, што хлопец просты, шчыры. Гэтае ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены; нібы паказваў: уся душа наросхрыст.

У мяне да вас важная справа, — сказаў, як бы папярэджваючы, Апейка.

— Без важнай справы вы, пэўна, не зайшлі б сюды, — усміхнуўся зычліва хлопец. Ён як бы паказаў, што гатовы памагчы ўсім, чым можа.

— Я хачу даведацца, што на самой справе было з… — Апейка на момант запыніўся: як лепш назваць, — з Алесем Маёвым. Вы, канешне, ведаеце яго i яго ўчынак?

— Ведаю… — Апейка заўважыў, як у празрыстых вачах паявілася штосьці стрыманае, насцярожанае. Хлопец як бы адасобіўся. Запытаў:

— Вы — хто яму?

— Я вучыў яго…

Хлопец не зразумеў:

— Як — вучылі?

— Вучыў у школе. Настаўнікам быў у яго…

— А-а… — Уважлівыя вочы глядзелі, чакалі яшчэ нечага.

— Першыя вершы чытаў. І потым — сачыў, як можна было. Больш — па газетах… — Апейка тлумачыў спакойна, мякка, як старэйшы таварыш.

Хлопец дзіўна маўчаў. Быў ужо хмурны, вельмі сур’ёзны, як бы не хацеў пачынаць ці не ведаў, з чаго пачаць.

— Дык што ж было на самой справе?

— Што ж, раскажу, — сказаў хлопец раптам дзелавіта, цвёрда. — Толькі — коратка. Тут адна справа якраз чакае. Раскажу галоўнае… Гэта — непрыемная гісторыя. Непрыемная для ўсёй ячэйкі, для ўсяго універсітэта… Тут i наша віна, камсамольскай ячэйкі, не адмаўляюся. Прамаргалі, выпусцілі з-пад увагі. Камсамольца, таварыша аддалі, можна сказаць, самі ў рукі другіх. Самі не вялі выхаваўчай работы, вось тыя i выхавалі. Выхавалі па свайму ўзору i падабенству… Для нас гэта вялікі ўрок — i на сённяшні дзень i на заўтрашні…— Апейка, i ідучы сюды, i пачынаючы гаворку, яшчэ спадзяваўся на добрае, на тое, што ўсё акажацца калі i не зусім шчаслівым, то ва ўсякім разе не такім паганым, як ён трывожыўся; i вось кожнае слова студэнта пераконвала, што здарылася самае горшае. — Хлопец быў наш, — як бы білі Апейку словы шкадавання. — Быў наш. — "Чаму: быў наш?" — азвалася у Апейку нязгодаю, але ён стрымаў сябе. — Мы верылі яму. Спадзяваліся на яго як на камсамольца, таварыша! А от прамаргалі, i былы таварыш адкалоўся. Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў. Паслугачом наццэмаўскага ахвосця! Паслугачом ворага!

— Вы — перакананы ў гэтым? — стрымліваючыся, сказаў Апейка.

Сакратар камсамольскай ячэйкі зірнуў на яго, нібы не разуме ючы.

— Я не веру гэтаму, — як мог спакойна, але прама, цвёрда растлумачыў Апейка. — Не веру, што ён стаў прыслужнікам ворагаў.

Хлопец трохі збянтэжыўся ад Апейкавай рашучасці. На чыстым ілбе разлілася ружовасць.

— Мы таксама спачатку не верылі… Не хацелі даваць веры. Але ён сам не скрываў. Больш таго — нават выстаўляў, паказваў усім. Спрабавалі адгаварыць, пераканаць — ён знарок упарціўся. — У голасе хлопца пачулася злосць. — Героя з сябе — падумаеш, герой! — строіць пачаў! Яму ўсякія Зарэцкія i Гаргныя — дарапя таварышы! Выдатныя дзеячы, сыны народа!.. Яны яго нахвальвалі, спявалі: ты — паэт, талент! І от — ён рашыў аддзячыць! Знайшоў таварышаў!

— І ўсё ж ён наш! Што б там ні было — наш, разумееш? Ён не можа быць не нашым. Усё, што ў ім ёсць добрае, усё гэта наша. Ад савецкай улады… Я ведаю яго, калі ён толькі начынаў разбірацца ў жыцці. Усе гэтыя гады сачыў. Гэта вельмі шчыры, адданы нашай справе хлопец. Ну — можа, памыліўся. Дык дакажыце, пераканайце! Нашто ж так адкідаць зразу!..

— Зразу, зразу! Мы i цяпер вымушаны прыбір аць за ім, столькі ён тут натварыў! — Хлопец не гaiy непрыхільнасці.— Не ўсё так проста было, як здаецца збоку! Студэнты — народ пепасрэдны: разважаць не вельмі ахвочыя. Даверлівы народ, схільны захапляцца, асабліва на яго факультэце, лігфакаўцы. І м падабалася гэта — паказное геройства! На сходзе было i крыку, i віску: заступнікаў у яго знайшлося даволі! Усё, што было бруднае, анархічнае, палезла наверх! Факультэцкі сход, цэлы сход, павярнулі па-свойму! Сход аказаўся не на вышыні! Ліберальныя настроі перамаглі прынцыповасць! Прыйшлося ўмешвацца! Нанава збіраць! Расхлёбваць кісель, які заварыў герой ваш!..

Ужо не заўважалася, што сарочка ў хлопца паюначы расхрыстаная, i дзіўна было, што вочы ў хлопца здаліся празрыстыя, наіўныя. Апейка зірнуў у гэтыя вочы i раптам зразумеў, што спрачацца з хлопцам ці пераконваць яго — марная трата. Ды сакратар i не таіў, што гаварыць пра гэта больш не хоча. Мусіць зараз ісці.

— Дзе знайсці яго? — запытаў Апейка.

— Яго выключылі, i ён жыве недзе ў горадзе. Зайдзіце на літфак, там, мусіць, хто-небудзь знае. Хаця — яны ў другую змену. Так што ідзіце ў інтэрнат… На Нямізе…

Поделиться с друзьями: