Подых навальніцы
Шрифт:
Раздзел другі
1
І вось Апейка ў інтэрнаце універсітэта, на старой, пазелянелай ад старажытнасці Нямізе. І зноў хвалюе тое, студэнцкае — неперажытае, завабнае: аб’явы пра сходы, пра заняткі, нейкі загад. Запіска, прыколатая шпількай: "Хлопцы, ёсць лішні білет на "Паўлінку". Галёрка, самы высокі рад! Самая танная цана! Спецыяльна для студэнтаў! Спяшайцеся! Пакой № 9". Яшчэ адна: "Хто ўкраў канспект па Замоціну?! Неадкладна вярніце!!!"
Прыбіральшчыца ці дзяжурная, добрая, з выгляду зусім вясковая цётка, што спаткала яго ля дзвярэй, жаласліва зірнула на Апейку, уздыхнула, паківала галавой: быў тут, жыў такі, у трэцім пакоі. Цяпер — няма, выселілі. Дзе жыве — не пыталася; але са студэнтаў павінен нехта ведаць. Паклікала аднаго, другога з тых. што паяўляліся на калідоры; ніхто з ix не ведаў. Цётка загадала ім пашукаць, хто ведае; пачалася бегатня па пакоях, і, нарэшце, прыйшоў рудаваты, з рабаціннем на носе, хлопец i сказаў:
— Я знаю, дзе ён.
Яны ідуць удваіх, студэнт трохі наперадзе, Апейка за ім: тратуарчык такі вузенькі, што ўдваіх ісці побач не ўдаецца. Ды i вуліца, старая Няміга, такая вузкая, цесная, што, ідучы тратуарам, сцеражыся ўвесь час, каб не зачапілі вазок ці каляска, што яшчэ коцяць па слабенькім снезе. Адліга, што зранку ледзь чулася, цяпер налезла настырней: i вецер, мокры, стылы, i пад нагамі слізгота.
— Вы разам вучыліся? — Пайшлі ужо іншай вуліцай, таксама вузкай, але цішэйшай; можна было ступаць побач.
— Разам. На адным курсе.
— Як жа дайшло да ўсяго гэтага?
— Ён i раней казаў так. Спрачаўся з тым, што пісалі. Пра Пушчу i Дубоўку.
— З чым спрачаўся?
— Ну, з тым, што яны нацдэмы, ворагі. Казаў, што ім перашкаджае сялянская стыхія i арыгінальнічанне. Але што яны з часам выхаваюцца ў добрых пралетарскіх паэтаў. І што ім трэба памагчы, а не адштурхоўваць…
— І як ты лічыш — няправільна ён казаў?
— Ды мы i самі багата хто так думалі… Толькі — не вельмі гаварылі. Так, хіба ў кампаніі сваёй, сярод таварышаў… А яму гэтага мала. У яго што наўме, тое i на языку. На сходах яго дык асабліва цягнула на спрэчку.
— Гэта пагана, што ён на сходах — адкрыта?
— Не, хто кажа… — Хлопец на момант запыніўся, загаварыў разважліва: — Казаць можна. Але неабавязкова лезці з усім тым, што ты думаеш. Не тое што скрываць трэба, але трэба перш падумаць, які будзе толк з таго. І тое яшчэ знаць трэба: што калі прыходзяць на сход i гавораць нейкія рэчы, то, значыцца, гэта ўсё праверана i абдумана таксама. Людзьмі, у якіх ёсць фактаў пабольш, якія знаюць пабольш… І наогул не трэба лезці на сцяну, без толку!..
— Яго выключылі не на літфаку?
— У нас амаль усе галасавалі супраць выключэння. Яго выключылі потым — на бюро. A ў нас сабрал’ япічэ адзін сход: аб прынцыповасці i аб шкодных праявах на літфаку. Аб ім, можна сказаць. Праўда, яго ужо не было…
— Ён што — не перамяніў сваёй думкі?
— Перамяніў? — Хлопец хмыкнуў: — Ён потым знарок паказваў стойкасць сваю! — Па-юначы шчыра як бы пахваліўся сваёй практычнасцю: — Я яму казаўтрэба прызнаць памылку. Прызнаў бы — i ўсё было б добра. Інакш было б!
— Значыць, ён быў перакананы.
— Перакананы не перакананы, a калі трэба — то трэба было прызнаць. А ён — не! Усё па-свойму, дабіваўся ўсё сваёй праўды. І — дабіўся!
Больш Апейка не пытаўся. І спрачацца не стаў: адчуваў, што спрэчка прападзе попусту. Моўчкі, асклізваючыся, ішоў па крывых вулічках з ямамі, між драўляных, касабокіх хат з зялёным i чорным гонтам, з аканіцамі; вулічках, якія былі як сёстры юравіцкім, самай нязграбнай местачковай глухамані. Як i на юравіцкіх, амаль нідзе не было тратуараў. Каля аднаго, падобнага на іншыя, крывабокага дома хлопец адчыніў веснічкі, першы пайшоў на двор. Апейка мімаволі глянуў у акно: убачыў за цёмнай шыбай лапушысты вазон i свой цьмяны адбітак на шыбе.
На ганку патупалі, абабіваючы наліплую снегавую, з гразёю макрэчу, сумленна выцерлі боты. Увайшлі ў сенцы, ступілі ў хату.
— Дома Алесь? — звонка i весела сказаў хлопец, павітаўшыся.
Сухаватая, не вельмі ветлівая гаспадыня, што знарок перастаўляла табурэтку ля стала, з увагай акінула Апейку, як бы рашаючы: варта ці не варта казаць. Незычліва адказала: дома. Але хлопец яе не чуў; ён, не пытаючыся, расчыніў дзверы, уваходзіў у другі пакой.
— Забраўся чорт знае куды! — усё з той жа звонкасцю папракнуў ужо некага іншага. — Ледзь дацягліся! Прымай гасцей!
Убачыўшы Апейку, Алесь ад неспадзеўкі зніякавеў. Момант яшчэ сядзеў за сталом, потым схамянуўся, устаў, ніякава паціснуў руку. Павёў вачыма па пакоі — ці ўсё да ладу. Мітусліва падаў табурэтку, такую ж, як у тым пакоі, дзе гаспадыня, узяўся папраўляць кніжкі i сшыткі на стале, прыгладзіў не вельмі паслухмяную русявую чупрыну.
— Вуліцы, брат, — што коўзанкі! Коўзаешся ўвесь час — як кот на лёдзе!.. Што парабляеш? Вершы?
Хлопец нахіліўся над сталом. — Ага. Руская літаратура дзевятнаццатага стагодцзя. Вучымся, значыць! Пр-равільна!
Ён яўна строіў з сябе бывалага, баявога хлопца. Алесь не папраўляў яго i не падладжваўся: як бы i не заўважаў таварыша, які нібы не хацеў нічога разумець.
Сеўшы зноў за стол, Алесь зірнуў насцярожана на Апейку i ўжо не ўздымаў вачэй.
Але, чуў Апейка, жыў нялёгкім хваляваннем сустрэчы.
Таварыш яго, якім ні ўдаваў сябе бесклапотным, усё ж хутка ўлавіў, што Алесю не да яго балбатні, бадзёра аб’явіў:
— Што ж, я сваю функцыю выканаў
Ён весела паціснуў руку Алесю, са сталай стрыманасцю развітаўся з Апейкам. Праз момант звонкі голас яго прыбіўся з суседняга пакоя, хвацка стукнулі дзверы…
І калі асталіся адны, доўга яднала абодвух маўчанне. Апейка глядзеў з пяшчотаю, са спачуваннем, з увагаю: збоку здавалася — Алесь не змяніўся вельмі. Было ў твары, у постаці тое ж юнацка мілае, далікатнае, сарамяжае, з-за якога не зусім i верылася, што гэта ён, гэты далікатны юнак, так цвёрда трымаўся сумлення свайго, стаяў так перад небяспекаю. Можа, хіба толькі — цвёрдасць у падбародку, у шчаках, новая, не бачаная раней ці не заўважаная; ды i позірк недаступны, затоены. Не такі, як там, на полі…