Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Лагерлёф Сэльма

Шрифт:

Але, ва ўсякім выпадку, усе людзі, разам з Марыт лічылі падсудных невінаватымі і верылі ім, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. І не толькі той дзень, але і ўсе астатнія дні — да гэтага часу. Калі б людзі, з якімі ёй давялося сустракацца, лічылі яе дачкой забойцы, то яна не ў сілах была б вынесці цяжару жыцця.

Паўль Эліясан першым узышоў на маленькі дашчаны памост пад шыбеніцай. Спачатку ён кінуўся на калені і пачаў маліцца богу, потым звярнуўся да святара, які стаяў побач з ім, і пачаў аб нечым прасіць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калі ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку і апошняе прывітанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час.

Як ёй магло нават прыйсці ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калі б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калі ўжо і было што надзейнае на свеце, дык толькі адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, які быў надзеты на пальцы нябожчыка, — у шапачцы.

Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй і пачала ўважліва разглядаць. «Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? — падумала яна. — Ні я, ды і ніхто іншы ў сядзібе не вязаў яе яму. Відаць, ён купіў яе на кірмашы, а магчыма, памяняўся з кім-небудзь».

Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усіх бакоў. «Калісьці гэта шапачка была, напэўна, прыгожая і новая, — падумала яна. — Паўль любіў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калі мы ткалі яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалі. А шапачкі ён любіў часцей чырвоныя, з вялікім кутасікам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу».

Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, імкнучыся перанесціся ў мінулае.

Яна была ў лесе той самай раніцай, калі Інгільберта напалохалі да смерці. І бачыла, як Паўль разам з яе бацькам і дзядзькам стаяў, схіліўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылі, што Інгільберта трэба перанесці ўніз, у даліну, і накіраваліся насячы галля для насілак. А Паўль на момант забавіўся, каб разгледзець Інгільбертаву шапачку. Яна яму вельмі спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сіняй і белай пражы, і ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабіў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсіць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакінутая ім Інгільберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая і не так адмыслова звязаная.

А Інгільберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсці з дому. Магчьма, ён думаў, што за ім будзе пагоня, і таму спрабаваў схаваць яго. Калі ж паваліўся, нікому і ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Эліясану і тым больш.

Напэўна, так яно і было ўсё. Яна магла б паклясціся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца.

Марыт паклала пярсцёнак у сундук і з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы.

— Выйдзі на святло, Мэрта, — крыкнула яна ў цёмную глыбіню хлява, — і дапамажы мне з узорам, а то адной ніяк не разабрацца!

Калі даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку.

— Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, — сказала яна. — Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў ім разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмі вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе!

Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку і паглядзела на яе. Відаць было, што яна вельмі здзівілася. Выйшаўшы з ценю, які адкідвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку.

— Адкуль яна ў цябе? — запыталася Мэрта.

— Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, — адказала Марыт. — А чаму ты ў мяне пытаешся?

— Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Інгільберту тым апошнім летам, калі ён яшчэ быў жывы, — сказала даглядчыца жывёлы. — Я не бачыла яе з той самай раніцы, калі ён пайшоў з дому. Як магла яна трапіць сюды?

— Можа, яна звалілася ў яго з галавы, калі ён падаў, — адказала Марыт. — І хтосьці з нашых работнікаў падабраў яе ў лесе і прынёс сюды. Але калі ўжо гэта шапачка развярэдзіла табе сэрца, можа, ты і не захочаш зняць для мяне ўзор?

— Давай мне шапачку, і ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня — сказала даглядчыца жывёлы.

У голасе яе пачуўся плач, калі, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы.

— Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, — сказала Марыт.

— Ніколькі мне не цяжка, калі я раблю гэта для цябе.

І на самай справе, ніхто іншы, а Марыт успомніла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерці бацькі і брата, і прапанавала ёй пайсці даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзібу Стургордэн у Ольсбю. І Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей.

Марыт зноў пайшла на ганак палевай клеці і ўзяла ў рукі вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць — што ж ёй цяпер рабіць.

Калі б хто-небудзь у ольсбюскай сядзібе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якія адмовіліся ад свецкага жыцця дзеля пустэльніцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны і зусім без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць — маладая яна ці старая. Ва ўсім яе абліччы было нешта супакоенае і ціхае, як у чалавека, які адмовіўся ад усякіх жаданняў. Яе ніколі не бачылі бесклапотна-вясёлай, але і вельмі маркотнай таксама ніколі не бачылі.

Пасля цяжкага ўдару, які напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзібу Стургордэн, але добра разумела, што калі захоча захаваць сядзібу ў сябе, то ёй давядзецца выйсці замуж: сядзібе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзіць замуж, яна перадала ўсе свае ўладанні аднаму са стрыечных братоў зусім бясплатна, абумовіўшы сабе толькі права жыць і харчавацца ў сядзібе да сканчэння сваіх дзён.

Яна была задаволена тым, што так паступіла, і ніколі ў гэтым не раскайвалася. Баяцца, што дні пацягнуцца для яе марудна і бесклапотна, не даводзілася. Людзі паверылі ў яе жыццёвы розум і дабрату, і варта было каму-небудзь захварэць, як адразу клікалі яе. Дзеці таксама вельмі хінуліся і лашчыліся да яе. У клеці на палях у яе заўсёды было шмат малых. Яны ведалі, што ў Марыт заўсёды знойдзецца час дапамагчы ім справіцца з іх маленькімі нягодамі.

І вось цяпер, калі Марыт сядзела на ганку, разважаючы, што ёй рабіць з гэтым пярсцёнкам, яе апанаваў раптам страшны гнеў. Яна думала пра тое, як лёгка можна было адшукаць гэты пярсцёнак. Чаму генерал не паклапаціўся, каб пярсцёнак быў знойдзены? Ён жа ўвесь час ведаў, дзе пярсцёнак, цяпер Марыт гэта разумела. Але чаму ж ён не зрабіў так, каб Інгільбертаву шапачку таксама абшукалі? Замест гэтага ён дазволіў пакараць смерцю з-за свайго пярсцёнка трох невінаватых чалавек. На гэта ў яго была ўлада, а вось прымусіць пярсцёнак выйсці на свет божы — не было!

Поделиться с друзьями: