Пярсцёнак Лёвеншольдаў
Шрифт:
Калі прыхаджане вярталіся ў нядзелю пасля паўдня з царквы дамоў, там ледзь маглі дачакацца, калі яны здымуць з сябе святочнае адзенне і перакусяць; ім прыходзілася адразу расказваць усё, што пасведчылі на судзе сведкі, і ўсё, у чым прызналіся абвінавачваемыя, а таксама які, на думку людзей, будзе прыгавор.
Ні пра што іншае і гаворкі не было. Кожны вечар у вялікіх дамах і малых хацінах, як у тарпалаў, так і ў заможных сялян, каля ачага чынілі суд.
Жахлівая гэта была справа, ды і дзіўная, таму і няпроста было разабрацца ў ёй па справядлівасці. Нялёгка было вынесці канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды і амаль немагчыма было паверыць, што Іварсаны і іхні прыёмны сын нібыта забілі чалавека з-за пярсцёнка, якім бы каштоўным ён ні быў.
Узяць хаця б Эрыка Іварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялікімі ўгоддзямі і мноствам хат. Калі і вадзіўся за ім які грэх, дык толькі той, што быў горды і празмерна клапаціўся пра свой гонар. Але таму і цяжка было зразумець, што які-небудзь скарб у свеце мог прымусіць яго пайсці на ганебны ўчынак.
Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Івара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымліваючы ад яго чаго толькі пажадае. Ён быў такі дабрадушны і раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсці ў галаву ўчыніць забойства і разбой?
Што тычыцца Паўля Эліясана, то было вядома, што Іварсаны яго любілі і ён павінен жаніцца на Марыт Эрыксдотэр, адзінай бацькавай наследніцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэнні іншаземец, а пра іншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лічаць за грэх. Івар Іварсан прывёў Паўля з сабой, калі вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сірата з трох год і, калі б не Івар, памёр бы з голаду ў роднай краіне. Праўда, выхавалі яго Іварсаны сумленным і справядлівым, ды і вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалі адно аднаго, і неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце і багацце, раптам возьме ды і паставіць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак.
Але, з іншага боку, не варта было забываць і генерала, пра якога людзі змалку чулі столькі розных легенд і гісторый, якога ведалі, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, які быў высокі ростам, магутны і варты даверу. А цяпер ён памёр, і ў яго ўкралі самае дарагое з ягонай маёмасці.
Генерал ведаў, што калі Інгільберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, інакш Інгільберт спакойна накіраваўся б сваёй дарогай і не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралі пярсцёнак, інакш бы ім ніяк не сустрэўся на дарозе ротмістр, іх не ўзялі б пад варту і не трымалі б пад арыштам.
Так, складана было разабрацца па справядлівасці ў такой справе, але на генерала спадзяваліся нават больш, чым на самога караля Карла. І амаль на ўсіх судовых разборах, якія вяліся ў бедных хацінах, быў вынесены абвінаваўчы прысуд.
Вялікае здзіўленне, вядома, выклікала тое, што павятовы суд, які засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учыніўшы абвінавачваемым найстрогае дазнанне, але так і не выкрыўшы іх і не схіліўшы да прызнання віны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якіх абвінавацілі ў забойстве і разбоі.
Аднак на волю іх не выпусцілі, бо прыгавор павятовага суда павінен быў зацвердзіць каронны суд, а каронны суд палічыў сялян з Ольсбю вінаватымі і прыгаварыў іх да павешання.
Але і гэты прыгавор не быў выкананы, паколькі яго павінен быў спярша зацвердзіць сам кароль.
Пасля таго як быў вынесены і аб'яўлены каралеўскі прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалі свой абед; ім не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якім быў гэты прыгавор.
А ён абвяшчаў: зусім відавочна, што хтосьці з абвінавачваемых — забойца і злодзей, але паколькі ніводзін з іх не прызнаў сябе вінаватым, то няхай іх рассудзіць Божы суд.
На бліжэйшым цінгу ім неабходна ў прысутнасці суддзі, засядацеляў і ўсіх прыхаджан згуляць адзін з адным у косці. Таго, хто выкіне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вінаватым і пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатніх адразу вызваліць, каб яны вярнуліся да свайго звычайнага жыцця.
Мудры быў той прыгавор, справядлівы. Усе жыхары далін Вермланда былі ім задаволены. Хіба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявіў, быццам бача ясней, чым іншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць.
Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьці надта асаблівае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; істцом у гэтай цяжбе быў нябожчык — нябожчык, які патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых іншых абставінах можна было яшчэ вагацца, ці патрэбна звяртацца да гульні ў косці, але толькі не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаіў яго дабро. Вось і ў каралеўскім прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.
Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык [21] хацеў прадставіць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнія ваенныя гады і яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусім не выключана, што якраз гэта і мелася на ўвазе. А так ці не так, сказаць цяжка!
21
Кароль Фрэдрык (1676–1751) — кароль Швецыі (1720–1751). Быў жанаты на Ўльрыцы Элеаноры, сястры Карла XII, з'яўляўся яго ваенным паплечнікам і пасля яго смерці дамогся права на атрыманне ў спадчыну шведскага трона.
Як бы там ні было, усе, чаго б гэта ні каштавала, хацелі прысутнічаць на цінгу ў гэты дзень, калі будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб ісці, ці занадта малы, каб паўзці, накіраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеі, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад іншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнічаць самому.
Вядома, што сядзібы і маёнткі раней былі рассеяны па ўсёй акрузе, вядома і тое, што тады можна было цэлую мілю праехаць, ды так і не сустрэць ні душы. Але калі людзі з усяго павета сышліся на адной і той жа плошчы, то ўсе так і ахнулі — колькі народу! Цесна прыціснутыя адно да аднаго, незлічонымі радамі стаялі яны перад судовай палатай. Здавалася, нібы пчаліны рой, чорны і цяжкі, звісае перад вулеем летнім днём. Людзі нагадвалі пчаліны рой яшчэ і тым, што былі не ў сваім звычайным настроі. Яны не былі маўклівыя і ўрачыстыя, якімі заўсёды бывалі ў царкве; не былі яны вясёлыя і лагодныя, як заўсёды на кірмашах: яны былі лютыя і раздражнёныя, апанаваныя нянавісцю і прагай помсты.
Чаго ж тут здзіўляцца? З малаком маці ўсмакталі яны жах перад ліхадзеямі. Вечарамі ім спявалі калыханкі пра валацуг, якія былі аб'яўлены па-за законам. У іх уяўленні ўсе зладзеі і забойцы былі вылюдкамі, чортавым насеннем, яны іх і за людзей не лічылі. Думка аб міласэрнасці да такіх вырадкаў ім і ў галаву не прыходзіла. Яны ведалі, што такім вось страшным і подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, і радаваліся гэтаму. «Слава табе госпадзі, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, — разважалі яны. — Ужо цяпер ва ўсякім выпадку яму не ўдасца болей шкодзіць нам».
Добра, што божы суд павінен быў адбывацца не ў судовай палаце, а на волі. Але дрэнна, вядома, што рота салдат частаколам стаяла на плошчы перад судовай палатай і блізка падысці нельга было, людзі ж бясконца груба лаялі салдат, што тыя перакрылі ім шлях. Раней ніхто б сабе такога не дазволіў, але сягоння ўсе былі дзёрзкія і нахабныя.
Усім людзям давялося заўчасна, з самай раніцы выйсці з дому, каб заняць месца бліжэй да частаколу з салдат, і на іх долю выпала многа доўгіх гадзін пакутлівага чакання. А за ўвесь гэты час забавіцца не было чым. Хіба што з судовай палаты выйшаў судовы прыстаў і паставіў пасярод плошчы вялізны барабан. Усё-такі стала весялей, бо людзі ўбачылі, што судзейскія там, у палаце, намерваюцца распачаць справу яшчэ да вечара. Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарніліцай для пісара. Нарэшце ён з'явіўся, трымаючы ў руках невялікі кубак, у якім звонка перакочваліся ігральныя косці. Прыстаў некалькі разоў выкінуў іх на барабан. Відаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя і выпадаюць то так, то гэтак, як ігральным касцям і належыць.