Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Лагерлёф Сэльма

Шрифт:

У маёнтку Хедэбю быў званы абед з мноствам гасцей. Дзяўчына Спак стамілася ад клопатаў — мяса на ражнах, лёгкае пячэнне і паштэты ў духоўцы, кацялкі з булёнам і патэльні з падліўкай на пліце. Але і гэтага мала. Аканомцы давялося асабіста прысутнічаць у зале і наглядаць за тым, як накрываюць стол; ёй давялося прыняць серабро, якое ўласнаручна выдала па падліку баранэса. Патурбавалася яна і аб тым, каб віно і піва дасталі са склепа і каб уставілі свечкі ў люстры. Калі ж яшчэ ўзяць пад увагу, што кухня ў Хедэбю знаходзілася ў аддаленым флігелі і, каб патрапіць туды, трэба было бегчы цераз увесь двор, што з-за гэтага ўрачыстага выпадку кухня была бітком набіта прышлымі, да таго ж і нявопытнымі слугамі, то можна сабе ўявіць, што кіраваць усім гэтым павінен быў чалавек умелы.

Але ўсё ішло без сучка, без задзірынкі, як і належала таму быць. На бакалах не было ні плямкі, а ў паштэтах нясвежых вантробаў, піва пенілася, булён быў у меру прыпраўлены, а кава ў меру моцная. Дзяўчына Спак змагла паказаць, на што яна здатная, і сама баранэса, адпускаючы ёй кампліменты, сказала, што лепш і быць не магло.

Аднак тут аканомку напаткаў жахлівы і нечакавы ўдар. Збіраючыся вярнуць баранэсе серабро, яна хапілася, што нестае дзвюх лыжак — сталовай і маленькай.

Усе перапалохаліся. Па тых часах нічога горшага, чым прапажа серабра, у доме здарыцца не магло. У Хедэбю пачалося ліхаманкавае хваляванне і ўсеагульная сумятня. Усе толькі і рабілі, што шукалі прапажу. Успомнілі, што нейкая старая цыганка была на кухні ў той самы дзень, калі ў Хедэбю банкетавалі, і гатовы былі ехаць у далёкія фінскія лясы [22] , каб схапіць яе. Усе сталі падазроныя і безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка — служанак, служанкі — адна адну і ўвесь белы свет. То адна, то іншая прыходзіла з пачырванелымі ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак.

22

Маецца на ўвазе глухі лясны раён на поўначы Вермланда, месца пасялення фінскіх каланістаў, якія жылі ў вялікай галечы.

Гэта працягвалася некалькі дзён, аднак так нічога і не знайшлі, і дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свінарніку і абшукала свіное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, ці не трапілі туды лыжкі. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкі трымалі сваё адзенне, і тайком перакапала іх маленькія куфэркі. Усё было марна, і дзе шукаць яшчэ — не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усімі дамачадцамі падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калі не адмовіцца сама.

Схіліўшыся над плітой, дзяўчына Спак стаяла на кухні і плакала так горка, што слёзы яе капалі ўніз і шыпелі на гарачай пліце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна і зрабіла і нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаіць Генерал, паказваючы рукой на паліцу, якая была прыладжана так высока і так нязручна, што нікому ніколі не прыходзіла ў галаву класці туды што-небудзь.

Генерал знік, як і заўсёды, у той самы момант, калі і з'явіўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку. Выцягнуўшы з кладоўкі лесвіцу, яна прыставіла яе да паліцы, узлезла на самы верх, працягнула руку і намацала старую пасудную анучу. Ды ў гэту брудную анучу былі загорнуты абедзве сярэбраныя лыжкі.

Як яны туды трапілі? Безумоўна, гэта здарылася без чыйго-небудзь ведама і намеру. У неверагоднай сумятні на такім банкеце магло здарыцца ўсё, што хочаш. Анучу зашпурнулі на паліцу, напэўна таму, што яна трапіла пад ногі, а сярэбраныя лыжкі апынуліся там разам з ёю, прычым ніхто гэтага не заўважыў.

Але цяпер яны зноўку знайшліся, і дзяўчына Спак, ззяючы ад шчасця, аднесла іх баранэсе і па-ранейшаму стала яе правай рукой і памочніцай.

Няма ліха без дабра. Вярнуўшыся дамоў вясной, малады барон Адрыян пачуў тое, што Генерал выказаў дзяўчыне Спак сваю нечуваную прыхільнасць; і Адрыян адразу ж пачаў адносіцца да яе з асаблівай увагай. Ён вельмі часта наведваўся да яе ў буфетную ці на кухню. То ён з'яўляўся пад маркай, што яму неабходна новая леска для вуды, то казаў, што яго прывабіў прыемны пах толькі што спечаных булачак. Пры гэтым ён заўсёды пераводзіў размову на прадметы незвычайныя. Ён схіляў аканомку расказваць яму гісторыі аб прывідах, якія вадзіліся ў багатых сёрмландскіх маёнтках, такіх, як Юліта, Эрыксберг, жадаючы выведаць, якое ў яе меркаванне аб гэтым.

Але часцей за ўсё яму хацелася пагаварыць пра Генерала. Ён казаў ёй, што не можа разважаць пра яго з іншымі, бо яны ўспрымаюць яго толькі з жартоўнага боку. А ён спачувае няшчаснаму прывіду і хоча дапамагчы яму знайсці вечны спакой. Толькі б ведаць, як да гэтага падступіцца!

Тут дзяўчына Спак заўважыла: на яе сціплае меркаванне, у маёнтку ёсць штосьці такое, што шукае Генерал.

Малады барон злёгку збялеў і дапытліва паглядзеў на аканомку.

— Ma foi [23] , паненка Спак! — усклікнуў ён. — Гэта цалкам магчыма! Але запэўніваю вас, калі б мы мелі тут, у Хедэбю, тое, чаго дамагаецца Генерал, то неадкладна б яму гэта аддалі!

23

Клянуся гонарам! (фр.)

Дзяўчына Спак, вядома, вельмі добра разумела, што барон Адрыян наведвае яе толькі дзеля прывіду, але ён быў такі далікатны малады чалавек і такі прыгожы! Ды, калі ўжо гаварыць шчыра — нават больш чым прыгожы! Ён хадзіў, крыху схіліўшы наперад галаву, а ва ўсім ягоным абліччы было штосьці задуменнае. Так, многія нават лічылі, што ён не па гадах сур'ёзны. Але меркавалі так толькі таму, што не ведалі яго. Часам ён раптоўна ўскідваў галаву, жартаваў і прыдумваў розныя свавольствы не ў параўнанне з іншымі. Ды за што б ён ні браўся — у яго руках, голасе, усмешцы была нейкая невымоўная чароўнасць.

Аднойчы летам, у нядзелю, дзяўчына Спак была ў царкве. Дамоў яна вярталася самым кароткім шляхам — па сцяжынцы, якая ішла наўскасяк цераз агароджу пастарскай сядзібы. Сёй-той з прыхаджан, выйшаўшы з царквы, таксама пайшоў па гэтай жа сцяжынцы, а аканомка, спяшаючыся ў маёнтак, абагнала жанчыну, якая ішла значна павольней, чым яна. Хутка дзяўчына Спак падышла да пералаза, па якім цяжка было перабрацца цераз агароджу, і, як заўсёды паслужлівая, яна падумала пра больш павольную падарожніцу і спынілася, каб дапамагчы ёй. Працягнуўшы жанчыне руку, аканомка заўважыла, што тая зусім не такая старая, як падалося здалёку. Скура ў яе была на рэдкасць гладкая і белая, таму дзяўчына Спак вырашыла — магчыма ёй не больш за пяцьдзесят. Хоць з выгляду яна была ўсяго толькі простай сялянкай, але трымалася з гонарам, быццам ёй давялося перажыць нешта такое, што ўзвышала яе над уласным саслоўем.

Пасля таго як аканомка дапамагала жанчыне перабрацца цераз агароджу, яны пайшлі побач па вузкай сцяжыне.

— Вы, паненка, відаць, тая самая, што кіруе гаспадаркай ў Хедэбю, — сказала сялянка.

— Так, — пацвердзіла дзяўчына Спак.

— Я мяркую, добра вам там жывецца?

— А чаму б мне жыць дрэнна на такім добрым месцы! — стрымана запярэчыла аканомка.

— Ды ў народзе кажуць, быццам у Хедэбю штосьці творыцца.

— Не варта верыць людскім плёткам, — павучальна заўважыла аканомка.

— Не варта, напэўна, не варта, ужо я ведаю! — пагадзілася субяседніца.

Яны памаўчалі. Мабыць, жанчына гэта штосьці ведала, і, шчыра кажучы, дзяўчына Спак гарэла жаданнем параспытваць яе. Але гэта было б нядобра і не да твару ёй.

Першая зноў завяла размову жанчына.

— Здаецца мне, што вы, паненка слаўная, — прамовіла яна, — і таму я хачу даць вам добрую параду: не затрымлівайцеся доўга ў Хедэбю. Бо з тым, хто там блукае, жарты дрэнныя. Ён не адступіцца, пакуль не даможацца свайго.

Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардліва падзякаваць за перасцярогу, але апошнія словы незнаёмай жанчыны абудзілі ў яе цікавасць.

— А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба?

— Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? — запыталася сялянка. — Тады я ні слова больш не вымаўлю. Можа, так яно і лепей для вас, што вы нічога не ведаеце.

З гэтымі словамі яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на іншую сцяжынку і неўзабаве знікла з вачэй.

Дзяўчына Спак асцерагалася і не расказала за абедзенным сталом усёй сям'і пра гэтую размову. Але пасля абеду, калі барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаіла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян і сапраўды вельмі здзівіўся.

Поделиться с друзьями: