Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Лагерлёф Сэльма

Шрифт:

Затым ён хутка вярнуўся ў палату, і нічога дзіўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькі паказацца на ганку, як людзі адразу ж пачыналі лаяць яго і пасміхацца. Раней ніхто б сабе гэтага не дазволіў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў.

Суддзю з засядацелямі прапусцілі праз заслон і да судовай палаты адны з іх прайшлі пешшу, іншыя ж пад'ехалі вярхом. Як толькі з'яўляўся хто-небудзь з іх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такі ніхто не шаптаўся і не шушукаўся, як бывала раней. Зусім не! І пахвальныя і зневажальныя словы выкрыкваліся на ўвесь голас. І нічым нельга было гэтаму перашкодзіць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, і не такія яны былі, каб з імі жартаваць. Важных паноў, якія прыбылі на цінг, таксама ўпусцілі ў судовую палату. Былі там і Лёвеншольд з Хедэбю, і пастар з Бру, і заводчык з Экебю, і капітан з Хельгестара, і многія, многія іншыя. І пакуль яны праходзілі, усім ім давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчасліўчыкі, якім не трэба стаяць ззаду і змагацца за месца бліжэй, ды і яшчэ многа чаго іншага.

Калі ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлівымі насмешкамі маладую дзяўчыну, якая з усіх сіл старалася трымацца як мага бліжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая і кволая, і мужчыны — то адзін, то другі — не раз спрабавалі прабіцца праз натоўп і захапіць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Іварсана з Ольсбю, і пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалі прагнаць з месца.

Але затое на яе градам сыпаліся кпіны. У дзяўчыны пыталіся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбеніцы — бацьку ці жаніха. І здзіўляліся: з якой гэта ласкі дачка злодзея павінна займаць лепшае месца.

Тыя ж, што прыйшлі з далёкіх лясоў, толькі дзівіліся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але ім тут жа расказалі пра яе і нямала іншых дзіўных рэчаў. Яна была не з баязлівага дзесятка, гэта дзяўчына, і прысутнічала на ўсіх суровых разборах, ніколі не заплакала і ўвесь час была спакойная. Раз-пораз ківала яна галавой абвінавачваемым і ўсміхалася ім так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра іх вызваляць. І калі абвінавачваемыя бачылі яе, то зноў былі мужнымі. Яны думалі самі сабе, што ёсць на свеце хоць адзін чалавек, які перакананы ў іх бязвіннасці. Хоць адзін, хто не верыць у тое, што нейкі мізэрны залаты пярсцёнак мог спакусіць іх і падштурхнуць на злачынства.

Прыгожая, ціхая і цярплівая, сядзела яна ў судовай зале. Ні разу не выклікала яна ні ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзі з засядацелямі, ды і ленсмана яна выклікала прыязнасць да сябе. Самі б яны, дапусцім, у гэтым не прызналіся, але хадзіла чутка, быццам павятовы суд ні за што не апраўдаў бы абвінавачваемых, калі б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любіць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вінаваты ў ліхадзействе.

І вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглі бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай і суцяшэннем. Яна хацела маліцца за іх у час іх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць іх душы ласцы божай.

Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблыні недалёка падае. Але нічога не скажаш, з выгляду яна была добрая і бязвінная. Ды і сэрца было ў яе любячае, калі яна змагла застацца тут на плошчы.

Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалі, але не адказвала, і плакала, і не спрабавала выратавацца ўцёкамі. Яна ведала, што няшчасныя вязні будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсім вялізным натоўпе яна была адна-адзіная, хто ўсім сэрцам па-чалавечы спачуваў ім.

Але што ні кажы, а стаяла яна тут зусім не дарэмна. Знайшліся ў натоўпе адзін-два чалавекі, у якіх былі свае дочкі, такія ж ціхія, міласэрныя, як Марыт. І ў глыбіні душы гэтыя людзі адчувалі, што ім не хацелася б бачыць сваіх дочак на яе месцы.

Пачуліся ў натоўпе два-тры галасы, якія абаранялі яе ці спрабавалі хоць бы супакоіць нястрымных вастрасловаў і гарлапанаў.

Не толькі таму, што скончылася пакутлівае чаканне, але і з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадаваліся, калі дзверы судовай палаты расчыніліся і суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлі судовы прыстаў, ленсман і арыштанты, з якіх знялі кайданы, хоць кожнага з іх вартавалі два салдаты. Затым паявіліся дзяк, пастар, засядацелі, пісар і суддзя. Замыкалі шэсце важныя паны і некалькі сялян, якія былі ў такой пашане, што ім дазволілі знаходзіцца за ачапленнем.

Ленсман з арыштантамі сталі з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямі павярнулі направа, а паны размясціліся пасярод. Пісар са сваімі паперамі заняў месца за сталом. Вялікі барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсіх на вачах.

Як толькі паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханіна і цісканіна. Нямала рослых і дужых мужчын так і намагалася праціснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адціснулі, яна, маленькая і тоненькая, нахіліўшыся, прашмыгнула міма салдат і апынулася па другі бок іхняга частаколу.

Гэта было супраць усіх правіл парадку, і ленсман даў знак судоваму прыставу выдаліць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, і павёў да судовай палаты. Але як толькі яны апынуліся ў людскім натоўпе, ён адпусціў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну і ведаў — ёй абы толькі дазволілі стаяць паблізу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калі ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсці Марыт будзе лёгка.

Зрэшты, хіба быў у каго-небудзь час думаць пра Марыт Эрыксдотэр? Пастар з дзякам выйшлі наперад і сталі пасярод плошчы. Абодва знялі капелюшы, а дзяк зацягнуў псалом. І калі тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулі гэтае спяванне, то зразумелі, што зараз адбудзецца нешта вялікае і ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму ім калі-небудзь даводзілася быць сведкамі на сваім вяку: заклік да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волі.

Калі ж пачаў гаварыць пастар, людзі напоўніліся яшчэ большай павагай. Ён маліў Хрыста, сына божага, які некалі сам паўстаў перад судзілішчам Пілата, злітавацца над гэтымі абвінавачваемымі, каб не напаткаў іх суд несправядлівы. Ён маліў таксама злітавацца над суддзямі, каб не былі вымушаны яны прыгаварыць да смерці бязвіннага.

Пад канец ён маліў яго злітавацца над прыхаджанамі, каб не давялося ім быць сведкамі вялікай несправядлівасці, як некалі жыдам каля Галгофы.

Усе слухалі пастара, пазнімаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалі больш пра свае нікчэмныя людскія справы. Яны былі настроены зусім інакш. Ім здавалася, быццам пастар заклікае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалі яго нябачную прысутнасць.

Стаяў цудоўны асенні дзень: сіняе неба, усеянае белымі хмаркамі, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцізной лісцем. Над галовамі людзей бесперапынна праляталі на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзін дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Ці не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?

Калі пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда і зачытаў каралеўскі прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелістых моўных зваротаў, якія з цяжкасцю даходзілі да натоўпу. Але людзі зразумелі, што свецкая ўлада як бы склала скіпетр свой і меч, адмовілася ад мудрасці сваёй і ведаў і спадзявалася цалкам на волю божую. І яны пачалі маліцца, маліцца ўсе як адзін, каб гасподзь дапамог ім і навучыў іх.

Затым ленсман узяў у рукі ігральныя косці і папрасіў суддзю і сяго-таго з прысутных кінуць гэтыя косці, каб праверыць, ці не фальшывыя яны. З нейкім дзіўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку ігральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубікі, якія загубілі нямала людзей, няўжо цяпер іх палічылі вартымі паведаміць волю боскую?!

Як толькі косці былі апрабаваны, арыштантаў вывелі наперад. Спачатку кубак перадалі Эрыку Іварсану, самаму старэйшаму з усіх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз ім патрэбна кінуць жэрабя толькі для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.

Поделиться с друзьями: