Пярсцёнак Лёвеншольдаў
Шрифт:
— Татка сказаў, што Бенгт-асілак замовіў сякеру, а не то б яму ніколі не пашкодзіць нагу. Ды і рана ж была зусім не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асілак даканаў яго. Вось татка і паслаў мяне сюды і загадаў перадаць, каб вы самі да яго прыехалі, і як мага хутчэй.
— Добра, паеду, — сказаў пастар.
Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накінуў на сябе дарожны плашч і надзеў капялюш.
— Аднаго я не магу зразумець, — сказаў ён, — з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асілку так даймаць твайго татку? Ці не зачапіў яго калі-небудзь Борд за жывое?
— Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, — пацвердзіла дзяўчынка. — Толькі чым ён пакрыўдзіў яго, аб гэтым татка ні мне, ні брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён і хоча паведаміць вам, глыбокапаважаны пан пастар.
— Ну, калі так, — сказаў пастар, — трэба паспяшацца.
Нацягнуўшы пальчаткі з адваротамі, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому і сеў на каня.
За ўвесь час, пакуль яны ехалі да пастуховай хаціны ў лесе, пастар не сказаў ні слова. Ён сядзеў, думаючы аб усіх тых цудах, пра якія расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваім вяку сустракаў толькі аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асілкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусім пра іншага Бенгта.
Калі пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана — Інгільберт. Ён быў на некалькі гадоў старэйшы за сястру, такі ж рослы і бучны, як яна, і падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былі пасаджаны глыбей, а выгляд — зусім не такі дабрадушны і шчыры, як у яе.
— Далекавата вам было ехаць, пан пастар, — сказаў Інгільберт, дапамагаючы пастару злезці з каня.
— О, так, — сказаў стары, — але я прыехаў хутчэй, чым разлічваў.
— Мне самому б трэба было прывезці вас сюды, пан пастар, — сказаў Інгільберт, — але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькі вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькі ў назе антонаў агонь і што сястру паслалі па вас, пан пастар.
— Мэрта не ўступіць любому хлопцу, — сказаў пастар. — Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?
— Шчыра кажучы, яму зусім дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калі я сказаў яму, што вы ўжо выехалі з лесу.
Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селі на шырокія каменныя пліты каля хаціны і сталі чакаць. Настроены яны былі ўрачыста і размаўлялі пра бацьку, які быў добры з імі. Але шчаслівым не быў ніколі з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развітацца з такім няшчасным жыццём.
Раптам сястра сказала:
— У таткі, відаць, было нешта на сумленні!
— У таты? — адзівіўся брат. — Што ўжо ў яго магло быць на сумленні? Ды я ні разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу ці на чалавека.
— Але ж у нечым ён збіраўся пакаяцца пастару, і нікому больш.
— Ён так сказаў? — запытаўся Інгільберт. — Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьці пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклікаў яго сюды толькі для таго, каб прычасціцца.
— Калі ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар — адзіны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялікім і цяжкім граху.
Крыху падумаўшы, Інгільберт усклікнуў:
— Дзіўна! А ці не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзін? Як і небыліцы, якія, бывала, расказваў пра Бенгта-асілка. Усё гэта не інакш як пустая выдумка, і нічога больш.
— Пра Бенгта-асілка ён якраз і хацеў пагаварыць з пастарам, — сказала дзяўчынка.
— Тады можаш пайсці ў заклад, што гэта адны выдумкі, — сказаў Інгільберт.
З гэтымі словамі ён падняўся з месца і падышоў да акенца ў сцяне хаціны, якое было адчынена, каб крыху святла і паветра магло пранікнуць усярэдзіну. Ложак хворага стаяў так блізка ад акенца, што Інгільберт мог чуць кожнае слова. І сын пачаў прыслухоўвацца, ніколькі не пакутуючы мукамі сумлення. Магчыма, ніхто яму ніколі раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякім выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькі няма ніякіх страшных тайнаў, якія ён мог бы выдаць.
Пастаяўшы крыху каля акенца, Інгільберт зноў падышоў да сястры.
— Ну, што я казаў? — пачаў ён. — Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з маці ўкралі каралеўскі пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.
— Злітуйся, божа! — усклікнула сястра. — Ці не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.
— Зараз мы нічога не можам зрабіць, — запярэчыў Інгільберт. — Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.
Ён зноў падкраўся да акенца і пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусіў сястру доўга чакаць і неўзабаве зноў падышоў да яе.
— Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калі яны з маці пабывалі ў склепе і ўзялі пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпаліў двор.
— Па ўсім відаць, што гэта адна дурасць, — сказала сястра. — Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпаліў Бенгт-асілак.
Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як Інгільберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калі зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.
— Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусіць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што маці спалохалася і захацела пайсці разам з ім да ротмістра ў Хедэбю і аддаць пярсцёнак. Бацька і рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што іх абоіх павесяць, калі яны прызнаюцца, што абакралі нябожчыка. Але тут ужо маці не змагла перажыць гэтага, пайшла і ўтапілася.
Тут і твар сястры пацямнеў ад жаху.
— Але татка заўсёды казаў, — пачала была яна, — што гэта быў…
— Ну так! Ён толькі што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць ніводнай жывой душы, хто напусціў на яго ўсе гэтыя беды. Толькі нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асілак. Ён сказаў, што сяляне называлі генерала Бенгтам-асілкам.
Мэрта Бордсан так і абамлела.
— Значыць, гэта праўда, — прашаптала яна ціха, так ціха, нібы гэта былі яе перадсмяротныя словы.
Яна азірнулася па баках. Хаціна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышаліся змрочныя, пакрытыя лесам грабяні гор. Наколькі ахоплівала вока, не відаць было чалавечага жылля, не было нікога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзіноцтва.
І ёй падалося, што ў цені дрэў, у змроку падпільноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на іх новыя няшчасці.
Яна была яшчэ такім дзіцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу і знявагу наклікалі на сябе яе бацькі. Яна разумела адно — што іх даймае нейкі прывід, якаясьці бязлітасная, усемагутная істота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явіцца і яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.
Яна падумала пра бацьку, які вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такі ж самы жах. Ёй споўнілася нядаўна чатырнаццаць, і яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калі згарэла Меламстуга. І ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзіць за ім. Так, лепш яму тады памерці.