Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Лагерлёф Сэльма

Шрифт:

Інгільберт зноў падслухоўваў каля акенца хаціны, а потым вярнуўся да сястры.

— Ты ж не верыш у гэта, Інгільберт? — запыталася яна, нібы ў апошні раз спрабуючы пазбавіцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Інгільберта дрыжаць рукі, а вочы застылі ад жаху. Яму таксама было страшна, ніколькі не менш за яе.

— Чаму ж мне тады верыць? — прашаптаў Інгільберт. — Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегію — хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму ніяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломіць нагу, якраз калі патрэбна ад'язджаць.

— А што сказаў пастар? — запыталася дзяўчынка.

— Ён пацікавіўся ў бацькі, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калі так небяспечна было валодаць ім. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калі прызнаецца ў сваім злачынстве, то ротмістр загадае яго павесіць. Выбіраць не было з чаго, вось і давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, і хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалі генералу ў магілу, а мы б, дзеці, пазбавіліся ад праклёну і змаглі б зноў перабрацца ў прыход да людзей.

— Я рада, што пастар тут, — сказала дзяўчынка. — Не ведаю, што і рабіць, калі ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаіць вунь там, пад елкамі. Падумаць страшна, што ён хадзіў тут кожны дзень і падпільноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!

— Я думаю, што тата і сапраўды бачыў яго, — пагадзіўся Інгільберт.

Ён зноў падышоў да хаціны і пачаў прыслухоўвацца. Калі ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў іншы выраз.

— Я бачыў пярсцёнак, — сказаў ён. — Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так і зіхаціць! Пунсовы з золатам! Так і пераліваецца! Пастар зірнуў на пярсцёнак і сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты — генералаў. Падыйдзі да акенца, і ты ўбачыш яго!

— Лепш гадзюку ў рукі вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, — сказала дзяўчынка. — Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?

Інгільберт адвярнуўся.

— Ведаю, што ён — наш згубіцель, але ўсё роўна мне ён па душы.

Толькі ён сказаў гэтыя словы, як да брата і сястры данёсся моцны і зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.

Само сабой зразумела, што пастар не мог прымірыцца з усімі гэтымі вар'яцкімі размовамі аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селяніну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзіцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары ці насылаць хваробы на людзей і жывёлу. Не, беды, якія даймалі Борда, — гэта пакаранне божае, абранае каб вымусіць яго раскаяцца і вярнуць крадзенае яшчэ пры жыцці, пасля чаго грэх будзе дараваны, і ён зможа спакойна памерці.

Стары Борд Бордсан ціха ляжаў у ложку і слухаў пастара, той так і не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, і не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.

Але брат з сястрой, якія дрыжалі ад страху перад насланнём і прывідамі, адразу акрыялі.

— Чуеш? — запытаўся Інгільберт, схапіўшы за руку сястру. — Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусім не генерал.

— Так, — адказала сястра.

Яна сядзела, сціснуўшы рукі. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.

Інгільберт устаў. Парывіста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, які мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусім іншым чалавекам. Шпаркім крокам падышоў ён да хаціны, адчыніў дзверы і ўвайшоў.

— Што такое? — запытаўся пастар.

— Я хачу пагаварыць з татам!

— Ідзі адсюль! З тваім бацькам цяпер размаўляю я! — строга сказаў пастар.

Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з ім то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлівым.

Інгільберт, закрыўшы твар рукамі, усеўся на каменныя пліты. Ім авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хаціну, але яго і цяпер выгналі за дзверы.

Калі ўсё было скончана, настала чарга Інгільберта праводзіць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё ішло добра, але неўзабаве ім давялося ехаць па грэблі цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён раніцай пераязджаў гэта балота, і запытаўся, ці не збіўся Інгільберт з дарогі. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмінуць балота і што яна выведзе іх з лесу напрамкі.

Пастар пільна зірнуў на Інгільберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як і бацька, вельмі прагны да золата. Інгільберт жа некалькі разоў заходзіў у хаціну, быццам хацеў перашкодзіць бацьку аддаць пярсцёнак.

— Эх, Інгільберт! Гэта вузкая і небяспечная дарожка, — сказаў пастар. — Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слізкіх бярвёнах.

— А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, — сказаў Інгільберт і ў той жа міг схапіў пастарскага каня за павады.

Калі ж яны апынуліся пасярод балота, дзе з усіх бакоў іх акружала толькі зыбкая багна, Інгільберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусіць яго зваліцца з вузкай грэблі.

Конь стаў на дыбкі, а пастар, які з цяжкасцю ўтрымліваўся ў сядле, закрычаў правадніку, каб той пабаяўся бога, адпусціў павады. Але Інгільберт, здавалася, нічога не чуў, і пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спіхнуць яго ўніз у багну. І жывёліну і конніка чакала немінучая смерць.

Тады пастар выцягнуў з кішэні саф'янавую торбачку і шпурнуў яе прама ў твар Інгільберту.

Той адпусціў павады, каб злавіць торбачку, і адчуўшы свабоду, пастарскі конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблі. Інгільберт застыў на месцы, не зрабіўшы ніякай спробы дагнаць пастара.

V

Не прыходзіцца здзіўляцца, што пасля такога ўчынку Інгільберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хіліўся да вечара, калі яму ўдалося дабрацца да жылля. Нічога мудронага не было і ў тым, што з лесу ён патрапіў не на дарогу ў Ольсбю, якая была і лепшая і карацейшая за астатнія, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.

Блукаючы на кані ў лясным гушчары, ён толькі падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчасліва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана [12] і папрасіць яго накіравацца ў лес адабраць у Інгільберта пярсцёнак. Але, праязджаючы міма Хедэбю, ён задумаўся, а ці не павярнуць яму туды па дарозе і ці не расказаць ротмістру Лёвеншольду, хто адважыўся спусціцца ў склеп і ўкрасці каралеўскі пярсцёнак.

Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмістр і яго бацька не вельмі ладзілі між сабой. Ротмістр быў настолькі ж міралюбівы, наколькі бацька яго — ваяўнічы. Ён паспяшаўся выйсці ў адстаўку, як толькі быў заключаны мір з расейцамі [13] , і з таго часу ўсе свае сілы аддаваў на аднаўленне росквіту краіны, літаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзінаўладдзя і вайсковых ушанаванняў і нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, і пра многае іншае, што так высока цаніў яго стары бацька. Для большай дакладнасці патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнічаў у рыксдагаўскіх спрэчках [14] , прычым заўсёды як сябра партыі прыхільнікаў міру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.

12

Ленсман — службовая асоба, прадстаўнік каралеўскай улады на месцах.

13

30 жніўня 1721 г. быў заключаны мірны дагавор паміж Расеяй і Швецыяй (Ніштацкі мір), згодна з якім да Расеі адышлі Інгерманландыя, Ліфляндыя, Эстляндыя, Выбарг і паўднёва-заходняя Карэлія.

14

У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў скліканы рыксдаг, на якім разгарнуліся дэбаты наконт далейшага палітычнага курсу краіны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння міру.

Калі сем гадоў таму быў украдзены генеральскі пярсцёнак, пастар, ды і многія іншыя палічылі, што ротмістр не вельмі стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусіла цяпер пастара падумаць: «Якая карысць, калі я вазьму на сябе клопат злезці з каня тут, у Хедэбю. Ротмістр усё роўна не запытаецца, хто носіць сягоння каралеўскі пярсцёнак на пальцы — бацька ці Інгільберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведаміць аб крадзяжы ленсману Карэліусу».

Але пакуль пастар такім чынам раіўся з самім сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, ціхенька адчынілася, ды так і засталася адчыненай насцеж.

Поделиться с друзьями: