Раскіданае гняздо крывіцкай славы
Шрифт:
ВАРОЖЫ “ПАТОП”
Як ужо згадвалася, было шмат ахвотнікаў заваяваць Крэва і сярод іншаземных захопнікаў. На самым пачатку ХVІ стагоддзя каля яго некалькі разоў стаялі аблогай перакопскія татары. Замак быў пашкоджаны. У 1519 годзе Крэва захапілі маскоўскія войскі. Вялікую і непапраўную шкоду прынеслі крэўскай зямлі руска-польская вайна 1654 – 1667 гадоў і Паўночная вайна 1700 – 1721 гадоў. Рускі цар Аляксей Міхайлавіч сам камандаваў войскам, якое рухалася на Вільню. 24 ліпеня 1655 года ягоная стаўка прыбыла ў Смаргонь. За час руска-польскай вайны напалову скарацілася колькасць смаргонскіх жыхароў, а некаторыя пасяленні зніклі наогул.
Падчас Паўночнай вайны 1655 – 1660 гадоў, якую назвалі сапраўдным шведскім “патопам” найперш на землі Каралеўства Польскага, што пасля Люблінскай уніі 1569 года знаходзілася ў адзінай дзяржаве з Вялікім княствам Літоўскім, шмат гора абрынулася на Польшчу, яна была акупавана шведамі. Вядомы польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч у 1884 – 1886 гадах нават раман пра тое напісаў, які так і называецца – “Патоп”.
А пасля пачалася не менш жорсткая і разбуральная ўжо для зямель Вялікага княства Літоўскага другая Паўночная вайна 1700 – 1721 гадоў. У пачатку 1702 года шведскія войскі ўступілі на польскія землі. Неўзабаве (у красавіку) былі заняты Вільня і Гародня (горад вызвалены рускімі войскамі ў верасні 1705 года), праз месяц – Варшава. У першай палове 1706 года захопнікі пусцілі з дымам Мір і Карэлічы, захапілі Нясвіж, Ляхавічы, разрабавалі Клецк, Новагародак, Слонім і іншыя гарады. Не абмінула вайна і смаргонскія землі. Яны напоўніцу зведалі жорсткасць шведскага караля Карла ХІІ, для якога Смаргонь у лютым 1708 годзе стала галоўнай гасподай. Сюды да яго прыязджаў польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі.
Але гэтыя паходы не былі апошнімі. Шведскую жорсткасць зведалі і былі захоплены Мінск, Магілёў. Шведскі патоп прынёс вялікае гора беларускім землям. Напалову скарацілася тутэйшае насельніцтва (з 2,2 мільёна да 1,5 мільёна, значыць, загінуў практычна кожны трэці жыхар беларускай зямлі), многія паселішчы зніклі з твару зямлі наогул. Мы ведаем пра гэткія жудасці з часу Вялікай Айчыннай вайны. Аказваецца, падобныя старонкі вынішчэння беларусаў у гісторыі былі неаднаразова.
Не пазбегла рабавання і Крэва. Амаль цэлае стагоддзе пасля разбурэння яго ў 1667 годзе аб Крэўскім замку не было ніякіх згадак. Аднак настойлівыя і працавітыя крывічы не скарыліся лёсу. І ўжо ў 1743 годзе Крэва зноў з’яўляецца на гістарычным небасхіле. Яно згадваецца ў сувязі з устаноўкай у мясцовым касцёле звона – значыць, жыццё людзей уваходзіла ў звыклую каляіну. Так паступова, крок за крокам нашы далёкія продкі ліквідоўвалі жудасныя вынікі “патопу”, адбудоўвалі свае гарады, вёскі, замкі, адраджалі мірнае жыццё, аднаўлялі былую магутнасць дзяржавы.
Ды не толькі касцельны звон сведчыў пра адраджэнне тутэйшай зямлі і Крэўскага староства. Гэта пацвярджала размаітае жыццё сялян і месцічаў, развіццё гандлю. Бо вядома, што пасля шведскага “патопу” значна змяніўся нацыянальны склад беларускіх зямель. У Крэве пасялілася шмат яўрэяў, якія і стварылі яму гандлёвую славу. Існаваў нават Крэўскі гандлёвы шлях, што сведчыла аб тагачаснай значнасці гэтага крывіцкага горада.
Важная роля Крэва ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага вызначалася і тым, што яно мела магдэбургскае права (атрымала яго 7 красавіка 1559 года). Гэты прывілей на самакіраванне, які дапаўняўся судовым імунітэтам, падатковымі льготамі, правам валодання зямлёй, вызваленнем ад воінскай павіннасці, мелі не ўсе беларускія гарады. Згодна з магдэбургскім правам, перасяленне чалавека ў горад рабіла яго вольным ад прыгнёту. Разам з гэтым правам уводзіліся і неабходныя атрыбуты самакіравання – герб горада, пячатка, ратуша. Ратушу Крэва размясцілі ў адной з замкавых пабудоў. І толькі пасля 1795 года, калі ўсе беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, калі перастала існаваць Вялікае княства Літоўскае, Крэва ператварылася ў звычайнае мястэчка. Страціла яно і магдэбургскае права, бо ў Расіі яго не існавала. Знікла патрэба ў ратушы.
КРЭВА НА ЕЎРАПЕЙСКІХ КАРТАХ
Але славы замка нельга было выкрасліць не толькі з тутэйшай гісторыі, а і з агульнаеўрапейскага кантэксту. Пра тое сведчаць шматлікія геаграфічныя карты, што выдаваліся ў Сярэднявеччы ў многіх еўрапейскіх краінах. На іх часта з’яўляецца і само паселішча Крэва, і Крэўскі замак. А гэта ўжо важкае сведчанне ягонай значнасці не толькі ў эканамічным жыцці еўрапейскай супольнасці, але і прызнанне значнай палітычнай ролі. Згадкі пра Крэва і замак можна знайсці на картах, выдадзеных у Рыме ў 1507 годзе, у Венецыі, Кёльне, Амстэрдаме, Парыжы. Прысутнасць на картах Крэўскага замка сведчыла пра ягоную важную абарончую функцыю, пра тое, што лічыцца з гэтым мусілі ахвотнікі выступіць паходам на беларускія землі.
Аднак у сувязі з няспынным прагрэсам у сферы стварэння больш дасканалай зброі і пэўным заняпадам замак паступова траціў сваё абарончае значэнне. І ўжо ў 1749 годзе на нюрнбергскай карце Вялікага княства Літоўскага Крэва пазначана проста мястэчкам. Замак тут адсутнічае.
А некалі ж ён жыў так бурна і размаіта, што вядомасць разыходзілася па ўсім Вялікім княстве Літоўскім, сягала за яго межы. Цягам многіх стагоддзяў замак быў палітычным цэнтрам дзяржавы, часта выконваў лёсавызначальную ролю ў жыцці народаў еўрапейскіх краін. У ХІV – ХVІІ стагоддзях ён з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў Гедымінавічаў. Тут адбывалася шмат урачыстых сустрэч, баляў, забаў. У Крэве гасцявалі знаныя асобы з многіх зямель Вялікага княства і польскай дзяржавы. Тут тварылася тагачасная гісторыя. Сюды прыязджалі паслы з важнымі місіямі. Так было, калі ў замку жыў Альгерд. Так было ў пярэдадзень Крэўскай уніі, заключанай у Крэўскім замку 14 жніўня 1385 года. Тады да Ягайлы прыехалі высокія польскія паслы з Кракава, каб прапанаваць яму стварыць дзяржаўны саюз Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай, запрасіць яго на высокі пасад польскага караля. А каб хутчэй згадзіўся, дакляравалі, што самая прыгожая ў Еўропе маладая каралева польская Ядвіга стане ягонай жонкай.
Дык каго ж за каго сваталі польскія паслы?
ЯГАЙЛА: З КРЭВА – У ВАВЕЛЬ
Чаму ж узнікла патрэба запрасіць літвіна, “дзікага” язычніка, як лічылі некаторыя еўрапейскія Ягайлавы незычліўцы, на вышэйшы польскі пасад?
Найперш, з-за палітычных матываў, звязаных з неабходнасцю ўмацавання польскай дзяржавы і надзейнай абароны яе ад крыжацкіх набегаў. Але існавала і іншая патрэба. У 1382 годзе памёр польскі кароль Людвік І Вялікі, альбо Людвік Венгерскі, які быў і каралём Венгерскага каралеўства Лайашам Вялікім.
У жніўні 1383 года з’езд польскай шляхты вырашыў аддаць карону адзінаццацігадовай дачцы караля Ядвізе. Гэта была цікавая і неардынарная асоба. З дзяцінства яна захаплялася музыкай, мастацтвам, навукай. Ведала пяць моў. Пакуль бацька быў на троне, жыла ў Венгрыі і толькі ў 10-гадовым узросце прыехала ў Польшчу. 16 кастрычніка 1384 года ў Вавельскім кафедральным касцёле Ядвіга была каранавана на караля Польшчы. Як сведчаць польскія гісторыкі, менавіта так і называлася гэтае дзяўчо – кароль польскі. Значна пазней за вялікую самаахвярную дзейнасць на карысць Польшчы і касцёла Ядвіга ў 1997 годзе была кананізавана, залічана да ліку святых.
Аднак, вядома, кіраваць дзяржавай у адзінаццаць гадоў цяжкавата. Таму з улікам палітычных абставін палякі скіравалі позіркі да асобы вялікага князя літоўскага Ягайлы, які з 1377 года стаяў на чале магутнага Княства. Польскія гісторыкі адзначаюць, што ягоны бацька вялікі князь Альгерд здолеў стварыць “найбольшую ў Еўропе” дзяржаву. Яна займала каля 900000 квадратных кіламетраў, у ёй жыло каля 2 мільёнаў чалавек – вялікая па тым часе лічба. З такой магутнасцю было выгадна паяднацца. Таму вёўся пошук розных шляхоў. У тым ліку і сямейных повязяў.
А каб не адхіляць ад улады маладую каралеву, вырашылі падшукаць ёй вартага жаніха. Ягайла быў на першым месцы. Але патрэбна было здабыць згоду маці Ядвігі – каралевы Эльжбеты. У Венгрыю “ў разведку” была выслана дэлегацыя ў складзе вядомых асоб з Кракава і Вільні. Эльжбета перадала права вырашэння пытання польскім панам. Аднак Ядвіга не згаджалася на такі шлюб, упарцілася. Як гэта яна, такая маладзенькая, добра выкшталцоная і, як лічылі, самая прыгожая ў свеце, пойдзе замуж за 34-гадовага “паганскага варвара”, які, кажуць, непісьменны зусім. Каралева ж пераўзыходзіла будучага мужа не толькі дасведчанасцю, прыгажосцю, але і сваім ростам – мела каля 180 сантыметраў. Недаверлівая Ядвіга нават падаслала да Ягайлы свайго чалавека, каб той спраўдзіў, ці такі ж самы гэты язычнік, як усе мужчыны. Добра прыняты Ягайлам, які раскусіў хітрыкі, віжовец той расказаў Ядзвізе пра Ягайлу толькі добрае.
А польская шляхта не драмала. Прадстаўнікі яе разам з венгерскімі дэлегатамі накіраваліся ў Крэва. Тут 14 жніўня 1385 года адбыліся перамовы. Быў падпісаны акт, які назвалі Крэўскай уніяй.
Крэўская унія, 14 жніўня 1385 года
“Мы, Ягайла, з Божае ласкі вялікі князь літоўскі, Русі гаспадар і дзедзіч спадчынны, падаём да ведама ўсіх, каго гэта датычыць, і тым, якія ліст гэты бачыць будуць, тое, пра што нам паведамілі ад найяснейшай пані з Божае ласкі каралевы венгрскай, польскай, далмацкай etc., шаноўныя і шляхетныя мужы: Стэфан, пробашч Ханадыенскі, Уладзіслаў, сын Какаса дэ Каза, кашталян з Патока, Уладка, падчашы Кракаўскі, Мікалай, кашталян Завіхойскі, і Крыстын, дзяржаўца Казімірскі. Найперш паведамілі, як дастойны князь Ягайла, вялікі князь літоўскі etc., выправіў урачыстае пасольства да паноў зямян польскіх, а пасля і да яе каралеўскай вялікасці. Тыя ж, хто быў высланы да найяснейшай каралевы, узялі з сабой лісты даверчыя ад пасла дастойнага, найвялікага і найзнакамітага, а менавіта ад яго высокасці Скіргайлы, брата пана вялікага князя Ягайлы, які з-за пэўных прычын не мог прыбыць асабіста да найяснейшай каралевы. Паслы ж ягоныя, князь Барыс і стараста віленскі Ганка, той жа пані каралеве венгерскай такім чынам справу выкладаючы казалі: Многія імператары, каралі і князі розныя дамагаліся, жадалі і радыя былі з тым жа вялікім князем літоўскім увайсці ў вечныя стасункі параднення, ды Бог усёмагутны захаваў гэта для асобы найяснейшай каралевы. Таму, найяснейшая княгіня, няхай высокасць ваша прыме да збаўчага саюзу таго ж пана вялікага князя Ягайлу як сына, а найяснейшую княгіню Ядвігу, дачку вашу найдарожшую, каралеву Польшчы, няхай пашлюбіць ён законна за сваю жонку. Мяркуем, што з таго вынікла б хвала Богу, збавенне душам, пашана людзям і памнажэнне каралеўству. Як толькі тое, што абяцана, дойдзе да прадбачанага здзяйснення, адразу ж пан вялікі князь Ягайла з усімі сваімі яшчэ не ахрышчанымі братамі, крэўнымі, са шляхтай, зямянамі, большымі і меншымі, што жывуць на ягоных землях, гатовы, хоча і жадае веру каталіцкую святога рымскага Касцёла прыняць. Як ні дамагаліся гэтага шмат якія імператары і розныя князі, ды не здолелі аж да гэтага часу згоды яго атрымаць, бо сапраўды гонар гэты Бог усёмагутны захаваў для самой яе каралеўскай высокасці. Для замацавання гэтай справы, для яе несумненнасці і моцы той жа вялікі князь Ягайла абяцае ўвесь свой скарб сабраць і выкарыстаць для вяртання страт абодвух гаспадарстваў, як Польшчы так і Літвы, і толькі тады гэта зробіць, калі гаспадыня Венгрыі дачку сваю Ядвігу, каралевай польскай названую, шлюбам сямейным злучыць. Акрамя таго, абяцае той жа вялікі князь Ягайла, што гатовы ўрэгуляваць грашовую дамову, заключаную паміж паняй каралевай венгерскай з аднаго боку і князем аўстрыйскім з другога, а менавіта выплаціць двойчы сто тысяч фларэнаў. Таксама той жа вялікі князь Ягайла абяцае і абавязуецца ўсе адабраныя землі і страты Каралеўства Польскага, чыімі б ні было рукамі зробленыя, вярнуць уласным коштам і стараннямі. Таксама той жа вялікі князь Ягайла абяцае ўсім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвага полу, забраным у краі польскім і звычаем ваенным захопленым, вярнуць першасную вольнасць так, каб кожны з іх, без увагі на пол, мог падацца, куды яму захочацца, згодна з уласным жаданнем. Нарэшце, названы тут князь Ягайла таксама абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы з каронай Каралеўства Польскага з'яднаць.