Раскіданае гняздо крывіцкай славы
Шрифт:
Паездкі Ягайлы па вялікалітоўскіх землях скончыліся ў чэрвені, калі ён зноў вярнуўся ў Вільню, каб падвесці вынікі. Іх неўзабаве ўхваліў і ўзвялічыў папа Урбан VІ. У сваім пасланні з Рыма ён не шкадаваў высокіх слоў: “Сярод усіх каралёў зямлі табе належыць першае месца ў пачуццях удзячнасці святой Рымскай царквы, маці нашай! Вітаем цябе, узлюблены сын, верны слуга, які за справы свае атрымаў вартую ўзнагароду, вянец зямной велічы і, вядома, з часам атрымае “вянец нябесны”. Суцяшай сябе, сыне, што, маючы загінуць з цэлым народам, як таемны скарб, ты знойдзеш! Суцяшай сябе ў глыбіні твае душы, што гэткая вялікая слава ходзіць па ўсім свеце пра дзеі твае і што ты, такі прыязны і мілы, знаходзішся ў бляску славы ў лоне маці-царквы!”
А вось як апісваў хрышчэнне Літвы Ягайлам Ян Длугаш у “Гісторыі Польшчы” ў 1387 годзе:
“Уладзіслаў, кароль польскі, вырашыўшы народ літоўскі, згодна з абяцаннем, дадзеным палякам і каралеве Ядвізе, з паганства і цемры балванахвальства вывесці і скіраваць да праўдзівай веры хрысціянскай, перадусім прагнучы пашырэння і ўзвышэння гэтай веры, у таварыстве Бадзанты, арцыбіскупа гнезненскага, і шмат іншых мужоў духоўных з Каралеўства Польскага [...] выбраўся на Літву, дзе яшчэ да таго часу Хрыстос быў невядомы і не шанаваны. [...] Прыбыўшы на Літву, правёў у Вільні ў дзень папяльцовы вальны з’езд. Калі па просьбе караля на з’езд сабраліся каралеўскія браты Скіргайла, князь трокскі, Вітаўт, князь гарадзенскі, Уладзімір, князь кіеўскі, Карыбут, князь новагародскі, і значная колькасць рыцараў і люду, кароль польскі Уладзіслаў з дапамогай хрысціянскіх князёў, якія разам з ім прыбылі, угаворваў шляхту і люд, каб, пакінуўшы фальшывых багоў, якіх дагэтуль у слепаце паганскай вызнавалі, схіліліся да прызнання і шанавання аднаго праўдзівага Бога і прыняцця Яго праўдзівай хрысціянскай рэлігіі. А калі варвары літвіны супраціўляліся гэтаму, даказваючы, што было б бязбожнасцю насуперак звычаям і даўняй веры продкаў разбурыць уласныя боствы (былі ў іх найбольш шанаванымі: агонь, які лічылі адвечным і які аберагалі жрацы, дзень і ноч падкладваючы дровы ў касцёр, гаі, што лічыліся святымі, а таксама вужы і змеі, у якіх згодна з іхнім уяўленнем жылі боствы), кароль Уладзіслаў той агонь, што лічыўся адвечным і знаходзіўся ў Вільні, галоўным горадзе і сталіцы Літвы, і які аберагаў жрэц, што на іхняй мове называўся Зніч, які малельнікам і жадаючым ведаць будучыню абвяшчаў фальшывыя прадказанні нібыта ад боства, яму даверанага [...], загадаў свядомым паганам патушыць, а святыню і алтар, на якім яму прыносілі ахвяраванні, разбурыць. Гэтаксама гаі і сады, што лічыліся святымі, загадаў павысякаць, а таксама пазабіваць вужоў і змей, якія нават у хатах жылі і якіх, як боствы, шанавалі. Барбарысты ж толькі выказвалі скруху ад разбурэння і ганьбавання тых ідалаў, не смеючы выступаць супраць караля.
Пасля разбурэння і знішчэння паганскіх бостваў, калі літвіны ўвачавідкі ўбачылі іхнюю фальшывасць, якой да гэтай пары падманваліся, нарэшце здаліся і з пакорай схіліліся да прыняцця веры хрысціянскай, выракаючыся сваёй даўняй аблуды. Некалькі дзён ад святароў польскіх, а яшчэ больш ад караля Уладзіслава, які ведаў іхнюю мову і якога яны ахвотна слухалі, вывучалі галоўныя правілы рэлігіі, альбо дагматы веры, апостальскі склад і малітву “Сімвал веры”, а затым прыступілі да святога хрышчэння. Уладзіслаў, як набожны кароль, раздаваў простым людзям вопратку, кашулі і новыя ўборы з сукна, прывезеныя спецыяльна з Польшчы. Гэткая каралеўская шчодрасць і ласкавасць паўплывалі на тое, што цёмны люд, і нават маёмны, толькі дзеля атрымання шарсцянога адзення з усіх бакоў гуртам збягаўся да месца прыняцця святога хрышчэння. А паколькі было б вялікай працай хрысціць асобна кожнага з новых вызнаўцаў, шматлікі тут люд літоўскі абодвух полаў па загаду караля дзялілі на групы і кожнай групе, а дакладней кожнаму, хто да гэтай грамады належаў, давалі адно з імёнаў, ужываных у хрысціянстве, замест даўніх паганскіх; такім чынам, першай групе далі імя Пётр, другой Павел, трэцяй Ян, чацвёртай Якуб, пятай Станіслаў і г.д. Кабетам жа, якія ўтваралі асобныя групы, гэтаксама давалі імёны – Кацярына, Малгажата, Дарота і г.д., колькі было ўсіх груп новаахрышчаных. Шляхце ж і старэйшынам з народу ўдзялялі хрышчэнне асобна, дзеля гэтага яны з’язджаліся ў Вільню з жонкамі, дзецьмі і сваімі роднымі, жадаючы хутчэй прыняць хрышчэнне і засвоіць дагматы веры хрысціянскай. Стараючыся асабліва пра тое, каб новая вера, прынятая ў Літве, штораз больш пашыралася і ўмацоўвалася, набожны кароль Уладзіслаў заклаў у горадзе Вільні касцёл кафедральны ў гонар Святой Тройцы, пад назвай Святога Станіслава, ухвальнага і слаўнага біскупа і пакутніка, каб два народы, польскі і літоўскі, якія еднасцю веры і рэлігіі, як і роўнасцю жэзла і панавання з сабой з’яднаў, мелі таксама агульнага патрона і заступніка, і каб у літвінаў трывала вечная памяць, што з удзелам палякаў выцерабіліся з паганскай цемры, і што ад іх заблішчэла святло веры хрысціянскай і ім, і нашчадкам іхнім. Таксама паставіў вялікі алтар на тым месцы, дзе некалі палілі агонь, называны вечным, каб гэтая аблуда паганская стала для ўсіх больш відочнай”.
Пасля заканчэння сваёй першай “хрысцільніцкай” місіі ў ліпені 1387 года Ягайла вярнуўся ў Кракаў. Што ж пакінуў ён пасля сваёй паездкі па землях Вялікага княства?
Змрочныя пасля патухлых Знічаў пушчы, зруйнаваныя язычніцкія капішчы і свяцілішчы, высечаныя святыя дубровы. Ды не так лёгка было вынішчыць даўнія язычніцкія традыцыі, якія складваліся цягам многіх стагоддзяў. Калі просты люд цішком захоўваў іх, не шкодзячы і хрысціянскай веры, то некаторыя з князёў і ўладных асоб спрабавалі адкрыта супраціўляцца. Не толькі, а мо не так нават новай рэлігіі, як пагрозе сваім неабмежаваным паўнамоцтвам, сваёй поўнай княскай самастойнасці і моцы. А паколькі іх свецкія і духоўныя памкненні ў дасягненні жыццёвых даброт супадалі, то ў падмогу яны бралі язычніцкіх багоў, якія раптоўна пазбавіліся сваіх спрадвечных свяцілішчаў.
Некаторыя гаспадары зямель і замкаў пачалі выступаць супраць Крэўскай уніі, бо ў ёй бачылі прычыны пэўных негатыўных праяў сёння і магчымасць узмацнення іх у будучым. Акрамя ўсяго унія ўзвышала ролю каталіцызму ў тагачаснай дзяржаве. Насаджэнню каталіцкай веры на беларускіх і іншых землях спрыяла і тое, што самі Гедымінавічы, дынастыя вялікіх князёў і палітычных дзеячаў Вялікага княства, Венгрыі, Чэхіі, таксама прынялі новую веру. Здавалася, Ягайла–Уладзіслаў баяўся, што без апоры і падтрымкі духоўнікаў ягоная ўлада не будзе цалкам моцнай і непарушнай.
Першы крок Ягайлы аказаўся знакавым. Бо ўжо ў 1480 годзе пад час кіравання яго малодшага сына польскага караля Казіміра ІV Ягелончыка быў прыняты спецыяльны дакумент, які забараняў будаваць новыя і рамантаваць старыя праваслаўныя храмы.
ТРЫ ТАІНСТВЫ ЯГАЙЛЫ
Ды сівабароды Пярун не сцярпеў гэткіх здзекаў. Ён помсціў Ягайлу за такое святатацтва. Супраць улады караля, супраць акаталічвання ім беларускіх і ўкраінскіх зямель выбухнулі паўстанні. Іх узначальвалі полацкі князь Андрэй Альгердавіч, а таксама будучы вялікі князь Вітаўт. Аднак перамогі яны не атрымалі. Улада караля польскага і вышэйшага князя, кіраўніка дзвюх дзяржаў, была моцная. Ягайла аказаўся прадбачлівым палітыкам. Каб не ўскладняць адносін і не аслабляць новаўтвораны міждзяржаўны саюз, Ягайла мусіў прызнаць Вітаўта вялікім князем літоўскім, а сам пакінуў той жа тытул – найвышэйшы князь літоўскі: не хацеў манарх адпускаць ад сябе сваю радзіму і магутнае нават па еўрапейскім мерках Вялікае княства Літоўскае.
У выніку Віленска-Радамскай уніі 1401 года Вітаўт атрымаў у пажыццёвае валоданне Вялікае княства. “Хроніка Літоўская і Жамойцкая” пад 1411 годам паведамляла, што Ягайла з Вітаўтам дамовіліся, “если бы Витолт не мел детей, а Ягейло мел, то дети его на короне Польской и на Великом князстве Литовском пановати мели, также если бы Ягейло детей не мел, а Витовт мел, теды в короне Польской и Великом князстве Литовском пановати мели”. Гэтае пагадненне на самастойнае кіраванне Княствам доўжылася больш за паўтара стагоддзя – да Люблінскай уніі 1569 года.
Ягайла быў адзіным у гісторыі чалавекам, які з Божага блаславення атрымаў усе тры царкоўныя таінствы: хрышчэнне, шлюб і каралеўскае памазанне. Як паведамлялі летапісцы, ён “удостоился трех великих даров, которые ни одному из смертных не доставались разом в уделе.” Спраўна кіраваў “непісьменны” язычнік польскай Каронай. Нават годна спрыяў навуцы і асвеце. Пра тое сведчыць хоць бы факт аднаўлення ў 1400 годзе Акадэміі ў Кракаве. Зараз гэта Ягелонскі універсітэт, які з’яўляецца не толькі самым старэйшым у Польшчы, а і адным з прэстыжных у Еўропе.
Аднак у жыцці эмацыянальнага Ягайлы былі выпадкі, калі ён нават адмаўляўся ад трона – каб толькі спыніць спрэчкі альбо сутычкі, каб абараніць і захаваць свой чалавечы гонар. Гатовы быў аддаць карону іншаму дастойнаму прэтэндэнту. Сам жа згодны быў вярнуцца ў Крэва, у Новагародак, у спракавечныя беларускія пушчы. Ды палякі шанавалі свайго караля, давяралі яму, спрыялі ягоным добрым справам і не падтрымлівалі намеру адмлвіцца ад высокага пасада.
ЧАТЫРЫ ЯГАЙЛАВЫ ЖОНКІ
А вось сямейнага шчасця Ягайла не набыў нават цягам усяго свайго доўгага жыцця. 22 чэрвеня 1399 года каралева Ядвіга нарадзіла дачку Эльжбету. Ягайла ж хацеў мець сына. Але кароткі век быў наканаваны і дачцэ. 13 ліпеня яе не стала. А праз чатыры дні памерла Ядвіга, не пакінуўшы дзяцей. Занепакоілася польская шляхта, якая была вельмі заклапочана сваімі ўласнымі прывілеямі. Каб не страціць іх, трэба было мець надзейнага спадчынніка каралеўскай улады. Таму яна вітала імкненне караля да новай жаніцьбы. Ягайла жаніўся яшчэ тройчы. Аднак шлюб з Ганнай Цылейскай, пасля з Эльжбетай Граноўскай аказаўся няўдалым. Яны рана памерлі, не пакінуўшы спадчынніка на каралеўскі трон.
Ганна Цылейская (1380/1381? – 21.3.1416) – другая жонка Ягайлы, дачка Вільгельма, графа Цылейскага (Венгрыя), унучка Казіміра Вялікага. 19 верасня 1392 года памёр яе бацька. У 1394 годзе ўдава графа Ганна выйшла замуж за князя Ульрыка, назаўсёды з’ехала з ім і пакінула 13-гадовую дачку Ганну ў Цыліі. Каб умацаваць пазіцыі аўдавелага Ягайлы, каралеўскі пасад ад якога мог уцячы – ён не быў спадчынным уладальнікам трона, а апынуўся на вяршыні ўлады праз шлюб з Ядвігай, патрабаваўся адпаведны шлюб з дынастычнай асобай. Ядвіга, першая жонка Ягайлы, намаўляла мужа, калі не стане яе, пашлюбіцца з Ганнай Цылейскай – праўнучкай Лакеткі. З падтрымкі польскіх паноў на пачатку 1401 года ў Цылію прыбыло пасольства ад Ягайлы. Аднак спярша належала атрымаць згоду папы рымскага, бо Ганна была краўнячкай Ядвігі. 23 красавіка папа даў згоду і 16 ліпеня 1401 года Ганна прыехала ў Кракаў.