Раскіданае гняздо крывіцкай славы
Шрифт:
Не скарыўся Слуцк і татарам, якія апошні раз спрабавалі захапіць яго ў 1521 годзе. Настасся аказалася не толькі вопытным ваяром, але і мужнай жанчынай, сапраўднай Жаннай д’Арк. У 1522 годзе яна аддала дачку Аляксандру за гетмана Канстанціна Астрожскага, парадавалася іхняму шчасцю і неўзабаве (апошнія зямныя дзеі яе невядомыя) адышла з жыцця...
Абароне дзяржавы і ахове замкаў у ВКЛ надавалася такая ўвага, што перад гэтым адступалі іншыя дзяржаўныя клопаты. Калі справа датычыла абарончых праблем сваіх замкаў, некаторым тагачасным чыноўнікам дазвалялася не ўдзельнічаць у важных дзяржаўных пасяджэннях, нават не браць удзелу ў сеймах Княства. Напрыклад, ваяводы і намеснікі памежных замкаў не мусілі ехаць на сейм у 1512 годзе. Калі на дзесятым тыдні пасля Вялікадня ў 1521 годзе ў Менску павінен быў адбыцца чарговы сейм, начальнікам ускраінных замкаў было прадпісана, “абы на тых замках вашое милосты украинных мешкалы и в доброй опатренности их заховали».
Падчас склікання сейма 1534 года ваяводу полацкаму было загадана заставацца ў замку для яго абароны ў выпадку небяспекі, бо ў гэты час рыхтавалася чарговая збройная справа з Маскоўскім княствам. Члены Новагародскага сейма 1538 года скардзіліся вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Старому, што ваяводы кіеўскі, полацкі і віцебскі заўсёды знаходзяцца ў замках сваіх ваяводстваў і рэдка ездзяць на вальныя соймы.
Як і любой дзяржаве, Вялікаму княству Літоўскаму патрабавалася шмат сродкаў на агульнадзяржаўныя патрэбы, у тым ліку на падтрыманне бяспекі. Таму Княства мусіла ўводзіць шмат розных павіннасцяў. Толькі для сялян іх мелася 120 — 140. Але найбольш складанай і цяжкай павіннасцю лічылася будаўніцтва і рамонт замкаў. Бо вядома, што беларускія землі ўвесь час былі на ваенных скразняках. А раз небяспека была пастаяннай, то і клопат пра абарону як ад знешніх ворагаў, так і ад унутраных міжусобіц мусіў ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні.
Таму, напрыклад, узводзіць пабудовы Менскага замка, рамантаваць іх і падтрымліваць у належным стане даручалася не толькі менчукам, а і жыхарам навакольных паселішчаў. Спачатку неабходнасць гэтая вымагала пастаўкі будаўнічых матэрыялаў – бярвенняў і гліны. Затым кола абавязкаў пашыралася, з’явіліся спецыяльныя падаткі – гліняныя пенязі і калодзіны. Калі і гэтага не хапала, на патрэбы замка ішлі судовыя пошліны. Нават на ўтрыманне замкавага гарнізона менскія месцічы павінны былі несці затраты. Цікава, што на абарону Менска працаваў не адно сам замак, а і замкавы млын. Знаходзіўся ён на левым беразе Свіслачы, насупраць замка, ягоныя даходы ішлі ў бюджэт замка. Акрамя грашовых павіннасцяў гараджане павінны былі хадзіць у “старожу”. Гэты абавязак існаваў ажно да атрымання Менскам магдэбургскага права.
З канца ХІV стагоддзя адной з важнейшых павіннасцяў для сялян становіцца будаўніцтва і рамонт замкаў (“городовое дело”, “замковая работа”). Гэтыя работы практычна насілі няспынны, пастаянны характар. На іх зганялі тысячы сялян, кожны з якіх выконваў свае спецыфічныя абавязкі, што патрабаваліся менавіта ў гэты час. Аднак мала таго, што сяляне вялі будаўніцтва і рамонт замкаў непасрэдна ў сваіх мясцовасцях, яны абавязаны былі рабіць гэта і на ўскраінных землях Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам дзяржава забяспечвала свой агульны для ўсіх грамадзян інтарэс.
Напрыклад, згарэлы Уладзімірскі замак кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір загадаў аднаўляць сялянам Слонімскай, Ваўкавыскай, Берасцейскай і іншых валасцей. У 1496 годзе на рамонт Кіеўскага замка было накіравана 400 беларускіх сялян. Часам можна было адкупіцца ад тых ці іншых павіннасцяў, але толькі ў выпадку замены іх іншымі. А вось ад замкавай працы адбіцца ўдавалася мала каму. Даннікі (тыя, хто павінен быў плаціць даніну) Мазырскай воласці ў 1552 годзе мусілі даваць вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту даніну мёдам і грашыма замест многіх натуральных збораў. Аднак яны нічым не маглі замяніць абавязак будаваць і рамантаваць Мазырскі замак, забяспечваць яго ахову, хадзіць “у стражу”.
Калі ж на нейкай тэрыторыі Княства ўзнікала пагроза варожага нападу і патрэбна было тэрмінова рыхтавацца да сустрэчы з непрыяцелем, аб’яўляўся “кгвалт”. На гэты выпадак загадзя быў вызначаны адпаведны парадак дзеянняў, размеркаваны абавязкі. Тады на службу неадкладна мусілі з’яўляцца ўсе тыя, хто да выканання гэтых абавязкаў меў дачыненне. Але не толькі праз агульнадзяржаўны клопат падтрымлівалася баявая гатоўнасць замкаў. Статуты многіх гарадоў таксама прадугледжвалі неабходныя меры абароны. Пра гэта сведчаць запісы аб тым, што месцічы павінны выступаць на абарону замка і горада са сваёй зброяй. Напрыклад, жыхары Оршы бараніць замак мусілі “все и кождый”, а ў дамах сваіх павінны былі мець “стрельбу вшелякую и иную оборону, то есть рогатину и што иного ку той обороне належить”. Нават жыхары бліжэйшых наваколляў у выпадку “кгвалту” павінны былі браць удзел у абароне замка. Гэтым самым яны практычна абарнялі і сваё ўласнае жыццё, і свой лёс.
Да вайсковай службы мела непасрэднае дачыненне ахова на полі – стража. Яна абавязана была збіраць любыя звесткі пра непрыяцеля, каб своечасова паведаміць абаронцам замка пра намеры ворага. Гэткая ж стража выстаўлялася ля замкавай брамы, каля арсенала, артылерыйскіх складоў. Часта месцы яе размяшчэння станавіліся геаграфічнамі назвамі. Такім чынам у Менску, напрыклад, з’явілася Старажоўка. Так назвалі былую паўночную ўскраіну на выездзе з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у Барысаўскім напрамку, дзе знаходзілася старажавая застава.
Калі ж небяспека не міналася, а стража мусіла быць пастаяннай, то і месцы для свайго размяшчэння таксама мела пастаянныя, найбольш зручныя. Напрыклад, у Браславе палявую ахову няслі 8 месцічаў у 4 месцах, а стараставы людзі стаялі толькі ў адным месцы і было іх 6 чалавек.
Цікавая дэталь: аказваецца, паслугі гэтыя не былі бясплатнымі. Ад ступені рызыкі стражнікаў і аддаленасці стражы ад замка залежала і аплата. Чым далей у поле, тым большая небяспека, тым больш нязручнасцяў, а таму – большыя выплаты. Вядомая рэч, паблізу ад замка небяспека меншая, таму меншыя і грашовыя выдаткі. Аднак і ў гэткія моманты не ўсе з вялікай ахвотай выконвалі свае абарончыя абавязкі. Калі які-небудзь месціч не хацеў быць стражнікам сам, ён мог наняць іншага. Але заплаціць гэтаму чалавеку ён мусіў сам.
Часта замкавую стражу называлі клікунамі. Гэта было звязана з тым, што днём ахова стаяла ля варот, а ноччу падымалася на сцены альбо знаходзілася ў вежах і павінна была “клікаць” – цікавіцца кожным падазроным, што набліжаўся да замка.
ЗВАЯВАННЕ ЗАМКАЎ
Ад каго ж і ад чаго неабходна было так грунтоўна і пастаянна ўмацоўваць сярэднявечныя замкі? Найперш, вядома, ад рыцараў-крыжакоў альбо мечаносцаў. Яны былі асабліва назойлівымі і ваяўнічымі ворагамі, кусаліся, нібыта галодныя восы, несціхана трымалі ў напружанні беларускія землі. А самі яны пастаянна ўдасканальвалі свае баявыя здольнасці, абнаўлялі прылады для штурму, распрацоўвалі новыя спосабы захопу замкаў. Сярод іншага на ўзбраенні нямецкіх рыцараў былі сценныя самастрэлы, перасоўныя драўляныя вежы, так званыя аслы, медзведзяняты, козы. Найбольш небяспечнымі для замкаў лічыліся тараны – вялізныя дубовыя бярвенні, акутыя спераду жалезам. Іх на спецыяльных стойках падвешвалі гарызантальна на ланцугах, пасля разгойдвалі, і яны ўсім сваім цяжарам дзяўблі непадатлівыя замкавыя сцены, – што называецца, лоб у лоб. Ці не адгэтуль пайшоў пазнейшы лётніцкі выраз “ісці на таран”?
Калі заваёўнікам не надта шкодзілі абаронцы, якія аблівалі іх гарачай смалой альбо кідалі на галовы вялікія камяні, захопнікі дабіваліся з дапамогай таранаў эфектыўнага выніку: часцей за ўсё сцены не вытрымлівалі. Дарэчы, лічылася, што ў гэтым выпадку драўляныя замкі менш за мураваныя паддаваліся разбурэнню. Скарыстоўвалі мечаносцы і так званыя сценныя свярдзёлкі: яны былі крыху меншыя за тараны і служылі для выбівання дзірак у мураваных сценах.
Існавалі і сценныя самастрэлы. Гэта былі драўляныя збудаванні незвычайнай вышыні. Па памерах нагадвалі сапраўдныя дамы. З дапамогай іх можна было спецыяльна сплеценымі валасянымі вяроўкамі кідаць вялізныя камяні ў сцены замка. А можна шмат дробных камянёў шпурляць за сцены – на галовы абаронцаў. Як з часам дасканалілася зброя наогул, так змяняліся і гэтыя зарады. Часта яны былі запальнымі, каб выклікаць унутры замка пажар. Здаралася, стралялі вялізнымі палаючымі стрэламі. Не раз ляцелі з самастрэлаў на дваровую тэрыторыю запаленыя бочкі са смалой, нягашаная вапна. Але ворагу і гэтага было мала. Езуіцтва даходзіла да таго, што абаронцаў стараліся калі не выкурыць з замка, дык задушыць атрутным паветрам. За сцены кідалі гнілыя тушы коней, іншай скаціны. Калі, здаралася, лавілі шпіёнаў, іх таксама зараджалі ў самастрэлы. Вядома, што ў замак альбо ў крэпасць яны вярталіся ў знявечаным выглядзе, нежывымі.
У час аблогі замка ці крэпасці ля іх магло адначасова стаяць нават некалькі дзесяткаў самастрэлаў-дамоў.
Яшчэ большыя памеры і большую вышыню мелі рухомыя драўляныя вежы. Будаваліся яны на калёсах, мелі некалькі паверхаў. У ніжняй частцы знаходзіўся таран. Угары размяшчаліся ўзброеныя стралкі. Іх магло быць некалькі соцень. І самі вежы, і воіны ў іх узвышаліся над замкавымі сценамі. А гэта давала асаднікам значную перавагу. Для штурму сцен прыдумвалі спецыяльныя ахоўныя драўляныя стрэхі, а каб лягчэй залезці на сцены, карысталіся крукамі. Для захопу замка ўсе спосабы былі годнымі.