Раскіданае гняздо крывіцкай славы
Шрифт:
Калі ў 1390 годзе, напрыклад, штурмавалі Віленскі замак, то скарысталі новыя снарады – з жалеза і бронзы, што давала значна большы эфект. Прымянялі агнястрэльныя гарматы, не адцураліся і ад старой зброі. У захопнікаў былі таксама ручныя гарматы. У бітве іх ставілі перад воінамі на спецыяльныя падпоры-крукі. А цяжкія і больш магутныя гарматы ляжалі на зямлі, часам іх закопвалі, каб было надзейна страляць і схавацца ад ворага. Такія гарматы мелі да 10 сажняў у даўжыню. Летапісы сведчаць, што “когда такой урод гремел, то гром слышен был днем за 5 миль (французских), а ночью – за десять”. Стралялі гарматы, як правіла, каменнымі снарадамі, а наземныя ўжо і жалезнымі альбо свінцовымі.
Падрыхтоўка да паходаў і асабліва да асады замкаў патрабавала шмат часу, матэрыяльных і грашовых затрат. Ведама, каб назапасіць дастаткавую колькасць розных прыстасаванняў, мечаносцам патрабавалася нямала будаўнічага матэрыялу, патрэбны былі вопытныя майстры і сродкі. Калі выпраўляліся ў паход, паходны парадак расцягваўся на вялікую адлегласць. За галоўным войскам мусілі ехаць вазы з гарматамі, снарадамі, ваенным рыштункам, прыпасамі і г.д. Такіх вазоў магло быць некалькі сотняў, а то і тысяч.
Вядомая рэч, што не ўсюды такія абозы маглі праехаць. Акрамя прыродных умоў, якія ў Вялікім княстве літоўскім былі для нямецкіх рыцараў не надта зручнымі і звыклымі, літвіны ўмелі чыніць і штучныя перашкоды. У тадышнім Вялікім княстве было шмат балот, а дарог не хапала. Паспрабуй з такім важкім рыштункам перасоўвацца хутка, не адстаць ад галоўных сіл. Таму мечаносцы вымушаны былі плысці па рэках: на ладзях і лодках. Калі ішлі на Вільню, плылі па Нёмане і Віллі. У 1390 годзе мечаносцы намагаліся захапіць вялікалітоўскую сталіцу. Горад знішчылі. Ацалелае насельніцтва схавалася ў трох гарадскіх замках. Таму ворга і штурмаваў іх трымя арміямі – кожная “свой” замак. Абаронцы змагаліся мужна. Але ж вораг быў спрактыкаваны і нахабны. Ды і вайсковая сіла немалая, ледзь вытрымлівалі сцены замкаў удары рознай магутнасці. Таму жыхары горада выяўлялі сваю кемнасць, бралі не толькі сілай, а і розумам. Каб аслабіць удары каменных і жалезных снарадаў, напрыклад, яны вешалі на сцены вялізныя скуры быкоў. Гэта перашкаджала таранам, свярдзёлкам, нават камяні не заўсёды прабівалі іх. А бычыныя скуры што пасля бітвы нагадвалі рэшата, ад іх заставаліся толькі пасечаныя ашмоткі.
ПРЫВІДЫ НА ЗАМКАВЫХ СЦЕНАХ
Сістэма абароны замкаў у Вялікім княстве Літоўскім пастаянна ўдасканальвалася. Прадугледжваліся ўсе магчымыя і неабходныя меры бяспекі. Здаралася, абарончай моцы замкам дадавалі розныя страшныя показкі і легенды пра іх. Часам іх выдумлялі самі стражнікі і ахоўнікі. Асабліва калі не пагражала небяспека і хапала вольнага часу. Мо менавіта тады і ўзніклі расказы пра шматлікія прывіды, якія любілі сяліцца ў замках? Бо які ж гэта сапраўдны замак, калі няма ў ім зданяў, калі не складзены пра яго легенды і паданні. А сама стража ў такіх прыгодах заўсёды выступала разумнай і хітрай. Пасля гэтыя показкі разыходзіліся па ўсіх ваколіцах, траплялі ў аналы гісторыі, у кнігі.
Асабліва шмат прывідаў пасялілі людзі ў Нясвіжскім замку. Найбольш адметны з іх – Чорная Панна. Звязана гэтая легенда з імёнамі польскага караля Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл. Калі адышла ў іншы свет каханая і вельмі прыгожая жонка караля Барбара, маркоце і шкадаванню Жыгімонта не было межаў. Тады кароль задумаў выклікаць яе дух, каб хоць гэткім чынам не парываць повязі з каханай. На дапамогу, кажуць, паклікалі самага вядомага на той час (шаснаццатае стагоддзе) акультыста Твардоўскага. Пра яго, дарэчы, пазней пісаў Адам Міцкевіч. Паспрыяў пан Твардоўскі. З’явіўся перад каралём жаданы воблік. Але Жыгімонт парушыў дамову і не ў адпаведнасці з правіламі ўступіў у кантакт з духам. Воблік каралевы знік.
І з таго часу ў замку пасяліўся яе прывід. Адны кажуць, што яна проста не можа выйсці за замкавыя сцены, іншыя сведчаць, што з’яўляецца ў палацы толькі напярэдадні розных нечаканасцяў і катастроф. Яе баяліся нават гаспадары, бо з ёй на княскія землі прыходзіла бяда. Апошні раз Чорную Панну бачылі ў Нясвіжы, які ў той час належаў палякам – Заходняя Беларусь была пад іхняй уладай, напярэдадні верасня 1939 года, перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны. Пасля таго князі Радзівілы назаўсёды пакінулі сваё родавае гняздо і з’ехалі з Беларусі. Больш Чорная Панна Нясвіжскі замак не наведвае. Значыць, непрыемнасці абмінуць гэты старадаўні горад, які даўней называлі сапраўдным беларускім Парыжам. А рэстаўрацыя і аднаўленне замкавага комплексу мо дапаможа не адно Чорнай Панне набыць лепшы характар, а і паспрыяе разгадцы многіх іншых загадак.
У Крэўскім замку таксама не абыходзілася без прывідаў. Аднойчы ў якасці яго давялося выступіць нават самому Вітаўту, будучаму вялікаму князю. А адбылося гэта вось як.
Міжусобная барацьба за вялікакняскі пасад, за палітычнае першынство ў дзяржаве насіла зацяты характар. Не спынялі яе нават сваяцкія адносіны. Быў час, калі вялікі князь літоўскі Ягайла адчуў небяспеку з боку свайго пляменніка Кейстута, паважнага і паважанага дзеяча дзяржавы. У 1382 годзе Кейстут разам са сваім сынам Вітаўтам выступіў супраць Ягайлы, які пачаў таемныя зносіны з крыжакамі. Аднак Ягайла таксама не без напорыстасці і хітрыкаў. Ён заманіў Кейстута і Вітаўта ў Вільню, нібыта дзеля заключэння мірнай дамовы, а тады загадаў схапіць сваіх супернікаў. Спачатку Кейстута, а пасля і Вітаўта з жонкай. Сівабародага Кейстута адправілі ў Крэва, “пасялілі” ў падзямеллях Княскай вежы. Аказваецца, у гэтай найбольш ганаровай вежы былі не толькі княскія пакоі, а і “княскія лёхі”. Угаворвалі адмовіцца ад прэтэнзій на ўладу, прапаноўвалі сяго-таго адступнога.
Але горды сівы Кейстут, які зведаў і смак вялікакняскай улады, і чалавечую спрыяльнасць, і хітрыкі міжусобнай барацьбы, не паддаваўся на ўгаворы. І тады адбылося страшнае. Адны кажуць, што сам Ягайла, іншыя даводзяць, што пастараліся крыжакі, так ці інакш але паступіў загад знішчыць непакорнага князя. Гэта таемна зрабілі князевы ахоўнікі-памочнікі. Яны задушылі Кейстута залатым матузом ад ягонага ж урачыстага ўбору.
Вось як пра гэта паведамляе Супрасльскі летапіс: «Князя великого Кестутия, дяду своего, оковав, ко Креву послали и всадили во вежю, а князя великого оставили Витовта еще во Вилни. И тамо во Креиве пятои нощи князя великого Кестутия удавили коморникы князя великога Ягайлавы: Прокша, што воду давал ему, а были ины, Мостев брат а Кучюк а Лисица Жыбентяи. Таков конец стался князю великому Кестутию».
А людзі адразу ж назвалі Княскую вежу вежай Кейстута. Ды гэтае злачынства не было ў замкавых лёхах адзіным і апошнім.
Прывід жа гэтай непатрэбнай ахвяры часта з’яўляўся на сценах і вежах, у палацавых пакоях, палохаючы насельнікаў і нагадваючы ахвотнікам несправядлівых і злосных дзеянняў пра абавязковую адплату за злачынства.
Вітаўт шчыра аплакваў горкі лёс бацькі і паплечніка па змаганні супраць Ягайлы. Аднак ён не кінуўся на калені, не папрасіў літасці ў Ягайлы. Вітаўт выношваў план уцёкаў з вязніцы.
Тады і з’явіўся на замкавай сцяне не прывід Кейстута, а жывы прывід – сам Вітаўт. Пра гэта з рознай ступенню дэталізацыі згадваюць практычна ўсе важнейшыя тагачасныя летапісы. Як сведчанне вынаходлівасці Вітаўтавай жонкі Ганны, якая прыдумала пераапрануць мужа ў адзенне служанкі і выбавіць яго з вязніцы (што сталася пасля з вернай Вітаўтавай служанкай, можна сабе ўявіць). Як доказ намеру Вітаўта помсціць Ягайлу за смерць бацькі і непаважлівыя адносіны да яго самога.
Адседзеўшы ў Княскай вежы, Вітаўт апынуўся за сценамі Крэўскага замка, а пасля і за межамі Вялікага княства. Падаўся шукаць падтрымкі ў крыжакоў. Сам вялікі магістр крыжацкага ордэна Конрад Валенрод быў гатовы аказваць яму дапамогу. Ведама – гэткая асоба прасіла спрыяння. Ды і ў планы Конрада па заваёве славянскіх зямель гэта клалася выгадным радком. Тым самым хітры крыжак чужымі рукамі распальваў агонь незадаволенасці і варожасці паміж уладнымі асобамі Вялікага княства, падкідваў паленцы ў вогнішча міжусобных сутычак.
Дарэчы, Вітаўт не аднойчы выпрабоўваў гэты шлях – звяртаўся ў цяжкія моманты да крыжакоў, нібыта не знаходзіў іншага выйсця. Але і падманваў іх не аднойчы, за што помслівыя рыцары мелі не толькі крыўду, нават дзяцей Вітаўта, узятых у заложнікі, забілі. Так ці інакш, але не схаўрусаваў Вітаўт з крыжакамі, застаўся верны сваёй зямлі і свайму прызначэнню – быць вялікім князем літоўскім і сапраўдным гаспадаром для сваіх падначаленых.
ЗАГАДКА КЕЙСТУТА