Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Весела з вамі,— прагаварыў Піліп Макаравіч. — Не засумуеш.
А Васіль:
— Піліп Макаравіч, што мы без вас рабілі б? Вы ўсё ўмееце.
Макам рассыпаецца. Ох і хітры! Знае Мікіта, каму каптан пашыты. Калі б Мураша не выпрасіў, то не хваліў бы.
— Піліп Макаравіч, мы без вас праз сцяну не пералезлі б, — салоўкай заліваўся Васіль.
— Вельмі не расхвальвай, — спыніў яго Піліп Макаравіч.
Васіль пачырванеў.
— Вы мне Мураша далі. Захацелася прыемнае сказаць.
— Хітры Дзмітрый, — схаваў на вуснах усмешку Піліп Макаравіч. — Хлопцы, даўно хачу ў вас запытацца. Вы не расплакаліся б, не разгубіліся б, калі б раптам адны засталіся. Праўду кажыце.
Нялёгкае пытанне задаў Піліп Макаравіч. Цясніна, горы, пяскі… Канешне, нясоладка прыйшлося б. Там, на нашай планеце, куды ні пайдзі — усюды людзі.
І знаёмыя, і незнаёмыя. Напаткае бяда — хоць хто-небудзь, ды дапаможа. Як кажуць? Свет не без добрых людзей. А тут? Тут не дапамогуць, хоць плач, хоць крычма крычы.
— Да плачу не дайшло б, — прамовіў я. — Але… Але не хацелася б адным заставацца.
— Чаму вы так пытаецеся? — пацікавіўся Васіль.
— Усякае можа здарыцца. А раптам мяне ў цямніцу кінуць?
Я падумаў, што ён жартуе.
— Піліп Макаравіч, хіба можна чалавека ні за што ні пра што ў цямніцу кінуць?
— Э-эх, вы быццам экскурсанты! — уздыхнуў Піліп Макаравіч. — Што, калі мы вас тут пакінем?
— Вы ў горад, а мы — тут? — прамовіў Васіль. — Не, мы не застанемся. Назіркам за вамі…
Піліп Макаравіч павярнуўся да Сакса, развёў рукамі.
— Гэтыя не застануцца. Школі сабе не дарую, што каля «Альбатроса» пакінуў.
Я вырашыў супакоіць Піліпа Макаравіча:
— Не бойцеся. Людзі моры-акіяны адольваюць. А мы хіба нейкага Карпа не адолеем?
— Дома на бацькоў спадзяваліся? — нечакана пытаецца Піліп Макаравіч.
Я маўчаў. І Васіль на гэты раз не азваўся. Канешне, дома не толькі гойсаем. Я, напрыклад, дровы з татам пілую, на балоце сена зграбаю, бульбу прыходзіцца ўвосень капаць… Але ж усё гэта разам з татам ці мамай. Вось каб адзін дома тыдняў на два застаўся, то невядома, што было б. Магчыма, і куры да суседзяў пабеглі б, і сабака перастаў бы брахаць, скавытаў бы, і карова хату мінала б. Так, невядома, што было б.
Я думаў, што Піліп Макаравіч пачне смяяцца з нас. Але ж не.
— Хлопцы, вы сапраўды хочаце дапамагчы жыхарам планеты Сіз?
Вы, вядома, памятаеце: Васіль амаль што не сілком зацягнуў мяне ў лятальны апарат. Калі там, у лесе, я слухаў Сакса, не верылася, што так пакутуюць жыхары планеты Сіз. Ягоны расказ здаваўся мне казкай. А казка для кожнага з нас — нешта нерэальнае, да чаго даўно прывыклі. Хіба не звыкліся з тым, што ёсць і Баба Яга, і Цмок — пудзіла паганае, і сквапны пан, і іншыя казачныя нячысцікі. Чытаем і ўсміхаемся.
Маўляў, гэтак і павінна быць, бо казка без іх цікавасць страціла б. А вось той, хто складаў казкі, відаць, не ўсміхаўся. І ад сквапнага пана ён цярпеў, і вораг Цмок прыходзіў, каб братоў, сясцёр паланіць, каб без бацькоў пакінуць. А маё і Васілёва жыццё — незакаламучаная крыніца. Не ведалі, па чым фунт ліха.
Цяпер жа тут, на планеце Сіз, я ўбачыў і бязмежныя пяскі, і непрытульныя горы, і адзінокага безабароннага вожыка-вушасціка, і пустое гняздо на вяршыні гары, і боль у вачах Сакса…
І я сказаў:
— Пастараемся дапамагчы. Пад дудку Карпа не станем скакаць.
— Адрыгнуцца воўку авечыя слёзкі,— дадаў Васіль. — Піліп Макаравіч, не бойцеся. Мы не заплачам.
«Героі!» — з пагардай скажа хтосьці. Няхай, няхай кажа. Я ж выказаў тое, што было на душы. Я яшчэ не бачыў Карпа, але ўсім сэрцам ненавідзеў яго. Гэта, так мне думалася, не чалавек, а бязлітасная машына, якая няўмольна раскручвае свой махавік. Трапіць рука, трапіць нага пад гэты махавік — раструшчыць.
— Піліп Макаравіч, лепей было б так зрабіць. Пасеем лес, а пасля я вас у «Альбатрос» і на Зямлю, — прапанаваў Сакс.
— Не, — не пагадзіўся з ім Піліп Макаравіч. — Я сваё слова сказаў. Пойдзем у горад, пабачым… Ну, а пасля разважым, што і як. Мы павінны штосьці прыдумаць.
Сакс уздыхнуў:
— Тады пачакайце мяне хвілінку.
Ен узяў рукзак і знік за павароткай цясніны.
Мы з Васілём пераглянуліся. Што гэта з ім? Чаму рукзак узяў? Няўжо адзін сабраўся ў горад ісці?
Прайшла хвіліна. Другая, трэцяя праходзіць. Няма і няма. Нарэшце бачым: ідзе да нас хтось. Рыжыя валасы аж на плечы спадаюць, рыжыя вусы, рыжая барада…
— Няўжо сам валадар з'явіўся? — таўхануў я Васіля.
— Ен, — упэўнена прагаварыў Васіль.
Я зірнуў на Піліпа Макаравіча. Стаіць, прыціснуўшыся да сцяны. Спалохаўся? А нас папярэджваў, каб не баяліся.
— Карп адзін, — крыкнуў я.
Піліп Макаравіч нават не зварухнуўся. Няўжо ад страху ногі адняліся? Сам не ведаю, што са мною сталася. Схапіў вяроўку і на рыжага валадара, апусціўшы галаву, каб у жывот пацэліць.
— Звяжам! Не выпусцім! — ірвануўся за мною Васіль.
А гэты рыжы валадар як засмяецца:
— Хлопцы, гэта я, Сакс.
І праўда, голас падобны на Саксаў. Я спыніўся. А Васіль:
— Не вер яму. Усе рыжыя хітрыя. Умее падрабляць галасы. За мною!
— Стойце, — гукнуў Піліп Макаравіч. — Хіба не здагадваецеся? Загрыміраваўся Сакс.
— Чаму загрыміраваўся? — азірнуўся Васіль. І Сакс (сапраўды, гэта быў Сакс) сказаў:
— Каб у горадзе мяне не пазналі. Піліп Макаравіч не вытрываў, засмяяўся:
— Ой, хлопцы! Ледзь Сакса не звязалі. Бі свой свайго, каб чужы баяўся.
— Мы… Мы хацелі звязаць не Сакса, а Карпа, — стаў апраўдвацца Васіль. — Мы…
— Добра, Васіль. Я цябе цудоўна зразумеў,— не даў апраўдацца Піліп Макаравіч. — Трэба ў дарогу збірацца. Годзе казань казаць.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Курт, Красаўка і… нечаканасці
Горад валадара
Нарэшце мы ўбачылі, які ён, горад валадара Карпа. Дамы ўсе, як адзін, карычневыя, пяціпавярховыя. Уяўляеце сотні карычневых пяціпавярховых дамоў? Гліняныя, цвёрдыя, што асфальт, карычневыя вуліцы. То там, то сям па вуліцах сноўдаліся людзі, нібы сонныя мухі.