ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Васіль, легіянеры раніцай заўважаць.

— Мы гэтай жа ноччу пастараемся назад выбрацца.

— А лесвіца? Мы яе на тым баку пакінулі.

— А-а-а, — у роспачы прамовіў Васіль. — На гэты бок трэба было перацягнуць. Зусім забыліся.

— Дык што рабіць?

— Піліпа Макаравіча вызвалім. Ён нешта прыдумае.

— Прыдумае, — як рэха, азваўся я.

Рушылі наперад. Ні травы, ні ямінак пад нагамі. Роўна-роўна. Значыць, і тут, як і ў горадзе, гліна.

— Антон, — прагаварыў Васіль, — мы…

Я так і не даведаўся, што ён хацеў сказаць. Нечакана ўгары, над намі, загарэліся ліхтары. Стала светла-светла, што днём.

— Легіянеры! — усклікнуў Васіль.

Так, з усіх бакоў беглі легіянеры. У кожнага — піка, як і ў тых, якія стаялі каля варот. Легіянеры імгненна акружылі нас, наставіўшы пікі. Ні ўлева, ні ўправа.

Мы стаялі з Васілём, прытуліўшыся плечукамі. Няўжо канцы? Як легіянеры здагадаліся, што мы пералезлі праз сцяну? Няўжо заўважылі лесвіцу? Але ж толькі-толькі адышліся ад сцяны. Не паспелі б яны прыбегчы.

— Прыйшлі, даражэнькія? — пачуўся пісклявы галасок.

Легіянеры, якія стаялі насупраць нас, адступілі ўбок. Каго ж, думаеце, мы ўбачылі? Старога знаёмага шпіка Тарана. Ен ішоў да нас і ўсміхаўся, нібы сустрэў найлепшых сяброў, якіх не бачыў дзесяць гадоў ці мо нават дваццаць.

— Яслі да каня не ідуць. А вы прыйшлі. Што, галубкі, прыляцелі? — з задавальненнем пацёр рукі.

— Не прыляцелі, а пералезлі,— з выклікам прамовіў Васіль.

— Праз сцяну пералезлі? Ой, малайцы! Якія ж вы малайцы!

— Без пахвалы абыдземся, — не сцярпеў я.

— Хто ж вас пахваліць, як не я?

Таран прыгнуўся. Зірнуў на мяне, на Васіля. Зноў на мяне, пасля на Васіля.

— Падабаемся? — буркнуў Васіль.

— Яшчэ як падабаецеся! Такія прыгожанькія! Абодва як на падбор. Не хлопчыкі, а райскія птушаняткі. І адкуль жа вы прыляцелі?

У мяне кулакі самі сабою сцяліся.

— Цярпі,— сціснуў маю руку Васіль. — Знарок нервы тузае.

— Трэба цярпець. Трэба, — пачуў Таран. — Я вунь колькі нацярпеўся, калі за вамі гойсаў.

— Мы вас не прасілі,— сказаў Васіль.

— Яны не прасілі! Скажыце, калі ласка! Папросіце. Супроць шэрсці вас яшчэ не гладзілі. Мяне папросіце,—

Таран тыцнуў пальцам сабе ў грудзі.— Вы ведаеце, як мяне зваць?

— Таран, — прагаварыў Васіль.

— Не Таран, а пан Таран. Скажыце: пан Таран. Разам скажыце. Мне гэта даспадобы. Ну…

Таран узмахнуў рукою, што дырыжор.

— Таран, — крыкнулі мы з Васілём у адзін голас. Шпік скрывіўся.

— Трэба казаць: пан Таран. Пан Таран. Зразумела? Пан Таран.

— Даволі! — не вытрываў Васіль. — Лепей завядзіце нас у цямніцу.

— Хочаш у цямніцу? Разумненькі хлопчык, — Таран тыцнуў пальцам мне ў грудзі.— Можа, ты не хочаш у цямніцу?

— Хачу, — хуценька адказаў я.

Хіба я мог разлучыцца з Васілём? Нізавошта. Разам, так думалася, і ў цямніцы весялей.

Таран махнуў рукою, даючы знак легіянерам.

— Так і быць, у цямніцу іх. Калі ласачка.

У цямніцы

Цямніца, куды прывялі нас легіянеры, была сапраўднай цямніцай. Цемра, хоць вочы выкалі. Мы з Васілём селі каля сцяны.

— Васіль, чаму табе так у цямніцу захацелася? — пытаюся.

— Захацелася?

— Канешне, захацелася. Ты ж сам прасіўся: завядзіце нас у цямніцу.

— Вось ты пра што. Думаў, што Піліпа Макаравіча тут сустрэну. Дый усё роўна нас не адпусцілі б.

Канешне, не адпусцілі б. А Піліп Макаравіч і Сакс, як відаць, сядзяць у другой цямніцы. Пастараўся Карп, набудаваў цямніц.

— Васіль, што будзем рабіць?

— Пакуль паспім, а заўтра пабачым, як складзецца.

Але паспаць не ўдалося. Таран да нас завітаў. Паставіў пасярод цямніцы ліхтар, піскнуў, што мышка з-пад зямлі:

— Ну як, даражэнькія? Падабаецца?

— Матрацы прынеслі б. Мы іх каля сцяны пакінулі,— пазяхнуў Васіль.

— А як мяне зваць?

— Таран, — апярэдзіў я Васіля.

— Прыйдзецца вам на глінянай падлозе спаць. А наша гліна-гліначка цвёрдая-цвёрдзенькая. Намуляеце бакі, даражэнькія.

— Годзе смяяцца, — прамовіў Васіль. — Як вы ў такой цемры заўважылі нас? Расказалі б. Пахваліліся б.

— Скажаш: пан Таран?

— Скажу, — уздыхнуў Васіль.

Вядома, ён датуль не супакоіўся б, пакуль не даведаўся б. У кожную шчылінку хочацца яму зазірнуць. Мне дык было ўсё роўна. Хіба зменіцца што-небудзь, калі даведаюся?

— Паўтарай за мною, — урачыста прагаварыў шпік, — пан Таран.

— Пан Таран, — мармытнуў Васіль, як мядзведзь у бярлозе. — Хутчэй расказвайце.

Таран, радуючыся, пацёр рукі.

— Ты не спяшайся. Пацярпі. Не цярпіцца?

— Не цярпіцца, — прызнаўся Васіль.

Таран узяў ліхтар, памахаў ім, што кадзілам, перад самым носам Васіля.

— Я знікаю. Да сустрэчы, хлопчыкі. Васіль імгненна ўскочыў.

— А я… А я ўсю ноч буду крычаць: Таран, Таран…

— Што ты! Што ты! Таран нельга. Пан Таран можна. У нас усіх начальнікаў завуць пан. І я хачу быць начальнікам.

— Вам гэта што маслам па сэрцы? — пытаецца Васіль.

— А як жа.

— Дык расказвайце, калі хочаце.

— Супакойся, хлопчык. Раскажу.

Вось што расказаў нам Таран. Сутарэнне, у якое заляцелі мы з Васілём, было прыстанішчам для Тарана і яго памагатых. Часам яны адпачывалі там, спалі на матрацах, каб, усхапіўшыся праз гадзіну, зноў шныпарыць, шпіёніць. Людзі гэтае сутарэнне за вярсту абыходзілі. А мы… Мы ў самае логава заляцелі. Заўважыў Таран, скумекаў, што вырашым праз сцяну перабрацца. Вось і чакаў. Самі прыйшлі да яго ў рукі.

— Спрытна я вас? — хіхікнуў Таран, закончыўшы расказваць.

Поделиться с друзьями: