ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Хлопчыкі, запрагайце. На поле не трапім.

Так я і не абматаў Гноміку ногі. Толькі скрутак бінту сапсаваў.

Мы прынеслі хамут, падсядзёлак, лейцы, дугу.

— Бяры, — паказваю Косцю на хамут.

А Косця топчацца, на Дзяніса, Ігара пазірае. Тыя ўбок адвярнуліся.

— Бяры, — цягну Косцю за рукаў.— Ты ўжо аброць надзяваў. У цябе выйдзе.

Косця, уздыхнуўшы, падняў з зямлі хамут.

— Мацней трымайце Гноміка. Надзену хамут, а ён возьме ды ўцячэ.

Ігар з Дзянісам з аднаго боку, а я з Раяй з другога боку ўзяліся за аброць.

Косця падняў хамут, стаў насоўваць Гноміку на галаву. Хамут дайшоў да вачэй. Упіраецца Косця, стараецца, а хамут далей не лезе.

— Мацней піхай! — крычыць Дзяніс.

— Давай! Давай! — падбадзёрвае Ігар.

Нарэшце кінуў Косця хамут на зямлю.

— Не надзяваецца. Рукі самлелі.

— Няўмека, — папракнула Рая. — Рукі ў яго самлелі! Глянь! Вунь у Гноміка слёзы на вачах…

Пакрыўдзіўся Косця. Адышоўся ўбок і сеў на траву.

— Давай я паспрабую, — узяўся за хамут Ігар.

Ігару ўдалося нацягнуць хамут да вушэй, зусім затуліў Гноміку вочы. Не вытрываў Гномік: трасянуў галавою і скінуў хамут на зямлю.

Ігар падняў хамут, узняў над галавою і… надзеў сабе на шыю.

Відаць, ён сам не чакаў гэтага, бо здзіўлена прамовіў:

— Пралазіць… А я:

— Запрагайце яго ў воз, пакуль на балота не ўцёк. Ігар, мусіць, спалохаўся, што ў воз запражэм, бо хуценька скінуў хамут з галавы.

— Мы не той хамут узялі,— кажа. — Хамуты, яны розных памераў. Як і шапкі. Гэты хамут не на Гномікаву галаву…

— На цябе яго шылі,— смяюся я з Ігара. — Да тваёй галавы ён якраз падыходзіць. Ты, мабыць, на прымерку хадзіў?

Мы, напэўна, доўга каля Гноміка з хамутом скакалі б, каб мой тата на трактары не прыехаў. Паглядзеў ён на нас і сказаў:

— Я адчуваў, што так будзе. Дайце мне хамут. Та-ак… Вы, грамацеі, не тым бокам хамут каню надзявалі. Трэба кляшчынамі ўгору… Вось, глядзіце…

Тата перакруціў у руках хамут, развёў кляшчыны і лёгка ўссунуў яго на галаву Гноміку. А Гномік нават выцягнуў галаву насустрач, каб палегчыць справу. Потым, калі хамут лёгка слізгануў праз галаву каня на грыву, тата перакруціў яго супоняю ўніз і завёў Гноміка ў аглоблі воза.

Тата запрог Гноміка і нагадаў:

— Ад парога падлогу не мятуць.

Каб знаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы

На поле мы прыехалі без прыгод. Праўда, Косця ўсё парываўся: «Можна, я на Гноміка сяду? Можна, крыху праеду?» І ён, напэўна, дамогся б свайго, напэўна, праехаў бы, ды Рая не дазволіла.

— Як табе не сорамна! — выгаварыла яна яму. — Гномік воз цягне, а ты яшчэ на спіну хочаш сесці.

Паклалі мы на воз канюшыну, прывезлі на школьны двор. На школьным двары зноў у копку яе склалі. Узяў Косця бярэмца канюшыны, кажа:

— Трусам занясу. Паглядзім, ці спадабаецца.

— Няма трусоў у «Казачным дамку», — кажу Косцю. — Усіх у горад павезлі.

— Няма? — здзівіўся Косця. — Як няма?

Не паверыў мне Косця, кінуў канюшыну і ў «Казачны дамок» хутчэй. Рая, Ігар, Дзяніс — за ім. А я стаю, чакаю. Цікава: што будзе далей?

Неўзабаве выскачылі яны з «Казачнага дамка» — і да мяне. Дзяніс за каўнер мяне схапіў.

— Каму трусоў аддаў? Прызнавайся!..

Ну й сябры! Пра такіх мой тата так кажа: у гарачай вадзе купаныя. Раскрычаліся… Я адапхнуў Дзяніса.

— Ты што? Каўнер адарвеш! Тады на мяне накінуўся Ігар.

— Дзесяць трусоў некаму аддаў і яшчэ піхаецца. Трэба правучыць яго.

Так я нечакана трапіў у бяду. Без віны вінаваты. Трэба неяк ратавацца, бо яшчэ надаюць кухталёў і прабачэння не папросяць. Я ўзмаліўся:

— Чаго вы на мяне накінуліся? Я і сам добра не ведаю, дзе яны падзеліся. Можа, у горад іх павезлі, а можа, і да нашага ветэрынара, да калгаснага.

— Што ты пляцеш? — закрычаў Дзяніс. — Хто іх павёз? Да якога ветэрынара?

Каб лепей зразумелі мяне сябры, я расказаў ім усё па парадку: як палуднавалі з татам, як пасля прыйшоў карміць трусоў, як падумаў, што Мікалай Аляксандравіч да ветэрынара іх павёз.

— Мікалай Аляксандравіч паехаў у сельсавет, — сказаў Косця, калі я закончыў.— Нейкае пасяджэнне ў сельсавеце. Я сустрэў Мікалая Аляксандравіча, калі ішоў на ферму. Пахваліўся яму, што па канюшыну паедзем. А Мікалай Аляксандравіч мне сказаў, што і ён з намі па канюшыну паехаў бы, але пасяджэнне ў яго.

— Тут быў злодзей! — усклікнула Рая. — А можа, не адзін. Трусоў укралі!..

— Укралі,— паўтарыў за ёю Ігар. — Мы гадавалі, а нехта з'есць. Гэта Максім вінаваты.

— Чаму Максім вінаваты? — здзівіўся я. — Ты яшчэ скажы, што і я трусоў разам з злодзеем з'ем.

— Не спрачайся, Максім, — прамовіў Дзяніс. — Чаму ты раней не сказаў, што трусоў няма? Мы выклікалі б міліцыю. Сабака хутка злодзея знайшоў бы, да самай ягонай хаты прывёў бы. А цяпер сабака злодзея не знойдзе. Даўно затапталі сляды. Вунь колькі людзей прайшло па дарозе.

«І праўда, я вінаваты аказаўся, — думаю. — Пабаяўся, што будуць з мяне смяяцца. Зноў шыварат-навыварат выйшла…»

Панурыўшыся, усе маўчалі. Маўчаў і я. Зусім не хацелася гаварыць. Усё роўна словамі не паможаш, толькі болей душу расцвеліш. Так стараліся, так стараліся: і «Казачны дамок» будавалі, і трусоў кармілі, і цяпер во везлі канюшыну… Усё дарэмна…

— Што будзем рабіць? — нарэшце парушыла маўчанне Рая.

— Трэба ў сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу, — сказаў Дзяніс. — Мікалай Аляксандравіч нешта прыдумае.

— Мікалай Аляксандравіч абавязкова нешта прыдумае, — падхапіла Рая. — Хлопчыкі, хадзем у школу.

Мы талакой пабеглі ў школу. Там ужо вучняў не было. Наша тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу на калідоры.

— Супакою вам няма, — сустрэла яна нас. — Усё ходзіце, ходзіце… Зноў пясок насіць?

Наперад выступіла Рая.

— Цётка Надзя, мы хочам у сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу. Дазвольце.

— Ідзіце ў настаўніцкую, — дазволіла цётка Надзя. — Усё роўна не адчэпіцеся.

У настаўніцкай Ігар таўхануў Косцю ў бок:

— Звані. Ты звеннявы.

— Я нумара тэлефона не ведаю.

Поделиться с друзьями: