Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
А цяпер… Цяпер я ўбачыў, што дзверы адчынены насцеж. Здзіўлены, я зайшоў у «Казачны дамок». А дзе ж трусы? Ніводнага труса не відаць. Дзе яны падзеліся?
Я праверыў кожны куточак. Няма. Зазірнуў у клеткі. І ў клетках няма. Укралі…
Я хацеў паклікаць Вольгу Пятроўну, Мікалая Аляксандравіча. Няхай у міліцыю пазвоняць, няхай шукаюць, пакуль не позна. Ды ўспомнілася, як усе гэтыя дні не шанцавала мне, як шыварат навыварат выходзіла.
«Сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж», — нагадаў, як вучыла мяне мама.
Я сеў на парозе і пачаў разважаць: «Хіба можна пятнаццаць трусоў сярод белага дня ўкрасці? Вядома, не. Напэўна, кудысьці павёз іх Мікалай Аляксандравіч. Магчыма, да ветэрынарнага фельчара, на праверку. Нават сабак і катоў на праверку возяць. Фельчар раскажа Мікалаю Аляксандравічу, ці правільна развіваюцца нашы трусы. А я крыку нараблю, што ўкралі. Будзе смеху… Не, пакуль памаўчу. Ад пустога звону карысці нікому».
Ад парога падлогу не мятуць
Гэтак разважыўшы, я пайшоў на ферму. А каля фермы мае сябры лавілі, як казаў Пеця, спакойнага Гноміка. Уперадзе, размахваючы аброццю, бег Косця, за ім, цягнучы за сабою лейцы, — Ігар, за Ігарам — Рая з сядзёлкам у руках, і апошнім — Дзяніс. Дзянісу цяжэй за ўсіх прыйшлося. Ен бегаў з хамутом. А Гномік, распушыўшы хвост, насіўся кругамі каля фермы.
— Стой! — крычаў Косця.
— Кося, кося, — клікала Рая.
— Тп-р-ру, тп-р-ру, — выводзіў губамі Ігар.
А ў Дзяніса, відаць, ужо і сілы для крыку не было. Ен бег, цяжка сапучы.
Я зарагатаў на ўсю моц. Спыніліся мае сябрукі, глядзяць на мяне.
— Чаго смяешся? — насупіўся Косця.
— У вас, як у казцы пра рэпку, — смяюся. — Бабка за дзедку, унучка за бабкай, Жучка за ўнучкай, кошка за Жучкай.
Дзяніс, падышоўшы да мяне, кінуў хамут на зямлю.
— Вельмі ты разумны. Сам злавіў бы. Нас гэты Гномік і блізка не падпускае. Паўгадзіны бегаем. Хітры, ведае, што хочам запрэгчы ў воз.
— Кумекаць трэба, — кажу. — Травы нарвалі б.
— Правільна. Чаго стаіце? — усклікнула Рая і нагнулася, каб паказаць, як гэта робіцца.
Праз хвіліну мы нарвалі травы. Самай зялёнай, самай сакаўной. Я ўзяў траву ў руку і накіраваўся да Гноміка. Гномік, касавурачы вочы, пазіраў на мяне. Я падыходзіў асцярожна, няспешна, за мною ішлі Косця, Дзяніс і Ігар. Рая засталася ззаду.
— Кося, кося, — ласкава шаптаў я. — Трава зялёная, трава смачная. Кося, кося, не ўцякай.
Гномік падняў галаву.
— Кося, вось трава, гэта трава… Яшчэ крок, другі…
— Кося, трава салодкая, вельмі салодкая… Гномік зразумеў мяне, выцягнуў шыю. Я ўжо побач з ім. Гномік дзьмухнуў ноздрамі, панюхаў траву і скубянуў яе з маёй рукі.
— Максім, асцярожна! — крыкнула Рая. — Руку адкусіць. Вунь якія зубы ў яго.
А я, не зважаючы на Раіны крыкі, камандую сябрам:
— За грыву яго бярыце. Хутчэй. Зараз усю траву з'есць.
— Сам бяры, — шэпча Дзяніс.
— Трава ў мяне.
— А ты другою рукою бяры. Не бойся.
Вучаць. А самі за маёю спіною стаяць. Хітрыя.
Гномік апошні раз скубянуў траву, глянуў на мяне, як бы яшчэ просячы.
Я ўзяў Гноміка за грыву.
— Хопіць, Гномік. Ты яшчэ не заслужыў травы.
Я думаў, што Гномік стане вырывацца, калі зразумее, што не дам травы. Я нават ямчэй нагамі ўпёрся, каб яго ўтрымаць, але Гномік, падняўшы галаву, стаяў спакойна і глядзеў на нас, часта-часта моргаючы сваімі вялікімі вачамі.
— Аброць давайце. Заснулі?
— Бяры, — сказаў Косця, працягваючы мне аброць.
— Надзявай, — кажу Косцю.
Косця, спяшаючыся, пачаў надзяваць аброць.
— Максім, руку адымі. Твая рука мне перашкаджае.
— Гномік уцячэ, калі адыму.
— А ты на адну секунду адымі.
Я адпусціў грыву. Косця зноў пачаў надзяваць аброць. Аброць зачапілася Гноміку за вушы. Гномік незадаволена заматляў галавой.
Сяк-так надзеў Косця Гноміку аброць. Не ведаю, як вытрымаў Гномік гэтую пакуту.
— Вядзіце Гноміка да воза! — крыкнула Рая. — Чаго марудзіце?
Раскамандавалася. Добра ёй здалёк крычаць. Быццам без яе не ведаем, што да воза трэба весці. Сама паспрабавала б.
Цягну я Гноміка за аброць, а ён упіраецца, не ідзе. Хіба скранеш яго з месца?
— Хлопцы, вярхом сяду, — нарэшце здагадаўся я, як прывесці Гноміка да воза. — Падсадзіце мяне.
— Максім, не трэба! — закрычала Рая. — Упадзеш! Хіба можна адступаць, калі дзяўчынка на цябе глядзіць, калі так хвалюецца за цябе?
Я стаў каля Гноміка, ухапіўся абедзвюма рукамі за грыву, падскочыў і ўскараскаўся на спіну.
— Но, но, — паціхеньку стукнуў яго па шыі. Гномік зразумеў мяне: ён няспешна пайшоў да воза.
Я сядзеў прама-прама, высока ўзняўшы галаву.
Крыху ззаду ішлі Косця, Дзяніс і Ігар. Косця ўсё прасіў:
— Максім, злезь. Я праеду. Дай праехаць.
Каля воза я саскочыў з Гноміка, сказаў Косцю:
— Можаш пакатацца. Мне не шкада.
Хацеў Косця на Гноміка залезці, ды Рая не дазволіла:
— Вы катацца прыйшлі? А па канюшыну хто паедзе?
І Дзяніс Раю падтрымаў:
— Трэба ехаць, хлопцы. Другім разам пакатаемся. Я пагладзіў Гноміка па спіне, прагаварыў:
— Абавязкова пакатаемся. Гномік разумны конь. Ён усіх нас пакатае.
— Давайце Гноміку ногі бінтам абматаем, — прапанаваў Ігар. — Я аднаго разу з татам быў на спаборніцтвах. Там у многіх коней ногі каля капытоў белыя.
Мне Ігарава задума спадабалася.
— У каго ёсць бінт? — пытаюся.
— У мяне, — сказала Рая. — Я знарок з сабою ўзяла. На полі ўсялякае можа здарыцца.
Я ўзяў у Раі скрутак бінту, разматаў яго і разарваў на чатыры роўныя кавалкі.
— На кожную нагу па кавалку, — паказваю Дзянісу.
А Дзяніс раптам заўпарціўся.
— Глупства выдумаў. Хочаш, каб Гномік табе зубы пералічыў?
Мы, напэўна, доўга спрачаліся б з Дзянісам, ад свайго я не люблю адступацца, але Рая папрасіла: