Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Увішна працуе Косця. Не хочацца і мне ад яго адставаць, ды спіна забалела.
— Косця, ты не стаміўся? — пытаюся.
— Стаміўся, — прызнаўся Косця. — Давай адпачнём.
Мы прылеглі на горбу буракоў, раскінулі рукі. Угары хмаркі плывуць, сонейка ласкавымі промнямі твар грэе. Добра гэтак ляжаць.
— Косця, а ці ёсць такія машыны, што буракі рвуць?
— Мабыць, ёсць.
— Вось каб нам хоць адну. Някепска было б?
— Някепска, — пагаджаецца Косця. — Але давай уставаць.
Вельмі не хочацца ўставаць. Вунь яшчэ колькі не вырвана! Калі яны скончацца?
Мы ўсталі і зноў занялі свае радкі. Косця два рве, і я два, а трэці разам. Адна горба, другая, трэцяя…
Я азірнуўся: далёка адсталі ад нас Дзяніс, Ігар і Рая.
— Хлопчыкі, вельмі не спяшайцеся. Ператоміцеся, — даляцеў Раін голас.
Бач, шкадуе нас Рая. Ёй таксама нялёгка прыходзіцца. А ў мяне ад яе спагады як сілы прыбавілася.
— Косця, давай наперагонкі! — прапанаваў я.
Мы забыліся пра стомленасць, ірвём буракі навыперадкі. Так хочацца, каб хутчэй дарваць ды каб першаму дайсці ў канец. А канец радкоў усё бліжэй… Адна горба, яшчэ адна…
— Усё, — нарэшце выдыхнуў Косця, разгінаючыся. Разагнуўся і я. Баліць спіна — ох, моцна баліць, і
рукі цяжкія…
— Паляжым? — гляджу на Косцю. Косця выцер далонню ўспацелы твар.
— Пойдзем чысціць… Трэба дапамагчы.
Апоўдні закончылі мы чысціць буракі. Я хацеў пасядзець на ўзмежку, з паўгадзіны адпачыць, але Дзяніс не дазволіў:
— Дома адпачнём. Бацькі вечарам і за парог не пусцяць, калі позна вернемся. Вы пастарайцеся, урокі павучыце. Тады і бацькі палагоднеюць.
— Няўжо мы злодзея, гэтага пісаку не зловім? — вырвалася ў мяне.
— Зловім, — цвёрда сказаў Дзяніс. — Будзе і на нашай вуліцы свята.
За праўду не гневаюцца
Як толькі звечарэла, мы зноў сабраліся на школьным полі. Паглядзелі б вы на нас! Я апрануў татаву ватоўку, Рая, Дзяніс і Косця прыйшлі ў зімовых паліто, а Ігар Бушуеў надзеў бацькаў кажух.
— Можа, заначаваць давядзецца на полі,— сказаў Ігар, як апраўдваючыся.
Мне зусім не хацелася начаваць на полі. Я ледзь-ледзь упрасіў тату, каб на гадзіну адпусціў. Сказаў, што я з Косцем дамовіўся разам вучыць геаметрыю.
— Вас надоўга адпусцілі? — цікаўлюся ў сяброў.
— Я маме сказала, што пайду ў бібліятэку, што трэба ўзяць кнігу для пазакласнага чытання, — прызналася Рая.
Бач да чаго дайшло: нават Рая пачала хлусіць бацькам.
— І я сказаў, што пайду ў бібліятэку, — сказаў Дзяніс.
— А ты што прыдумаў? — пытаюся ў Косці.
— Я нічога не выдумляў,— адказаў Косця. — Я ўцёк.
— І я ўцёк, — прызнаўся Ігар.
Мы селі на горбу, чакаем злодзея. А яго ўсё няма няма.
«Бу-ум» — нечакана пачуўся моцны гук. Быццам па вядры каменем бухнулі.
У мяне аж дыханне перахапіла. А непадалёку яшчэ раз: «Бу-ум».
— Што гэта? — прашаптала Рая.
— Злодзей з вядром па буракі ідзе, — здагадаўся Дзяніс.
— Шкада, што стрэльбу не ўзялі,— дрыготкім голасам прагаварыў Ігар. — Зарадзілі б патроны соллю і бабахнулі б з абодвух ствалоў.
— Не бойцеся, — сказаў я, хоць і ў самога мурашкі па спіне забегалі.— Няхай бліжэй падыдзе, будзем абкружаць, каб…
Я не скончыў, бо непадалёку, чмякнуўшыся, упаў бурак. Потым другі, трэці…
— Ен нас абстрэльвае, — прашаптаў Ігар. — Здагадаўся, дзе мы сядзім.
Ігар прыўзняўся. Я схапіў яго за кажух.
— Не ўцякай.
— Глядзіце! Ен белы! Белы! — усклікнула Рая. Мы ўжо і самі заўважылі ўперадзе штосьці белае.
Яно размахвала рукамі, як танцавала.
— Хлопчыкі, што гэта? — ускочыла Рая.
— Невядомая з'ява прыроды, — толькі і здолеў прамовіць я.
А «невядомая з'ява прыроды» нечакана закрычала:
— Я снежны чалавек! Я прыйшоў пакараць вас!
— Цікава, як гэты «снежны чалавек» на нашым полі з'явіўся? — прагаварыў Дзяніс. — За мной!..
Мы паволі-паволі пачалі набліжацца да «снежнага чалавека». А ён раптам кінуўся ўцякаць. Мы пасмялелі — і за ім. «Снежны чалавек» прабег метраў дзесяць, спатыкнуўся і ўпаў. Мы з разгону наваліліся на яго.
— Пусціце! Пусціце! — тоненька завішчэў «снежны чалавек».
— Ой, не задушыце яго! — усклікнула Рая. — Не трэба…
— Ты хто? — запытаў Дзяніс.
— Андрэйка я. Скварцоў. Вы мяне не пазналі? Сапраўды, гэта быў Андрэй Скварцоў. Ен паволі, вохкаючы, устаў, скінуў з сябе прасціну, у якую быў захутаны.
Дзяніс паказаў яму запіску, якую Косця знайшоў каля «Казачнага дамка».
— Ты пісаў?
— Не, — закруціў галавою Андрэй. — Пусціце, я вядро згубіў. Мамка будзе сварыцца, калі не знайду.
— Дык гэта ты ў вядро стукаў? Ты ў нас буракамі кідаў? — Дзяніс схапіў Андрэя за каўнер.
Андрэй заплакаў.
— Я-а-а… Я чуў, як вы пра запіску каля «Казачнага дамка» казалі. Чуў, што на поле збіраецеся… Вы мяне прагналі, а я за рог дамка схаваўся… Я хацеў напалохаць вас… Чаму вы мяне заўсёды праганяеце?
Мы моўчкі пераглянуліся. Вось дык гісторыя! Не гісторыя, а сапраўдны дэтэктыў, як казаў той вясёлы міліцыянер, які нашых трусоў у калясцы вазіў. Андрэй схаваўся, падслухаў, вырашыў напалохаць нас. А хто тады запіску падкінуў?
— Хлусіць ён, — сказаў Ігар. — Злодзей ён. На буракі паквапіўся.
— Я не квапіўся. У нас сваіх буракоў хапае… Я вядро згубіў… Мамка да-асць…
— Адпусціце яго, — нечакана сказаў Косця. — Я сам тую запіску напісаў. Друкаванымі літарамі. Каб не пазналі. Вольга Пятроўна сказала мне, каб мы гэтыя буракі вырвалі. Трусам на корм. А мне хацелася, каб было цікавей, каб з галаваломкаю. Каб як гульня, разумееце? Вось і напісаў запіску. А трусы ўсе. І тады былі ўсе. Я баяўся, што палічыце, але вы мне паверылі. Праўда, Вольга Пятроўна казала, каб усім класам буракі рвалі, але вы не захацелі, каб паклікаў аднакласнікаў. Пусціце Андрэя. Я вінаваты.
— А чаго тады каравуліць пайшоў? — запытала Рая.
— Хацеў паглядзець, чым скончыцца.
Я не злаваў на Косцю. Праўда, было крыўдна, што ён мне пра ўсё не расказаў. Усё-ткі сябар. Удвух мы яшчэ што-небудзь прыдумалі б. Было б яшчэ цікавей. А вось Дзяніс не зразумеў Косцевага жарту.
— Цябе звеннявым выбралі, а ты нейкія галаваломкі прыдумваеш. Добра, што Мікалай Аляксандравіч пра гэта не ведае… Ну і хлопцы! З вамі не засумуеш!
— Дзяніс, ты не злуй на Косцю, — сказала Рая. — Ен сам прызнаўся. А за праўду не гневаюцца.