ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Надвор’е мяняецца, — сказаў дзядзька, гледзячы ў вакно. — Усё неба ў хмарах, не відаць аніводнае зоркі, і месяц цяпер позна ўзыходзіць; ноч будзе цёмная, вецер, здаецца, паўночны, бо мароз не адпускае.

Бура мацнела ўсё больш і больш; вецер падняў снег у паветра; беспрасветная начная цемра пакрыла ўсю зямлю; імгненна намяло высокія гурбы перад дзвярыма і вокнамі.

— Цяпер людзі вяртаюцца з Полацкага кірмашу, — сказаў дзядзька. — На возеры ўжо, пэўна, замяло дарогу.

Кажучы гэта, ён паставіў свечку на падваконне.

Тут на падворку пачалі брахаць сабакі. Дзядзька надзеў футра і пайшоў паслухаць галасы падарожных.

Вярнуўся хутка.

— Трэба нешта яшчэ прыдумаць, бо бура падняла ў паветра столькі снегу, што агонь у вакне ледзь відзён.

Сказаўшы гэта, ён запаліў у ліхтары свечку і ўдвух з парабкам моцна прывязаў яго да высокае жэрдкі пры самай браме.

Зайшоўшы ў пакой, сказаў Францішку:

— Маё жытло — гэта порт на беразе мора; мушу кожную буру такім чынам ратаваць ад няшчасця падарожных.

Калі Завальня сказаў гэта, пані Мальгрэта, якая была ў гэтым самым пакоі, не магла больш стрымліваць свой даўні гнеў на гэтых гасцей, што Бог ведае адкуль збіраюцца на начлег.

— Збярэцца тут цэлы кірмаш, — сказала яна, наракаючы на выдаткі і начную мітрэнгу, — ніколі спакойна не заснеш. Усё здароўе страціла.

— Ты, васпані, гневаешся, бо не разумееш нічога, — азваўся дзядзька. — А можа, пан Марагоўскі з дзецьмі ў дарозе? Такая бура! Барані Божа, калі якое няшчасце.

— Я сама чула: Марагоўскі абяцаў прыехаць на самую куццю, а куцця яшчэ заўтра. Цяпер ён начуе недалёка ад Полацка.

— Гэта, васпані, не твой інтэрас. Я пра гэта лепш ведаю.

— Не мой інтэрас? А хто мусіць думаць пра хлеб і яду, каб было чым накарміць гурт гэтых басякоў, байкі якіх ты так любіш слухаць. Хутка і самім не будзе чаго есці.

— Ты, васпані, не маеш ані веры, ані любові да бліжняга, — сказаў дзядзька з гневам. — Шкадуеш хлеба людзям, забываючы пра тое, што ўсё ад Бога, і за дарункі зямныя мы набываем спакой сумлення і надзею на добрую будучыню. Анічога не забяром на той свет, і цяжка грашыць хцівы, што не верыць ва Ўсемагутнасць Божую.

Пані Мальгрэта выйшла з пакоя. Мой дзядзька загаварыў да сляпога Францішка:

— Чуеш, пане Францішак, як часам людзі шкадуюць чужога, а сваё, пэўна, даражэйшае ім за жыццё; ім здаецца, што яны ніколі не памруць; на цэлую вечнасць хочуць забяспечыць сябе на гэтай зямлі. Не так думалі мае бацькі (вечны ім спакой!). Памятаю, калі было мне блізу васемнаццаці гадоў, мой бацька купіў у Полацку сукна (локаць каштаваў у той час пяць злотых), загадаў пашыць мне капот [129] , даў пояс падперазацца і сказаў такія словы: «Ідзі ў свет, шукай сабе долі, твае продкі не пакінулі нам маёнтка, і мы табе не даём яго ў спадчыну. Бласлаўляю цябе, зарабляй на кавалак хлеба і будзь пачцівы: Усемагутнасць Божая цябе не пакіне; любі бліжніх і жыві ў згодзе з людзьмі. А як непрыемнасці цябе спаткаюць у жыцці — трывай. Будзеш служыць — будзь верны і працавіты. Памятай заўсёды такую прыказку: як пасцелеш — так і выспішся. Калі літасцівы Бог дасць табе добры лёс і ўладу над сваімі зямнымі скарбамі — не шкадуй бліжнім, памятаючы, што міласэрныя атрымаюць міласэрнасць і будуць спадчыннікамі каралеўства нябеснага».

129

Капот — двухбортная верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі.

Пасля, убачыўшы слёзы на вачах мае маці, сказаў:

— Ты не плач, васпані, у маладосці папакутуе — і будзе шчаслівы.

Прыняўшы блаславенне і маючы заўсёды ў памяці бацькаў наказ, з хатульком за плячыма і з кіем у руках пакінуў я родны дом.

Найперш выправіўся да камісара [130] князёў Агінскіх прасіць пратэкцыі. Той мяне прыняў на службу, загадаў практыкавацца ў пісанні і вучыцца рэгістратуры, і я ў хуткім часе зразумеў увесь гэты парадак; сваёй пільнасцю стараўся заўсёды заслужыць добрую рэпутацыю. З цікавасцю слухаў я размовы пра гаспадарку і, калі ўжо адчуў, што і гэтым магу заняцца, прасіў пана камісара, каб дапамог мне атрымаць месца аканома ў якім-небудзь князевым фальварку.

130

Камісар кіраваў некалькімі маёнткамі ў буйнога землеўласніка; яму падпарадкоўваліся кіраўнікі асобных маёнткаў — аканомы.

— Ты малады, — сказаў камісар. — Каб гаспадарыць у маёнтку — мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй — прадбачыць перамену надвор’я, калі прыйдзе час сенакосу. О! Тут гаспадару трэба паказаць розум; каб сена не згніло на лузе.

— Дабрадзею, — кажу я, — кожны ж гаспадар некалі вучыўся на практыцы, а калі не хопіць мне прадбачлівасці ў якіх цяжкіх справах — параюся з людзьмі старэйшымі і спрактыкаванымі.

— Добра, пане Завальня, — сказаў камісар. — Пагавару пра гэта з князем. Толькі глядзі, каб не падвёў мяне.

— З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.

Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць талераў [131] гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля раз’ездаў па вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.

131

Талер — срэбраная манета высокай пробы. У Рэчы Паспалітай талеры білі манетныя двары дзяржавы. З 1766 г. меў курс 240 грошаў у меднай манеце.

Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.

Аднаго разу, калі ўжо сонца хілілася да захаду, я быў на лузе, дзе сяляне жвава зграбалі сена. Я хацеў, каб нічога не засталося на заўтра, бо над лесам падымалася хмара і гром абзываўся ўдалечыні. У гэты час князь конна вяртаўся з палявання праз маёнтак Магільна і цешыўся, бачачы ўсюды на палетках добры ўраджай. Ён пад’ехаў да работнікаў, і я пачуў, што ён кліча мяне да сябе:

— Пане Завальня! Пане Завальня! Хадзі, васпане, да мяне!

І я, як мог хутка, падбег да яго.

— Вельмі мяне ўсё цешыць, — сказаў князь. — Ты — дбайны гаспадар; міла глянуць: у гэтым маёнтку ўраджай нашмат лепшы, чым у іншых.

— Ласка Божая, яснавяльможны княжа, — сказаў я, — лета цёплае, і дожджык часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.

— Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць. Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.

Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.

Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на гэтым свеце.

Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.

Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе і цяпер жыву.

Поделиться с друзьями: