ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на памяць, каб павіншаваць бацьку.

Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі абразкі Клаўбера [149] розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.

149

Клаўберг Ігнат Себасцьян (1753–1817) — таленавіты гравёр па медзі. З 1796 г. у Расіі, прафесар Пецярбургскае акадэміі мастацтваў. Выканаў шэраг партрэтаў расійскіх саноўнікаў, табліцы для атласаў, а таксама абразы і абразкі для езуітаў.

Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на розныя школьныя патрэбы.

Доўга цягнулася размова пра Красны [150] полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

150

Так называецца полацкi кiрмаш, якi адбываецца перад Калядамi.

У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе — з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.

Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.

За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія ўраджаі.

Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і гародніны ўвосень.

О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны — наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе заклапочаная душа.

Думкі самотніка

На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.

Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы [151] ; якая цішыня пануе ў паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.

Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.

151

У Пецярбурзе.

Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае — надзеяю і, быццам у бяспечным порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія хвалі.

Мора! У тваіх глыбінях быў для мяне іншы свет, шчаслівы і дзіўны, пра які столькі я чуў апавяданняў з вуснаў простага люду [152] . Там жыла калісьці дзяўчына Ганна, дачка вялікага Акіяна, каралева духаў, цуд хараства; нябачная моц зямлі і мора імгненна выконвалі ўсе яе загады. Цуд дабрыні, яна ацаніла шляхетнасць маладога хлопца, які спусціўся на дно і стаў перад вялікім Акіянам, каб адслужыць яму за вяртанне свайго бацькі на родную зямлю. Але ён быў слабы чалавек і не мог выканаць наказы Пана Мора, і тады Ганна, выручаючы каханага, загадала духам, і за адну ноч з’явіліся палацы з караляў і дарагога жомчугу. Ацаніў Акіян дабрачыннасць і мудрасць хлопца, даўшы яму за жонку сваю дачку Ганну.

152

Змест народнага апавядання пра Ганну, дачку Акiяна.

Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю на марскіх вандроўнікаў. О мора! Ты нагадваеш свет, па якім чалавек ідзе рознымі пуцінамі жыцця.

Хутка зменіцца надвор’е — вецер з усходу; бялеецца над вадою надзьмуты ветразь. О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў! Над горадам вісяць густыя воблакі, а з іх нараджаюцца ўгары дзіўныя прывіды, у паветры будуе нехта велізарны замак, валы і сцены акружаюць яго, вырастаюць высокія гмахі і вежы, непадалёк становяцца ў баявы парадак на конях волаты-рыцары, а праз колькі хвілін відаць толькі руіны, а ўсё войска перамянілася ў клубы дыму; як вужака, прабегла вогненная маланка пасярод хмары.

О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў, зразумейце гэтыя знакі ў пэўных абрысах аблокаў, якія заўсёды перад вашымі вачыма; Божая рука папярэджвае вас, што няма нічога сталага на зямлі, гмахі вашы ператворацца ў руіны, моц, багацці, гонар і слава рассеюцца і знікнуць, як лёгкі дым у паветры.

Вясна! Кароткі твой усмех, кароткі твой павеў лагоднага ветрыку, нядоўга цешаць вока барвы садоў; вільготныя туманы засцелюць зямлю, паляцяць птушкі ў вырай, пачнецца вецер і разнясе жоўтую лістоту па могілках, раскідваючы ля ўзножжа цудоўных помнікаў і нямых стодаў, якія стаяць на магілах знакамітых людзей; калісьці фартуна на дарозе жыцця сыпала ім кветкі, сёння халодны мармур заносіць пяском вецер, і імя іх сканае ў пустэльні нябыту, калі ў жыцці не ўвянчалі яны свае галовы каронаю праўды.

Праўда — пасланніца неба ў гэту юдоль цярпення — ты анёл, вартаўніца і настаўніца ў жыцці, асвятляй нас сваімі промнямі, калі праўдзівую веру — найдаражэйшы скарб нашых бацькоў, найчысцейшае святло неба — хочуць зацьміць туманы вытанчанае мудрасці пыхлівых і хлуслівых філосафаў. Калі прырода спіць пад снегам, вые паўночны вецер, мінаюць доўгія цёмныя ночы, тысячы агнёў палаюць у вокнах гмахаў, не перапыняецца вясёлае жыццё сталіцы, і я, самотны, люблю аддавацца марам, мая думка ляціць далёка, да радзімых ваколіц, выклікае з магіл паважаных старых, бачыць іх забавы і чуе размовы пра шчаслівыя часіны, пра залаты век, калі чалавек араў сваё поле, будаваў дом сабе і сваім дзецям. Тады ўраджаі былі лепшыя, весела спяваючы, працаваў араты ў полі, у лясах вялося безліч ласёў і дзікіх коз, і паляўнічы лёгка знаходзіў звера, і рыбак з пэўнай надзеяй закідаў нерат у ваду.

Але калі людзі размежылі жалезным ланцугом палі ды лясы, калі кожны захацеў стаць багатыром, мець дарагую вопратку і пышныя карэты, — усё змянілася на свеце, багатыя пачалі прыгнятаць бедных, і ўгневаны Бог не блаславіў людскую працу, змяніліся ўраджаі, мядовая [153] раса, падаючы страшнаю атрутаю на травы перад узыходам сонца, няраз вельмі шкодзіла жывёле.

І цяпер яшчэ старыя, апавядаючы маладым аповесці даўніх часоў, успамінаюць дзіўныя знакі на небе, калі на беразе Балтыйскага мора сышліся дружыны шведаў з велізарным войскам паўночнага Цэзара [154] , дрыжала Нарва і іншыя фартэцыі ад зброі пераможцаў. Зарыва страшных пажараў, плывучы ў аблоках ад марскіх берагоў, няраз апоўначы залівала крывёю неба над усёй Беларуссю. Люд, дрыжучы, паглядаў угору, дзе ў хмарах, што дыміліся крывёю, змагаліся палкі конных і пешых волатаў, і няраз гэты прывід трываў на небе да ўзыходу сонца.

153

Мядовая раса, або падзь — салодкая клейкая вадкасць на лістах раслін (прадукт жыццядзейнасці жамяры).

154

Пятра І. Гаворка ідзе пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).

Поделиться с друзьями: