ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Ці не будзе толькі чаго страшнага? Злітуйся, не палохай мяне, цяпер якраз поўнач.

— Думаеш, я такі жорсткі, што магу жартаваць з твае палахлівасці? Не будзе аніякага страху, толькі пабачыш цуды, табе незразумелыя.

Сказаўшы гэтак, ён узяў агатавы крэмень, крэсіва і, стоячы ля яе, пачынае высякаць агонь. Нечуваныя цуды бачыць Мальвіна: іскрынкі, што падаюць на падлогу, ператвараюцца ў язычкі полымя, а з гэтых язычкоў нараджаюцца дзеці, на іх галовах гарэлі кучары валасоў — як бавоўна ці лён, што ўзяліся агнём; вочы, як іскрынкі, мігалі чырвоным святлом, і празрыстыя матылёвыя крылцы былі ў іх на плячах. Адны лёталі пад столлю, вырабляючы самыя неверагодныя фігуры, другія сваволілі на сталах, канапах, на падлозе, каля люстраў і карцін — перакідваліся ў зверанятаў, птушак, жамяру.

— Ах! Досыць, досыць ужо! — закрычала Мальвіна. — Не магу больш глядзець на гэтыя жахі. Нейкі страх мяне забірае.

— Палахлівае стварэнне! Ці ж іх выгляд мае што-небудзь страшнае? Гэта ж купідоны, якіх ты можа, няраз бачыла на карцінах пекнае Венеры.

— Ах, Альберт! Полымя ў іх на галовах і гэтыя жахлівыя пагляды!.. Кроў мая замірае.

Альберт махнуў рукою, і ўсё знікла. Быццам было гэта толькі ў сне. Перапалоханая Мальвіна доўга яшчэ не магла супакоіцца. Ён смяяўся з яе палахлівасці. Калі мінуўся страх і скончыліся жарты, яны бавілі час, пераходзячы ў размовах ад аднаго да другога, аж пакуль узышла не небе дзянніца.

Мальвіна, вярнуўшыся дадому, не магла забыць тыя цуды; расказала пад сакрэтам сваёй сяброўцы, і, размаўляючы між сабою пра гэта, вырашылі, што ў вобліку тых дзяцей з’яўляліся злыя духі. Альберт — чарнакніжнік, і праз гэта зрабіўся багаты.

Такі сакрэт, пераходзячы ад сяброўкі да сяброўкі, у хуткім часе ўжо быў вядомы ў гарадах і вёсках; усюды са страхам пра гэта гаварылі.

Старыя нагадвалі маладым і недасведчаным, каб пазбягалі Альберта і сяброўства з ім. У яго доме непрыстойныя забавы, размовы і віно, што пілі без меры, нішчылі маральныя і цялесныя сілы ўсіх тых, хто збіраўся там бавіць час у ганебных уцехах.

Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.

Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы. Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады сказаў:

— Ці праўда, Альберт, што ты — чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя? Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.

— Я ведаю, — сказаў Альберт, — хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. — Глянуў на полымя свечкі і паклікаў: — Нікітрон!

Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.

— Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.

Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:

— Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех перад гуртам тваіх бяседнікаў?

— Не будзеш адна.

Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа:

— Вось табе таварышкі.

І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы палатно, сышлі са сцяны.

Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.

— Нікітрон! — паклікаў Альберт. З’явіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.

Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт — страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.

Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго страшныя праклёны.

Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў. Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.

Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям.

Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.

Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце.

Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.

Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.

— Чаму і цяпер ты незадаволены? — спытаўся чырвоны чалавек.

— Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.

— Можа, Мальвіна табе здрадзіла?

— Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.

— Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.

— Але спакою купіць не магу.

— Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.

— Але і ён спакою не можа прынесці.

— Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.

— Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.

— Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш чым праб’е на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных агнёў — прасі іх да сябе на забавы.

Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.

Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт аплытых свечак.

Поделиться с друзьями: