Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Часта тэмаю іх размоў бывае год Лебяды, калі падчас тае шведскае вайны валадырылі па ўсёй Беларусі голад і чума. Зямля тады была без снегу, пагоркі без травы падобныя былі да бясплодных стэпаў, паўночны вецер, пралятаючы над голымі палеткамі, нібы над пясчанымі стэпамі, змятаў сухую зямлю і забіваў сваім дыханнем кволую рунь, ад моцных марозаў трэскалася зямля, гінула рыба ў скаваных таўшчэзным лёдам азёрах.
Прыйшла вясна, ажылі дрэвы і лугі, але сэрца гаспадара працяў цяжкі смутак: палі былі пакрытыя лебядою, жытнёвыя каласы раслі за некалькі сажняў [155] адзін ад аднаго, на берагі азёр хвалі выкідвалі мноства нежывое рыбы, голад і чума распаўзліся па цэлым краі.
155
Сажань — мера даўжыні. У Вялікім княстве Літоўскім выкарыстоўваўся малы сажань і рыжскі махавы сажань (188,125 см).
У вёсках апоўначы пад вокнамі некаторых хацін здараліся незвычайныя і страшныя цуды: сонных абуджаў моцны крык дзіцяці, але калі хто выходзіў, каб забраць дзіця ў хату, дык нікога не бачыў на панадворку і плачу не чуў, а толькі абзываліся каля суседніх дамоў сабакі. Такія выпадкі, часта паўтараючыся, даводзілі ўсіх да найвялікшае роспачы.
«Кара Божа за цяжкія грахі», — казаў люд і штодня перад абразом Прачыстае Маці заліваўся слязьмі.
Успамінаюць у размовах сваіх з удзячнасцю і пачуццём і пра Вас, вялікія душы, што былі дабрадзеямі Вашым падданым, суседзям і няшчасным землякам: падчас неўраджаю шчодраю рукою давалі Вы дапамогу бедным сялянам, удовам і сіротам; люд, гнаны жорсткім лёсам і несправядлівасцю, падтрымлівалі мудраю парадаю, уваскрашалі ў сэрцы надзеі, паказваючы Ўсемагутнасць Божую і міласэрнасць; ніхто без суцяшэння не выйшаў з Вашага дому, і прыгрэты жабрак, пакідаючы Вашы парогі, з суцехаю ў сэрцы бласлаўляў неба. Не шукалі Вы ўзнагароды на гэтай зямлі за дабрачыннасць, не шукалі Вы марнае славы, за якой ганяюцца слабыя людзі, як дзеці за цацкаю. Вашы ўзнагароды, Ваша слава перад тварам Бога.
Слынны продак! Магілы твае без аздобы, Там ніхто не паставіў слупоў мармуровых, Там бярозы рассыпалі цені жалобы Па каменні імшыстым ды крыжах хваёвых. Слынны продак! Бязлітаснай праўды анёла Бог пашле, каб твае абудзіліся дзеці; І натхніцца тваёй дабрачыннасцю моладзь, І вякі залатыя над намі засвецяць… Днём святога суда свет агорне трывога, Збудзіць мёртвых сурма, і зямля скаланецца. Слынны продак! Ты станеш тады перад Богам У пашане і славе навечна, здаецца.Госці ў хаце Завальні
Перад Новым годам мой дзядзька, сляпы Францішак і двое суседзяў успаміналі мінулыя часы, гаварылі пра ўраджаі і пра няшчасці, якія зазнаў гэты край, калі пасеяны хлеб загінуў у полі і жывёла прапала ад пошасці; гутарылі, як палепшыць палеткі і сенажаці, як завесці добры статак; пра выгаду, якую можа мець з гэтага дбайны гаспадар, і як прышчэпліваць садовыя дрэвы; да полудня і папалуднаваўшы, нязменна гаварылі пра гэта. Нарэшце, дзядзька сказаў гасцям:
— На другі дзень Каляд я гасціў у пана Марагоўскага: шмат там было асоб, якіх я бачыў упершыню, а іх размовы не маглі мяне захапіць; Бог ведае што там казалі, пераходзячы ад аднае тэмы на другую; размаўлялі пра сабак і коней, пра шчасце і няшчасце ў картах, лаялі і хвалілі сваіх прыяцеляў, перайшлі, нарэшце, да Бібліі. Тут ужо сапраўды паказалі, хто яны: разважалі пра тое, чаго не разумелі, ды, можа, і не чыталі. Пан Марагоўскі не мог вытрываць і папрасіў іх, каб не паказвалі дурнога прыкладу моладзі і кабетам. Цудоўна баўлю я сённяшні дзень з добрымі суседзямі; нашы размовы не абражаюць Бога.
— Гэта залатая моладзь новага часу, — сказаў пан Сівоха. — Будзе мароз на маладую зеляніну — апамятаюцца, як іх кране ў гневе рука Божая.
— Я заўважыў, — сказаў дзядзька, — што Янка ў час тых размоў сядзеў моўчкі і пазіраў здалёку, зусім не хацеў лезці ў тыя спрэчкі.
— Памятаю, дзядзечка, словы, якія чуў я ад майго настаўніка: людзі робяцца недаверкамі не таму, што бачаць у веры нейкія недарэчнасці, а таму, што, маючы бездапаможны розум і прытупленыя распусным жыццём пачуцці, не могуць ні адчуваць, ні кахаць, ні разумець праўду рэлігіі, дык я маўчаў, бо якая карысць спрачацца з людзьмі, якія маюць такія абмежаваныя веды і пачуцці.
— Гэта праўда. Яны не разумеюць, што значыць быць добрым чалавекам, а думаюць толькі пра заслугі ды гербы сваіх продкаў. Але чаму ж не пераймаць іх у даўніх цнотах: даўней шанавалі веру і Бог бласлаўляў жыццё.
Стась, перапыняючы размову, сказаў бацьку:
— А хто сёння будзе расказваць гісторыі?
— Твая чарга, — сказаў той, усміхаючыся.
— Я, тата, раскажу пра Твардоўскага [156] .
— Добра, раскажы пра яго, будзем усе слухаць.
156
Твардоўскі — герой сярэднявечнай легенды, што прадаў д’яблу сваю душу, каб атрымаць выгоды на гэтым свеце.
— О! Я шмат чуў пра Твардоўскага, — сказаў пан Латышэвіч. — Гэта быў вялікі чарнакніжнік, але Стась, можа, раскажа нешта новае.
Твардоўскі і вучань
— Гаспадар, у якога мы жывём, — сказаў Стась, — апавядаў нам, што Твардоўскі хадзіў у школы ў Полацку, вучыўся добра, ды толькі не слухаўся настаўнікаў, пакрыёма чытаў забароненыя кніжкі і такім чынам дайшоў да таго, што зусім не баяўся смяртэльных грахоў. Нарэшце навучыўся чарнакніжніцтву і душу сваю прадаў злому духу, а прафесары і ксёндз-прэфект нічога пра гэта не ведалі і зрабілі яго дарэктарам некалькіх шкаляроў з пачатковых класаў.
Твардоўскі ў вольны ад заняткаў час бавіў даручаных яму вучняў, сяды-тады паказваючы ім дзіўныя рэчы. Аднаго дня надвор’е было яснае і ціхае, вучні ў пакоі з адчыненага вакна пускалі ў паветра мыльныя пухіры. Твардоўскі, стоячы побач, сказаў:
— Глядзіце! На вашых пухірах д’яблікі лётаюць у паветры.
І сапраўды, яны ўбачылі, што на мыльных пухірах сядзелі нейкія стварэнні накшталт крылатых купідонаў: вочкі маленькія, светлыя, робячы дзіўныя грымасы, паглядалі на ўсіх. Адзін перапалоханы шкаляр закрычаў: «Езус, Марыя!» — і ўсё вокамгненна знікла, а пра гэта ані ксёндз-прэфект, ані прафесары нічога не ведалі.
Сярод тых шкаляроў быў Гугон, якога Твардоўскі любіў болей за іншых; на праходках за горадам найбольш з ім гутарыў, калі Гугон хацеў што купіць і прасіў грошай, ніколі яму не адмаўляў, хваліў яго заўсёды, нібыта той вучыўся лепей за іншых.
Твардоўскі а дзевятай гадзіне вечара, калі вучні клаліся спаць, меў звычку выходзіць з дому і да поўначы бавіўся дзе-небудзь у горадзе ў сваіх знаёмых; асобны пакой, дзе ён часам заставаўся адзін, зачыняў на замок; ніхто з калегаў не ведаў, якія ў яго былі кніжкі, і Гугону не дазваляў заходзіць туды аднаму.
Неяк ён выйшаў з дому і, забыўшыся, пакінуў ключ у замку і дзверы незачыненыя; а дзесятай гадзіне ўсе пайшлі спаць; Гугон жа не тушыў святла і сядзеў адзін; калі прабілі поўнач на званіцы езуіцкага касцёла, а Твардоўскі яшчэ не вярнуўся дадому, Гугон убачыў у замку ключ і незачыненыя дзверы. Уваходзіць у пакой, на стале бачыць велізарную кнігу ў старасвецкім пераплёце з пергамену; глянуўшы ў яе, ён здзівіўся, бо першы раз у жыцці сустрэў белы друк на чорнай паперы, і ледзь прачытаў паўстаронкі, з’явіўся перад ім чараваты карузлік, вочы свяціліся белым агнём, твар чорны, як вугаль.