ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Хадзем у царства Вялікага Чарнакніжніка, будзеш мне паказваць дарогу.

І вось бачыць Алешка перад сабою смутную краіну, дзе знямела ўся прырода; ані звера, ані чалавека. На пагорках узвышаліся руіны старых замкаў, а ў далінах відаць былі нейкія скамянелыя постаці, падобныя да жабракоў у сумным одуме, дзе-нідзе ў тумане стаяць на грудах ніцыя бярозы, а над зацвілаю вадою — самотныя вербы. У некаторых мясцінах былі чорныя лясы, але аніводная птушка не абзывалася ў тых лясах, толькі паўсюль лёталі крумкачы.

Чорныя птушкі сабраліся ў чараду і віселі над лесам, нібы чорная хмара. Цёмны туман з усёй прасторы аддаляўся ўсё далей і далей, і з яго ўтвараліся дзіўныя і страшныя постаці — нібыта войска на конях плыло ў паветры і, як дым, гінула воддаль.

— Што гэта за здані? — спытаўся Алешка.

— Гэта сілы Вялікага Чарнакніжніка, якія слабеюць ад ветру, што блукае па свеце.

— Што гэта за нямыя камяні, якія здалёк нагадваюць скамянелых людзей?

— То жыхары гэтае зямлі, ніцыя бярозы і вербы над вадою — іх жонкі, маткі і сёстры. Ты моцаю свайго кія можаш адчараваць іх.

Алешка падняў кій у неба — павеяў лагодны ветрык, неба распагодзілася, разлілося вясенняе святло, зашумеў лес, ажылі дрэвы, зазелянелі пекнымі барвамі; нечакана ў паветры і ў гушчарах загучалі птушыныя песні, людзі, што былі падобныя на камяні, уздымалі рукі і вочы да неба. Ніцыя бярозы ды вербы на берагах рэчак перамяніліся ў прыгожых кабет і хадзілі па квяцістых лугах, звінелі крыніцы, рэкі ды азёры свяціліся, як люстэркі, вёскі ды замкі напоўніліся людам.

Хутка ўвесь гэты край заквітнеў.

Алешка пасяліўся там, ажаніўся з прыгожай і багатаю князёўнаю. Было гучнае вяселле ў палацы, які свяціўся золатам і срэбрам. Сабралася шмат князёў, графаў і іншых знакамітых гасцей. Некалькі дзён і начэй гучала музыка, і я там быў, мёд, віно піў і весела гуляў.

— Добрае апавяданне, — сказаў Завальня. — За тры талеры, ахвяраваныя жабракам, вызваліў увесь край ад няшчасця і сам стаў шчаслівы. Але яшчэ не поўнач, можа, што раскажа нам і чацвёрты ваш таварыш?

Гаспадарчыя клопаты

— Рады быў бы расказваць пану да ўзыходу сонца якія апавяданні або гісторыі, калі б на душы было спакайней. Не мінулае, а прышласць кранае мне сэрца, толькі гэтым думкі і занятыя, і цяжка гаварыць пра нешта іншае.

— Мусіць, чакаеш нейкае бяды, калі так маркоцішся, — сказаў дзядзька.

— Ужо сакавік. Блізка вясна, а гэтая пара года ў нашым краі не ўсіх цешыць, сяму-таму і ўначы спачыну не дае.

— Увесну не адзін гаспадар дбае, каб падчас сяўбы было чым сеяць. Пэўна, і твае клопаты пра гэта.

— У нас адна бяда не ходзіць, няшчасці з розных бакоў нападаюць на чалавека так, што ўсё з рук валіцца і няма надзеі калі-небудзь адпачыць пасля цяжкае працы. Мой сын, жывучы цэлую зіму ў горадзе, зарабіў дзесяць срэбных рублёў. За гэтыя грошы я цяпер у Полацку купіў насення. Дзякуй Богу, маю што пасеяць. Але хто будзе араць ніву? Хто пойдзе на паншчыну? У сям’і толькі тры мужчыны робяць, аднак я сам мушу кожны год выжыльвацца, бо сыноў маіх пасылаюць недзе далёка зарабляць грошы, ад якіх хата не мае аніякага прыбытку. Не ведаю, ці змагу сёлета сам працаваць, бо здароўе дрэннае і сіла слабее, а наняць парабка — не маю грошай.

— Не ведаю, адкуль гэтая хцівасць завялася ў нашым краі, — сказаў дзядзька. — Паны хочуць мець усе выгоды, а на гэта грошай ніколі не хопіць. Я заўсёды паўтараю ўсім: зямля задаволіць усе патрэбы. На яе павінны звяртаць мы ўсю нашу ўвагу, яе павінны старацца палепшыць. Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць. Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.

— Так і наш стары пан паўтараў часта, каралеўства яму нябеснае, уся воласць яго забыць не можа. Ведаў ён пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як палепшыць ім жыццё. Тады кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба.

У гэты момант пачалі брахаць сабакі на панадворку і нехта моцна пастукаў у браму. Дзядзька адразу паслаў парабка адчыніць.

Арганісты Андрэй

Адчыняюцца дзверы, заходзіць у пакой Андрэй, увесь зацярушаны мокрым снегам. Атрасаючы шапку і адзенне, кажа:

— Пахвалёны Езус Хрыстус! Мір гэтаму дому.

— На векі вякоў. Аман. І таму, хто гаворыць. Але, відаць, пане Андрэй, — сказаў дзядзька, — што на дварэ няма спакою.

— Няхай Бог бароніць, што там дзеецца: дождж, снег, вецер, завіруха; едучы праз лес яшчэ паўбяды было, але як выехаў у поле, згубіў дарогу і загінуў бы, пэўна, калі б не ўбачыў таго ліхтара, што свеціць цяпер над брамаю пана Завальні. Убачыўшы гэтае святло, дзякаваў Богу, што блізка ўжо порт, дзе можна схавацца ад буры.

— Я ўдзячны, што не забываеш пра мяне, — сказаў дзядзька. — Гіне зімовая дарога, хутка прыйдзе той час, калі буду жыць тут як пустэльнік: рэдка хто мяне адведае.

У часе гэтае размовы падарожныя і парабкі — усе разам — пайшлі ў чалядны пакой.

— Я перапыніў прыемныя забавы, пэўна, госці апавядалі пану Завальню розныя цікавыя гісторыі.

— Няхай ужо адпачываюць, — сказаў дзядзька. — Вецер шуміць на падворку — цяжка пачуць спеў пеўня, а можа, ужо і поўнач.

— Яны ехалі па возеры? Думаю, лёд яшчэ моцны. Я цяпер вяртаюся дахаты і заўтра таксама буду ехаць цераз Нешчарду.

— Лепей іншай дарогаю, хоць гэта і далей, але бяспечней, бо на самы бераг ужо цяжка выехаць. Конь у гэтых падарожных уваліўся ў ваду, ледзь выцягнулі яго ўсе разам. Аднак падарожнаму трэба сагрэцца і пад’есці. Янка, папрасі панну Мальгрэту, каб згатавала госцю вячэру. У мяне ёсць выдатная рыба. Сёння прынёс рыбак Родзька, добры чалавек, не забывае пра мяне.

— Я чуў, нібыта Родзька чараўнік; пра гэта такая гісторыя ходзіць між людзьмі. Недалёка ад Гарадзецкай гары, дзе рэчка ўпадае ў возера, Родзька часта перад захадам сонца закідваў нерат і заўсёды з поўным чоўнам рыбы вяртаўся дахаты. Адзін рыбак, які жыў там недалёка, пазайздросціў ягонаму шчасцю, паскардзіўся, што Родзька ловіць рыбу ў чужой частцы возера, і такім чынам забараніў яму плаваць блізка каля тых берагоў. Родзька прыгразіў, што пакарае зайздросніка так, што той не толькі ніякае карысці ад возера мець не будзе, але і такое ўбачыць страхоцце, што давеку не забудзе. Так і выйшла. Той рыбак пасля захаду сонца ў ціхае і яснае надвор’е выплыў на возера і закінуў нерат. Цягне яго з вады, цешыцца і думае, што злавіў добрую чараду ляшчоў, і тут бачыць у нераце жахлівых пачвар: велізарныя галовы, вогненныя вочы, з піскам і крыкам б’юць скуранымі крыламі па вадзе, а некаторыя ўзляцелі ў паветры і лётаюць над яго галавой. Задрыжаў рыбак, валасы ўздыбурыліся, крычаў як непрытомны. Пэўна, выпаў бы з чоўна і патануў, але суседзі, пачуўшы крык, паспелі яму на ратунак.

Поделиться с друзьями: