ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Толькі кот Варгін, найлепшы прыяцель, седзячы ля яго, свяціў вачыма і нязменным варкатаннем бавіў пана. А найбольш мроілася пану суддзі, нібыта ўсе маёнткі ў Полацкім і Невельскім паветах належалі калісьці яго фаміліі. Апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх у суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі: добра пілі, добра елі, жылі пышна, як сапраўдныя паны.

Аднаго дня за нейкаю патрэбаю прыехала да пана Дадэмухі некалькі чыноўнікаў. Не ведаю, што там было, але кажуць, пан суддзя быў на той час вясёлы, гасцей прымаў ласкава. За жартамі і размоваю адзін з іх убачыў на фатэлі ката Варгіна.

— А гэта ж той самы кот, які некалі быў у доме пана Н. і пані паручнікавае, і там быццам бы ад яго варкатання завяліся ў галовах восы, матылі і розныя звяркі. Вучоныя дактары не маглі даць рады, а Тамаш, шэпчучы нейкія сакрэтныя словы, вылечваў усіх.

— Га, га, га! — рваў смехам бакі пан суддзя. — Ці можна верыць такой лухце! Ужо колькі месяцаў гэты кот заўсёды са мною, аднак я зусім здаровы і ніводзін паразіт не дакучае мне ў галаве.

— Аднак, пане суддзя, — сказаў, жартуючы, другі госць, — ці не кот гэты параіў распачаць справу аб маёнтку з панам ротмістрам Ц. Мне здаецца, што гэта закончыцца анічым, бо я не бачу ў патрабаваннях пана ніякае слушнасці.

— Гэты кот не вучыўся праву, — сказаў суддзя. — Я сам ведаю, што раблю.

— Я не бачыў ніколі таго Тамаша, — сказаў адзін з гасцей. — Ці не можна паклікаць яго сюды? Здаецца, недалёка дзесьці жыве. Няхай бы пашаптаў свае чарадзейскія словы, можа, і мы ўбачылі б якія цуды.

— Пэўна, хочаце даведацца, — сказаў, смеючыся суддзя, — ці ёсць у мяне ў галаве якая-небудзь жамяра? Каб задаволіць вашу цікаўнасць, зараз пашлю па яго. Няхай прыйдзе і лечыць мяне самога. Убачым, ці здолее нас ашукаць сваім шэптам.

Калі суддзя загадаў лёкаю ісці па Тамаша, кот пырхнуў, скочыў з крэсла і, седзячы пад сталом, дзікім і неспакойным варкатаннем выказваў свой гнеў. Яго вочы гарэлі агнём, на спіне і хвасце тапырылася поўсць; здавалася, кот бачыць перад сабою ворага.

— Варгін баіцца Тамаша, — сказаў нехта з гасцей. — Толькі ўспомнілі імя, ужо спакою яму няма.

Суддзя ўзяў яго на рукі, пасадзіў каля сябе, гладзіў, каб супакоіць, але вочы ў ката ўсё адно гарэлі, і поўсць тапырылася на спіне і хвасце.

Неба закрылі воблакі, а зямлю зацьміў вячэрні змрок. У доме ў пана суддзі гарэлі свечкі і не перапыняліся размовы і спрэчкі аб розных судовых справах. Гаспадар імпэтна даводзіў законнасць усіх сваіх юрыдычных патрабаванняў, сцвярджаў, што павінен абавязкова дамагчыся свайго, што не пашкадуе на гэта выдаткаў, каб завалодаць маёнткамі сваіх ворагаў, а іх прымусіць жыць на жабрачым хлебе.

Знячэўку здзіўляе ўсіх нечуванае дзіва: кот вырастае да сабакі і вые лютым сабачым голасам. Гаспадар і госці, уражаныя гэтым, акамянелі. Ад спалоху не маглі і слова вымавіць.

Адчыніліся дзверы, зайшоў Тамаш. Кот скочыў і з такім імпэтам сігануў у вакно, што зламаная рама ўпала за сцяною, шыбы разляцеліся на друзачкі, і ён знік у начным цемрыве.

Тамаш падышоў да гаспадара, і калі той глядзеў на яго як непрытомны, пачаў казаць чарадзейныя словы. І тут можна было ўбачыць яшчэ страшнейшае відовішча: з усіх адтулін з галавы пана суддзі выляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяніліся ў жахлівых пачвараў — тут і крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў. Усё гэтае страхоцце лётала над галовамі, на падлогу падалі косці і галовы нябожчыкаў. Ад жаху ўсе самі нагадвалі трупаў, што паўставалі з магіл. Нарэшце Тамаш махнуў рукою: усе тыя гадзюкі, цмокі і шкілеты зніклі — і ён сам выйшаў за дзверы, пакінуўшы гаспадара і гасцей анямелымі ад страху.

Праз выламанае вакно вецер кранаў полымя свечак на сталах, недзе ў далёка заспяваў певень, і гадзіннік выбіў поўнач. Гаспадар і госці пасля доўгага маўчання нарэшце апрытомнелі. Яны пабачылі на свае вочы цуды, ад якіх яшчэ бегалі ў іх па спінах мурашкі, і цяпер паверылі ў сілу Тамашовых слоў, якіх слухаюцца нават духі. Суддзя Дадэмуха са слязьмі на вачах прызнаўся, што ўсе яго намеры і вымогі былі несправядлівыя, і прысягнуў, што жыцьме з усімі ў згодзе і сяброўстве і не прымусіць болей сваіх бліжніх плаціць непатрэбныя выдаткі.

Тамаш шмат дапамагаў у няшчасці і простым сялянам. Немагчыма нават усё расказаць. Шкада толькі, што ён пакінуў нашу старонку і пайшоў у край далёкі.

— Якая прычына, — спытаўся Завальня, — што ён пакінуў сяброў і бацькаўшчыну?

— Розныя пра гэта засталіся думкі між людзей. Кажуць, нібыта некаторыя паны і вучоныя лекары даводзілі ўсім, што слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць, што ўсе чалавечыя хваробы яны ўжо даследавалі, вывучылі і ў аптэках кожны знойдзе патрэбныя яму лекі, што такіх атрутных шкадлівых катоў на свеце няма, што Тамаш ашукваў усіх, творачы цуды, і карыстаўся з людское наіўнасці. Нарэшце дайшло да таго, што чараўніку пачалі чыніць розныя ўціскі. Ён уцёк і схаваўся ад непрыяцеляў.

Іншыя ж даводзяць, што быццам і сябры яго нават згадзіліся з думкаю вучоных галоў і крычалі: «Не словы нам патрэбны! Пакажы нам зёлкі, мы самі збяром іх і будзем сябе лячыць». Тамаш ведаў моц кожнае травы і тым дагаджаў сябрам, што па лугах, балотах, берагах рэчак і азёр збіраў зёлкі, вучыў, якое з іх атрутнае, а якое — лекавае, расказваў, дзе якая трава расце і як яе карыстаць. Так, дбаючы пра сваіх прыяцеляў, у травені, калі весяліцца ўся прырода, спяваюць птушкі ў полі і ў гаях, задуманы Тамаш блукаў па родным краі, збіраючы травы і кветкі. На захадзе сонца на даліне сярод лёгкае, празрыстае смугі ён убачыў русалку незвычайнае прыгажосці; на галаве яна мела сплецены з кветак вянок, на валасах зіхацелі кроплі расы, сукенка, белая, як снег, была высыпаная размаітымі кветкамі. Яна, спяваючы чароўным голасам, забавіла Тамаша да сябе. Ён пайшоў за ёю і не вярнуўся дахаты.

— А ці з’яўляўся яшчэ дзе-небудзь той кот Варгін? — спытаўся дзядзька.

— З’яўляецца і цяпер. Нядаўна ў нашым маёнтку, калі паніч з людзьмі прыйшлі апоўначы да афіцыны, дык убачылі ў першым пакоі велізарнага чорнага ката. Дзверы і вокны былі зачыненыя, і ўсе дзівіліся, якім чынам ён туды залез. Калі хацелі яго злавіць і выкінуць, кот, ратуючыся, не зрабіў аніводнага шораху, а як лёгкі вецер пералятаў цераз сталы, шафы і канапы, нідзе не затрымліваючыся. Нарэшце сеў у куце і, калі яго акружылі, каб схапіць, — імгненна знік. Усіх агарнула трывога, і дрыжыкі пабеглі па целе.

Часам у навальнічную ноч, калі вецер вые за сцяною, можна пачуць жахлівае варкатанне таго ката, і цяжкая туга лажыцца на душу; бачаць сяды-тады апоўначы яго агнёвыя вочы, нібы дзве свечкі; трывожна тады на сэрцы. Але не ўсе даюць веры гэтым страхам. Толькі просты люд моліцца, просячы Бога, каб збавіў ад таго нячысціка.

— Бура на падворку, — сказаў дзядзька, — шуміць вецер за сцяною, замятае ўсе дарогі снегам, заўтра не паедзеце вельмі рана, ды і няма вам патрэбы спяшацца: хлеб і сена, дзякуй Богу, маю, дык можам яшчэ нейкі час пагаманіць, пакуль певень заспявае. Што ж нам раскажа цяпер ваш трэці таварыш?

Поделиться с друзьями: