Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Хачу адпачыць пасля працы. Ужо ноч, зоркі свецяцца на небе, — сказаўшы гэта, Гараська лёг у труну.
Стоячы вакол, глядзім на яго: твар смяртэльна збялеў, і вочы закрыліся.
— Досыць, досыць гэтае пробы. Падымайся, — сказаў мой бацька, беручы яго за руку.
— Уставай, уставай, Гараська! — крычалі госці.
Хацелі падняць яго з труны, але як убачылі, што ён ужо нежывы, пабялелі ўсе і доўга стаялі вакол у здранцвенні.
— Дзіўны стары, — сказаў Завальня, — ведаў, што жыве апошнія гадзіны і, развітваючыся з гэтым светам, запрасіў да сябе ў гасціну знаёмых, каб у іх на вачах пайсці ў свой вечны дом. Пэўна, ён усё жыццё памятаў пра смерць, за гэта ў старасці літасцівы Бог і абвясціў яму часіну свайго суда і міласэрнасці. А вось той чорны госць, што не даваў спакою пану, ужо трэці раз з’явіўся на сцэне ў нашых гісторыях. Не спіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто забывае пра бліжніх сваіх. То кара Божая.
Паслухаем жа цяпер, што твой таварыш скажа.
Апавяданне трынаццатае. Чараўнік ад прыроды і кот Варгін
— Бывалі цуды даўней, — сказаў другі падарожны, — чуў і я ад старых пра незвычайных людзей. Апавяданні пра аднаго з іх наймацней захаваліся ў маёй памяці.
Жыў у нашым краі просты селянін Тамаш. Пра яго казалі, быццам нарадзіўся, маючы ўсе зубы, а калі вырас, не вучачыся чараваць, ведаў усе сакрэты чараўнікоў, нячысцік ад яго не мог схавацца: у кожнай перамене, у любым абліччы — ён заўсёды яго бачыў і пазнаваў. Да ўсіх людзей ён меў прыязнасць, ведаў нейкія сакрэтныя словы, якімі перамагаў злога духа, дапамагаючы пакутным і нешчаслівым людзям. Змучаныя цяжкай хваробаю паны, калі вучоныя дактары і дарагія лекі не давалі ім палёгкі, пасылалі па Тамаша, і той нейкім таемным словам хутка вяртаў ім здароўе і спакой. Раскажу пра некалькі такіх выпадкаў.
Аднаго разу пан Н. вярнуўся з горада і прывёз дадому ката. Дзе і як яго набыў — я не чуў, толькі ведаю, што кот той быў незвычайны. Калі пан занёс яго ў пакой і пасадзіў на падлогу, усе сямейнікі абступілі госця і здзіўлена глядзелі, як той паважна пахаджваў па хаце, падыходзіў, варкочучы, да кожнага і з усімі быў такі ласкавы, быццам гадаваўся ў гэтым доме.
Пан Н. сказаў жонцы:
— Глянь, Антося, які цудоўны кот, вялікі, поўсць блішчастая, увесь чорны, як вугаль, вочы гараць. Ды гэта сапраўдны кашэчы кароль Варгін [170] . Ледзьве здабыў гэтую найвялікшую рэдкасць.
170
На Беларусi можна пачуць гiсторыю, у якой кашэчы кароль завецца Варгiн, пеўневы — Будзiмiр, мышыны — Паднор.
Кот ускочыў на стол. Пані пагладзіла яго рукою, ён прымружыў вочы, выгнуў дугою чорную спінку і, муркаючы, пахаджваў па стале. Пані ўзяла яго на рукі: пекны, ласкавы кот быў ёй да душы.
Кот гэты атрымаў усялякія выгоды: піў смачнае малако, спаў на мяккай пасцелі, на кліч «Варгін!» бег да пані, бавіў яе, і ўсе яго любілі.
Прайшоў месяц, прайшоў другі. Кот быў фаварытам цэлага дому і жыў як сапраўдны кашэчы кароль. Але праз некалькі месяцаў усе пачалі заўважаць нейкую перамену ў пані: у яе з’явіліся дзіўныя капрызы, ніхто не мог адгадаць, чаго яна хоча; нудная, неспакойная, сварлівая, карала без віны пакаёвак і лёкаяў, лаяла суседак, крычала на мужа; ва ўсім маёнтку адзін кот быў добры і шчаслівы.
«Што гэта такое? — думае сам сабе пан Н. — Такая нечаканая перамена ў Антосі».
Параіўся са старымі і дасведчанымі людзьмі. Усе пагадзіліся на тым, што пані хворая, бо часта плача, наракае, хапаецца за галаву, нібыта мучыць яе моцны боль, і падае на ложак. Хворай ніхто не мог дагадзіць. Толькі кот спакойна варкатаў ля яе.
— У яе напэўна спазмы, — сказаў пан. — Трэба клікаць доктара.
Прыязджае доктар, пасылае па лекі, лекі дарагія, выдаткі вялікія, а рады няма. Задумаўся доктар, не можа паставіць дыягназ, дык пан Н. запрашае яшчэ некалькі медыкаў. Сабраліся, пагаманілі між сабою, перамянілі лекі — але і гэта не памагло, бо ніхто з іх не мог зразумець хваробу.
Калі ўжо дактары з усёй сваёй навукай не далі палёгкі (хворая зрабілася яшчэ больш слабая і неспакойная), знаёмыя і суседзі параілі пану паслаць па Тамаша.
— Тамаш, — казалі, — нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў. Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.
Паслухаў пан Н. і паслаў па чараўніка.
Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач.
Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак.
Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе. Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся тая куслівая жамяра знікла.
— Няхай цяпер хворая крыху адпачне, — сказаў Тамаш. — Праз колькі гадзін будзе зусім здаровая.
— Скажы, Тамаш, з чаго пачаліся тыя страшныя пакуты мае жонкі? Адкуль і як у яе ў галаве завяліся тыя восы? Дактары не маглі вызначыць яе хваробу.
— Няма тут нічога дзіўнага, — адказаў Тамаш, — пані любіла бавіцца [171] з катом, і ён сваім нячыстым варкатаннем распладзіў у яе галаве, як у гняздзе, атрутных восаў.
— Кот?! Варгін?! — закрычаў пан. — Ці можа такое быць? Такі пекны, такі лагодны звярок; усе яго любілі, і ўсё ў яго было.
171
Беларусы вераць, што жамяра ў галаве заводзiцца да варкатання катоў.
— Раю пану быць асцярожным. Каты, асабліва чорныя, маюць атруту.
Сказаўшы гэта, ён узяў шапку і выйшаў з пакоя.
— Павесіць ката! — закрычаў пан Н., і гэты, поўны гневу загад, перапалохаў усіх. — Паклікаць сюды каго-небудзь, няхай выцягне ката з-за грубкі. Павесіць яго!
— Сорам, — сказала пані паручнікава, — даваць веры чараўніку, які тут нас усіх сваім шарлатанствам падмануў. Хіба маглі ад гэтага ката нарадзіцца атрутныя восы ў галаве; не чыні, пан, такой жорсткасці — я яго забяру з сабою. Кот рэдкі, і ён у маім доме, пэўна, ніякае шкоды не ўчыніць.
— Павесіць ката неадкладна! — крычаў пан Н. у гневе.
Заходзіць у пакоі лёкай, шукае за грубкаю ката, але таго там ужо не было. Пан і лёкай агледзелі ўсе куты, глядзелі пад сталамі і пад ложкамі, шукалі за мэбляй і нідзе Варгіна знайсці не маглі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, як ён уцёк? Стаяць здзіўленыя: кот як праз зямлю праваліўся.
Пані ўжо была здаровая і спакойная. Ва ўсёй ваколіцы дзівіліся з гэтага здарэння. Дактары кпілі з людское прастаты; але люд верыў у сілу Тамашовых слоў, ішоў да яго па параду і заўсёды меў палёгку ў пакутах. Пані паручнікава хацела мець Варгіна ў сваёй хаце, дужа шкадавала, што не ведае, дзе гаротнік хаваецца ад несправядлівага панскага гневу.
Аднаго разу, бавячы час дома з суседкамі, так апавядала гасцям пра ката Варгіна:
— Я не бачыла нічога пякнейшага, як той незвычайны звярок: чорны як вугаль, поўсць бліскучая, гладкая, мяккая — як аксаміт; касматы хвост як у собаля, вочы, поўныя агню, гараць, як свечкі; сам велізарны. О! Калі б магла дзе-небудзь такога ката знайсці — дорага заплаціла б за такую рэдкасць.
Падчас гэтае размовы забягае Зося, старэйшая дачка пані паручнікавае, і крычыць:
— Ах, мама! Які велізарны кот сядзіць у вітальні!