Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
— Добра ў вас тут, чыста… Не тое што ў вёсцы — каровы скапыцілі ўсю вуліцу, свінні зрылі,— казала Стэфа. Казала аднаму Алесю, быццам каля іх нікога не было.
— Хутары будуць зносіць, — весела гаварыў Алесь, таксама ні на каго не зважаючы, — а мы ў вёску пераедзем.
— У нашу?
— Можа, і ў вашу…
— А можа, і ў Калінаўку, — пасміхнуўся Мікола. — Назад дадому. Я так думаю…
— Дапраўдачкі, можа, і ў Калінаўку, — згадзіўся Алесь. — Школа ж у нас адна! — ужо весялей дадаў ён. — Дзе тут ні жыві, у Калінаўцы ці ў Пабярэжжы, у школу ў Замошша пойдзеш…
— Хлопцы! Хутарскія… Ідзіце сюды, — паклікаў здаля Тупік, і Мікола з Алесем подбегам кінуліся да яго.
— Цягніце сюды і свае кнігі, адбяром для бібліятэкі… Яна ў нас цяпер унікальная будзе! Разумееце?
— Не, — шчыра прызнаўся Алесь.
— Ну, асаблівая, якой пакуль ні ў адной школе няма і не хутка будзе…
— Дык мы мігам!
Яны пабеглі па кнігі, якія хавалі на гарышчы ў скрынцы.
— Ой, Мікола, якая яна-а… Уся белая нейкая. Валасы аж свіцяцца…
— Белая і ёсць, — згадзіўся Мікола. — Я б так і зваў яе — Белая… — Ён засмяяўся, але не зласліва, а хутчэй добразычліва. — Што, падабаецца?
Алесь не адказаў.
Мікола паглядзеў на сябра паблажліва, раскудлачыў яго «салому» на галаве.
— А як жа Анюта? Ты ж, бывала, ля рэчкі гадзінамі стаяў, вочы праглядаў: ці не пакажацца Анюта?
Алесь махнуў рукою, як ад надакучлівай мухі.
— Адчапіся са сваёй Анютай… Думаеш, я сляпы, нічога не бачу? Толькі пасміхаецца яна з мяне, усё на цябе вочы струніць… Надакучыла.
— А гэтая?
— Гэтая… Здаецца, нішто, пасябруем з гэтай. Я пастараюся ўжо, дапраўдачкі.
— І проста ж у цябе ўсё неяк, Алесь. Я дык не ўмею так.
— Ты — цялё.
— Дзякую.
— Калі ласка! Што гавару, тое і думаю.
— Гэта, мусіць, добра так, — у роздуме прамовіў Мікола. — Але не кожны так зможа.
Яны забраліся на печ, адкінулі ў столі вечка і вылезлі на гарышча. І хоць там было прыцемна, хлопцы ўсё ж заўважылі, як некалькі шэрых камячкоў пакаціліся ад скрынкі, дзе ляжалі кнігі, у куткі.
— Гэта ж мышы! — першы здагадаўся Мікола і, усунуўшы ў скрынку руку, дадаў: — Яны ж да нашых кніг дабраліся!
На шчасце, кнігі былі цэлыя. Толькі ў адной, самай тоўстай, у рыжай скураной вокладцы, мышы адгрызлі ражок.
— Абнюхалі нядаўна, — сказаў Алесь, беручы кнігі і кладучы іх, як дровы, адна на адну на левую руку. — Добра, што сёння па іх прыйшлі…
— Сёння наогул добры дзянёк! — весела ўсклікнуў Мікола, выбіраючы са скрынкі астатнія кнігі. Выбралі да адной, сабе пакінулі толькі два дадаткі да часопіса «Огонек» ды тыя незразумелыя «Прадказанні», што без пачатку і без канца. Такую кнігу ў бібліятэку не аддасі: шкодная — так вырашылі хлопцы, — разбяруцца пасля, як павырастаюць.
На падворку госці ўжо чакалі хлопцаў, і як толькі яны падышлі, адразу накінуліся на свежыя кнігі, чыталі назвы і дзівіліся.
— Пачытаць такія кнігі будзе карысна і нам, настаўнікам, — задаволена гаварыў Пікулік, выбраўшы таўшчэзны збор твораў у шасці тамах Пісарава. Адным словам, было пра што пагаварыць, але ж было што і несці. І таму, калі ўжо збіраліся ісці назад у вёску, Алесь нясмела прапанаваў Пікуліку:
— Можна і мы паможам занесці?
— А што! — адразу згадзіўся той. — Я не думаў, што кніг набярэцца столькі…
— А назад як? — спалохана зірнула на Міколу Анюта. — Вы ж назад толькі ўдваіх…
— Назад іх на кані падвязём, — паабяцаў Пікулік. — Ды з добрай аховай. А яшчэ лепш… — Ён падумаў хвіліну, дадаў: — Вы тут пагуляйце, а я ўлегцы дадому падскочу, каня прыганю з драбінкамі…
Стрэмкі
Зыгмуся і Смоляў ні ў капліцы, ні ў Мокрым Лозе не было, і Ігнат ламаў галаву — дзе яшчэ яны маглі хавацца? Змораны ад хуткай хады, ён спусціўся на самае дно Лога і прыпаў да крыніцы. Не зрабіў і трох глыткоў, як хтосьці цяжкім ботам ступіў яму на спіну.
— Не рухацца! — загадаў незнаёмы хрыплы голас.
Ігнат не рухаўся. Абапершыся далонямі на прахалодную муражыну, ён ліхаманкава думаў — хто б гэта мог быць? Каб даведацца, трэба зірнуць. Або пазнаць па голасу. А каб пазнаць па голасу, трэба гаварыць.
— Чаму гэта не рухацца? Калі ж мне так няёмка, рукі баляць, сярэдзіна трымціць…
— Рэнцы можна да гуры!
«Рэнцы… Да гуры… Зыгмусь. Так змяніў голас, халера, што не пазнаць».
Ігнат паволі падняўся, павярнуўся тварам да Зыгмуся:
— Тваё шчасце, што я цябе пазнаў адразу, — зманіў ён, — а то кулю то ўжо схапіў бы… — І ён паказаў руку з браўнінгам, бы прывязаным да далоні.— Калі я хаджу па такіх мясцінах, то зброя заўсёды напагатове, я мог стрэліць і не ўстаючы, на твой голас…
— Няўжо?
— Як плюнуць…
Зыгмусь дробненька засмяяўся:
— А мяне ты ўсё ж не ўбачыў, хоць прайшоў зусім блізка. От скажы, дзе я стаяў?
— За ядлоўцавым кустом, — кінуўшы вачамі наўкола, наўгад прамовіў Ігнат.
— Угадаў.
— Я многае ўгадваю. Толькі от ніяк не магу здагадацца, нашто сёння Адам каня з канюшні звёў.— Ігнат загаварыў суха, з папрокам у голасе. — Конюх нарабіў такога вэрхалу, што гэта можа нам дорага каштаваць.
— Пся крэў! — вылаяўся Зыгмусь. — Яму ж было загадана ісці цішком, у вёску не заходзіць.
«Загадана ісці… А куды? Значыць, нешта яны зноў надумалі. Трэба дазнацца як найхутчэй».
— Куды яшчэ яго паслалі? — спытаў ён абыякава, быццам гэта яго не дужа цікавіла.
— Стары ўсё мудруе. На сувязь паслаў да свайго знаёмага, недзе пад Халопенічы… І сам туды хоча збегчы.
— Там хапае і без яго, ёсць каму магазіны чысціць.
— Хай і ён збегае.
«Вось табе, Ігнаце, і новае заданне», — сам сабе падумаў Ігнат, а ўголас сказаў:
— Збяжыць з такім сыночкам. Ды ён жа сваёй рызыкай на след навядзе! Няўжо старому гэта не ясна?
— Хто ж думаў, што Адам так зробіць. Пехатой ісці паленаваўся…
— А дзе стары?
— На млыне дрыхне. Яны там з Крывым гарэлкі насмакталіся. Навошта ты толькі яе і прынёс.
— Прасілі ж, не мая, а дзяржаўная, — ухмыльнуўся ён.
— І шмат яе там, у Ваўчка, схавана?
— Ёсць.
Яны паволі ішлі ўздоўж ручая, мірна гутарылі, хоць у Ігнатавай душы бушавала бура. Да арышту хаўруснікаў заставаўся яшчэ дзень, а яны ўжо, бач, прымаюць новыя захады, разбягаюцца. А можа, гэта і добра, што Адам на сувязь паехаў? Ад яго нітачка пацягнецца і да тых, хто хаваецца і ў Халопеніцкім раёне, хто і там рабуе магазіны, рэжа калгасную жывёлу?