Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
Ішлі не спяшаючыся: дзень выдаўся сонечны, хоць трохі і душнаваты, зусім без ветру. Рэдкія хмурынкі ў сінім бяздонным небе, здавалася, самі ўзнікалі і непрыкметна раставалі там, а на іх месцы з'яўляліся новыя, гэткія ж бялюткія, прадаўгаватыя, і было падобна, быццам якісьці нябачны волат паласкаў у сіняве неба свае вялізныя палотны-ручнікі.
— Во — я і забыўся спытаць пра Тупікавага брата, — зноў загаварыў Алесь, калі яны выйшлі да хмызняку, за якім пачынаўся лес. — Ці праўда, што ён нейкі вялікі вучоны? Ты бачыла яго, Анюта?
— Бачыла…
— Ну і які ён з сябе?
— Малады, прыгожы…
— І вучоны?
— Вучоны… Ведае аж тры замежныя мовы. А найбольш — нямецкую. Ён і кнігі чытае толькі на нямецкай мове.
— Уй, ты-ы! — падзівіўся Алесь. — Мне дык праз гэтую нямецкую мову ніяк не прадрацца, хоць у школу з-за яе не хадзі — не даецца! Проста ненавіджу яе!
— А я люблю…
— А дзе ж хаця ён працуе?
— Яшчэ вучыцца…
— Такі вучоны і вучыцца? Колькі ж можна вучыцца?
— Усё жыццё…
Гаварылі толькі Анюта і Алесь, і таму Мікола ўмела і тактоўна перавёў гаворку на іншае.
— Я чуў, што на той нядзелі хутар Красоўскага будуць перавозіць у Замошша…
— Ага, — адказала Анюта. — І мы з мамай перабяромся да вас, у той пакойчык…
— А Гэлька? — спытаў Мікола.
— Ім ужо будуецца хата… Сям'я ж, — па-даросламу, дзелавіта адказала Анюта.
— А ці праўда, што Ігнат і Адама злавіў? Што там у Замошшы гавораць? — папытаўся ў Стэфы Алесь. Ён адстаў крыху, крочыў з ёю побач, плячо ў плячо, хоць яго, Алесева, плячо было роўна з яе галавою.
Стэфа засмяялася:
— Ой, я і забылася вам сказаць! Гэта ж, кажуць людзі, прыйшлі тыя бандыты ў вёску да нейкага сваяка егера, а той ім лазню напаліў. Дык Ігнат іх у лазні і злавіў усіх. З ім тры міліцыянеры былі…
Так, пакуль дайшлі да Мокрага Лога, перагаварылі ўсё на свеце, не забыўшыся і на тое, што калгасу абяцалі прыгнаць аж два трактары, жняяркі і малатарню.
Мокры Лог навеяў іншыя думкі і пачуцці. Хоць і было тут трохі вусцішна, але так хораша, так задорна спявалі птушкі ў кустоўі, што маладыя сэрцы таксама бы заспявалі. Стэфа войкала ад захаплення, здзіўляючыся кожнай кветцы, кожнаму дрэву, якія раслі ў гэтым незвычайна багатым на флору кутку. Яшчэ дзе, у якім месцы, знойдзеш папараць, якая расла б каля ручая, у засені чаромхі, а побач з хвойкай алешыну, побач з бярозай — лазу, побач з шыпшынай — ядловец? Тут прырода сапраўды пераблытала, згрувасціла ў адным месцы ўсё, што расло на неабсяжнай прасторы Беларусі, на яе пагорках і раўнінах, у багне палескай нізіны і на крутых берагах рэк…
— Глядзіце, гэта ж дзікі часнок! — паказваў Мікола на шырокае, бы ў аера, але кароткае, мясістае цёмна-зялёнае лісце, што кусцілася каля саменькай вады. Ён сарваў адзін ліст і даў па кавалачку ўсім паспытаць, і ўсе смакавалі і дзівіліся падабенству з тым часнаком, што рос на градах…
Потым — ганялі ў ручаіне печкуроў, Алесь выпараў з-пад карча невялічкага шчупака і ганяў яго па ручаіне. Дзяўчаты лавілі матылёў, якіх багата было над расліннасцю, што хілілася да вады…
Але вось у гэты мірны занятак, за якім непрыкметна бег час, раптам улілося штосьці насцярожана-трывожнае. Яно няўлоўна адчувалася ў тым, што прыкметна пацішэла навокал, змоўклі птушкі, прырода бы анямела, прыслухалася да чагосьці; згусціўся, напоўніў увесь Мокры Лог нейкі змрок, якога дагэтуль не было. І толькі калі ўздоўж глыбокага логу, адбіваючыся ў празрыстай стужцы раўчука, паласанула блішчастым нажом зіхатліва-асляпляльная маланка, за якой адразу гулка раскаціўся гром, паўтораны водгуллем-рэхам, усе зразумелі, што неба непрыкметна закрыла вялізная чорная хмара.
Там-сям па шорхкай лістоце запокалі буйныя, але рэдкія кроплі…
Усе насцярожана паднялі галовы ўгору, прыгледзеліся на неба.
— Як жа гэта мы празявалі? — сам у сябе спытаў Алесь і зірнуў на Стэфу. — А ты ж… у такой прыгожай сукенцы!
— А што — будзе дождж? — наіўна, бы дзіця, спытала яна.
— І яшчэ які! Во — чуеш? Гудзе ўжо недзе, імчыцца, як конніца тая…
— Ой, як цікава! — пляснула тая далонямі.— Я так люблю летні дождж!
— Бяжым хутчэй унь пад тую елку…
Алесь схапіў Стэфу за руку, і яны, забыўшыся на сваіх сяброў, быццам былі толькі ўдваіх, пусціліся да невысокай, разгалістай, як шалаш, елкі.
Мікола разгубіўся спачатку, павярнуўся да Анюты, якая назбірала стракаты букет красак і таксама разгублена глядзела, як, пабраўшыся за рукі, збягалі ўніз Алесь са Стэфаю.
— Бяжым і мы за імі!
Анюта зірнула яму проста ў вочы, быццам не хацела нікуды бегчы.
— Чаму — за імі? — неяк разважліва і абыякава сказала Анюта. — Не век жа за імі бегаць. У іх — свае сцежкі, у нас — свае… Хіба тут больш елак няма? Яшчэ вунь лепшая стаіць…
Яны ледзь справіліся дайсці да «сваёй» елкі, як, быццам прарвалася неба, раптоўны лівень абрынуўся зверху. Гушчыня лапак, можа, у дваццаць паверхаў, напачатку надзейна атуліла іх, але з кожнай хвілінай усё часцей і часцей прарываліся халодныя кроплі, трапляючы то за каўнер, то на галаву, і дарэмна яны вышуквалі пад той ялінай лепшае месца, дзе б не капала, — праз які час ужо добры лівень прабіўся да іх, быццам радуючыся сваёй перамозе, змачыў і твары, і вопратку…
А камары, якія, відаць, загадзя зляцеліся пад елку, цяпер не давалі спакою, выпорвалі іх з-пад елкі, з нейкай лютай зацятасцю джалілі іх, сляпіцаю лезлі ў вушы, нос, вочы…
Прамоклыя да ніткі, яны ўсё ж стаялі пад ялінай, услухоўваючыся ў раўнамерны пошум дажджу, які абрынуўся на іх так раптоўна, так нечакана. Было ж зусім яснае неба, з белымі хмурынкамі…
«Гэта — жыццё, — неяк сама па сабе прыйшла да Міколы думка. — Так бывае і ў жыцці — не заўсёды яснае неба над галавою. Надараюцца і хмарныя дні, і рознае іншае ліхалецце… Усяго яшчэ будзе і ў нас… І яго, жыццё, трэба прымаць такім, якое яно ёсць, якім будзе. І мы пройдзем яго разам, Анюта, які б лёс нас ні напаткаў…»
Такая думка і здзівіла яго і абрадавала: ён ужо думае і пра яе! І Мікола рашуча ўзяў Анюту за руку. І яна не адхіліла яе, а таксама паціху сціснула яго цёплую далонь, зазірнула ў вочы, бы чытаючы яго думкі…
Яны маўчалі. І ў гэтым маўчанні быў для іх вялікі сэнс жыцця, яго таямнічасць, яго першае адкрыццё. Яны быццам зліліся з самой прыродай, сталі часцінкай яе, растварыліся ў ёй, яшчэ не пазнаўшы ўсіх яе таямніц, але ўжо адчуваючы яе вечны жыватворны подых…
Апошняя тайна
Дні праз тры, гуляючы каля ракі, хлопцы ўбачылі звычайную дашчаную лодку, пафарбаваную ў зялёны колер. Яна плыла, высока ўзняўшы востры нос, роўненька пасярод ракі, быццам хто ёй кіраваў.
— Глядзі, які Ноеў каўчэг да нас плыве! — усклікнуў Алесь і кінуўся лодцы наперарэз, ускочыўшы ў ваду па пуза. Ён прыцёг лодку да берага і дадаў: — Шкада толькі, што на самай карме кавалак дошкі адламаны, а дно цэленькае…
— Адрамантуем! — зірнуў на лёгкую і зграбную лодку Мікола. — І паплывём аж да вялікай ракі!