Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
— Ну! — павысіў голас Ігнат. — Што цяпер скажаш, пан Зыгмусь? Чыё гэта дабро?
Маўчаў Зыгмусь. Яму ўспомнілася, як яны з бацькам хавалі той скарб шасцерыком спараных коней, думалі — не прападзе дабро, чакалі часу. А яно вось як выйшла…
— А як жа я? — неяк дзіўна спытаў сярод цішыні Ваўчок. — А як жа хата, сям'я?
— Няма ў цябе ні хаты, ні сям'і, вырадак, — сказаў Тупік, лёгка піхнуўшы Ваўчка ў спіну. — Учарнелі ўсе ад цябе там, хоць уздыхнуць з палёгкай. Вядзіце іх усіх!
Крывы Панас крочыў апошнім. Ён угнуўся і скрывіўся яшчэ больш, маўчаў, толькі раз-пораз кідаў злыя позіркі на Ігната і нібы ўсё сіліўся нешта ўспомніць.
— Гадзіннік! — нарэшце сказаў ён адно толькі слова і зноў сцішыўся, пайшоў шпарчэй.
Крытая, з кратамі на акенцах, машына стаяла на дарозе сярод жыта. Калі яна туды падышла, ніхто не чуў. Ды гэта цяпер не мела ніякага значэння. Арыштаваных упіхнулі ў машыну, дзверы за імі зачыніліся надоўга…
Па даху машыны забарабаніў буйны летні дождж, змываючы сляды і справы злачынцаў…
Кожнаму — сваё
Звестка пра тое, што на хутары Гурэцкага палавілі бандытаў, што пад валуном адкапалі багаты скарб, імгненна абляцела вёскі. А калі на дзвюх фурманках вывозілі дабро ад хаткі Крывога Панаса, куды ўсё зносілі з Галага балота аж шэсць чалавек, то сышліся паглядзець на дзіва такое ледзь не ўсе жыхары Калінаўкі.
— От, ваўкалака, гэтулькі дабра нахаваў,— толькі разводзілі рукамі адны, а другія, больш дасведчаныя, зазначалі з ухмылачкай:
— Хіба ж не прыкмячалі людзі, што не голы і не галодны Панас ходзіць? А дзе ж ён працаваў калі? Раней трэба было за яго брацца…
— Ад Ваўчка не меней вывезлі…
— Але ж то, казалі, не ягонае, ён толькі хаваў…
— Адна хеўра, адна ім дарожка…
Пагаварылі дні са тры і забыліся, як забываліся на любую навіну, якая, часам, далятала ў гэты глухі куток. І ўжо новымі клопатамі жылі людзі, а такіх клопатаў — і сена назапасіць, і агароды дагледзець, і на працу хадзіць — хапала ў кожнага.
На хутары Красоўскага апошнімі днямі стала людна. Туды з Замошша перабраўся Тупік, рыхтаваліся да вяселля, таму цікаўных было шмат. Сяброўкі неслі маладусе свае падарункі. Хто — кавалак белага кужалю, хто — крамную хустку, хто — крыху скаромніны ці яек. Час быў цяжкі, хоць галоўная галадуха і мінула ўжо. Але людзі жылі дружна, спачувалі адно аднаму і памагалі, чым маглі, як сваякі.
Нават суседзі другога хутара не стаялі ўбаку. Міроніха пачала стаўляць на стол толькі кіслае малако, а смятану збірала і збіла з яе фунты тры масла, жаўтлявага, як сонца бы празрыстага.
Мірон з хлопцамі — нават малы Пеця памагаў — зрабілі праз рэчку, дзе даўней быў масток, пераправу, паклаўшы побач дзве абчасаныя алешыны, прымацавалі на коліках парэнчу з доўгай сасновай жэрдкі — гэта каб госці з вёсак не мачылі ногі, каб ішлі ахвотней.
Цяпер, седзячы на гэтай кладцы, хутарскія хлопцы паціху гутарылі, чакаючы, калі ж на ўзгорку з'явіцца Анюта са сваёй новай сяброўкай. Пасля першай сустрэчы Стэфа так пасябравала з Анютай, ёй тут так было хораша, што прыбягала яна на хутар ледзь не штодня. І з той першай сустрэчы раптоўна бы хто падмяніў Алеся, яго стала проста не пазнаць: ён пачаў больш прыдзірліва сачыць за сваім знешнім выглядам, адзежа на ім цяпер была не толькі чыстая, але і заўсёды адпрасаваная, валасы ўжо не разляталіся, а ляжалі роўненька, зачэсаныя на прабор, прылізаныя гліцэрынай, за якой хлопец спецыяльна хадзіў у краму. Кавалер, ды і толькі!
Мікола радаваўся, гледзячы на сябра, радаваўся яго такой раптоўнай перамене, а яшчэ больш таму, што — і гэта было бачна! — Алесь пачаў абыякава адносіцца да Анюты, быццам не заўважаць яе. Уся хлапечая ўвага цяпер была скіравана толькі на Стэфу. Такі кірунак дало само жыццё, і хлопцы пайшлі па яго сцяжынах без аглядкі…
— Унь, ідуць ужо! — першы заўважыў дзяўчат Алесь і падхапіўся, сышоў на бераг, пацёр аб траву новыя рудыя сандалі, што надзеў упершыню.
За ім падняўся і Мікола, які таксама на гэты раз быў абуты ў чаравікі, хоць і не новыя, але яшчэ даволі прыстойныя. Знешне спакойны, нават залішне строгі з твару, толькі адзін ён ведаў, як трымціць ад хвалявання яго сэрца, як падкрадаецца да скроняў цеплыня. Хваляваўся ён пры кожнай выпадковай сустрэчы, пры кожным спатканні. Гэта было прыемнае хваляванне, яно будзіла ў ім новыя сілы і думкі, напаўняла ўсю яго істоту шчымлівай радасцю нязведанага пачуцця…
Сёння Стэфа была ў шыкоўна расклешанай васільковай сукенцы з кароткімі рукавамі, і яе белыя поўныя рукі кантрасна выдзяляліся на сінім фоне сукенкі.
«Усеадно — Белая», — падумаў Мікола і ўсміхнуўся сваёй той думцы, і гэтая натуральная ўсмешка была заўважана.
— Нешта пан Мікола з нас пасміхаецца! — звяртаючыся да Анюты, заўважыла Стэфа. — Ці не заўважыў ён што на маім твары? Зірні, Анюта…
— А можа, на маім? — у сваю чаргу спытала Анюта, і дзяўчаты паглядзелі адна на адну ўважліва.
— Гэта ён ад радасці, што вы прыйшлі! — зусім шчыра сказаў Алесь.
— Праўда? — бы не паверыла, спытала ў яго Стэфа. — А ты хіба не рады?
— Яшчэ як! — рагатнуў Алесь. — Як перавярнулі той наш валун, дык от на кладцы і сядзім, чакаем от…
— На золаце сядзелі — не так радаваліся, — у тым жа паўжартаўлівым тоне падтрымаў сябра і Мікола.
Яны стаялі каля рэчкі на тугой муражыне, усеянай смолкамі ды люцікамі, гаварылі пра апошнія падзеі, што адбыліся на хутарах, выказвалі свае меркаванні.
— Кожнаму — сваё! — нарэшце падвёў рысу пад гаворкай Мікола. — Як казаў дзядзька Мірон, каму — людская павага, а каму — турма і ганьба, бо чалавек сам выбірае сваю дарогу.
У той наіўнай і глыбакадумнай, як здавалася ўсім, гаворцы было столькі шчырасці і даверлівасці, што, нагаварыўшыся, яны не хацелі разыходзіцца. Усім раптам захацелася некуды ісці, нешта рабіць незвычайнае.
— А давайце сходзім у Мокры Лог! — прапанаваў Мікола. — Стэфе той куток яшчэ больш спадабаецца, чым наша рэчка… — і, зірнуўшы на Анюту, успомніўшы, як Анюта не любіла Мокры Лог за яго змрочнасць, як бы ў апраўданне дадаў: — Цяпер баяцца больш няма каго, ідзі — куды хочаш… Гэта раней там і праўда было страшнавата…
— Ой, як цікава! Давайце сходзім, — адразу падтрымала яго Стэфа. — Я ўжо чула пра Мокры Лог. Там, казалі, яшчэ ў тысяча восемсот дванаццатым годзе партызанская конніца стаяла, адтуль партызаны рабілі налёты на французаў… Гэта праўда?
— Праўда, як і тое, што Пётр Першы прысылаў сюды карабелаў па мачтавыя сосны. А яны там у нізіне растуць такія тонкія, што раўняюцца з тымі, што растуць на ўзвышшы, — зазначыў Мікола. — Дык усе згодны?
— Пайшлі-і! — узняў угору кулак Алесь, і хлопцы рушылі паперадзе, а дзяўчаты — за імі.