ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

— І на азёры, — сказаў Алесь, выкручваючы штаны.

— На ёй можна будзе і на азёры.

Яны так захапіліся сваёй знаходкай, што адразу ж пабеглі на хутар шукаць патрэбную дошку. Па дарозе Алесь сказаў:

— Тая каморка, што каля другіх дзвярэй, усярэдзіне абшалявана якраз такімі зялёнымі дошкамі…

— Шкада ж адрываць…

— Усё роўна хутка будуць бурыць гэтыя хутары.

Яны зайшлі ў камору і спярша ўсё дзелавіта агледзелі. Гонты і праўда былі гладкія, нешырокія, як і трэба.

— Нясі сякеру, — сказаў Алесь, — вось тут чатыры дошкі карацейшыя, якраз падыдуць…

Праз адчыненыя дзверы ў камору цадзілася даволі яркае святло, і Алесь, пакуль Мікола хадзіў за сякерай, упершыню так уважліва агледзеў яе. На шматлікіх паліцах збоку стаялі запыленыя парожнія пляшкі з колісь яркімі наклейкамі, нейкія гліняныя і фарфоравыя гладышы і місы, але такія пабітыя, вышчарбленыя, што карыстацца імі было нельга.

«Багата жылі гэтыя Гурэцкія, мусіць, смачна пілі і елі», — сам сабе падумаў Алесь і пагрукаў кулаком у тую дошку, якую меліся адрываць. Гук быў глухі, як у парожнюю бочку.

— Вось табе сякера, спрабуй, — заходзячы ў камору, сказаў Мікола. — Толькі не нарабі лішняга грукату, а то яшчэ твой бацька пачуе, будзе сварыцца.

— А дзе ён?

— Сядзіць на ганку і даплятае кош.

Алесь падсунуў у невялікую адтуліну між дошак сякеру і павярнуў яе. Цвікі, якімі дошка была прыбіта да сцяны, так сярдзіта зарыпелі, што хлопцы аж стаілі дыханне.

— Во — халера! — ціха сказаў Алесь. — Не хоча дошка ціха адрывацца, крычыць. Яе трэба не ціха, а раптоўна.

У наступную хвіліну ён так рэзка павярнуў сякеру, што дошка, напяўшыся, адразу адскочыла ад сцяны. І тут у дзвярах паказаўся Мірон.

— Што гэта вы тут вытвараеце? — зірнуў ён на дзірку ў сцяне. — Што вы сцены абдзіраеце?

— Нам дошка патрэбна лодку рамантаваць, — дзелавіта сказаў Алесь.

— А я думаў, што і вы які скарб шукаеце, — усміхнуўся Мірон паблажліва. — Бачыце, там нешта ёсць, — паказаў ён пальцам на сцяну.

Толькі цяпер хлопцы ўбачылі, што за той адарванай дошкай і сапраўды штосьці было, падобнае на чорную скрынку. Алесь памацаў тую скрынку рукою і сказаў:

— Гэта вокладка ад вялікай кнігі!

Каб дастаць тую знаходку, давялося адарваць яшчэ тры дошкі. Цяпер у сцяне ўтварылася акуратная ніша, у якой сапраўды стаяла чорная вялізная кніга. Алесь узяў яе ў рукі і зноў, яшчэ гучней, усклікнуў:

— Ды яна ж паўпуда важыць! Вось патрымай, тата…

Узяў кнігу і Мірон, пахітаў галавою.

— Дапраўдачкі, паўпуда. Толькі ўшыркі яна аршын будзе…

Мікола глядзеў на кнігу і дзівіўся яшчэ больш ад таго, што на той чорнай вокладцы яркім золатам гарэла цісненне назвы.

— А я думаў — скрынка, — расчаравана сказаў Мірон і аддаў кнігу сыну. — Чытайце…

Ен, бядак, не ведаў, што прачытаць яе хлопцам было гэтак жа немагчыма, як яму — на нашай мове.

— Пайшлі на двор, там лепш разгледзім, — ужо забыўшыся на свой намер рамантаваць лодку, сказаў Мікола, і яны выйшлі з прыцемненай каморы і падаліся ў сад, дзе яшчэ з даўніх часоў захавалася адна фігурная лаўка з аблупленай фарбай. Спярша паклалі на тую лаўку кнігу і адкінулі вокладку. Доўга ўзіраліся на незразумелыя словы, на пячатку ў ражку тытульнага ліста і маўчалі.

— На якой жа гэта мове напісана? — паскроб галаву Алесь.

— Відаць, на французскай… А на пячатцы ж, глядзі, рускія літары! — раптам тыцнуў на пячатку пальцам Мікола. І хлопцам удалося прачытаць, што гэта кніга належала князю Юсупаву, што выдадзена кніга ў тысяча восемсот пяцьдзесят другім годзе. За некалькімі старонкамі тлумачальнага тэксту ім адкрылася сапраўдная прыгажосць гравюр Рубенса на біблейскія тэмы. Кожную прыкрываў тонкі белы ліст паперы. Гэта быў унікальны шэдэўр мастацтва, і вядома ж — кніга мела вялікую каштоўнасць.

— Трэба паказаць яе настаўніку Пікуліку, — у роздуме сказаў Мікола. — Абавязкова…

— Дык жа ён адразу яе і забярэ!

— Ну і няхай. Магчыма, яе ў музей возьмуць.

— Ладна, — згадзіўся Алесь, — толькі спярша самі добранька разгледзім… А гэта вось што? Нейкі асобны лісцік…

Асобным лісцікам была звычайная рэпрадукцыя той карціны, што вісела ў кабінеце. Пад рэпрадукцыяй чорным чарнілам было акуратна напісана: «Святая Марыя, сцеражы і зберажы маё крэўнае, мае мары і надзею».

Спярша хлопцы не звярнулі асаблівай увагі ні на рэпрадукцыю, ні на такі дзіўны і незразумелы надпіс: іх цалкам захапіла кніга, дзе было роўна сорак гравюр. І кожная здзіўляла сваёй выразнасцю кампазіцыі, яркасцю малюнка, на іх можна было глядзець доўга, глядзець і адкрываць для сябе ўсё новыя і новыя грані таленту вялікага мастака, здзіўляцца яго ўменню перадаць праз вобразы радасць, боль і гнеў — таямнічасць біблейскага побыту…

І калі ўжо была закрыта тоўстая скураная вокладка кнігі, Алесь раптам, быццам што ўспомніўшы, сказаў:

— Давай паглядзім яшчэ тую карцінку! — Узяў яе у рукі, доўга ўглядаўся ў тэкст і паціскаў плячамі.— Што за глупства — «сцеражы і зберажы маё крэўнае…»

— Чаму — глупства? Тут ёсць пэўны сэнс, каб гэтая Марыя сцерагла кнігу, бо яна каштоўная. Я так думаю…

— А — «мае мары і надзею»?

— Той, хто гэта пісаў, на нешта спадзяваўся.

— А ці не Гурэцкі гэта пісаў?

— Можа, і ён.

— Стой! — раптам схапіў за руку Міколу Алесь, быццам той збіраўся некуды збегчы ад яго. — Ты не падумаў, чаму іменна гэтая карціна ляжыць тут, у кнізе? І ці не сцеражэ што-небудзь тая Марыя ў пакоі? Між імі існуе нейкая сувязь…

— Усё марыш яшчэ адзін скарб знайсці? — усміхнуўся Мікола. — Шукай…

— А чаму б і не? У гэтых паноў вунь колькі золата было. Маглі ж яны яшчэ дзе-небудзь прыхаваць.

— Тады трэба ўздзіраць дошкі за карцінай, — параіў яму Мікола, параіў жартам, а потым задумаўся і дадаў: — Пайшлі?

— Пайшлі… Я толькі вазьму табурэтку, а то высака, не дастанем…

Святая Марыя, як здалося хлопцам, цяпер глядзела на іх не так весела, як у першы раз, а з нейкім дакорам, але яны не дужа сумеліся ад такога яе пагляду, падставілі грубаватую і шырокую табурэтку, залезлі на яе абодва. Асцярожна — карціна была цяжкая — знялі ланцужок-почапку з меднага крука, прыбітага да сцяны двума цвікамі.

На выцвілых зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах ярка вызначыўся квадрат: за карцінай шпалеры не так выцвілі. Хлопцы глядзелі на той квадрат і не ведалі, што рабіць далей.

Поделиться с друзьями: