ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

Мікола ўбачыў, што Сняжок павярнуў галаву і глядзіць у яго бок. Але ж як ты пойдзеш да каня, калі маці папрасіла бегчы на расцяробы за Мокры Лог і набраць там смалякоў, бо зіма доўгая, а смалякі ідуць не толькі на падпалку ў грубцы, а і на асвятленне: адчыніш вялікія, з нейкімі невыразнымі фігуркамі на іх, дзверцы грубкі — і светла ў пакоі, толькі падкідай па смаляку.

А набраць тых смалякоў не вельмі проста. Трэба спярша знайсці гнілы хваёвы пень, у якога ўжо ўсе карані адваліліся, адгнілі, вывернуць яго з зямлі, расхістаўшы, потым сякерай ачысціць ад гнілля, узяць у мех толькі цвёрды, як жалеза, смаляны стрыжань. І такіх пеньчукоў трэба здабыць штук пяць, не меней.

Яны пайшлі б з Алесем, але ён пасвіць недзе рагулю, бо ўжо вартаўнік папярэдзіў, што «пакладзе» яе ў шкодзе з ружжа, калі будуць пускаць самапасам…

І ўсё ж спакуса пабыць каля Сняжка ўзяла верх. За смалякамі ён пойдзе пасля, а цяпер…

Хуценька забег у хату, узяў кавалак цукру, пакалоў яго на дрывотніку сякерай на драбкі і схаваў у кішэню сваіх новых штаноў. Ён яшчэ не ведаў, што гэтыя новыя штаны яго вунь як падвядуць…

Ля рэчкі, каб не замачыць штаны, Мікола скінуў іх, перайшоў рэчку і зноў надзеў. Узбегшы на ўзгорак, дзе, як і заўсёды, стаяў ля плота конь, Міколка адразу дастаў з кішэні драбок і смела пайшоў да Сняжка. Але той чамусьці папераджальна паклаў вушы, грозна зыркнуў на яго і тупнуў пярэдняй нагой, маўляў, не лезь ка мне.

Мікола адскочыў, бы конь яго ўкусіў.

— Сняжо-ок, што з табою? Сняжо-ок… Гэта цукру вось табе прынёс.

— Не лезь да каня! Убрыкне! — раптам пачуўся з двара голас Тупіка, а неўзабаве і ён сам выйшаў праз брамку ў сваёй сіняй гімнасцёрцы. — Па ім, брацішка, стралялі…

— Хто страляў? — аж сумеўся Мікола, заўважыўшы, што сёння Тупік неяк асабліва суровы, засмучаны. Паляпаўшы каня па крутой шыі, сказаў журботна:

— Каб жа я ведаў, хто страляў… Ля самай холкі куля скуру садрала, перад сядлом… Збег, гад, у балота…

Мікола глядзеў на- запечаную кроў ля холкі, дзе роем віліся мухі, і думаў: «Значыць, гэта па ім, Тупіку, стралялі… А кажа — па кані. Так і забіць калі могуць. Мусіць, трэба сказаць пра нечаканых начных гасцей і пра Крывога…»

Ён зноў працягнуў руку, сказаў:

— Во я яму драбок цукру хачу даць.

— Вазьмі, Сняжок, — дазволіў ласкава гаспадар, гледзячы ўжо кудысьці ўдалячыню, думаючы аб нечым сваім.

Сняжок стрыгануў вушамі і, як і ў першы раз, пацягнуўся пысай да Міколавай рукі, узяў пачастунак, потым хрумстаў, хітаў галавой і закрываў вочы. І зноў цягнуўся да Міколы, раздзімаў ноздры і фыркаў — прасіў.

— Можна, я яшчэ дам?

— Можна… Давай і пасвіствай, ён прывыкне да твайго свісту, будзе ўслед бегчы… — І раптам, зірнуўшы на Міколавы штаны, з кішэні якіх той зноў дастаў бела-чорны драбок, спытаў: — Слухай, брацішка, адкуль у цябе ўзяліся гэтыя шыкоўныя штаны? І цукар…

— Штаны мама пашыла… Са старых бацькавых…

— А цукар?

— Было трохі,— пачаў Мікола і не здолеў больш хлусіць, апусціў вочы, ліхаманкава думаючы, як лепш выкруціцца з такога няёмкага становішча: сказаць чыстую праўду ён баяўся, ведаў, што за гэта могуць пакараць тыя, у чорных балахонах, але ж і маўчаць ён не мог…

— Я вам вось што скажу… Былі ў нас на хутары нейкія людзі ноччу, вячэралі, пілі гарэлку. А якія — не ведаю, — сказаў Мікола так разважліва, быццам даўно рыхтаваўся да гэтага. — Цукар я ў іх на возе ўзяў, шмат яго там.

— А якія яны, тыя людзі? — бліжэй падступіў да яго Тупік. — Ды не бойся ж ты мяне, скажы. Я, брацішка, цябе не выдам. У мяне наконт гэтага — магіла! Сяброў не выдаю.

— Двух не ведаю, а аднаго пазнаў. Крывы Панас з нашай вёскі прывёў іх. Толькі я думаю, дзядзечка, што яны спярша заязджалі на хутар Красоўскага, бо праз брод ехалі, каля млына. І ад нас пакіравалі на балота, сляды вунь і цяпер знаць…

— Правільна гаворыш, брацішка! Усё правільна… Я па слядах сюды і прыехаў… А вось тое, што Крывы Панас наводчык — не здагадваўся.

— Вы іх зловіце?

— Так, так, гэта ўжо нітачка. І да клубочка дабяромся, брацішка! — паляпаў лагодна па плячы Міколу. — Ты ведаеш, што ў Загацці магазін абабралі?

— Не…

— Абабралі, гады. Толькі соль ды газу і пакінулі.— Міліцыянер правёў рукамі па шырокім рамяні, папраўляючы сінюю гімнасцёрку, дадаў ужо таксама цішэй: — Ты, Мікола, от што… Нікому не гавары, што прызнаўся мне пра Панаса, я за ім паназіраю, свайго чалавека прыстаўлю, а то, чаго добрага, даведаецца — вам нездабраваць тут…

— Ага! — узрадаваўшыся, што Тупік нібы прачытаў яго думкі, сказаў Мікола. — Ён так і казаў — ваш хутар разам з вамі. Мусіць, спаляць, я так разумею…

— Правільна разумееш… Толькі цяпер — дудкі! Не ўдасца ім свае злачынствы хаваць, не тыя часы!

Міколу яшчэ хацелася расказаць пра вінтоўку і патроны, але ён вырашыў, што тайна гэтая не толькі яго, але і Алесева, і таму прамаўчаў. І так нагаварыў нямала. І быў рады, што Тупік спакваля павесялеў.

— Дык я пайду…

— Ідзі… Толькі пра цукар, калі хто яшчэ спытае, балакай, што маці з раёна прынесла.

Мікола аж засмяяўся.

— А я так і думаў казаць усім, хто спытае…

Ен бег да рэчкі, рады, што зноў пабыў ля любімага каня і, як здагадваўся, дужа памог Тупіку, якога таксама любіў і паважаў за незвычайную яго работу, за смеласць. Цяпер-то ўжо не выкруціцца Крывы Панас са сваімі зладзюгамі. От толькі шкада, што Анюта не выйшла, не ўбачыла яго новых штаноў, не паспытала цукру. А ёй Мікола адкалоў з сярэдзіны ладны драбок, зусім чысты…

Не справіўся ён дабегчы да рэчкі, як Тупік абагнаў яго на сваім кані, пераехаў брод — а на Казе ёсць віры, што коні хаваюцца! — і галопам памчаўся да хутара. А Мікола наўмысна падышоў да дому з другога боку, ад хмызняку. І пачуў — хоць пад канец — такую гаворку:

— Значыць, сюды ніхто не прыязджаў на фурманках? — пытаўся Тупік у Мірона.

— Не-а, — круціў той галавою і глядзеў у зямлю. — Не чутно было такога…

— Ну то і добра, што не чутно. Мая справа спытаць, ваша — адказаць… Паеду далей. Не павінна ж дзяржаўнае дабро так от згінуць, як камень у вадзе, няпраўдачка, недзе ж ды нарэшце вытыркнецца…

— Дзіва што! — рады, што гутарка скончана, што міліцыянер зноў садзіцца ў сядло, ускінуў галаву Мірон. — І хто б гэта мог, га? Мусіць, далёкія, не нашы людзі.

— Мусіць… Але мы і далёкіх дастанем. Зямля — яна, як не балакай, круглая, нідзе не дзенешся.

— Ды ўжо ж… Тупік паправіў на баку кабуру, каб бліжэй была, крута павярнуў каня і рушыў у кірунку Пабярэжжа.

Мікола зайшоў дамоў, надзеў старыя штаны, узяў мех, сякеру і пайшоў следам: якраз у тым баку быў Мокры Лог, а за ім і расцяробы, нізкае тарфяное поле, утыканае пнямі ды высокімі купінамі з цёмна-зялёным, высачэзным мохам. Хто і калі высек там лес, Мікола не ведаў, адно было вядома — адусюль туды хадзілі за смалякамі.

Поделиться с друзьями: