ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

Па палявой дарозе, што вяла з Калінаўкі на Замошша і пралягала між збожжа, ішоў сляпы жабрак з кіем і кайстрай. Тут, ля хутара, дарога збочвала аж да закінутага, з гнілым зрубам калодзежа, што стаяў ля колішняга хлява — цяпер ад яго застаўся толькі каменны падмурак ды розны друз, — і сёстры добра-ткі бачылі незвычайнага падарожніка. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, тыркаючы кійком у дарогу, ён пратопаў адкрытую мясціну і пашыбаваў у жыта. А сёстры глядзелі ў той бок, бы зачараваныя такім незвычайным відовішчам.

— Ка-ця, — неяк сцішана, нібы баючыся, што яе хто пачуе, пачала Гэлька, — у мяне, ведаеш, аж сэрца зайшлося, калі я глянула на гэтага старца…

— А чаго ж?..

— Не ведаю… Паходка яго — бачком, бачком неяк… І доўгія рукі…

— Ну і што?

— Дужа ж ён Зыгмуся нагадвае…

— Бач ты-ы-ы!.. І мне ж тое падалося. Цьфу, цьфу, — нібыта плюнула яна на зямлю. — Не-е, Пленка, адтуль, куды яго саслалі, не вяртаюцца.

— Такі хлюст праз іголачнае вушка пралезе, з вады сухі выйдзе, — усё глядзела, аж калацілася ўся, на дарогу Гэлька. — Казаў жа Зыгмусь, як бралі, што ён яшчэ змеліць у сваім млыне… нечыя костачкі.

Кацярына прамаўчала, бо і сама не дужа верыла ў тое, што гаварыла сястры, і яны, бы згаварыўшыся, адразу павярнулі назад, ішлі моўчкі аж да хаты.

— Трэба будзе Кузьмічу сказаць, — ужо ў двары зноў падала голас Гэлька. — Лішняя перасцярога не пашкодзіць. Ды і казаў ён мне — калі каго незнаёмага сустрэнеш, то дакладвай…

— Як знаеш, Гіленка…

— Знаю. Толькі от каб свайму ты — ні гу-гу. Нешта ён апошнім часам падоўгу дома не бывае.

— Дык жа ён да сястры ў Калінаўку ходзіць, памагае ёй з сенам…

— А я сустракала раз яго сястру. Дык, ведаеш, жалілася, што як з'ехаў Іван, дык і памагчы ёй некаму. Кажа, і носа не патыкае… От і разбярыся тутака — што да чаго.

— Няўжо яна гэткае казала? — аж сумелася Кацярына, аж спынілася ля дзвярэй.

— Гэткае… Падумай цяпер, сястрычка, дзе твой Іван швэндаецца…

— А не прыдумала ты ўсё гэта, — прыжмурыла яна на сястру вочы. — Можа, па злосці гаворыш?

— Якая ж у мяне злосць на цябе, Кацька! Адны ж мы тутака, шкадую я цябе — от што. Таму і не казала дагэтуль, маўчала. А як дазнацца, дзе ён бывае — розуму не дабяру. І гэтага, што ноччу прыходзіць, некуды пасылае ўсё. Ой, глядзі, каб праз іх і нам не трапіць у якую непрыемнасць! Глядзі, Кацька, ты павінна лепш усё ягонае разумець і бачыць…

Разведчыкі

Захапіўшыся працай, Мікола і Анюта не заўважылі, як да іх, задыханы, нейкі ўстрывожаны — аж змяніўся ў твары, — прыбег Алесь. Яго светлыя валасы крыламі аблеглі.

— Мікола, хадзі сюды! — спыніўшыся крыху воддаль, паклікаў ён таварыша. І ў голасе яго, як і ў выглядзе, адчувалася штосьці важнае і тэрміновае.

Мікола ўваткнуў сякеру ў пень, прывычна падцягнуў штаны і накіраваўся да Алеся, таксама ўжо ўстрывожаны, напяты, бо ведаў — той абы-чаго не дужа пабяжыць…

— Ну, што там здарылася? — у нецярпенні спытаў ён, падышоўшы.

— Адыдземся яшчэ крышачку, раскажу…

— А мне што — нельга паслухаць? Сакрэт? — памкнулася да хлопцаў Анюта, ды Алесь выставіў перад сабою далонь як заслону.

— Сакрэт!

Яна незадаволена насупілася, прагаварыла:

— Сябры, называецца… Ну і я вам больш нічога-нічога не раскажу…

А сама падумала: «Усё роўна Мікола адкрые мне тую тайну, нідзе не дзенецца… Адкрые як міленькі…» І гэтае апошняе слова ёй дужа спадабалася, яна села на пень непадалёк ад ужо напоўненых мяхоў і з усмешкай, якая так прыемна аздобіла яе твар, колькі разоў паўтарыла ў думках: «Міленькі…» Ад гэтых думак ёй стала так весела, так лагодна на душы, што яна аж рассмяялася, гледзячы, як перагаворваюцца, як размахваюць рукамі, падскокваюць хлопцы.

А тыя і праўда дужа ўжо захапіліся сваёй гаворкай, забыўшыся і на Анюту, і на смалякі, і на ўсё на свеце…

— Так Тупік і казаў, што Зыгмусь Гурэцкі ўцёк? Як жа ён адтуль уцёк? Хіба яго не пільнавалі? Ды не можа быць, каб такое казаў! — усё не верыў Мікола.

— От жа казаў… І яшчэ прасіў тату, каб ён, быццам па якой справе, схадзіў у Мокры Лог і добранька там агледзеў усё, бо ў тым яры спакон веку розныя бандзюкі хаваюцца… — Ад узрушанасці Алесь расчырванеўся, соп і аж заікаўся. — А гэты жабрак тут круціцца нездарма… — і аж прысвіснуў: — Слу-хай, Мікола! А можа, ён ніякі і не жабрак? І не сляпы?

— Пойдзем от да Тупіка і ўсё раскажам! — вырашыў Мікола. — Толькі паможам Анюце… — нарэшце азірнуўся ён, і на яго худым смуглявым твары ледзь прабілася сарамяжлівая чырвань. Алесь гэта ўлавіў і быццам незнарок, але з папрокам сказаў:

— Нешта вы без мяне згаварыліся ў смалякі хадзіць… Ці ж я лішні?

— А мы не дамаўляліся і не згаворваліся. Проста Анюта баіцца адна, казала. Сама мяне дагнала. Калі не верыш, то от спытайся ў яе.

— Што там пытацца… — Алесь зірнуў на Анюту і ўздыхнуў.— Мяне дык ніколі не даганяла…

Мікола палічыў за лепшае змяніць гэту непатрэбную і далікатную гаворку і таму ўжо цішэй, як якую таямніцу, сказаў Алесю тое, што сам чуў:

— У Тупіка, вунь, стралялі…

— Ведаю!

— Мы яму павінны заўсёды памагаць… Значыць, і пра вінтоўку расказаць трэба. А то неяк нядобра выходзіць — хаваем, як тыя бандзюкі…

— Можа, і нам спатрэбіцца. Ды і страляць бы навучыцца, — аж прыжмурыў левае вока. — Га, Мікола? Давай зойдзем далёка ў лес ды пастраляем…

— Настраляеш на сваю галаву. За гэта ведаеш, што можа быць? Турма…

— І што хаваем вінтоўку, можа быць турма…

— Можа… Вось аддадзім, і Тупік нас навучыць.

— Быў яму час! — махнуў рукою Алесь і першы рушыў да Анюты, думаючы ўжо нешта сваё, патаемнае. Цяпер ён хоць і сам не ведаў чаму, але злаваўся на Анюту. Яму хацелася сказаць ёй штосьці едкае, балючае.

Яна глядзела на сяброў, злёгку схіліўшы набок галаву.

— Насакрэтнічалі? — спытала прыязна, без крыўды. — Цяпер бярыцеся за мяхі.

— Гэта справа прывычная, — абыякава сказаў Алесь і ўхапіў яе мех так лоўка, быццам ён усё жыццё толькі тое і рабіў, што насіў мяхі.— Пайшлі…

Назад дайшлі без асаблівых прыгод, калі не лічыць таго, што Анюціну шчарбатую сякерку, якую Мікола кінуў пад куст, як ні шукалі, не знайшлі, быццам яна правалілася.

— Ану яе! Яна і так нікуды не вартая была, — урэшце зноў узяўся за свой мех Мікола, і сябры, мінуўшы Мокры Лог, выйшлі на дарогу…

У Замошша трапілі толькі на другі дзень.

Знайшлі будынак сельсавета, у прыбудове да якога і жыў участковы, але дома яго не засталі: паехаў у Калінаўку. Так ім сказаў сельсавецкі пісар Адам, малады кучаравы хлопец з вясёлымі васільковымі вачамі, які сядзеў за шыкоўным пісьмовым сталом з пакояў пана Красоўскага. Такіх кучараў, як у пісара, хлопцы, колькі жывуць, ні ў кога не бачылі: белыя завіткі, быццам спецыяльна накручаныя на гарачы цвік, капой абляпілі яго круглую галаву.

Поделиться с друзьями: