ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

Мокры Лог сустрэў яго прыемнай прахалодай, водарам разнатраўя, ляшчынніку, што шырокім кустоўем абляпіў пакатыя схілы яра, на дне якога тоненькай ніткай працякаў-пабліскваў раўчук. А выцякаў ён з-пад вялізнага, аброслага аксамітным зялёным мохам валуна ў канцы яра. Той валун, здавалася, і ляжыць там, каб стрымліваць цяжар зямлі, каб не засыпала яна кволую крыніцу: дужа ж крута ўгору падымаўся там яр і пераходзіў у бор, лагодны, вечна шумлівы, векавы…

Раўчук сцякаў, як і ўсе малыя і вялікія ручаіны гэтага кутка, у раку Бярозу, і калі тая ў веснавое разводдзе залівала паплавы на многія кіламетры, то і ў Мокрым Лозе раўчук ператвараўся ў сапраўдную рэчку: тады ў яго заходзіла вада з Бярозы, а разам з ёю — плоткі, акуні і іншая драбяза, каб пажыраваць на свежым месцы. Асабліва ж многа было тады на пясчаным дне печкуроў — тоўстых, лянівых. А на кручок яны ішлі так ахвотна, што толькі спраўляйся здымаць…

Усё гэта зараз прыгадалася Міколу. Ён нават спыніўся ля раўчука і паглядзеў у яго празрыстыя струмені, але ніякай рыбы цяпер там не было. Толькі ледзь прыкметна перакатваліся жаўтаватыя пясчынкі ды, часам, кратаўся ў прыіленых ямінках шыцік-вусацік, з якога потым вылупіцца прыгажун матыль і адразу рынецца ў атаку на камароў, якіх тут, у засені, як маку ў макаўцы. Глядзіць цяпер на шыціка Мікола і аж самаму не верыцца, што з гэтага чорнага сучка-сховішча вылятаюць такія вясёлкавыя матылі…

І раптам яму пачуліся чыесьці крокі. Ён узняў галаву і, нават не верачы вачам, убачыў, як з адхону ўніз спускаецца Анюта. Сумнення быць не магло — яна ішла за ім следам. У адной руцэ Анюта трымала руды мех, а ў другой — невялічкую сякерку, як заўважыў Мікола, з добра-ткі вышчарбленым іржавым лязом.

Крыху не дайшоўшы да яго, спынілася, зірнула ва ўпор, ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— Ну, што глядзіш так, быццам не пазнаў…

— Пазнаў,— усміхнуўся Мікола. — Проста нечакана ты неяк, раптоўна…

— І зусім не нечакана і не раптоўна… Я ўбачыла, што ты пайшоў па смоль, і… вось дагнала. — Памаўчала і, нібы ў апраўданне, дадала: — Баюся я тут адна хадзіць, змрочны нейкі ён, Мокры Лог, страшны…

Яна перайшла раўчук, стала зусім блізка.

— А чаму ты ходзіш па смоль, хіба ў вас больш некаму?

— Айчым пасылае, — азірнуўшыся, нібы і праўда тут яе хто можа падслухаць, з сумам сказала Анюта, і Міколу зноў стала шкада яе, гэту кволую, не для такой работы, дзяўчынку.

— А я сам хаджу… От пераапрануўся ў старое, — сказаў нібы абыякава, — каб не падраць новых штаноў. Хочаш, я табе заўсёды буду памагаць? Пойдзем!

Анюта з удзячнасцю глянула на яго ласкавым позіркам цяпер тужлівых сініх вачэй і працягнула сякеру.

— Бачыш, чым дзяўбу пні…

Ён узяў сякеру, пакруціў яе ў руках і раптам кінуў пад куст ляшчэўніку.

— Хай адпачне гэты дзед, у яго ўжо і зубы з'еліся! — сказаў са смехам і — сам нават здзівіўся сваёй смеласці — схапіў Анюту за руку і пайшоў побач, адчуваючы цяпло яе маленькай, мяккай рукі, якое нібы ўлівалася ў яго, поўніла шчасцем, будзіла ў ім невядомыя для яго пачуцці дабра і душэўнай цеплыні. У гэтую хвіліну яму хацелася зрабіць для яе штосьці вялікае, сказаць штосьці незвычайнае, але пакуль што не было для яго тут ніякіх такіх важных спраў, а язык бы прысох да паднябення.

Сказаў звычайнае, што прыйшло ў галаву:

— І дровы памагу складаць, і яшчэ што, калі трэба…

— От ужо гэта залішняе! — яна неяк спакваля вызваліла сваю руку, пайшла паперадзе, бо тут сцежка павяла ўгору, гублялася ў кустах. — Айчым сказаў, каб вы, Гурэцкія, не хадзілі да нас. Ён, наогул, не любіць чужога вока на двары. Таму, відаць, і з Пабярэжжа з'ехаў, нас з мамкай звёз…

«Туды ноччу нейкі чалавек ходзіць», — раптам прыгадаў Алесевы словы Мікола і ціха спытаў:

— Гэта таму, што ноччу да вас нейкі чалавек прыходзіць? Таму не дазваляе?..

Ад такога нечаканага пытання Анюта аж спынілася, у яе вачах адбіўся агеньчык страху.

— Адкуль ведаеш?

— Хутары ж побач… Іншым разам мы з Алесем і начамі бываем ля рэчкі, ментузоў ловім. І наогул… пачаў выдумляць Мікола, даючы гэтым зразумець, што нібыта ён сам бачыў таго, хто прыходзіць да Ваўчка ноччу.

— Прыходзіць, — прызналася Анюта і зноў пайшла паперадзе, нават крыху шпарчэй.

— Хто ён?

— Не ведаю… Толькі шкада мне яго.

— Чаму?

— Не ведаю, не пытайся! Айчым яго трымае ў руках. Не па сваёй волі ён прыходзіць…

Мікола больш не распытваў. Ішоў і думаў, што дарэмна ён пачаў гаворку пра таго чалавека, дарэмна і не ў час: Анюта от расхвалявалася, ёй непрыемна гаварыць і пра айчыма, і пра чалавека…

Яны перайшлі Мокры Лог і апынуліся ў невялікім рэдкім бярэзніку, парослым высокай травою. Бярэзнік збягаў у нізіну, да расцяробаў.

Мікола падняў з зямлі сухую бярозавую палку, спыніў Анюту, зайшоў наперад.

— Цяпер ідзі за мною, тут гадзюкі, бывае, на сцежку выпаўзаюць, сыкаюць.

— Ба-ачыла!

— Я іх ужо колькі патоўк.

— А нашто? Усё жывое жыць хоча. Настаўнік жа казаў, што яны прыносяць і карысць…

«Пахваліўся! — упікнуў сябе ў думках Мікола. — Адну біў, і тая ўцякла. А ў школе і праўда казалі, што гадзюк біць няварта…»

— Я ведаю, што не трэба іх знішчаць, але ж бывае, кусаюцца, — апраўдаўся ён і кінуў палку.

— Абыходзь…

— Не заўсёды яе ўбачыш адразу…

Раптам ён адчуў, як Анюта схапіла яго ззаду за кашулю і тузанула на сябе.

— Глядзі-і! — шапнула ў самае вуха і паказала на ўзлессе, дзе была зімовая дарога. Там, тыркаючы ў зямлю доўгім арэхавым кіем, нібы намацваючы дарогу, насустрач ішоў — узбіўся ўжо на іхнюю сцежку — дзіўны стары з палатнянай кайстраю цераз плячо. Малы, прыгорблены, з доўгімі, як у малпы, рукамі, ён, здавалася, быў зусім сляпы, хоць вочы і глядзелі. Сляпы жабрак…

Калі ён наблізіўся, яны паціху сышлі са сцежкі ўбок. Сляпы не спыніўся, прайшоў міма, быццам і не чуў, і не бачыў іх. Яго аброслыя шчэццю барада і шчокі, густыя чорныя бровы, што сыходзіліся ля пераносся, надавалі твару сапраўды выгляд малпы, а не чалавека.

На ім была старая шарачковая світа, чорныя порткі, на нагах — лапці, даволі яшчэ новыя.

На галаве ў яго была нейкая старая сіняя шапка без брыля, з шырокімі навіслымі палямі. Было такое ўражанне, што чалавек накрыў сваю галаву анучай.

Вось ён знік за белымі стваламі бяроз, і Мікола нібы ачнуўся ад здранцвення, ад гэтага відовішча — жывога прывіда. Такіх людзей яму ніколі не даводзілася бачыць…

— Дзіва… Як гэта ён ходзіць адзін і не саб'ецца з дарогі, са сцежкі? Зусім сляпы чалавек…

Анюта ж была зусім другой думкі.

— Мне здаецца, ён не такі ўжо стары і сляпы. І наогул… мне ён не падабаецца, я баюся такіх старцоў,— сказала і аж сцепанулася ўся, быццам ёй стала холадна.

«Вядома — дзяўчынка, яна ўсяго баіцца, нават у Мокрым Лозе ёй страшна», — вырашыў у думках Мікола. Яны ўжо ступілі на мяккую тарфяную муражыну, дзе сям-там віднеліся чорныя, як ад выбухаў, рваныя яміны. Пачаліся расцяробы…

Поделиться с друзьями: