Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
— А вам па якой справе? — калі ўжо хлопцы наважыліся ісці, нібы між іншым пацікавіўся пісар.
— Па асабістай… Сакрэт, — першы, нібы хто яго цягнуў за язык, выпхнуўся наперад Алесь.
— Не па асабістай, а па дзяржаўнай, — нядобра зірнуў на сябра Мікола.
— О-о! Калі па дзяржаўнай, то пачакайце… Я вось яму такія-сякія паперы перапісваю. Тэрмінова, казаў. Значыць, хутка будзе… У-унь там пасядзіце, пад ліпаю.
На падворку пад кучаравай ліпаю ляжала на двух укапаных у зямлю слупках даволі вялікая дошка, пафарбаваная ў зялёны колер. Хлопцы селі з краю і пачалі чакаць.
Двор вялікі, увесь у зеляніне; густыя бэзавыя кусты купкамі абляпілі будыніну; трава ўсюды парасла такая, што хоць касі яе.
— Чаму іх не высеклі, кусты гэтыя? — успомніўшы, як гады тры назад з-за бэзавых кустоў быў забіты з кулацкага абрэза старшыня сельсавета, пачаў гаворку Алесь. — За імі ж лёгка бандзюку якому схавацца ды зноў…
— Цяпер ужо адпала такая небяспека…
— А ў Тупіка ж стралялі…
— То ў лесе. Цяпер яны сюды не сунуцца, па носе атрымаюць. А вунь і Сняжок! — аж загарэліся вочы ў Міколы, калі ён убачыў, як з-за высокага паркана, што ахінаў гэтае селішча — а было на двары аж пяць будынін, — выехаў Тупік на сваім беласнежным кані. Участковы таксама ўбачыў хлопцаў і пад'ехаў адразу да іх, асадзіў каня.
— Здарова, гвардыя! — узняў ён пад казырок правую руку з нагайкай і лоўка саскочыў з каня. — Бачу, што мяне чакаеце, гэтак?
— Анёш! — зноў заскочыў наперад Алесь. — А мы ўчора бачылі нейкага сляпога старца і… вінтоўка яшчэ…
— У каго вінтоўка? У старца? — чамусьці, зусім не здзіўляючыся такой важнай, на думку хлопцаў, навіне, абыякава спытаў міліцыянер.
Алесь зноў затараторыў:
— Ды не, не ў старца… Вінтоўку мы знайшлі пад падлогай у аборы. І яшчэ там у скрынцы былі патроны да вінтоўкі. Многа патронаў, блішчастыя…
— Бач ты! — цяпер ужо здзівіўся Тупік, прысаджваючыся да хлопцаў. А павады аброці адпусціў. Сняжок жа — ні з месца, стаіць сабе, стрыжэ вушамі, нібы слухае гамонку.
Мікола падышоў, узяў за аброць, гладзіў яго тугую гладкую шыю, частаваў цукрам, якога сёння ўзяў нямала, слухаў Алесеву размову з Тупікам і думаў, што з Алесем яму здорава пашанцавала: такога гаваркога, адкрытага таварыша яму акурат бракавала ўвесь час, бо сам ён сарамяжлівы, не любіць мнагаслоўя, ніколі не вытыркаецца наперад. Іншых жа людзей заўсёды слухае ўважліва. Яго пры гутарцы ўвесь час, як людзі казалі, трэба цягнуць за язык.
І раптам, як стрэл, над галавой прагучалі на дзіва спакойныя словы міліцыянера:
— То не старац, брацішкі, то так замаскіраваўся Зыгмусь, сынок пана Гурэцкага! Уцякалі яны, дык старога падстрэлілі, як курапатку, а малады, бач, збег… І вінтоўку ён, відаць, прыхаваў, па яе прыходзіў. Што вы перахавалі — гэта добранька. Ды вось толькі думаецца мне — не адна яна ў яго прыхавана, як бы той Зыгмусь зноў не ўздумаў старых сяброў шукаць…
«І адкуль ён усё ведае? — дзівіўся Мікола. — Яго нічым не здзівіш…»
Мікола як трымаў каня за аброць, так і падышоў разам з ім.
— Можна, мы будзем усё-ўсё вам гаварыць, — нясмела пачаў ён, але Тупік перапыніў яго.
— Не можна, а трэба! Абавязкова трэба, брацішкі! Будзеце маімі разведчыкамі! — паклаў ім на галовы моцныя свае далоні Тупік. — Ваша інфармацыя, аказваецца, лепшая і найбольш поўная, чым усе іншыя…
І хоць ім не асабліва што гаварыла мала зразумелае слова «інфармацыя», але яны добра ўсведамлялі, што быць разведчыкамі ў такога паважанага чалавека, як Тупік, — гэта ўжо вялікі гонар. І вялікая адказнасць…
— А з вінтоўкай будзьце асцярожны, брацішкі, няхай яна пакуль паляжыць, я хутка там буду, і мы разам прыдумаем, як нам далей дзейнічаць…
Нечаканае адкрыццё
— А ты, Мікола, завядзі каня ў лужок ды спутай яго там, — бачачы, што Мікола ні на хвіліну не выпускае з рук аброці і ўсё любуецца Сняжком, папрасіў яго Тупік, на вялікую радасць хлопцу: яму ўжо даўно карцела пабыць з канём без гаспадара ды павучыць яго падыходзіць на свіст. У кішэні мулялі тры драбкі цукру. Гэта, мабыць, ведаў і Сняжок, бо ўсё цягнуўся пысай да кішэні і фыркаў.
Тупік зняў сядло, аброць, занёс усё гэта ў сваю прыбудову і выйшаў з новенькім пяньковым путам. Конь жа і без аброці стаяў, быццам навязаны.
— Што, не ведаеш, як завесці каня на лужок? — убачыўшы Міколаву разгубленасць, спытаў Тупік. — А ты пакажы яму цукар і ідзі сабе паціху… — ён засмяяўся. — Ве-едаю, брацішка, што ў тваёй кішэні ёсць тая прынада. Бач, як мой цыркач пысай цягнецца! Ен і сапраўды цыркач, упэўнішся ў гэтым…
І пасля хлопцы аж дзівіліся, як конь, нібы той сабака, ішоў следам, цярпліва чакаючы пачастунку, і ціха раз-пораз пахропваў, прасіў.
Лужок, або — выган, быў побач з вёскай, у нізінцы, зарослай лазняком і альхоўнікам. Там ужо хадзіла некалькі аднаасобніцкіх коней, з якіх адзін быў дужа цікавы — пярэсты. Белыя і жоўтыя плямы на ўздутых баках і крупе, падсвечаныя зыркім сонцам, дужа ж нагадвалі карову, і толькі густая грывастая шыя і бязрогі лоб сведчылі аб тым, што гэта ўсё ж конь. Хлопцы аж спыніліся, залюбаваліся.
— Дзіва нейкае! — ухмыльнуўся Алесь. — Помесь каровы і каня, далібог! Помніш, мы чыталі пра розныя цуды прыроды…
Мікола дастаў з кішэні кавалачак цукру.
— Ну, Сняжок, што ты можаш нам паказаць, калі ты цыркач?
Ён высока, як мог, узняў угору той цукар і паціху пачаў пасвістваць. Конь падышоў і выцягнуў губы трубачкай. Мікола і ўкінуў у тую трубачку цукар. Сняжок пачаў хрумстаць і хітаць галавою.
— Гэта ўжо было! — махнуў рукою Алесь. — І ніякі ён не цыркач, за цукар любы падзякуе… От путай хутчэй, ды пойдзем дадому. Мне ўжо есці хочацца.
— Я яго спутаю унь там! — паказаў Мікола на невысокі каржакаваты дубок, што стаяў на краі лужка, і колькі было моцы кінуўся туды.
Конь паглядзеў яму ўслед, але не крануўся з месца, а пачаў скубці траву. І тады Мікола свіснуў у два пальцы, гучна паклікаў: «Сняжок! Сняжок!..»
Конь узняў галаву, бліснуў бялкамі вачэй, раздзьмуў ноздры і спакваля пайшоў на той кліч і новы свіст Міколкі. З кожнай хвілінай усё шпарчэй і шпарчэй. І вось ужо ён пабег, пусціўшы пушысты хвост па ветры, спярша трухам, а потым наўскач. Дагнаў Міколу і выцягнуў шыю — дай цукру!
Гэтая гульня спадабалася абодвум. Некалькі разоў Мікола адбегаўся і такім чынам клікаў Сняжка, і кожны раз той прыбягаў. Нават на першы свіст. Зрываецца з месца і галопам імчыць да свайго малога дрэсіроўшчыка…