Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— Гэй, вы! — гарлаў тым часам Джордж-а-Грын. — Чаго стаіце там, сярод поля, і лясы точыце? Сыдзіце з пшаніцы! Вяртайцеся на дарогу!

— Што я чую? — закрычаў яму Робін Гуд. — Ты думаеш, грубіян, мы дазволім табе ўказваць нам? Клянуся, зараз мы адсячом табе вушы!

Робін Гуд агаліў меч і рынуўся на Джорджа-а-Грына. Маленькі Джон з Уілам Скарлетам памчаліся за ім, на хаду размахвалі стальнымі клінкамі і крычалі:

— Ага, правільна, правільна, гаспадар! Адрэжам начыста гэтаму шэльму вушы!

Джордж-а-Грын паспешліва павярнуўся і зрабіў вялікі скачок убок. Але не, ён не ўцякаў. Ён спяшаўся да тоўстага цёрну. Там прытуліўся спінай да шырокага камля і ўпёрся нагой у вялікі камень. Бліснуў у паветры меч, выцягнуты з ножан, круглы шчыт прыкрыў яму грудзі. Джордж-а-Грын быў гатовы адбіваць напад. Трое накінуліся на яго. Пад імгненныя ўдары іх стальных клінкоў Джордж-а-Грын таксама імгненна падстаўляў свой шчыт. Яму часам нават удавалася нанесці ўдар у адказ, і не раз ён быў вельмі блізкі да таго, каб адплаціць разбойнікам тым жа, чым яны пагражалі яму. Неўзабаве Робін Гул пераканаўся, што пастух-заганяты добра валодае зброяй.

— Апусці долу меч, — тут сказаў Робін Гуд,— А свае мы схаваем у ножны. Пастуха не страчаў я такога, як тут, На мячах гэтак б’ецца не кожны.

Бой спыніўся. Джордж-а-Грын з задавальненнем перавёў дух і абапёрся на меч, каб адпачыць. Але ні на міг не спускаў вачэй з гвалтаўнікоў і ў любы момант гатовы быў зноў абараняцца.

— Паслухай, заганяты, — сказаў яму Робін Гуд, — хлопец ты што трэба. Такія, як ты, мне даспадобы. Пойдзеш да нас?

— Куды гэта? — пацікавіўся Джордж-а-Грын.

— У наш слаўны Шэрвудскі лес. Там на лясных палянах мае малайцы палююць на аленяў і цешацца вольным жыццём.

— Хто ты?

— Я — Робін Гуд.

Джордж-а-Грын хуценька схаваў у ножны меч, адкінуў ад сябе шчыт, падышоў і паціснуў працягнутую яму Робін Гудам руку.

— Я з вамі,— сказаў ён рашуча. — He адзін дзень ужо хачу стрэцца з табой, каб зажыць вольным, незалежным жыццём. Вазьмі мяне ў свой атрад.

— Бяру, — весела сказаў Робін Гуд. — А хлопцы гэтыя, Маленькі Джон і Уіл Скарлет, будуць тваімі таварышамі.

— А-а… Маленькі Джон… — Джордж-а-Грын падаў руку велікану. — Я пачаў ужо здагадвацца, хто ты такі. Калісьці бачыў цябе ў Вэйкфілдзе, яшчэ да таго, як ты падаўся ў лес.

Маленькі Джон і Уіл Скарлет моцна паціснулі свайму новаму таварышу руку, а потым разам селі пад вялікім цёрнам, каб падсілкавацца. Джордж-а-Грын дастаў са сваёй дарожнай сумкі хлеб, ялавічыну, эль.

Калі яны паелі, Робін Гуд падняўся з травы і сказаў сябрам:

— Пасядзіце тут і пасачыце за дарогай. А я прайду крыху далей. Калі нічога цікавага не сустрэну, вярнуся да вас.

— А калі ў нас нічога не будзе цікавага, што нам рабіць? — спытаў Маленькі Джон.

— Што ж, тады даганяйце мяне, — адказаў Робін Гуд.

Маленькі Джон, Уіл Скарлет і Джордж-а-Грын засталіся пад цёрнам, а Робін Гуд пакрочыў па бальшаку. Праз дзве мілі яго пераразала палявая дарога. Робін стаяў на скрыжаванні даволі доўга. Нарэшце на палявой дарозе паказаўся чалавек у жабрацкіх лахманах. Ён ішоў роўным, рашучым крокам. Робін Гуд пільна ў яго ўглядаўся.

«Клянуся, чалавек гэты ідзе смела і трымае ў руцэ добры сук ад дзікай яблыні,— падумаў Робін Гуд. — Людзі кажуць, што такія бадзягі-старцы нярэдка падбіраюць усё, што дрэнна ляжыць, і можна знайсці каштоўныя рэчы і ў іхніх брудных торбах. Зараз я з ім пабалакаю».

Робін Гуд стаяў пасярод палявой дарогі. Жабрак заўважыў яго, але ішоў усё тым жа роўным, шырокім крокам — ні шпарчэй, ні павольней. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым ясней рабілася, што мець з ім справу небяспечна. Лахманы яго развяваліся ад ветру, і цераз шматлікія прарэхі віднеліся загарэлыя дужыя рукі і ногі. Падраны плашч быў скрозь у латках усіх колераў вясёлкі. На галаве ў яго былі адразу тры патрапаныя і сплюшчаныя капелюшы адзін на адным. Вялікая скураная сумка матлялася на сырамятным раменьчыку, перакінутым цераз шыю.

— Спыніся, прыяцель, — сказаў Робін Гуд. — Спыніся, і давай пагаворым.

Жабрак і вухам не павёў, зрабіў выгляд, што ні слова не пачуў. Ішоў, не запавольваючы хады.

— I ўсё-такі давядзецца табе спыніцца, — сказаў Робін Гуд і перагарадзіў дарогу.

— Далібог, у мяне няма ахвоты слухаць цябе, — буркнуў жабрак. — Мне, скажу я табе, яшчэ далёка ісці, і не хочацца прыходзіць у начлежны дом позна, бо вячэру ўжо ўсю паядуць. Уяўляеш, які будзе ў мяне выгляд, калі ў жываце будзе пуста да раніцы?

— Нядобра, што ты клапоцішся пра тое, каб самому павячэраць, а пра другіх не думаеш, — сказаў Робін Гуд. — А як наконт маёй вячэры? Пазыч мне трохі грошай, і я мігам злятаю ў бліжэйшую карчму.

— Грошай! — закрычаў жабрак. — У мяне няма грошай, каб табе пазычыць. А каб нават і былі, я табе і медзяка не даў бы. Гадамі ты не старэйшы за мяне, і здароўе ў цябе не горшае. Так што прэч з дарогі, сам здабывай сабе на харч! Калі ты думаеш, што будзеш есці хлеб за мае грошы, дык у цябе і крошкі ў роце не будзе ўсе наступныя дванаццаць месяцаў. За гэта я табе галавой ручаюся.

— Ну і дзёрзкі ж ты на язык! Знімай сваю торбу, жабрак, я сам пагляджу, што ў ёй ёсць! Развязвай завязкі, a то разарву вось гэтай рукой. Калі там маецца хоць адзін медны грош, дык я хачу на яго зірнуць.

— Без прадаўца няма купца, — усміхнуўся жабрак. — А што будзе, калі я цябе не паслухаюся?

— Як не паслухаешся? — павысіў голас Робін Гуд. — Толькі паспрабуй заўпарціцца і падняць шум, і я ўраз зраблю дзіравай тваю жабрацкую шкуру.

— Лепш прапусці мяне, — сказаў жабрак са злавеснай усмешкай. — Мне не страшны твой лук і твае тоўстыя стрэлы. Папярэджваю, ад мяне ты нічога не даможашся, акрамя непрыемнасцей.

Робін Гуда апанавала злосць. Ён хуценька ўскінуў лук і паклаў вялікую стралу на цеціву. Але жабрак на імгненне апярэдзіў яго і нанёс такі ўдар сваім суком, што і лук, і тоўстая страла разляцеліся на дробныя кавалкі.

Робін Гуд схапіўся рукой за эфес мяча. Але зноў узняўся вялікі сук і ўдарыў па костачках пальцаў. Рука ў Робін Гуда адразу анямела, і ён не змог выцягнуць з ножан меч. Праз імгненне трэці раз апусціўся тоўсты яблыневы сук — цяпер ужо на галаву разбойніка. Хрась! — і Робін Гуд распасцёрся на зямлі. А бясстрашны жабрак абапёрся на сваю кульбу і пачаў насміхацца з беднага Робін Гуда.

Поделиться с друзьями: