Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— А тры сотні золатам, якія я абяцаў? — ледзь не задыхнуўся ад нечаканасці шэрыф.

— Грошай мне не трэба, — пачуўся адказ.

Шэрыф здзіўлена вылупіўся на конскую галаву, у вачах у яго мільганула хітрая ўсмешка. «Сэр Гай няйначай з розуму крануўся ці д’яблу душу аддаў. Я дазволю яму забіць разбойніка, а грошы пакладу сабе ў кішэню». Акрамя самога сябе шэрыф любіў яшчэ толькі адно — грошы, і таму паспешліва згадзіўся.

Чалавек у конскай шкуры падышоў і спыніўся непадалёку ад прывязанага да дрэва волата.

— Сапраўдны асілак! — прамовіў ён.

Маленькі Джон адразу пазнаў голас Робін Гуда і ледзь прыкметна здрыгануўся.

I тут конская галава крыху прыўзнялася, быццам сэр Гай Гізбарн хацеў лепш разгледзець славутага разбойніка. Маленькі Джон, вокам не маргнуўшы, уставіўся ў знаёмы твар — твар свайго сябра — і ціхенька сказаў:

— Нябёсы пажадалі вызваліць мяне з няволі.

— Важака я забіў вось гэтым мячом, а прыслужніка яго закалю нажом, — сказаў чалавек у конскай шкуры і дастаў з-пад яе доўгі нож з вострым лязом.

Усе — і шэрыф, і яго людзі — шчыльна абступілі ўяўнага сэра Гая, але той замахаў рукамі:

— Адыдзіцеся, адыдзіцеся, далей, далей! Чалавек гэты павінен памерці, і я адзін выслухаю яго апошнія словы і жаданні.

Сэр Гай падышоў да палоннага. Нож замільгаў у яго руках. Неўзабаве вяроўкі апалі, і Маленькі Джон апынуўся на волі. Робін Гуд імгненна перадаў яму лук і стрэлы сэра Гая, а сам з-пад конскай шкуры выхапіў свой лук. He паспелі шэрыф і яго людзі і пальцам варухнуць, як на іх пасыпаліся стрэлы разбойнікаў. Маленькі Джон крычаў грамавым голасам:

— Гуд! Гуд! Робін Гуд!

Конская галава адкінулася назад, і паказаўся твар, але не сэра Гая Гізбарна. Нехта з шэрыфавых людзей загарлаў:

— Сам Робін Гуд! Засада! Засада! Уцякайма, хлопцы, a то канцы нам будуць! — З перапуду ён падумаў, што на іх напала ўся разбойная шайка. Астатнія таксама гэтак падумалі, і ўвесь вялікі атрад лучнікаў і кап’ёўшчыкаў кінуўся ўцякаць ад двух дужых і спрытных стралкоў. А дзе ж іхні начальнік — шэрыф? Ён першы даў драла і шалёна гнаў каня наўскач як найдалей ад небяспекі.

Лук сэра Гая Джон узяў З калчанам добрых стрэл. Калі тугі ён лук згінаў, Шэрыф збялеў, як мел. У жаху ў Нотынгем назад Каня пагнаў як мог, За ім увесь яго атрад З усіх пусціўся ног.

Але шэрыф усё ж не пазбег кары. Маленькі Джон прыцэліўся, і тоўстая страла загула, засвісцела ў паветры і ўваткнулася ў правае плячо ўцекача. Шэрыф застагнаў ад болю і, праклінаючы той дзень і гадзіну, калі вырашыў цвёрдай рукой раз і назаўсёды пакончыць з Робін Гудам, памчаўся ў Нотынгем.

Раздзел дзесяты

Робін Гуд у гарбара

Жыве гарбар у Нотынгеме спрытны, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! Артур-а-Бленд яго зваць. Усе, сказаць шчыра, у Нотынгемшыры Баяцца яго узлаваць. З дубінай тоўстай на плячы шырокім, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! Ідзе гэтак смела сабе. Хто ўбок не адыдзе, з дарогі не сыдзе, Таго з яе палкай саб’е. Пайшоў аднойчы з Нотынгема уранні, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! У лес каралеўскі Шэрвуд — Зірнуць на аленяў хаця б на імгненне, I стрэўся яму Робін Гуд.

У горадзе Нотынгеме ўсе ведалі, хто самы спрытны баец на дубінах, тут не было дзвюх думак. Калі хто-небудзь чужы прыходзіў у горад і выклікаў нотынгемцаў на паядынак, тыя толькі хітра пасмейваліся і выстаўлялі супраць прышлага Артура-а-Бленда. Чалавек пакідаў Нотынгем з памятымі рэбрамі, Артур-а-Бленд жа вяртаўся да сваёй будзённай справы — вырабу валовых скур. I такая вялікая была ў яго слава, што толькі людзі з далёкіх мясцін паддаваліся ўгаворам паспаборнічаць з ім. Усе мясцовыя асілкі спазналі ўжо страшную сілу яго тоўстага кія і без бою аддавалі яму першае месца.

Артур-а-Бленд быў цудоўны гарбар, усёй душою адданы свайму рамяству. Але ён вельмі любіў зялёную раскошу лесу, і часта, калі скроб валовую скуру ці намочваў дубільную кару, думкі яго адляталі далёка ад бруднага чана і пераносілі ў прыемныя глыбіні лесу з іх азоранымі сонцам палянамі, дзе водзяцца плямістыя высакародныя алені, якія імкліва прабягаюць пад цяністымі шатамі магутных дубоў.

Аднойчы прыгожым летнім ранкам ён кінуў працу і вырашыў — хай будзе, што будзе, — правесці гэты цудоўны дзень у зялёным лесе, каб палюбавацца на дзікіх аленяў, насыціцца вольным жыццём пад адкрытым небам, па якім ён ужо даўно сумаваў. Ён узяў лук, стрэлы і вялікую дубіну, без якой ні на крок не адлучаўся з дому, і падаўся ў Шэрвудскі лес.

Дзень выдаўся спякотны. Артур-а-Бленд амаль тры гадзіны гуляў па лесе, усё глыбей і глыбей забіраючыся ў яго. Ён ужо крыху прытаміўся, таму прылёг адпачыць на імшысты грудок пад купкай ляшчынніку. Нечакана перад яго вачамі паўстаў цудоўны малюнак: па паляне да яго набліжаўся статач зграбных плямістых аленяў.

Артур не адрываў ад аленяў вачэй. Вецер дзьмуў збоку статка, і алені не чулі чалавека. Вялікі важак-пяцігодак ішоў наперадзе статка, і пальцы Артура засвярбелі. Яму захацелася зняць шкуру з гэтага цудоўнага самца. Ён прыладзіў цеціву да лука, паклаў на яе стралу і пачаў крадком падбірацца бліжэй да аленя.

Але Артур-а-Бленд не ведаў, што рослы, моцнага складу чалавек, апрануты ва ўсё ярка-зялёнае, уважліва сочыць за кожным яго рухам. Гэта быў Робін Гуд.

Спачатку Робін Гуд прыняў яго за аднаго са сваіх людзей, але скураная куртка з капюшонам падказалі яму, што ён памыляецца.

— He разумею, хто гэта можа быць, — прамармытаў Робін Гуд. — He з маіх людзей і не ляснік. Чаго ён прыйшоў сюды, у гэты лес? Падумаць толькі, гэты нягоднік спакойна цэліцца ў аднаго з нашых самых прыгожых аленяў!

Сказаўшы «нашых» аленяў, Робін Гуд меў на ўвазе самога сябе і караля, бо быў у лесе сапраўдны гаспадар і лічыў, што мае на яго і на ўсё, што тут ёсць, такія ж правы, як і кароль. Таму ён адразу схапіўся за зброю, калі ўбачыў, што нехта цэліцца з лука ў важака статка. Ён рушыў да незнаёмага і на хаду закрычаў:

— Хто ты, дзёрзкі малойчык? Чаго ты бадзяешся тут? Ў Шэрвудскі лес, як злодзей, залез I хочаш забіць гэткі цуд.

Артур-а-Бленд уважліва аглядаў чалавека, які падыходзіў да яго.

Поделиться с друзьями: