Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

«Гэта не ляснік, — разважаў ён, — я іх усіх да аднаго ведаю. А раз ён не ляснік, дык і баяцца няма чаго», — а ўголас сказаў:

— А сам ты хто такі, што гэтак грозна крычыш?

— Я ахоўнік лесу, — адказаў Робін Гуд. — Сцерагу аленяў для караля і для сябе. Таму я не дазволю табе тут паляваць.

— А дзе астатнія? — спытаў Артур-а-Бленд.

— Якія астатнія? — не зразумеў Робін Гуд.

— А тыя, без каго ты не перашкодзіш мне рабіць, што захачу, — шырока ўсміхнуўся Артур-а-Бленд.

Запальчывага Робін Гуда ўзяў за жывое дзёрзкі намёк незнаёмца, быццам ён адзін не справіцца з ім.

— He, — сказаў Робін Гуд, — ніхто мне больш не патрэбны. He выпрабоўвай маю цярплівасць, прыяцель, a то раскалю твой чэрап за такую дзёрзкасць.

Але чалавек не спужаўся, толькі яшчэ шырэй усміхнуўся.

— Паслухай, шаноўны ахоўнік лесу, — сказаў ён, — ты маеш меч і лук, але навошта нам небяспечная гульня? Вунь ляжыць на траве, там, дзе ты стаяў, дубіна. Вазьмі яе, а я вазьму сваю, і паглядзім, хто каго.

— Яна мне паслужыць не горш за меч або лук. Я адаб’ю ў цябе ахвоту совацца ў гэты лес, — і Робін Гуд пайшоў па сваю дубіну.

Ён адшпіліў рэмень, паклаў на зямлю меч і побач з ім лук, узяў у руку свой цяжкі дубовы кій і стаў перад гарбаром.

Артур-а-Бленд падняў дубіну для замаху. Робін Гуд адразу зразумеў, што перад ім умелы праціўнік.

— Пачакай хвілінку, — сказаў ён. — Біцца будзем сумленна — у славу добрай старой Англіі! Мая палка, здаецца, даўжэйшая за тваю. Давай памераем, і я крыху пакарачу сваю, каб дужацца як роўным.

— He чапай ты сваю палку, хай застаецца, як ёсць, — безуважна ўсміхнуўся Артур-а-Бленд. — Я і гэткай аддубашу цябе як след. Добры дубовы сук даўжынёй восем з палавінай футаў бычка адным ударам зваліць, а цябе і пагатоў.

Пачуўшы такое, Робін Гуд ускіпеў. Маланкай мільгануў у паветры яго кій. Артур-а-Бленд не зусім удала адбіў удар, кій зачапіў галаву, і на ёй паказалася кроў. Гарбар адказаў імгненным, хітра нацэленым ударам. Робін Гуд не паспеў адхіснуцца, і на галаве ў яго таксама выступіла кроў. Так яны паквіталіся адзін з адным.

Спрытны ўдар і такі ж спрытны адказ паслужылі добрым урокам абодвум. Кожны з іх зразумеў, што перад ім упарты і хітры баец, і цяпер яны ўжо сталі біцца больш асцярожна. Яны рабілі падманныя выпады, наносілі ўдары і контрудары, адбівалі іх — толькі і чуўся стукат і грукат, калі тоўстыя дубовыя кіі сустракаліся ў паветры.

Артур-а-Бленд спадзяваўся атрымаць чарговую лёгкую перамогу, бо звычайна ніхто ў паядынку на дубінах не мог пратрымацца супраць яго больш за пяць хвілін. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэты ахоўнік лесу — самы ўпарты праціўнік з усіх, з кім яму калі-небудзь даводзілася скрыжоўваць дубіну.

Робін Гуд таксама пераканаўся, што чалавек у скураным адзенні — спрытны праціўнік. Робін ужываў супраць яго ўсялякія хітрыя прыёмы — усе, якія толькі ведаў, але баец гэты ведаў такія, што яго дубіна яшчэ не раз і не два даставала Робін Гуда, а сам ён ні разу не дакрануўся сваім кіем да скураной курткі, хоць і прыкладаў увесь свой спрыт і сілу, імкнучыся да перамогі.

Кружылі вакол адзін аднаго, Як дзікі ля ахвяры сваёй, I кожны ўдар Робін Гуд і гарбар Наносілі з сілы усёй. Дубінамі біліся доўга яны — Мо дзве гадзіны запар, Аж у лесе гуло, і рэха пайшло, I пот заліваў увесь твар.

Нарэшце гэтыя вартыя адзін аднаго ваякі разышліся, страшэнна стомленыя, абаперліся на свае дубіны і прагна хапалі ротам паветра. Пот ручаямі цёк па іх тварах.

— Кінем дубіны, добры маладзец, — сказаў Робін Гуд. — Давай памірымся, a то пакалечым адзін аднаго дарэмна. Я дазваляю табе свабодна гуляць па Шэрвудскім лесе.

— Вялікі дзякуй, — засмяяўся Артур-а-Бленд, — але сваёй свабодай я абавязаны не табе, а вось гэтай дубіне.

— Чым ты займаешся, адкуль ты? — весела спытаў Робін Гуд. — Давай пазнаёмімся лепш.

— Гарбар з Нотынгема я, — Артур сказаў,— Дубільню там маю сваю.

Прыходзь да мяне, прадублю я табе Задарам шкуру тваю.

— Кідай свой чан, — сказаў яму Робін Гуд. — Ідзі лепш да мяне ў наш зялёны лес. Клянуся, я ніколі яшчэ не сустракаў больш спрытнага і храбрага чалавека, акрамя, вядома, Маленькага Джона.

— Маленькі Джон, ты сказаў? — усклікнуў Артур-а-Бленд. — Здаецца, я пачынаю разумець, хто гэтак зацята біўся са мной на дубінах. Як цябе завуць?

— Я — Робін Гуд, — пачуў ён адказ.

— Няхай заб’е мяне гром! — закрычаў гарбар. — Гэта ты, атаман разбойнікаў, што гуляюць па Шэрвудскім лесе? Душой я даўно ўжо з вамі, і вось табе мая рука. Мяне завуць Артур-а-Бленд. Я назаўсёды разам з вамі.

— Вітаю цябе, Артур-а-Бленд, і з радасцю прымаю да нас, — сказаў Робін Гуд, калі яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.— Ты вялікі майстар арудаваць дубінай не горш за Маленькага Джона.

Артур папрасіў:

— Скажы мне хутчэй, дзе Маленькі мой Джон, Мне радасць ад слова твайго, Мы па маці радня, і чакаю я дня, Калі зноўку убачу яго.

— Ты хочаш стрэцца з Маленькім Джонам? — спытаў Робін Гуд. — Дык зараз убачыш яго, бо мой верны паплечнік ніколі не адыходзіцца далёка ад свайго ата мана.

Робін Гуд паднёс да рота ражок, і працяглыя высокія гукі прарэзалі паветра. Неўзабаве між дрэў замільгала вялікая постаць чалавека, які паспешліва бег да іх.

— Што здарылася, атаман? — закрычаў Маленькі Джон, спыніўшыся перад Робін Гудам. — Меч твой і лук валяюцца на зямлі, а ты стаіш, абапёршыся на дубіну. Насупраць цябе таксама стаіць нехта з дубінай. Відаць, табе добра папала. — Апошнія словы Маленькі Джон меў поўнае права сказаць, бо твар Робін Гуда ўвесь быў у запечанай крыві.

Робін Гуд засмяяўся і сказаў:

— Я ціха стаю. Ён прымусіў мяне — Вось гэты гарбар-прайдзісвет. Хлапец не прастак, на ўсе рукі мастак, Прадубіў маю скуру як след.

— Хвала яму за тое, што ён такі спрытны і дужы баец! — сказаў Маленькі Джон. — Але яму не ўдасца вырабіць добрую скуру з майго атамана, бо глядзець збоку я не буду. Калі ён такі майстар, няхай паспрабуе зрабіць гэта з маёй.

— He, не! — запярэчыў Робін Гуд. — Калатні ўжо было досыць. Да таго ж ганебная справа — бойка паміж сваякамі. Бо, калі я правільна зразумеў, гэты добры рамеснік кроўны твой родзіч. Завуць яго Артур-а-Бленд.

Поделиться с друзьями: