Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Двое выратаваных павялі яго і Уіла Ст’ютлі далей. За правадніка быў сын млынара Мач. Дзве гадзіны яны шпарка ішлі па лесе, і хоць нідзе не было нават і следу сцежкі, Мач вёў іх па палянах і скрозь гушчары, як па гасцінцы.
Нарэшце ён спыніўся на невялікай прагаліне пад магутным дубам і ціхенька затрубіў у ражок, што вісеў у яго на поясе. Адразу пачуўся гук ражка ў адказ, і Мач пайшоў далей. Праз трыста ярдаў маленькі атрад выйшаў на высечку ў зарасніку вастраліста і ляшчыны, які густа ўкрываў падножжа каменнай сцяны. Тут падарожнікаў аклікнулі. Пачуўшы ў адказ голас Мача, са сховішча паказаліся вартавы і з ім паўтузіна малайцоў з лукамі і стрэламі на цецівах — вось якая грозная сустрэча чакала б ворага або чужынца.
У лагеры разбойнікі сустрэлі сваіх таварышаў радаснымі крыкамі, бо да іх ужо дайшла вестка пра палон Мача і яго спадарожніка.
— Мач і Уот вярнуліся жывыя! — крычалі яны. — Малайцы, малайцы, адважныя хлопцы! Як вы вызваліліся з лап лясных аўчарак?
— Паслухайце, сябры, — узвысіў голас Мач. — Нас выратаваў вось гэты юнак. Я прывёў сюды, у наш лагер, самага лепшага і храбрага стралка з лука. Такіх людзей я ніколі яшчэ не бачыў.— I ён расказаў усё, як было. Разбойнікі яшчэ раз падзякавалі Робін Гуду за вызваленне іх таварышаў.
Змерклася. Усе паселі вакол вялікага вогнішча і пачалі вячэраць смажаным мясам забітага яшчэ раніцай аленя, запіваючы тлустую дзічыну элем.
Раптам сярод вясёлага смеху і шумнай гаворкі пачуўся голас Мача Млынарова сына:
— Сябры, вы памятаеце: учора вечарам мы вырашылі абраць сабе правадыра, каб у нас быў парадак.
— Ага, — падхапіў мажны вясковец, — і выбар наш спыніўся на табе, даражэнькі.
— Цяпер не мне выпадзе гэты гонар, — адказаў Мач, — бо сёння я, Мач, сустрэў больш вартага чалавека і аддаю свой голас і слова за Робін Гуда.
— Я таксама! — выгукнуў Уот. — А калі хто адважыцца мне пярэчыць, умомант адчуе на сваёй спіне цяжар маёй яблыневай палачкі! — Уот падняў угору тоўстую шасціфутавую [2] дубіну з жалезным набалдашнікам і пачаў круціць ёю над галавой, нібы сапраўды маленькую палачку.
Але адзін чалавек, смуглявы, рослы дзяцюк, запярэчыў:
— Здаецца, мы дамовіліся абраць правадыром самага меткага стралка.
— Правільна, — адказаў Мач. — Але канчатковай згоды не было. Вось і добра. Вунь сядзіць самы лепшы стралок ва ўсёй старой добрай Англіі,— ён паказаў на свайго збавіцеля.
2
Фут — мера даўжыні, роўная 30,48 см.
— А як ён гэта дакажа, — прабурчаў высокі разбойнік.
Тут умяшаўся сам Робін Гуд.
— He, Мач, — сказаў ён, — гэтак я не згодзен. Такі гонар трэба заслужыць. Вы праўда вырашылі паставіць над сабой самага меткага стралка?
— Ну, я ж казаў. А каго ж яшчэ?
— Дык няхай так і будзе, — сказаў Робін Гуд. — Заўтра раніцай мы ўсе да аднаго пусцім свае стрэлы ў цэль, і самы меткі будзе пераможцам.
— Згода! Згода! — у адзін голас закрычалі разбойнікі, і высокі хлопец, Джон Форд, таксама.
Пасля вячэры ўсе захуталіся ў плашчы і палеглі спаць каля вогнішча.
Раніцай, не марудзячы, узяліся за спаборніцтва. На залітым сонцам лужку паставілі цэль, у якую яны звычайна стралялі, каб набіць руку, і прапанавалі Робін Гуду першым паказаць сваё майстэрства — трапіць у самую сярэдзіну. Але ён адмоўна пакруціў галавой:
— Якое ж гэта выпрабаванне? Амаль кожны пападзе ў такую цэль, і будзе некалькі пераможцаў. Уяўляеце, якая спрэчка пойдзе? He, не, патрэбна цэль, каб адразу ўсё стала ясна.
— Сам і зрабі, Робін Гуд, — параіў яму Джон Форд, які лічыўся самым лепшым стралком і таму спадзяваўся стаць верхаводам.
— Ну што ж, добра, — сказаў Робін Гуд, — калі толькі ніхто не пярэчыць.
— Ніхто! Ніхто! — дружна закрычалі разбойнікі.— Зрабі цэль, Робін Гуд!
Робін сарваў некалькі маладых галінак з лісточкамі і некалькі лясных кветак і сплёў маленькі вяночак. Ён папрасіў Уіла Ст’ютлі павесіць яго на сук дуба, што рос у самым канцы лужка.
— Ну вось, усё гатова, — сказаў Робін. — Пераможа той, чыя страла трапіць усярэдзіну вянка і не зачэпіць ні лістка, ні пялёстка.
Усе разгублена пераглянуліся.
— А хто гэта можа разгледзець такую маленькую дзірачку? — усклікнуў нехта. — Трэба мець арлінае вока, каб пацэліць.
— Ага, і конскую сілу, каб напяць лук і пусціць стралу гэтак далёка!
Урэшце толькі Джон Форд згадзіўся паспрабаваць. Ён прыладзіў новую цеціву да лука, выбраў з калчана самыя роўныя, самыя надзейныя стрэлы. Спаборнікі кінулі жэрабя. Першым выпала страляць Джону Форду. Кожны павінен быў выпусціць тры стралы.
Першая страла Форда ўпала ў траву за добрыя дзесяць ярдаў ад цэлі. Нешта незадаволена прабурчаўшы, ён мацней напяў цеціву і ўзяў крыху вышэй, але і на гэты раз страла не даляцела. Трэцяя тыцнулася ў зямлю каля самага дрэва.
— Я зрабіў усё, што мог, і ледзь не пацэліў,— сказаў ён. — Так я ніколі яшчэ не страляў. Сумняваюся, ці знойдзецца на свеце чалавек, якому па сіле такая цэль.
— Цяпер твая чарга, Робін Гуд! Страляй ты! — закрычаў Мач. — Учора я на свае вочы бачыў тваё майстэрства: чатыры цудоўныя стрэлы! Трапіць у такую дзірачку — гэта ж не тое што ў чалавека! — і сын млынара пакруціў галавой, быццам сумняваўся, ці разумна зрабіў Робін Гуд, прыдумаўшы такое выпрабаванне.
Робін Гуд выйшаў наперад. У мёртвай цішыні разбойнікі сачылі, як ён ускінуў свой вялікі лук і далёка адцягнуў цеціву. Страла прагула ў паветры, і пачуліся крыкі здзіўлення, калі яна прайшла праз самую сярэдзіну вянка і ўваткнулася ў дрэва з такою сілаю, што апярэнне задрыжала на ёй.
Але ўсіх перакрыў голас Джона Форда:
— Няхай паспрабуе яшчэ раз! Яшчэ раз! Можа, ён выпадкова пацэліў. Няхай тры разы страляе!
— Калі ласка, — сказаў Робін Гуд, сагнуў лук у дугу, і другая страла са свістам трапіла ў цэль, а за ёю — трэцяя, і ніводная з іх не зачапіла ні лістка, ні пялёстка.
Палёт трэцяй стралы гледачы сустрэлі гучнымі выгукамі захаплення. Кожны з разбойнікаў сам быў не абы-які стралок, і таму ўсе высока ацанілі меткасць Робін Гуда, хоць самі і не маглі паспрачацца з ім ва ўмельстве гэтак валодаць лукам.
— Няхай жыве Робін Гуд! — крычалі разбойнікі.— Яшчэ ніколі наш слаўны Шэрвудскі лес не бачыў такога майстэрства!
— Ну, што цяпер скажаце, сябры? — усклікнуў Мач. — Хіба ж не яму, каралю стралкоў, быць нашым правадыром і атаманам?
— Яму! Яму! — як адзін закрычалі разбойнікі.— З Робін Гудам на жыццё і на смерць!
Усе па чарзе пакляліся ў вернасці свайму маладому правадыру, і першыя прысягнулі Мач Млынароў сын і Уот — тыя, каго Робін Гуд выбавіў з рук леснікоў. Наступны быў Джон Форд, які прайграў у спаборніцтве з Робін Гудам, а потым Уіл Ст’ютлі, яго таварыш па ўцёках, і ўсе астатнія.