Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— Паслухайце, таварышы мае, — сказаў Робін Гуд, калі ўсе прысягнулі на вернасць. — Вось законы, абавязковыя для ўсіх. Першы: змагацца з усімі нарманскімі прыгнятальнікамі, якія будуць рабаваць сапраўдных гаспадароў гэтай зямлі — саксонскіх нашых братоў. Другі: мы ніколі не ўчынім разбою і гвалту над людзьмі беднымі і гаротнымі, а будзем дапамагаць ім. Трэці: ніколі ніводная жанчына, багатая ці бедная, нарманка ці саксонка, не павінна баяцца нас. Вось тры законы нашага брацтва.

Усе згадзіліся строга выконваць законы Робін Гуда.

Яны ўсё яшчэ стаялі гуртам каля дуба, як раптам з-за дрэў, дробненька тупаючы нагамі, паспешліва выйшаў маленькі згорблены чалавек.

— Глядзіце, нехта ідзе! — выгукнуў Уіл Ст’ютлі. Ён першы ўбачыў чалавека.

— Гэта друг, — супакоіў яго Мач. — Лоб, шавец з Нотынгема. Ён — нашы вушы і вочы ў горадзе і закадычны прыяцель некалькіх шэрыфавых прыслужнікаў. Ад іх даведваецца, што задумаў шэрыф супраць нас. Вітанне, Лоб! — сказаў ён маленькаму гарбуну. — Якія навіны прынёс?

— Беражыцеся. Шэрыф збірае супраць вас вялікі атрад леснікоў,— сказаў Лоб. — Ён у шаленстве, бо ўчора з засады забілі галоўнага лесніка і двух яго людзей, і ён прысягнуў, што за кожнага з іх павесіць па разбойніку. Трох страціў — трох павесіць. Але асабліва гневаўся на нейкага нетутэйшага, я нават імя яго раней не чуў. На рыначнай плошчы паразвешаны аб’явы. Той, хто зловіць нейкага Роберта Фітцата, або Робін Гуда, ці прывязе яго мёртвым, атрымае тры сотні сярэбраных пенсаў.

— Сапраўды шчодрая ўзнагарода! — усклікнуў Мач. — Бачыш, атаман, як высока цэніць цябе нотынгемскі шэрыф.

Ён пашаптаўся з Робін Гудам, і той моўчкі кіўнуў галавой.

Нейкае дзіўнае пачуццё нахлынула на Робін Гуда. Вось перад ім чалавек, які на свае вочы бачыў аб’яву з абяцаннем узнагароды за яго галаву. I першы раз ён адчуў, што сапраўды абвешчаны па-за законам.

Мач узняў над галавой свой лук і закрычаў:

— Слава нашаму міламу Шэрвудскаму лесу! Слава нашаму храбраму атаману Робін Гуду, каралю стралкоў, а цяпер яшчэ і каралю разбойнікаў!

Усе далучыліся да яго воклічаў, і вочы Робін Гуда заіскрыліся, твар пасвятлеў. Што ж, няхай яго лічаць разбойнікам. Вакол яго неабсяжны лес і атрад паплечнікаў — і яму не страшныя ніякія нарманскія шэрыфы.

Раздзел трэці

Самы верны сябар Робін Гуда

Калі Робін Гуду было дваццаць год, Пазнаўся з Маленькім ён Джонам, Вясёлым хлапцом, удалым малайцом, He заўсёды ў згодзе з законам. Хоць звалі Маленькім, вялікі меў рост — Быў футаў сямі вышынёю. Як крочыць настрэч, усе бягуць прэч, Адзін выгляд яго быў гразою. Як яны стрэліся — Робін і Джон,— Паслухайце толькі хвілінку. Забаўны расказ, і, магчыма, у вас У вачах заіскрыцца смяшынка.

Навіна, якую прынёс шавец з Нотынгема, спраўдзілася. Шэрыф выправіў супраць мяцежнікаў вялікі, добра ўзброены атрад. Стражнікаў было так многа, што людзі Робін Гуда пакінулі Шэрвудскі лес і стаіліся ў другой вялікай пушчы — Барнасдэйлскай, у графстве Йоркшыр. Але шэрвудскае прыстанішча падабалася ім больш, і яны вярнуліся туды, як толькі дачуліся, што раз’юшаны шэрыф ужо не шукае іх.

Робін Гуд зразумеў, што ў яго вельмі маленькае войска, каб супрацьстаяць нарманскім карнікам, і пачаў шукаць адважных і спрытных людзей. ІНмат вольных сялян — ёменаў, якіх давялі да роспачы жорсткія паны, імкнулася далучыцца да яго атрада, але Робін Гуд браў толькі самых смелых, самых дужых і верных. Калі ён дазнаваўся, што ў лесе з’явіўся храбры і кемны чалавек, ён рабіў усё, каб залучыць яго ў атрад, і рэдка калі цярпеў няўдачу. I мала-памалу вакол яго згуртаваліся самыя адборныя малайцы, выдатныя стралкі з лука. Пра іх нават пайшла пагалоска, што адзін стралок Робін Гуда варты чатырох звычайных.

Неяк адным сонечным ранкам Робін Гуд і некалькі яго таварышаў гулялі па лесе. Выйшлі на ўзлессе, і перад імі адкрыліся палі і лугі.

— Схавайцеся за дрэвамі,— сказаў Робін Гуд сваім спадарожнікам. — Выходзіць усім нельга, на нас могуць звярнуць увагу. Далей я пайду адзін, пагляджу, можа, падвернецца што-небудзь вартае — праедзе багаты рыцар ці які царкоўнік, і мы пазбавім яго пузаты кашалёк ад лішняга грузу. Калі будзе патрэба, я падам знак ражком.

Мач, Уіл, Уот і іншыя засталіся за дрэвамі, а Робін Гуд пайшоў. Ён дабраўся да бальшака, нікога не ўбачыў і пайшоў па ім. Неўзабаве трапілася яму па дарозе рачулка. Коні маглі перайсці яе ўброд, а пешаходы перабіраліся на другі бок па вузкім драўляным мастку без поручняў. Калі Робін узышоў на мост, насустрач яму пайшоў рослы дужы дзяцюк. Кожны з іх думаў, што другі ўступіць дарогу, і яны сустрэліся твар у твар на самай сярэдзіне мастка.

«Святая дзева! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Гэта ж якраз той, хто мне трэба. Вось каб залучыць яго да сябе! Зараз паглядзім, ці столькі ў яго адвагі, колькі росту».

I сапраўды, такога велікана не кожны дзень сустрэнеш. Ён быў на галаву вышэйшы за Робін Гуда, з шырокімі плячамі, выпуклымі грудзямі, даўгарукі і даўганогі, з выгляду дужы, як буйвал. На твары — сама дружалюбнасць, у карых вачах вясёлы агеньчык, але ўся яго істота выказвала рашучасць, і ясна было, што стаяць на яго дарозе небяспечна.

— Дай мне дарогу, чалавеча! — сказаў яму Робін. — Чаму ты пайшоў, раз бачыў, што я ўжо ступіў на мост і што ён не такі шырокі, каб разысціся дваім?

Незнаёмец трымаў у руках тоўстую дубіну сем футаў даўжынёй. Ён спакойна стаяў на мастку, абапіраючыся на яе, і, усміхаючыся, сказаў:

— А чаму гэта я павінен даваць табе дарогу, стралок? Колькі жыву на свеце, ніколі яшчэ нікому дарогі не саступаў, можаш паверыць. Дык з якой прычыны зраблю гэта сёння?

— Што? — закрычаў Робін Гуд, — Ты мне пярэчыш? Тады я з табой пагавару па-нотынгемску, прыяцель мой велікарослы. — Робін паклаў стралу на лук і нацягнуў цеціву да самага вуха. — Прэч з дарогі! Тваё жыццё ў маіх руках. Гэтая страла праткне цябе перш, чым ты паспееш падняць сваю дубіну.

Робін гаварыў так, каб паглядзець, ці спалохаецца гэты чалавек, але той выслухаў яго зусім спакойна, быццам яму сказалі: «Добры дзень!»

— Гэтак робяць баязліўцы, — сказаў незнаёмец. — Вось я стаю перад табой з адной дубінай у руцэ, а ты пагражаеш мне вялікім лукам і вострай стралой. Толькі баязліўцы гэтак робяць.

— Гэта я баязлівец? — сказаў Робін Гуд.— Вось лук свой і стрэлы адкіну, Адрэжу дручок, як твой, мой дружок, I праверу, які ты мужчына.

Робін кінуў на дол свой цісавы лук і калчан са стрэламі, пабег да густога гайка каля рэчкі і выразаў з карлікавага дуба тоўстую палку. Калі ён вярнуўся назад з палкай у руцэ, незнаёмец усё яшчэ стаяў на мастку, абапёршыся на сваю дубіну.

— Дзе сышліся, там і біцца будзем, — сказаў Робін Гуд. — Пераможа той, хто саб’е праціўніка ў рэчку.

— Згода! — адказаў велікан.

Праціўнікі сталі твар у твар, апасліва пазіраючы адзін на аднаго, схапілі свае дубіны пасярэдзіне, гатовыя да нападу ці абароны.

Спярша праціўнікі рабілі падманныя і сапраўдныя выпады, адбівалі іх — кожны шукаў слабае месца ў абароне другога. Першы нанёс трапны ўдар Робін Гуд. Ён зрабіў выгляд, што хоча ўдарыць праціўніка па галаве, той адразу прыкрыўся дубінай, але Робін Гуд спрытна перахапіў сваю палку, імгненна змяніў напрамак удару і агрэў незнаёмца па рэбрах.

Велікан злосна агрызнуўся і размахнуўся, каб нанесці ўдар. Ды Робін Гуд спрытна ўхіліўся і сам стукнуў праціўніка па плячы, але той, як ні ў чым не бывала, схапіў сваю дубіну абедзвюма рукамі і зноў размахнуўся, цэлячыся Робіну ў галаву. Толькі праворнасць выратавала Робіна, і ён не паляцеў кулём у рэчку. I ўсё ж дубіна злёгку зачапіла галаву, рассекла скуру на макаўцы, і тонкі ручаёк крыві пабег па скроні.

Поделиться с друзьями: