Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Робін Гуд не на жарты ўзлаваўся, і на праціўніка пасыпаўся град хуткіх, як маланка, удараў. Цяпер волат толькі абараняўся.
Незнаёмец па цемені выцяў яго I набіў яму добрую шышку. Робін Гуд зазлаваў і шпарчэй замахаў, Мацаку не даваў перадышкі. Так моцна і спрытна дубасіў яго, Ад гневу ўсё ў ім кіпела, Пайшоў ажно дым над волатам тым, На ім нібы скура затлела.Зноў і зноў наносіў Робін Гуд трапныя ўдары па праціўніку, але ён не адступаў ні на пядзю і стойка абараняўся. I раптам адплаціў Робін Гуду за ўсё адным рашучым ударам. З усяго размаху сваіх доўгіх рук, у які ён уклаў усю сваю моц, ён апусціў цяжкую дубіну на Робін Гуда. Той паспеў падставіць кій, але з такім жа поспехам мог бы паспрабаваць адбіць удар грому. Кій з трэскам разляцеўся напалам, дубіна, толькі крышачку страціўшы сілу, ударыла Робін Гуда, і ён апынуўся ў ручаі. Пад мастком быў глыбокі вір, і Робін Гуд знік у ім з галавой. Праз момант вынырнуў, хапаючы ротам паветра.
— Ха-ха, пан стралок! Ну, дзе ты цяпер? — зарагатаў незнаёмец.
— Слова гонару, здаецца, я такі сеў у лужыну, — адказаў Робін Гуд, адплёўваючыся, бо наглытаўся сцюдзёнай вады. — Ты перамог. Шчыра скажу, ты храбры баец і перамога твая бясспрэчная.
Робін Гуд пабрыў да берага, выбраўся з ручая, ухапіўшыся за галіну калючага глогу, і затрубіў у свой паляўнічы ражок.
Яшчэ не сціхлі над далінай гукі ражка, падхопленыя рэхам, як на дарозе паказаліся верныя стралкі Робін Гуда. Наперадзе ўсіх беглі Мач, Уот і Уіл — спяшаліся на выручку свайму атаману.
— Што здарылася? — крычаў Уіл Ст’ютлі, падбягаючы да мастка.
— Што гэта значыць? Ты мокры да ніткі, з цябе льецца вада! Ты ўпаў у ручай?
— Ага, — адказаў Гуд, — і вунь стаіць той, хто памог мне ўпасці,— ён паказаў на высокага незнаёмца.
— Тады і яму туды дарога! — у адзін голас закрычалі Уіл, Мач і Уот. — Проста ганьба адпусціць яго на ўсе чатыры бакі пасля таго, як ён абышоўся гэтак з нашым атаманам. У ваду яго, хлопцы!
Незнаёмец падрыхтаваўся абараняцца, ды нават его волатаўскай сілы не хапіла б, каб супрацьстаяць араве раз’юшаных сялян. Але Робін Гуд загадаў ім спыніцца:
— Нe чапайце яго, хлопцы. Нe трэба крыўдзіць гэтага адважнага чалавека. Ён перамог у сумленнай бойцы, і ў мяне няма на яго злосці. Наадварот, я хацеў бы пасябраваць з такім майстрам арудаваць дубінай. Далучайся да нас, — звярнуўся Робін Гуд да незнаёмца, — уступай у наш атрад. Для такіх дужых рук у нас заўсёды знойдзецца справа.
— Перш скажыце, хто вы, — сказаў незнаёмец. — Я прысягнуў, што буду ў падначаленні толькі аднаго чалавека, і вось блукаю ў пошуках яго.
— Я Робін Гуд, — пачуў ён у адказ.
— Робін Гуд? — радасна ўсклікнуў незнаёмец. — Шчаслівы дзень! Якраз яго я і шукаю. Думаў, пайду ў Шэрвудскі лес, папрашуся да яго ў кампанію, калі можна.
— Можна, можна! — сказаў Робін Гуд. — Я з радасцю прыму цябе. Такіх навічкоў не кожны дзень знойдзеш. А цябе як завуць?
— Рука вось мая, — незнаёмы сказаў.— Ў маёй вернасці не сумнявайся. Я Мезенец Джон, мне адвага — закон, Ты заўжды на мяне спадзявайся.Пачуўшы імя і прозвішча гэтага волата, Уіл Ст’ютлі засмяяўся:
— Джон Мезенец! Ну сапраўды хлопчык з ногцік! Трэба яго перахрысціць. Ён у нас навічок, дык і назавём яго па-новаму.
— А як? — спытаў Мач.
— Ну, раз дзіцятка ўрадзілася такое кволенькае і шчупленькае, ахрысцім яго Маленькім Джонам.
Усе засмяяліся. Назваць такога бамбізу Маленькім! Але мянушка ім спадабалася, і прапанову прынялі.
— А цяпер трэба ўрачыста адзначыць гэту падзею, — сказаў Уіл Ст’ютлі.— He кожны дзень да нас прыходзіць такая магутная падмога.
Уся кампанія паглыбілася ў лес, і неўзабаве на зямлю ўпалі, падбітыя меткімі стрэламі, дзве сытыя лані. Прыхапіўшы здабычу, людзі Робін Гуда вярнуліся ў сваё прыстанішча — у прасторную пячору ў скале, надзейнае сховішча ад ворага.
Неўзабаве там палала вялікае вогнішча, смажылася мяса. Разбойнікі наладзілі ўрачысты абед — елі свежую аленіну і запівалі элем. Калі банкет скончыўся, пачаліся спевы пад арфу і скокі — весяліліся ўволю. Над усімі ўзвышалася галава Маленькага Джона, які потым праславіўся стойкасцю духу і цвёрдасцю рукі і чыё імя праслаўлялася ў народных баладах, можа, толькі крыху менш, чым імя легендарнага атамана Робін Гуда.
I пасля увесь час да канца яго дзён, Хоць не быў ён малы і худзенькі, А станам высок, у плячах быў шырок, Яго звалі ўсе Джонам Маленькім.Раздзел чацвёрты
Яшчэ адзін навабранец
Неяк раз пасля таго, як Маленькі Джон далучыўся да ляснога атрада, яны з Робін Гудам пайшлі пашукаць сытага аленя, бо ў дупле дуба, што служыў кладоўкай для мяса, было ўжо зусім пуста.
Апаўдня на краі шырокай паляны, парослай сакавітай травой, яны ўбачылі ладны статак аленяў.
— Вунь рагач, якраз такі, як нам трэба, — паказаў Робін Гуд Маленькаму Джону на важака, які спакойна скуб траву збоку ад свайго статка.
— Адсюль яго дастаць зручней, — сказаў Маленькі Джон. — Вецер дзьме збоку статка. Я падыду з наветранага боку, ён мяне пачуе, кінецца сюды, і тут ты яго падстрэліш.
План Маленькага Джона быў ухвалены, і ён памкнуўся ісці, але раптам замёр на месцы і паказаў рукой на край лесу. Робін Гуд зірнуў туды і ўбачыў маладога чалавека, які толькі што выйшаў на паляну па лясной сцяжынцы. На ім было ўсё пунсовае, у руках ён трымаў лук даўжынёй пад свой рост, на баку вісеў шырокі нож. Важак аленяў убачыў ярка-чырвоную постаць, угнуў галаву, наставіў рогі і пачаў грэбці капытамі зямлю.
— Хто там гэтак ярка ўспыхнуў? — спытаў Робін Гуд.
— He ведаю, — ціхенька адказаў Маленькі Джон. — Ён нетутэйшы.
— Вядома, не! — пагадзіўся Робін Гуд. — Яго пунсовае ўбранне — як полымя сярод дрэў. У лес апрануўся б лепш у зялёнае. Відаць, нейкі гарадскі франт выбраўся пагуляць у лесе.
Але ў гэты момант яны ўбачылі такое, ад чаго ажно ўскрыкнулі ад захаплення.
Чалавек у пунсовым прыладзіў цеціву да лука, узяў з калчана стралу і паклаў на цеціву. Яго рэзкія рухі ўспудзілі важака, той падаў трывожны сігнал, і ўвесь статак імкліва кінуўся ў лес. Некалькі самак акружылі важака, нібы прыкрываючы яго ад небяспекі, і трапіць у яго стралою было амаль немагчыма. Але ўжо каля самага лесу важак на момант вырваўся наперад. Хапіла і гэтага кароткага імгнення. Цеціва глуха зазвінела, страла сарвалася з лука, і рагач грымнуўся на зямлю — страла ўваткнулася ў яго плямісты бок аж да самага апярэння.
— Цудоўны стрэл! — прашаптаў Робін Гуд. — He, гэта не гарадскі франт, Маленькі Джон. Пачакай тут, я пайду пагавару з ім.
Маленькі Джон застаўся ў зарасніку, а Робін Гуд пайшоў па паляне да паляўнічага, які ўжо стаяў каля сваёй здабычы.
— Выдатны стрэл! Майстэрскі! — сказаў Робін Гуд, падыходзячы да яго. — Ты адпусціў цеціву якраз у патрэбнае імгненне, незнаёмец!
Чалавек моўчкі холадна зірнуў на яго.
— Мне патрэбны меткія стралкі,— гаварыў далей Робін Гуд. — Хочаш служыць у мяне?