Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— Атаман, — сказаў яму Маленькі Джон, — чым стаяць тут у адзіноце, ты б лепш паназіраў, як гатуецца абед. А абед будзе багаты, нават кароль палічыў бы за гонар пачаставацца ім. Адзін наш чалавек прынёс свежай аленіны, другі некалькі птушак, ёсць у нас і яшчэ сёе-тое — кожны знойдзе сабе што-небудзь да смаку.

— Ты праўду гаворыш, Маленькі Джон, — сказаў Робін Гуд, — але мне нешта не хочацца абедаць без гасцей. Вось вазьмі і прывядзі якога-небудзь барона, біскупа ці нарманскага рыцара. Ён папалуднуе са мной і заплаціць па рахунку.

— Гэта ўжо абавязкова, — засмяяўся Маленькі Джон. — I якім бы цяжкім ні быў у яго кашалёк, калі прыйдзе, ён не будзе адцягваць яму кішэню, калі пойдзе.

— Прыхапі свой добры лук, — сказаў Робін Гуд, — вазьмі з сабой Мача і Уіла Скарлета, ідзі на Уолтынгскі бальшак і, можа, стрэнеш каго-небудзь.

Граф альбо барон, Рыцар ці абат — Хай будзе госцем ён, З ім паабедаць рад.

I трое разбойнікаў пайшлі да вялікай дарогі, схаваліся ў густым ляшчынніку. Спярша па дарозе праехала жанчына на прыгожым верхавым кані з цэлай світай слуг. Разбойнікі пазналі жонку нарманскага барона, але нападаць на яе не сталі, бо любой жанчыне, хто б яна ні была, з іх боку небяспека не пагражала. Затым прайшлі некалькі сялян-ёменаў, якія вярталіся з кірмашу. Маленькі Джон з таварышамі са свайго сховішча чулі, як яны хваліліся адзін аднаму, колькі сярэбраных манет вытаргавалі за кароў. Разбойнікі толькі весела пераміргнуліся і прапусцілі іх — Робін Гуд ніколі і пальцам не кранаў здабытак беднякоў.

Раптам Маленькі Джон ускінуў лук і паказаў рукой у прасвет між кустоў. Мач і Уіл зірнулі і ўбачылі на дарозе коннага рыцара. Спачатку яны падумалі, што спыняць яго не варта: адзенне на ім было пакамечанае, на латах іржавыя плямы, твар сумны і роспачны.

Была ў вачах яго туга, На твары сум і мрок, Адна у стрэмені нага, Адна спаўзла пад бок. Шлем коса ссунуўся на лбе, Іржы на латах след, Людзей у гэтакай журбе Яшчэ не бачыў свет.

Але Маленькі Джон памятаў загад Робін Гуда. Перад ім рыцар, і гэты рыцар павінен сёння папалуднаваць з Робін Гудам. Ён выйшаў з засады і стаў на калена перад коннікам.

— Пане рыцар, — ветліва сказаў Маленькі Джон, — вельмі прашу вас пайсці з намі ў лес. Там вас сустрэнуць сардэчна і гасцінна. Мой гаспадар ужо тры гадзіны чакае вас на абед.

— А хто твой гаспадар? — спытаў журботны рыцар.

— Робін Гуд, — адказаў Маленькі Джон.

— Я збіраўся сёння паабедаць дзе-небудзь у Блісе ці ў Донкастары, — сказаў рыцар, — але мне ўсё роўна, дзе есці. Вядзі мяне, добры чалавек. Пайду з табою да гэтага слаўнага ёмена. Я чуў, што ён прыяцель усіх бедных і гаротных.

Калі між стваламі дрэў Робін Гуд убачыў, што Маленькі Джон, Мач і Уіл вядуць у лагер рыцара, ён пайшоў ім насустрач, пачціва прывітаўся і запрасіў рыцара быць ганаровым госцем на абедзе. Рыцар падзякаваў яму, яны памылі рукі і селі за стол, які ламіўся ад смажанай аленіны, ад знятых з ражноў лебедзяў і фазанаў, ад пірагоў, начыненых дзічынай, і піражкоў з птушыным мясам, ад вялікіх бутляў з элем, ад праснакоў з пшанічнай мукі мяккага памолу.

Журботны рыцар прагаладаўся і еў з вялікім смакам усё, што яму падавалі. Неўзабаве твар яго крыху пасвятлеў.

— Вялікі дзякуй, ласкавы Робін Гуд, — падзякаваў нарманскі рыцар. — Я ўжо тры дні не ёў гэтак сытна і смачна. Калі вам надарыцца быць у нашых краях, я таксама пачастую вас ад усяго сэрца.

— Вялікі вам дзякуй, ласкавы рыцар, — засмяяўся Робін Гуд, — але ваша абяцанне — малая плата за сённяшні абед. Вы, пэўна, думаеце, што ў простага ёмена не будзе чым заплаціць за пачастунак высокашаноўнага рыцара. А каб было чым, я вымушаны папрасіць вас палажыць на стол свой кашалёк, перш чым мы развітаемся з вамі.

— Я рады быў бы расплаціцца з вамі за такі багаты пачастунак, — сказаў рыцар. — Мне сорамна, што маю так мала грошай.

— Колькі ў вас? Толькі кажыце праўду.

— У мяне ўсяго дзесяць шылінгаў за душой, — сказаў рыцар. — Грошы ляжаць у куфэрку, што вісіць за сядлом.

— Паглядзі, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Джон зняў з седлавой лукі куфэрак, разаслаў на траве свой плашч і высыпаў на яго ўсё з куфэрка.

— Рыцар праўду казаў,— абвясціў Маленькі Джон, калі пералічыў манеты.

— Скажыце, шаноўны, — звярнуўся да рыцара Робін Гуд, — чаму вы так згалелі? Вопратка ваша бедная, скарбніца амаль пустая. I ў вас такі журботны выгляд. Выпіце, калі ласка, яшчэ кубак добрага віна і раскажыце нам пра свае бядоты. А можа, вы занядбалі гаспадарку або растранжырылі багацце ў п’яных гулянках?

Рыцар адмоўна пакруціў галавой і цяжка ўздыхнуў.

— Добра, я раскажу вам усё, — згадзіўся журботны рыцар. — Я маю вялікі доўг — чатыры сотні золатам! Яшчэ два-тры гады назад такія грошы былі для мяне дробяззю. А цяпер у мяне нічога не засталося, акрамя жонкі і дзяцей ды тых няшчасных дзесяці шылінгаў, што былі ў куфэрку.

— А як вы страцілі ўвесь свой набытак? — пацікавіўся Робін Гуд.

— Усё праз майго сына, — адказаў рыцар. — На адным турніры ён, дужы хлапец дваццаці гадоў, храбры, вялікі майстар біцца на мячах і коп’ях, скінуў з каня нейкага рыцара з Ланкашыра, і той вельмі ўзлаваўся за сваё паражэнне. Калі мой сын вяртаўся дадому, рыцар са сваім збраяносцам падпільнаваў яго ў бязлюдным месцы і напаў на яго. Сыну ўдалося забіць абодвух. Шматлікія прыяцелі рыцара пачалі помсціць сыну. Каб уратаваць яго, мне давялося патраціць усе мае грошы, але і іх не хапіла, і я залажыў маёнтак. Настаяцель манастыра Святой Марыі даў мне чатырыста фунтаў пад заклад зямлі, і сёння я павінен выкупіць яе. Ды дзе там! У мяне і сотай долі такіх грошай няма. Сёння я разаруся і застануся без дома, без зямлі.

— А прыяцелі вашы? — усклікнуў Робін Гуд. — Няўжо яны не заступіліся за вас, не памаглі?

— Прыяцелі! — з горыччу прамовіў рыцар. — Hi ў кога, здаецца, не было столькі прыяцеляў, колькі меў я, калі жыў у раскошы. А цяпер усе яны паразбягаліся, пакінулі мяне, цяпер ім няма ніякай справы да мяне, нібы я чалавек, якога яны бачаць першы раз у жыцці.

— Так ужо водзіцца на свеце, пане рыцар, — зазначыў Робін Гуд і паглядзеў на сваіх таварышаў, на тварах у якіх была напісана спагада да беднага рыцара. Усе яны ведалі, што калі настаяцель манастыра Святой Марыі наложыць лапу на чыю-небудзь зямлю, дык не так лёгка яе ў яго адабраць.

Робін Гуд кіўком галавы падазваў да сябе Маленькага Джона і нешта шапнуў свайму першаму памочніку на вуха. Той адразу пайшоў і неўзабаве вярнуўся з цяжкім мяшком, які зазвінеў, калі Маленькі Джон паклаў яго на дол.

— Вось вам чатыры сотні фунтаў, сэр рыцар, — сказаў Робін Гуд. — I ніколі больш не кажыце, што на свеце няма спагады. Калі вы не знайшлі яе ў сяброў і ў жорсткага настаяцеля манастыра, дык вы знайшлі яе ў лясных разбойнікаў. Палічы залатыя, Маленькі Джон.

Той палічыў. У мяшку аказалася роўна чатырыста фунтаў.

Поделиться с друзьями: