Снежныя зімы
Шрифт:
«Шукаю спадарожніка (лепш спадарожніцу) да Ленінграда на матацыкл. Пажадана, каб вага пасажыра разам з чамаданам не перавышала 70 кілаграмаў».
Антанюк зайшоў у будынак пошты. Пуста і холадна. Толькі пах незвычайны — не клеем, не паперай, а вяленым вінаградам. Ад паху такога зрабілася весялей, як ад сонца, ад маладога віна.
За лета тут прывыклі да незнаёмых людзей. Дзве работніцы не звярнулі на яго амаль ніякай увагі. Адна, старэйшая, забівала пасылкі, вельмі спрытна працуючы малатком, як добры майстра, быццам усё жыццё заганяла цвікі. Яна трымала цвічкі ў роце. І на прывітанне наведвальніка адказала лёгкім кіўком. Мабыць, гэта ад яе пасылак пахла вінаградам. Але чаму яна сама забівае? І не адну, не дзве.
Над дашчатым бар’ерам узвышаўся адмысловы стажок пышных, але абясколераных валасоў. Стажок нават не варухнуўся на яго прывітанне. Іван Васільевіч заглянуў за загародку і ўбачыў мілы і просты дзявочы тварык, схілены над страшэнна зачытанай кнігай. Такія дзяўчаткі, пачынаючыя модніцы, якія ведаюць сабе цану, любяць пакрасавацца перад кожным чалавекам, а таму бываюць прыветлівыя і словаахвотлівыя. Шматвопытны Антанюк рэдка памыляўся ў распазнаванні людзей. Вось чаму ён і звярнуўся да маладой красуні, аматаркі старых раманаў. Далікатна кашлянуў над стажком. Дзяўчына не зірнула нават.
— Прашу прабачыць. Вы не змаглі б сказаць, як мне прайсці да вайсковай часці…— ён назваў паштовы нумар, які пісаўся на канвертах.
Красуня глянула адным вокам і груба адказала:
— Мы — не бюро даведак.
— Я разумею. Але… я прыехаў наведаць сына… Ён служыць тут…
— То няхай бы ваш сын напісаў, як шукаць яго.
— Ён і напісаў, што трэба ехаць да вас…
— Зайдзіце ў пасялковы савет, — параіла старэйшая, перапыніўшы працу і праз бар’ер падазрона аглядаючы не самога Антанюка, а чамусьці яго ногі.
Івану Васільевічу зрабілася крыўдна. За дзяўчыну.
«Я разумею: ты, магчыма, не маеш права сказаць, як прайсці да часці, хоць сотні адпачываючых хадзілі туды. Лада расказвала, як нахабныя дзяўчаты троху не лезлі цераз агарожу… Але калі ты ўсведамляеш, што жывеш на марской граніцы, і ведаеш, што патрэбна пільнасць, то праяві хоць яе — зацікаўся мной, паглядзі ў твар. Няўжо ты так зачарсцвела на сваёй рабоце, што страціла ўсялякую цікавасць да людзей».
— Можна пакінуць у вас чамадан? Каб не хадзіць з ім.
— Мы — не камера…
— Дзіцятка маё! А ці нельга адказваць больш ветліва і далікатна?
— Я вам не дзіцятка! — і зноў-такі не адрываючыся ад кнігі.
— Прашу прабачыць. Але няўжо вам так хочацца сапсаваць мне настрой, старому, здарожанаму чалавеку?
Толькі тады дзяўчына павярнула да яго твар, паглядзела добрымі чыстымі вачыма і… зачырванелася.
«Дзякуй богу, не ўсё ў табе яшчэ згасла», — падумаў Іван Васільевіч, уздыхнуўшы.
Старэйшая сказала:
— Давайце ваш чамадан. Але мы толькі да пяці.
— Я вярнуся да пяці.
Лада расказвала так падрабязна, давала такія прыкметныя арыенціры, што, напэўна, ён знайшоў бы Васіля, ні ў каго не пытаючыся. Але каб горы не ахуталіся хмарамі і каб былі відаць і тая торная сцежка, што адразу за пасёлкам вядзе па голым схіле да грады горнага дубняку, і скала, што нагадвае сілуэт чалавека, і антэна на вяршыні…
А так трэба ісці «насляпую».
Іван Васільевіч адразу ж за вінаграднікам павярнуў з шашы на вытаптаную тысячамі ног шырокую, як добрая дарога, сцяжыну і… палез у горы. Сапраўды, не ішоў, а лез, бо сцежка была слізкая, з-пад камення і жвіру цякла сіняя гліна. Чым вышэй — тым мацней сек у шчаку калючы дождж. Добра, што прадбачлівая жонка паклала ў чамадан плашч. Але плашч, світэр — гэта не для гор. Спацеў. Пачуў сэрца. Яно сігналіла, як бы папярэджвала: асцярожна.
Але, асцярожна — табе не дваццаць два, як Ладзе. Яна і яе сябры тут бегалі. Праўда, яны былі ў купальніках і тапачках і скакалі, як козы, па сухіх каменнях. Аднойчы падняліся сюды ўначы і размясціліся на начлег каля самага паста. Іх заўважылі. І завезлі на машыне ў даліну, да мора. Ладзіны сяброўкі спалохаліся. «Пасадзяць на гаўптвахту, — кпіла Лада. — Сутак на дзесяць».
Лада не ведае ніякага страху, ніякай боязі. Вольны чалавек. А Васіль? Не, і ў яе ёсць страх, які яна выказвае часам з гумарам, а часам, як пазаўчора, сур’ёзна, — за лёс чалавецтва; ёй, фізіку, лепш, чым каму, вядома разбуральная сіла той зброі, якая ляжыць у арсеналах.
А Васіль? Што думае сын? Ён здаецца такім далёкім, непазнаным, неразгаданым. Ад гэтага, мабыць, і адчуванне яго, бацькавай, віны перад сынам. Недарэчна, што сына ён разумее горш, чым многіх чужых дзяцей.
Чалавек узняўся ў хмары. За колькі крокаў вакол відны зямля, каменне, рэдкія кусты, а далей, унізе, угары, з бакоў,— туманная імжа. Знік пасёлак. Не відно мора, але грукат яго не аддаліўся, хвалі б’юць у скальны бераг недзе зусім блізка — здаецца, пад ім. Можа ён ідзе над цяснінай, пра якую расказвала Лада? Неасцярожны крок — і ў бездань, хвалі зліжуць разбітае цела з вузкай прыбярэжнай палоскі, усыпанай адшліфаванай, як яйкі, галькай, мора праглыне яго, і ніхто ніколі не даведаецца, куды дзеўся чалавек. Фу, якая чартаўшчына лезе ў галаву! Аднак, праўда, ці так ён ідзе? Вось горны дубняк, нізкі, голы, дзе-нідзе ржавее, як старая бляха, лісце — тое, што зімуе на галінках. Але ў дубняку не адна сцежка, людзі тут хадзілі хто куды. Якая з іх вядзе да сына?
Іван Васільевіч адкінуў капюшон, зняў шапку, каб выцерці пот. Дождж больш не сячэ, відаць, блізкая гара засланіла ад марскога ветру. Ці можа ён падняўся вышэй той хмары, якая вылівае буйны дождж? Засталася адна туманная імжа. Але ад імжы гэтай вопратка сырэе горш, чым ад сапраўднага дажджу. Дажджавыя кроплі скаціліся б па плашчы, туман жа пранікае ўсюды. Ці можа адзенне пацяжэла гэтак ад поту? Усё пацяжэла. Але сэрца… яно разумнае і знайшло свой рытм. Б’ецца часта, аднак без болю, без заклікаў да асцярожнасці. Гэта вярнула добры настрой.
«Маеш яшчэ, Іване, запас трываласці. Можа падацца пад старасць у альпіністы?»
Аднак узрадаваўся, калі нечакана, як з-пад зямлі, перад ім з’явіўся марак у камуфляжнай накідцы, з аўтаматам. З-пад накідкі зіркнулі вясёлыя вочы.
— Стоп, татуня! Гуляем?
— Гуляем.
— Добрая пагодка для прагулкі ў горы! Птушкі спяваюць. Сонца грэе… Праўда? — без усмешкі кіўнуў марак на неба.
— Нішто. Самы раз.
— Для чаго — самы раз?
— Для прагулкі.
— Люблю вясёлых…
— …шпіёнаў.
— Не, дзядоў.
Івану Васільевічу было душна, і ён захацеў расшпіліць паліто. Але як толькі дакрануўся да гузікаў, вартавы ўзняў аўтамат.
— Ша, дзед! Не варушыся. А то пакладу ніц і будзеш нюхаць скалу.
— Пакліч начальства.
— Паміж зямлёй і небам я — найвышэйшы начальнік.
— Што ж, мне так і стаяць?
— Усё будзе ў свой час.
Іван Васільевіч зразумеў, што сігналізацыя тут — на ўзроўні часу, што сігнал пра яго з’яўленне даўно ўжо пайшоў, куды трэба.