Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Быў мой загад — памагчы сялянам нарыхтаваць і перавезці паліва. Чаму дзеці возяць на сабе? Моцна дасталося каменданту і камандзіру штабнога атрада.

Заглянуў у шпіталь. Пад паветкай легкараненым глушаць самагонку. Вапняк, хітруга, ведаў, калі можна пярэчыць, ставіць ультыматум, а калі трэба маўчаць. Стаяў навыцяжку, згаджаўся: «Слухаюся, таварыш камбрыг!»

Ускочыць хіба ў сядло — і ў дальні атрад? Няхай праводзяць самалёт без мяне. Зайшоў у хлеў, пастаяў каля свайго гнядога, пагладзіў яго, нецярплівага, гарачага. Конь ірваўся на прастор. Няхай бы ляцелі ледзяныя іскры з-пад капытоў! Надзя баіцца маіх паездак — у атрадах цяпер многа дзяўчат. О, жаночая душа! Ужо ты прысвоіла мяне і да ўсіх раўнуеш. А сама заліваешся чырванню, калі начштаба цалуе табе рукі. Пэўна, прыемна. Хацелася «завесці» сябе, узлавацца на ўсіх і сапраўды махнуць у лес, аднаму, — няхай шукаюць камбрыга! Не, нічога не кранала, нічога «не заводзіла». Усё адлятала рыкашэтам. Адно стаяла перад вачамі, сціскала сэрца: дзеці. Як іх прывезлі, застылых, спалоханых і ўзрадаваных, што яны сярод партызан, як Надзя карміла адразу траіх, самых малых, гадоў па пяць, а я памагаў ёй. І ранены Будыка памагаў. Скакаў на мыліцах перад малымі. Хацеў насмяшыць. Дзеці не смяяліся. Глядзелі сумна, са спачуваннем. Яны ўсё разумелі. Ведалі, што такое раны. І Надзя зноў заплакала ад гэтых іх позіркаў. Дзеці адталі толькі тады, калі перад імі з’явілася жывая лялька — маленькая Віта. З ёй яны гулялі, як дзеці. Але, Віта расце ў атрадзе. Аднак колькі страху перажываю я ў кожным баі! За яе адну. А колькі можна перажыць за ўсіх? Але нельга не згадзіцца з Каральковым, з Лагуном: раненыя ёсць раненыя, яны нашы байцы, нашы таварышы. Хіба я вораг сваім людзям?

Паехаў на аэрадром. Чырвонае марознае сонца ўпала ў лес. Пасінеў снег. Пілот і штурман прагравалі маторы. Неўзабаве ў аэрадромную зямлянку прывезлі першых раненых. Не самых цяжкіх. Мелася на ўвазе, што цяжкіх прывязуць к самаму адлёту, каб з саней — у самалёт.

І вось тады выспела гэтае маё пачуцце і сарвалася, як той яблык, нечаканай камандай:

«Адставіць вазіць раненых! Перадаць дырэктару, Клары Майсееўне — сабраць дзяцей! Каму менш дзесяці!»

Праз паўгадзіны на аэрадром прымчаліся ўпаўнаважаны, камісар, начштаба.

Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых.

«Як упаўнаважаны цэнтра, я адхіляю вас ад камандавання брыгадай. Таварыш Лагун, прыміце камандаванне!»

Я спакойна паказаў яму дулю. Ён мяне будзе адхіляць! Дзе ты быў у сорак першым? Каралькоў схапіўся за кабуру. Але ў мяне пісталет быў бліжэй.

Камісар кінуўся паміж намі. Прасіў. Маліў.

Каралькоў загадаў пілоту:

«Не слухайцеся гэтага чалавека! Я — прадстаўнік цэнтра! Самалётам магу камандаваць толькі я!»

Пілот узлаваўся.

«Пайшлі вы!.. У мяне сваіх камандзіраў хапае! Я — рамізнік. Павязу — каго пагрузяць».

Пагрузілі пяцярых цяжкараненых і дзяцей. Праўда, менш, чым я меркаваў,— самых малых і хворых.

Каралькоў спрабаваў улезці ў самалёт, каб ляцець з дзецьмі. Але каля трапа стаяў я.

«Вы, таварыш Каралькоў, не цяжкаранены і можаце пачакаць. Вам гэта будзе на карысць. Падумаеце, астынеце…»

«Ну, бандзюга, ты гэты дзень будзеш помніць да канца жыцця», — пагразіў ён мне.

Я помню яго, Каралькоў. Помню. І ведаю, як ты хацеў з’есці мяне. Першы раз прамахнуўся. А потым залішне доўга хадзіў вакол, прыцэльваўся і… спазніўся. Наступіў час, калі ты мог толькі памагчы паслаць мяне на ганаровую пенсію. Не больш. А цяпер укусі ты мяне… Тады мы цябе добра-такі астудзілі. На тваё шчасце, другі самалёт прыляцеў вельмі хутка, нешта дні праз тры-чатыры. Праз месяц мяне выклікалі ў Маскву. Валька Будыка параіў цішком:

«Не ляці. Дамо радыёграму, што ляжыш з запаленнем лёгкіх».

Я праўда-такі трохі грыпаваў. Ніколі і нідзе не быў я баязліўцам, але ў той раз паслухаўся інжынера — не паляцеў. Лагун, які злятаў, вярнуўшыся, выказваў крыўду, праўда, нібыта жартуючы:

«Сапсаваў ты, Іван Васільевіч, нам з начштаба кар’еру. Казалі аўтарытэтныя людзі, што на ўсіх траіх нас былі падрыхтаваны наградныя лісты — на залатыя зорачкі».

Тады Будыка смяяўся. А цяпер нешта часта ўспамінае гэтую неатрыманую зорачку.

— Кіеў-пасажырскі. Стаянка дваццаць мінут.

О, гэта я столькі праваляўся! Выйду, гляну на цябе, бацька гарадоў славянскіх!

V

Іван Васільевіч спадзяваўся, што Крым стрэне яго сонцам, якое будзе іскрыцца на блакітнай, як неба, марской роўнядзі, сляпіць вочы. Яму вельмі хацелася сонца. І ласкавага мора. Але ўсё было інакш. У небе — хмары, нізкія, цяжкія, ляцелі імкліва. Гэты палёт іх здаваўся страшным: усім уяўным цяжарам сваім хмары навальваліся на горы, зразалі іх, растваралі, зносілі. А там жа, на вяршыні, бліжэй да сонца, — людзі, яго сын. Імжыў асенне-зімовы халодны дождж, дробны, няроўны, дажджавыя кроплі распырскваліся моцным усходнім ветрам. Гайдаліся, гнуліся мачты пірамідальных таполяў, вецер ламаў голле міндалевых дрэў. Стагналі правіслыя правады. На ўсё гэта — на шум дажджу, свіст ветру, трэск дрэў — накладваўся блізкі, няспынны, як шум вадаспаду, грукат мора. Яно відаць за алеяй маладых кіпарысаў, за пустымі шэра-белымі будынкамі дома адпачынку. Яно як бы ўзнялося над дрэвамі, над дамамі, уздыбілася да самых хмар. Пакуль што з гэтай вадзяной гары коцяцца сюды, на бераг, валы лёгкай, белай, як крылы гіганцкіх чаек, пены. Але здаецца: міг, хвіліна, гадзіна — і ўсё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю ды яшчэ пацягне за сабой хмары і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы, і агарожы з наздраватага ракушніку, і яго, адзінокага падарожнага, на мокрым, нахіленым тут, на павароце, асфальце. І няхай. Нічога не шкада ў гэтай нуднай пустэчы. Можна пашкадаваць хіба, толькі тую градку зялёных кіпарысаў, што над самым морам.

Мінулым летам тут адпачывалі жонка і Лада і пасля з захапленнем распісвалі мясціну гэтую, як самы райскі куток на ўзбярэжжы Чорнага мора.

Маці падабалася тут, безумоўна, таму, што яна па два разы на тыдзень бачылася з сынам. Ад гэтага мала цывілізаванае ўзбярэжжа здалося ёй найлепшым за ўсе самыя фешэнебельныя курорты. А што падабалася Ладзе, ультрасучаснай, рацыянальнай, якая насміхаецца з ўсялякіх праяў замілавання да чаго б там ні было — да лесу, да мора, да кветак, да птушак і да дзяцей? Аднак жа падабалася. Што?

Іван Васільевіч спыніўся, агледзеўся яшчэ раз. Злева, павернутыя глухім фасадам да сушы, адкуль на іх глядзяць людзі, турысты, — вульгарныя карпусы пансіяната — таго, дзе ім, жонцы і дачцэ, удалося з вялікай цяжкасцю атрымаць — не пакой! — балкон, над якім не капала. Якія чэзлыя дрэўцы вакол гэтых мокрых, як пакінутыя старыя караблі, будынін! Быццам лісце на гэтых дрэўцах бясконца аб’ядалі «дзікуны».

Троху правей — сад, адзінае, на чым хочацца затрымацца воку, асабліва на зялёных кіпарысах. І домікі пад імі — маленькія, белыя нават у такую дажджавую шэрасць, утульныя. Лада абуралася, што мастакі — ліха на іх! — не пускалі пансіёншчыкаў і «дзікуноў» у свой сад.

Моладзь помсціла ім: збіраліся на ўзбярэжжы і наладжвалі гадзін да двух-трох ночы такія канцэрты, што нават салдатам у гарах за многа кіламетраў не спалася. Пузатыя класікі прыходзілі слухаць гэтыя канцэрты, а назаўтра скардзіліся мясцовай міліцыі, што ім не даюць спаць і яны не могуць тварыць свае бессмяротныя шэдэўры.

Лада ўмела расказаць пра гэта з асаблівым гумарам. Яго, Антанюкоў, стары сябра — пісьменнік, які некалі адпачываў у гэтым доме, качаўся ад смеху, слухаючы Ладзін расказ. Можа дачцэ таму і падабалася, што яна атрымала тут зарад свежага гумару. Хаця, дзе сонца і мора, маладосць і песні,— там не можа не быць хораша і весела. Відаць, і ён, стары скептык, здолеў бы ацаніць першароднае хараство гэтага кутка, каб наваколле — горы і мора — было заліта, няхай і халодным, лістападаўскім сонцам. І каб былі людзі. А то — як відаць мокрая дарога і глінабітныя хаціны пасёлка — ніводнай жывой душы. Дзіва што! У такую пагоду добры гаспадар сабаку з хаты не гоніць.

Іван Васільевіч адчуў, што змарыўся. Гэта з ім рэдка здаралася нават і ў апошнія, пенсійныя, гады. Раптам захацелася зайсці ў адзін з тых белых дамоў у садзе, запаліць там печку, калі яна ёсць, і сядзець перад ёй, слухаць грукат мора і свіст ветру. Ён пасмяяўся з гэтага: сапраўды ўжо зусім пенсіянерскія жаданні!

Вунь і будыначак пошты. Іван Васільевіч адразу пазнаў яго. Здалёк. Наогул шмат што — на дзіва знаёмае, быццам ён быў тут многа год назад і пасля таго першага наведвання дзе-што не пазнае: змянілася, вырасла, забудавалася, але шмат што засталося знаёмым. Пра пошту таксама расказвала Лада. Яна любіла прыходзіць сюды чытаць аб’явы. Якіх тут не было аб’яў!

Поделиться с друзьями: