Снежныя зімы
Шрифт:
— Я твой сын.
«Здзекуецца, чорт».
— Дарэмна ты так думаеш. Для мяне ў маладосці пазнаёміцца з дзяўчынай было пакутай. І подзвігам.
Сын скептычна прыжмурыўся.
— І многа ў цябе было такіх подзвігаў?
— Не блазнуй. Я сур’ёзна.
— Не бойся, жаніцца я не думаю.
— Вось гэтага я не баюся. Не скажу, што з першага знаёмства мне спадабалася твая Валя. Але я ўсё ж прашу цябе ніколі не забываць, што яе захапленне, яе пачуцці могуць быць больш глыбокія і сур’ёзныя, чым твае. О, ты не ведаеш, як можа прывязацца жанчына!
— Ты гэта ведаеш?
Іван Васільевіч нахмурыўся.
— Нават у наш звышдэмакратычны час гаварыць так з бацькам… Што за манера? Гэта не робіць табе гонару і не красіць твой мундзір.
Сын падумаў і сур’ёзна сказаў:
— Не крыўдуй. Прабач. Я нічога кепскага не падумаў. Проста мы прывыклі так… Стыль часу…
Антанюк добра ведаў і разумеў жанчын-сялянак — матак дарослых дачок, іх старасвецкі клопат: каб, крый божа, не стала доня векавухай. Можна дараваць ім любыя хітрасці, любыя захады. Але гэтая маці, Валіна, відаць, раней не вельмі ўхваляла доччына захапленне марачком — ненадзейны жаніх. І раптам — прыезд бацькі. Гэта перайначвала матчына ўяўленне, пераконвала, што бацька прыехаў па запрашэнні сына — на выгляды. У такім выпадку варта пастарацца, не паскупіцца ні на добрыя словы, ні на добры пачастунак.
Іван Васільевіч адчуваў сябе ў недарэчным становішчы. І смешна і ніякавата. Злаваў на Васіля, што той так бяздумна ўладзіў яго, на сябе, што, маючы вопыт, не падумаў пра магчымасць такой сітуацыі. І тут жа пачынаў іграць свата, каб дагадзіць наіўнай жанчыне. А яна рабіла ўсё з пераборам. Нават Валя адчула гэта і засаромелася — знікла з дому.
Натуральнасць прынёс гаспадар дома.
Спытаў на кухні:
— Што ты смажыш сёння, як на вяселле?
Жонка зашыкала на яго, зашаптала.
Ён вылаяўся на поўны голас.
— Толькі жаніхі ў вас у галаве.
Антанюку стала весела.
Павітаўся гаспадар хмура, рукі першым не працягнуў. Але Івану Васільевічу чамусьці адразу захацелася добра пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Ён паціснуў яго вялікую, шурпатую, як кара старога дуба, руку, назваў сваё імя:
— Іван Васільевіч.
— Іван Трахімавіч. Цёзкі, значыцца? — пацяплелі вочы стомленага пасля працы чалавека. — Адкуль?
— З Мінска.
— Лічы, што землякі. Мы — смаленскія. Уцяклі ў сорак сёмым са свайго гарамычнага калгаса шчасця шукаць.
— Знайшлі?
— Шчасце? Знайшоў. А што вы думаеце? Што чалавеку трэба яшчэ, акрамя таго, што я маю? Можа ў вас яно другое, другія патрэбы. А мне цяпер хіба аднаго не хапае — рабочых рук на вінаградніку. Ды ўгнаенняў.
Антанюк адразу адчуў сімпатыю да чалавека, для якога шчасце — у рабоце на вінаградніку.
— Я вас разумею. Я таксама ад зямлі не адрываўся, дзе б ні рабіў. Я — аграном.
Сказаў і са смуткам падумаў: «І ўсё ж мяне адарвалі.— Аднак заспакоіў сябе і пагразіў сваім нядобразычліўцам: — Нічога. Вярнуся. У саўгас пайду. На Балотную станцыю».
З гаспадаром сышліся адразу, проста, натуральна, як гэта бывае паміж людзьмі, улюбёнымі ў адну справу. Яшчэ да вячэры Іван Васільевіч з цікавасцю слухаў расказ, як чалавек навучыўся вырошчваць новую культуру і, відаць па ўсім, палюбіў яе, палюбіў працу на вінаградніку. А раней толькі чуў пра гэтую «салодкую ягаду», да арміі нават пакаштаваць не давялося. Толькі ў Румыніі ды Венгрыі ў сорак чацвёртым зразумеў, што «гэта за фрукт такі» і якая ад яго карысць. Раней думаў: так, забаўка, як парэчка ў гародзе, — утыркнуў куст, няхай каля плота расце на пацеху дзецям.
Вярнуўся з арміі інвалідам, шчыра памагаў падняць свой смаленскі калгас. Можа і не пакінуў бы дзедаўскай сядзібы, каб больш парадку ў калгасе было, каб хоць што-небудзь атрымлівалі — а не адны палачкі ў табелях. Каб было чым дзяцей гадаваць. Прапанавалі на перасяленне сюды, у Крым, — кінуў усё, паехаў, хоць жонка тыдзень галасіла. І тут нялёгка было. Можа і тут не ўтрымаўся б, некаторыя рушылі назад. Але вельмі ўжо захапіла «гэтая ягада». Проста прывязала сваімі лозамі. З сотак пачыналі на старых татарскіх вінаградніках. А цяпер — сотні гектараў. Буйнейшы саўгас.
— Гэта ж каб сказаць там, на Смаленшчыне, што я, Іван Сухі,— мянушка ў нас яшчэ ад дзеда такая — буду на зіму па трыста літраў уласнага віна ставіць, так буду размачваць сухасць сваю — брахуном назвалі б. І цяпер не паверылі — ездзіў я пазалетась туды — хоць і прывёз віна гэтага пуды два. Выпілі сваячкі, аднавяскоўцы, а ўсё роўна ўхмыляліся: маўляў, залівае Іван. Але не ў віне тая радасць. Калі ты аграном, то разумееш. Галоўнае, каб чалавек бачыў плён сваёй працы, што не марна спіну гне. А што ёсць ад яго старання і яму, і людзям, і дзяржаве…
Цвярозы — хваліў усё. А ўзяў чарку — пачаў лаяць. Мала парадку ў саўгасе, не ўсё яшчэ робіцца па-гаспадарску. Але найбольш злосна лаяў курортнікаў. Разбэсцілі людзей тутэйшых, ад работы на зямлі адбіваюць. Навошта другому поле араць ці лозы абкопваць, калі можна больш зарабіць на курортніках. Сам усё лета ў хляве жыве са свіннямі, а ў дом, як селядцоў, «дзікуноў» набівае: па рубліку за канапку ці раскладушку…
— Мае бабы таксама грызуць: чаму і нам не выціснуць рублікі з «дзікуноў»? Грошай, кажуць, табе іх шкада, ці што? Не, грошай мне іх не шкада. З другога сукінага сына іх такі трэба выцягнуць, бо адразу відаць, што не мазалём зарабіў і не мазгой… Вас, кажу я бабам, вас, дурныя, шкада. Што з вас стане, калі прывыкнеце лёгка грошы зарабляць?
— Паехаў ужо, паехаў, зноў за рыбу грошы… — упікнула мужа гаспадыня.
— Адна вунь свішча, гэта самая, на якую твой марак вока кідае. Кончыла дзесяцігодку — прасіў, як чалавека: падавайся, дачка, у сельскагаспадарчы, на вінаградара вучыся, саўгас рэкамендацыю даваў. Дык, ты думаеш, паслухалася? Чорта з два. Паляцела ў Харкаў, у чыгуначны. Такая ўжо ў яе любоў да паяздоў з’явілася! Праваліла, канечне… Многа іх там такіх! Два гады на пошце маркі прадавала — думала, за гэта яе адразу ў радыёінстытут возьмуць. Зноў зрэзалася. Цяпер узненавідзела сувязь гэтую. Начальнік скардзіўся: пагана працаваць пачала, людзям грубіць. Што ты мяне шморгаеш? — накінуўся раптам гаспадар на жонку. — Яе ж яшчэ не сватаюць, што я павінен хваліць цацу такую.
— Цьфу на цябе, стары дурань, — узлавалася жанчына і, тыркнуўшы пальцам сабе ў лоб — маўляў, не хапае ў цябе тут, пайшла на кухню.
— От бабская натура! Толькі думаюць, як бы хутчэй замуж сплавіць. А таго не ведае, што не той час цяпер.
Іван Васільевіч тактоўна маўчаў, калі захмялелы гаспадар кранаўся сямейных спраў ці стараўся зноў скіраваць размову на зямлю, на вінаград; яго раптам зацікавілі гатункі, ён вырашыў, што абавязкова купіць у Сімферопалі кнігу па вінаградаводству.