Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Ты, праўда, прыехаў да мяне?

— Ты ўсё яшчэ не верыш?

Васіль збянтэжыўся, прызнаўся:

— Я не чакаў,— і ў вачах яго бліснула зусім дзіцячая радасць, такая чыстая, што кранула бацьку трохі не да слёз.

Каб схаваць сваю ўзрушанасць, ён пажартаваў:

— Я ж вольны чалавек — пенсіянер.

— Мама казала, што ты модна перажываў сваю адстаўку. Я разумею. З тваёй энергіяй…

— Ну, мама нагаворыць! Мяне запрашаюць назад. Сітуацыя змянілася. І я падумаў, што, калі вярнуся на працу, цяжка будзе вырвацца…

Здзівіўся такому нечаканаму тлумачэнню прычыны сваёй раптоўнай паездкі. Безумоўна, урэшце ён згодзіцца на любую пасаду і, безумоўна, накінецца на работу з прагнасцю чалавека, які доўга пакутаваў ад смагі. За час вымушанага адпачынку ў яго з’явіліся цікавыя ідэі і па меліярацыі, і па размяшчэнні культур, паляпшэнні лугоў… Было б злачынна не паспрабаваць праверыць іх на практыцы, гэтыя ідэі.

Спытаў у сына:

— Нам дазволена пагаварыць тут, на каменнях?

— У мяне ўвальніцельная да васьмі. Хадзем уніз.

— Хадзем.

Яны пайшлі па асфальтаванай дарозе, якая, робячы адмысловыя петлі вакол скал, абгінаючы цясніны, палога спускалася ўніз. Ісці па гэтай дарозе было лёгка і… прыемна. Івану Васільевічу прыемна. Ішлі хутка, плячо ў плячо і ў нагу, як салдаты. Ніколі не хадзіў так з сынам.

— Лада не ведала гэтай дарогі?

— А ты падымаўся там, па сцежцы? — Васіль свіснуў і засмяяўся. — Лада нічога не хацела ведаць, нічога не хацела бачыць. Яна закахалася ў аднаго сябра, у Сашку Павельева. Цяпер піша яму штодня, а мне — раз у месяц.

— Лада піша сюды хлопцу?

— А ты не ведаў?

Іван Васільевіч адчуў сябе ашуканым. Жыў з упэўненасцю: хто-хто, а Лада раскрывае перад ім усю душу, выказвае ўсе думкі. Адзіны сапраўдны адкрыты і шчыры чалавек. Не тое, што маўклівая Мая, далёкі Васіль, зяць, які многа балбоча, але заўсёды з выгадай для сябе. І вось — калі ласка…

«І маці — дурніца. Лада штодня бегала ў горы да Басі! Цяцера! Грэла старую спіну на пляжы і праз чорныя акуляры ўласнай дачкі не бачыла. І цяпер ні чорта не бачыць. Негр, Фелікс Будыка — усё гэта чорна-белы камуфляж. А ісціна — вось яна дзе. У гарах. Ці не той гэта весяльчак, што першы затрымаў мяне? Але ж і часу ў яе хапае штодня пісаць! На каханне заўсёды хапае часу».

На дзіва складаныя пачуцці завалодалі Іванам Васільевічам: і злосць на дачку, на жонку, і адначасова нейкая незвычайная весялосць, нават захапленне: «Ах, чортавы дзеці, бясконца вы падносіце сюрпрызы».

— Калі яна трымае гэта ў сакрэце, дык ты не выдавай мяне, калі ласка.

— Добра. Не выдам.

— Я не хачу сварыцца са сваёй дарагой сястрой. Яна хоць рэдка піша, але пісьмы яе вясёлыя і… разумныя.

— Што ён за хлопец… сябра твой?

— Сашка? Хлопец — душа. Лесавод. Па вушы ўлюбёны ў лес. У яго бацька ляснічы. І ён паступаў у лесаакадэмію ў Ленінградзе. Зрэзаўся. Забрылі.

Івана Васільевіча непрыемна кальнула гэтае «забрылі». Было б балюча даведацца, што сын глядзіць на службу як на пакаранне за універсітэцкія грахі. Пасля размовы пра Ладу, пра маці ён асцярожна спытаў:

— Ну, як табе служыцца?

— «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька. Спачатку былоцяжка. А цяпер — нішто, нават падабаецца. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе…

— Не утрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат.

— На сваім баявым месцы я думаю. Каля такіх прыбораў нельга не думаць. Я магу адкрыць табе сакрэт, таварыш палкоўнік запасу. Калі ведаеш, што дзякуючы тваёй рабоце ў штабе флоту і супрацьпаветранай абароны кожную хвіліну і кожную гадзіну ведаюць, што робіцца ў небе, куды які прадмет ляціць і з якой хуткасцю, дзе, у якім квадраце чарада авечак узняла залішне высокі слуп пылу, дык, я табе скажу, такое адчуваеш!.. І гордасць. І радасць. І ўпэўненасць, што ніякі гад не плюхне нечакана на галаву тату і маме якой-небудзь цацачкі, як у сорак першым. Няхай паспрабуе. Нам паказвалі, чым мы можам адказаць. Праўда, у мяне каля тых «пушачак» захалодала ўсяродку. Я не хацеў бы націснуць тыя кнопкі. Але людзям, якія выдумалі і нашы прыборы і ўсё іншае, я гатоў пакланіцца ў ногі. Можаш уявіць — твой сын, бяздарны матэматык, не ў прыклад сваёй геніяльнай сястры, тут палюбіў тэхніку! Праўда. Я нават думаў: а ці не зрабіць сваёй прафесіяй работу з гэтымі прыборамі?!

Сынава прызнанне ўзрадавала бацьку. Казаў Васіль, безумоўна, шчыра і сур’ёзна, хоць трохі і блазнаваў, трохі бравіраваў. Толькі апошняга бацька не зразумеў — наконт прафесіі. Спытаў.

— Наш камандзір агітуе мяне пайсці ў інжынернае вучылішча.

Такі сынаў намер павінен быў узрадаваць — вунь як змяніўся яго погляд! Але Іван Васільевіч раптам адчуў, што недзе ў душы яму не вельмі хочацца, каб сын заставаўся пажыццёва ў арміі. Хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся дадому. Упікнуў сябе. «Раскісаеш пад старасць. Пад крылом хочаш трымаць. Няхай ляціць у свет». Сказаў:

— Што ж… нядрэнная перспектыва.

— Але каб у арміі ўсе былі, як наш камандзір. Каб не было дурняў…

Бацька весела засмяяўся.

— Чаго захацеў! Не помню, хто з вялікіх сказаў: без дурняў было б сумна.

— Гэта праўда — з імі весела. Так весела… — згадзіўся Васіль без усмешкі, з суровай панурасцю.

Іван Васільевіч глянуў сыну ў твар.

— Цябе пакрыўдзіў хто?

— Не. Ніхто. Але ёсць у нас адзін салдафон. Увесь час баюся, што сарвуся калі-небудзь… А ён — шышка…

— Я прашу цябе, Вася. Не ад сябе. Ад мамы. Я разумею: здаралася, сам даваў дурням па зубах. Але ў мяне было другое становішча. Ты — салдат.

Васіль, запаволіўшы нават крок і збіўшыся з нагі, гэтак жа пранікліва паглядзеў на бацьку, зазірнуў у вочы. Хвіліну цягнулася нямая размова, якую абодва добра разумелі. Нарэшце Васіль шырока ўсміхнуўся.

— Не бойся. Не сарвуся. Навучаны ўжо.

Дождж перастаў імжыць. Зрэдку капала. Воблакі паднімаліся вышэй. Ці можа так здавалася таму, што ўсё ніжэй і ніжэй спускаліся яны. Калі прыйшлі ў пасёлак, Васіль прапанаваў:

— Хадзем пагуляем каля мора.

Хвалі бухалі з ранейшай сілай, толькі як бы радзей, з большым размахам.

Яны выйшлі па вузкім завулку на бераг. Мора ўдарыла ў твар салёнымі пырскамі і пахам водарасцяў. Адгэтуль, зблізку, белыя грэбні валаў не здаваліся такімі пагрозліва-фантастычнымі, мора не пагражала вадзяной гарой абрушыцца на зямлю. Усё было звычайнае.

Але Антанюк убачыў, як загарэліся сынавы вочы, раздзьмуліся ноздры, як ён схіліўся над абрывам: вось-вось кінецца на самую высокую хвалю. Марская стыхія прываражыла сухапутнага марака.

Поделиться с друзьями: