Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Ён узяў лямпу і падышоў да невялікага авальнага партрэта, што вісеў на голай сцяне над ложкам. З пажоўклай фатаграфіі глядзела маладая жанчына ў белай сукні. Яны былі надзіва падобныя: чалавек, што стаяў перад партрэтам, таксама меў не больш за дваццаць пяць гадоў, у яго быў такі самы высокі чысты лоб і ўважлівы пагляд з-пад тонкіх броваў, такі самы ўпэўнены і прыгожы малюнак вуснаў...

Ён зняў фатаграфію, і ягоны твар перасмыкнула: ад святла па сцяне разбягаліся прусакі. Узяўшы з падвокання кнігу, ён на хвілю затрымаў яе ў руках - гэта быў інстытуцкі падручнік фізікі, потым паставіў кнігу «хаткай» і прыладзіў партрэт так, каб сустракаць матчын позірк.

Было чуваць, як наверсе ўжо затупала, ставячы самавар, прыслуга. Ён яшчэ некалькі імгненняў памарудзіў, а потым схіліўся над сталом. Пяро лёгка, нібы чалавек пісаў звычайны ліст, забегала па паперы.

Не перачытваючы, ён паклаў ліст у кішэню сурдута і адразу пачаў апранацца.

Рэзка ляпнулі дзверы параднага. Чалавек, праводзячы вачыма лёгкі вазок з бесклапотным, яшчэ начным жаночым смехам, з насалодаю ўдыхнуў марознае паветра, наставіў каўнер падношанага зімовага паліто і рушыў па пустэльнай вуліцы.

У конусах святла пад ліхтарнямі вецер круціў рэдкія сухія сняжынкі. Цераз вуліцу паўзлі белыя вужакі дуйкі. Чалавек здзівіўся, што яму цёпла ў сваёй не надта ўгрэўнай апратцы. Першы дзень вясны, зноў падумаў ён і сам сабе ўсміхнуўся.

Жаночы смех з санак, што схаваліся за павароткаю, яшчэ звінеў у вушах, і яму згадаўся іншы, грудны і ціхі, як галубінае буркаванне, смех Юлі, а на памяць усплыла ўся нядаўняя паездка дахаты. Бадай, толькі цяпер, на прадзьмутай вятрыскам вуліцы, ён па-сапраўднаму даў веры, што тыя тры дні не прымроіліся яму, а папраўдзе былі.

Усё гэта было. І перамеценая завеяй вечаровая дарога з густымі ценямі ад сумётаў, і пырханне акрытага гунькаю дэраша, і прыхільнае маўчанне знаёмага мужыка, што няраз падвозіў яго, яшчэ гімназіста, ад станцыі. А потым - сонная, занесеная снегам да самых стрэх вёска, і маёнтак, і дзверы, што дыхнулі прытульным цяплом, і ўсцешана-недаверны ўскрык Юлі.

Пакуль падносілі чарку возніку і хапатліва збіралі на стол у гасцёўні, ён адчыніў валізку з пецярбургскімі гасцінцамі: памаранчамі і рахат-лукумам для ласухі Юлі і скрыначкай гаванскіх цыгар - бацьку. Сястра няўзнак падкралася ззаду і, паклаўшы падбародак яму на плячо, з пералівамі ў голасе спытала:

– Ой, Ігнась, і хто табе так хораша склаў валізку? Напэўна, нейкая панна?

– Так, панна. У мяне шмат добрых паненак ёсць, - жартам адказаў ён.

Не веру!
– тупнула ножкай Юля.
– Толькі адна.

Яшчэ перад адыходам цягніка, на сталічным вакзале, няўважліва слухаючы ў купэ суседа, які, задыхаючыся ад патрыятызму, чытаў газетнае паведамленне, што генерал Скобелеў узяў апошні форт тэкінцаў у Закаспійскім стэпе, Ігнат наважыў забыць, што яго чакае, і жыць гэтыя тры дні бестурботна і шчасліва, як тады, калі прыязджаў дахаты з гімназіі. Ён не надта верыў, што з ягонае задумы нешта атрымаецца, але, як ні дзіўна, часам яму сапраўды ўдавалася забыцца на ўсё і пачуць сябе бесклапотным. Відаць, сама душа ведала, што гэтыя тры дні патрэбны яму менавіта такімі, каб потым ён быў даастатку моцны і не зрабіў аніводнае памылкі.

Гэтая шчасная бесклапотнасць агортвала яго ўранні, калі ён прачынаўся на старой, знаёмай з маленства пярыне і сцішана глядзеў на марозныя візэрункі на шыбах. У тыя хвіліны згадвалася нешта светлае і неацэннае - дзяўчынка-падлетак, з якой яны на куццю няўмела і, відаць, абое ўпершыню ў жыцці цалаваліся ў халодных сенцах, вандроўны катрыншчык-паляк, якога бацька прытуліў у маёнтку на цэлы месяц, і ледзь не штовечар яны ўдвух - катрынка і скрыпка - давалі хатнія канцэрты для ўсёй ваколіцы. Ён перагортваў у ложку «Шляхціца Завальню»*, і схаваныя ў гэтым томіку задаўненыя дзіцячыя страхі, цмок з пеўневага яйка і вядзьмарка Белая Сарока, здаваліся яму больш рэальнымі, чым назіранні за царскімі выездамі або лекцыі аб дынамітных прыладах.

* «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» - кніга аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага.

Перад полуднем, паглядаючы на старую кухарку Тэклю, якая слугавала і за сталом, ён весела дэкламаваў на памяць:

І з пастаялкай жур сцюдзёны,

А з кашы сала аж цякло,

Ды і гусяціны смажонай

Уволю ўсім багом было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж слінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце...

Побач з самотнай постаццю ранняга прахожага спыніўся рамізнік. Але чалавек адмоўна махнуў рукой. Ён яшчэ меў часу пабыць сам-насам са сваімі прыгадамі, з самым, можа, дарагім, што ў яго цяпер заставалася.

Юля, улюбёная сястра. Яна так і не здагадалася... Яна раскладвала пасля вячэры пасьянс, а ён маленькімі глыткамі піў завараную на баркуне гарбату.

– Што кажуць карты?
– знешне бестурботна, але з нейкай лёгкаю трывогай спытаў ён.

– Што хутка тваё вянчанне, - пачырванеўшы, адказала сястра.
– Я ўяўляю, як ты цяпер жывеш там, у Пецярбурзе, - мройліва працягвала яна.
– Увесь дзень займаешся навукай, а ўвечары... Увечары вы з ёю едзеце ў тэатр. Напэўна, вы бываеце на балях. Уяўляю, як ты вядзеш яе пад руку цераз залу, абое такія маладыя, прыгожыя...

– Паваражы сабе, - мякка спыніў ён сястру, пазіраючы на тонкія чорныя абадкі сваіх пазногцяў, так і не адмытыя сляды доўгай работы са шрыфтамі. Яна даведаецца пра ўсё, але няхай гэта будзе не цяпер, думаў ён. Ігнат не хацеў, проста не мог разбурыць створаны яе фантазіяй свет, у якім ён нібыта жыў. У гэтым свеце не было месца нелегальнай друкарні, арыштам, пакаранням смерцю на досвітку.

– Паваражы сабе, - паўтарыў ён.

У тыя тры дні ён чуў сябе добра і з бацькам, хоць яны ніколі не былі блізкія. Ігнат змеціў, што пасля матчынай смерці гэты цяжкі, часам нават дэспатычны чалавек хутка ссівеў і страціў усю сваю нядаўнюю ўпэўненасць. Седзячы за сталом, бацька часта кідаў патайны позірк на такі самы, як і ва ўбогім сынавым жытле, авальны партрэт і потым доўга праціраў насоўкаю пенснэ. Гэта кранала Ігната і прымушала дараваць бацьку яго неразуменне, ягоныя былыя папрокі, што сын, найлепшы вучань Беластоцкай рэальнай гімназіі, забіў сабе галаву хімерамі і можа наклікаць бяду на ўсю радзіну Грынявіцкіх. Ігнату хацелася, каб бацька не ведаў, што сын паўгода таму выключаны з інстытута, і ён старанна пераводзіў усе рызыкоўныя размовы на падзеі ў Грынявічах і наваколлі. Бацька нічога не заўважаў, ахвотна і неяк мітусліва адказваў на нішчымныя пытанні і нараджаў у сынавай душы яшчэ большае шкадаванне.

Але ўсё было, відаць, не так проста.

У апошні вечар ён папрасіў бацьку сыграць на скрыпцы, і той знячэўку зайграў паланез, прысвечаны Касцюшку. Ужо назаўтра, у цягніку, калі за вакном купэ праносіліся аблітыя нежывым месяцавым святлом аснежаныя беларускія лясы і ў ім зноў загучала, паланіўшы душу, урачыстая і журботная мелодыя паланеза, Ігната апякла раптоўная думка: «Няўжо бацька здагадаўся?..»

Тае начы ў яго быў прыступ паняверкі, яму ўявілася, што край ужо немагчыма абудзіць, што ўсе надзеі згарэлі ў полымі апошняга паўстання і застаўся толькі халодны попел. «Ці не паспяшаліся мы назваць гэты люд нацыяй?
– думаў ён.
– Хочам заявіць аб ягоных правах, назвалі будучы часопіс «Гоманам»*, але ці загамоніць беларускі люд, ці паўстане? А мо зноў, як пачнецца паўстанне, будзе выдаваць змагароў, вязаць інсургентаў?..»

Поделиться с друзьями: