Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

* «Гоман» - нелегальны гектаграфічны часопіс, орган беларускай фракцыі таварыства «Народная воля», які пачаў выходзіць праз тры гады пасля апісаных падзей.

Ачуўшыся ад успамінаў, Грынявіцкі зразумеў, што ўжо некалькі хвілін стаіць перад патрэбным яму будынкам на Цялежнай. Як і дамоўлена, у вакне быў відзён вазон з геранню. Кішанёвы гадзіннік паказваў без пяці восем.

Ён прыйшоў першы і, хоць раней не верыў у прыкметы, падумаў, што гэта добры знак. Добры не ў звычайным, а ў ягоным, толькі ягоным разуменні.

Услед за Ігнатам па адным з'явіліся і трое астатніх. Павітаўшыся, яны замаўчалі, і, бадай, маўчанне гэтае было больш шчырым, чым нейкая магчымая размова.

Двое засталіся ў вітальні, уладкаваўшыся каля дзвярэй на засланай зялёным аксамітам кушэтцы. Трэці, высокі бландзін з поўным тварам і даўгімі, зачасанымі назад валасамі, якому не набегла яшчэ і дваццаці, прайшоў у другі пакой, да Грынявіцкага, і на Ігнатаву душу адразу лёг ужо звыклы цень. Ён пераконваў сябе, што мусіць насамперш паважаць гэтага хлопца, самага маладога між імі, за згоду ахвяраваць жыццём, пераконваў, што сваімі думкамі абражае яго, аднак быў пэўны, што на месцы Выканаўчага камітэта ён выбраў бы чацвёртым іншага. У паводзінах маладзёна яго штосьці насцярожвала. Нават зараз Ігнат убачыў знарочыстасць у тым, што хлопец гартаў узятую з этажэркі «Ниву». Але гэта была ўсё-ткі не непрыязнасць, а трывога. Кінуць бомбу не так ужо і цяжка, думаў Ігнат. Неймаверна цяжэй да канца застацца чалавекам. Як ён будзе паводзіць сябе, калі трапіць у рукі жандараў? Ці не возьме верх над усім інстынкт самазахавання, ці не захлісне душу жаданне жыць, выжыць любой цаной? А там умеюць зламаць слабага, там умеюць правесці душу праз усе кругі здрады і потым, пакінуўшы ад чалавека адну абалонку, выкінуць яго на сметнік.

Намаганнем волі Грынявіцкі абарваў свае думкі.

Дзесьці, яшчэ схаванае камяніцамі вялізнага горада, узышло сонца. Дзесьці спяшалася сюды Соф'я. Дзесьці чакалі сённяшняга выбуху таварышы. Яны пачуюць яго, пачуюць і ў сталіцы, і ў самых аддаленых кутах імперыі. Выбух будзе напамінкам усім тыранам, будзе помстаю за ягоны абылганы, зняважаны народ.

З нейкай пільнаю ўвагай разглядаючы герань, якая зацвітала на вакне ружовымі кветкамі, Грынявіцкі злавіў сябе на тым, што ў ягонай свядомасці гучаць радкі з ранішняга ліста. Было такое адчуванне, быццам нехта дастаў запавет з кішэні і чытае яго ўголас, і ён, Ігнат, прагна слухае.

«Што будзе далей?.. Я баюся... мяне палохае думка, што наперадзе яшчэ шмат дарагіх ахвяр. Апошняя смяротная бітва, я веру, ужо недалёка. Яна залье палі і нівы крывёю, але гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды патрабуе чалавечых жыццяў. Я не буду жыць ніводнага дня, ніводнае гадзіны ў светлы час перамогі, калі народы імперыі стануць вольныя... Лёс асудзіў мяне, але гэта неабходна. Гэта неабходна дзеля тых, хто прыйдзе пасля нас...»

Ён баяўся пачуць хоць водцень фальшу ці няшчырасці, ды не пачуў іх, і з гэтае хвіліны запавет належаў ужо не яму, а тым, хто застанецца.

Соф'я з'явілася каля дзевяці, калі яны пачалі хвалявацца; ён пазнаў хуткі стукат яе абцасаў у калідоры. Пры сустрэчы ён зазвычай цалаваў ёй руку. Соф'і гэта ніколі не падабалася, але яна кожны раз з грымаскаю незадавальнення ўсё ж цярпела ягоную цырымоннасць і дазваляла крануць вуснамі свае пальцы. Грынявіцкі не збіраўся адступаць ад завядзёнкі і сёння, аднак выгляд Соф'і спыніў яго. Бледная і змарнелая, з хваравітым бляскам у вачах і плямамі нездаровага румянцу на шчоках, яна паставіла важкі клунак на стол і задыхана села.

– Андрэя*... арыштавалі...
– выдыхнула яна і закрыла далонямі твар.

* Андрэй Жалябаў разам з Соф'яй Пяроўскай уваходзіў у склад кіраўніцтва «Народнай волі» і непасрэдна ўзначальваў падрыхтоўку да пакарання смерцю Аляксандра II, якое адбылося 1 сакавіка 1881 г.

Ігнат змусіў сябе застацца на месцы. Спакойна, загадаў ён сабе. Спакойна.

Праз хвіліну Соф'я паднялася і, знаёмым рухам скінуўшы з галавы хустку, загаварыла сваім звычайным нягучным голасам:

– Нашы тэхнікі зрабілі толькі палову бомбаў, па адной на кожнага. На большае не хапіла часу.

Яе на момант перапыніў прыход рослага мужчыны з чорнаю барадой. Побач з клункам Пяроўскай ён асцярожна апусціў свой і аднымі вачыма сумнавата ўсміхнуўся Ігнату. Гэта быў кіраўнік групы тэхнікаў Кібальчыч.

– У вас не будзе бомбаў для абароны, - гаварыла Соф'я.
– І запасных на выпадак няўдачы таксама не будзе.

Яна абвяла мужчын вачыма. Кібальчыч вінавата ўтупіўся ў падлогу, аднак Грынявіцкі ведаў, што і Кібальчыч, і зямляк-магілевец Рыгор Ісаеў, усе тэхнікі зрабілі што маглі, і нават болей.

Соф'я затрымала спакойны пагляд на Ігнаце, і ён уразіўся, як гэтая маленькая жанчына валодае сабой пасля арышту каханага. Толькі хвіліну слабасці, адну хвіліну дазволіла яна сабе, каб зноў стаць такой, якою ён яе ведаў. Ён ніколі, мо таму, што яшчэ ніколі не кахаў, не прызнаваў вяршэнства жанчыны, а ёй гатовы быў падпарадкоўвацца з радасцю.

– Памятайце, што мы павінны лічыць гэта не толькі абавязкам, але і гонарам партыі, - сказала Соф'я, не адводзячы позірку, нібыта знайшла ў вачах у Грынявіцкага падтрымку свайму спакою і мужнасці.

– Мы гатовы, - трохі паспешліва адказаў ён. Паспешліва - бо баяўся, што першы загаворыць маладзён і яны пачуюць нейкія непатрэбныя і напышлівыя словы.

Соф'я ўзяла аловак і ўпэўнена накідала план. Усе абступілі стол.

– Што на Малой Садовай?
– злёгку картавячы «л» і нават зараз саромеючыся гэтага, запытаў Грынявіцкі.

– Там ужо чакаюць, - адказала Соф'я, але яе паведамленне не змагло пахіснуць ягонага ранейшага прадчування, нават не прадчування, а амаль упэўненасці, невытлумачальнае ўпэўненасці, што ўсё вырашыць не міна ў падкопе на Садовай, а яны чацвёра, праўдзівей, не чацвёра, а толькі адзін з іх.

– Калі выбух будзе няўдалы, цар, найверагодней, накіруецца вось сюды, - Соф'я паказала алоўкам, - на Манежную плошчу. Тут самае небяспечнае і адказнае месца. Міхаіл Іванавіч*, - падняла яна вочы на Ігната, - кіраўніцтва партыі лічыць...

* Канспірацыйная мянушка Грынявіцкага.

– Можаце не працягваць, - сказаў ён.
– Ваш выбар супадае з маім.

Перад адыходам, калі ўсё ўжо было дамоўлена і ён трымаў пад пахаю загорнутую ў белую сурвэтку бомбу, падобную нечым на невялікі камяк снегу, Ігнатаў позірк зноў спыніўся на вазоне з ружовай геранню. Абапал вазона стаялі на падваконцы дзве абвязаныя паркалёвымі хусткамі бляшанкі з дынамітам. Невыразная думка, што мільганула ў яго раней, раптам набыла бязлітасную акрэсленасць. Ён зразумеў, што гэта яго апошнія кветкі, і падумаў: як, напэўна, здзівілася б Соф'я, даведаўшыся, што ў гэтую хвіліну ён шкадуе, што больш не ўбачыць ні сціплых здрыжнічак, якіх так багата на поплаве за Грынявічамі, ні сваіх улюбёных канвалій. Шкадаванне па канваліях было такое моцнае, што на імгненне ён адчуў іхні тонкі лесавы водар.

Цяпер, на плошчы, гэтая шкадоба і ўся размова на Цялежнай ужо былі далёкія і адлучаныя ад яго. Яны засталіся за нейкаю крэскаю, тамсама, дзе перад гэтым ён пакінуў запавет і прыгады пра дом.

Ігнат выняў з кішэні гадзіннік. Вялікая стрэлка набліжалася да малой, каб сустрэцца з ёю на лічбе 12. Надыходзіў час, калі цар меў звычай выязджаць у манеж на агляд гвардыі. Занятак, варты такога дзяржаўнага дзеяча, як імператар. Чаго яшчэ чакаць ад чалавека, з малых гадоў прывучанага да пляц-парадаў, ад салдафона, які бачыць у падданых полк, а ў Айчыне - казарму?

Поделиться с друзьями: