Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасьліва жыць, калі б толькі слухала голасу сваяго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, гдзе трэба…

У вязьніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта ня сьмешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам сьнілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум маяму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасьцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне сьнілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскрозь прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй… Раз мне прысьнілася землетрасеньне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю… Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сьне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць сьвет: праясьніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэх… Мой чэскі сьледавацель меў тубэркулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прысьнілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю тубэркулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам зьбіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысьніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб ня плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла… Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў маяго сроку. Я ня ўсе сны сяньня памятаю, але яны былі амаль прарочыя.

У камеры жанчын мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзячы на паўстагодзьдзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, гдзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасьля павязьлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязьніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зьняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас разьдзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.

Паверхі й сходы вязьніцы ў Брэсьце… На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсьць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакараньня. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есьці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданьні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся з намі й аднойчы паведамілі нас, што маяго мужа паклалі ў больніцу. Я так і прыпала да сьцяны, і мяне на гэтым злапаў канваір. Начальства назначыла мне 5 сутак карцара. Жудасная адзіночка ў сутарэньні цюрмы. Пуста, толькі стоўб каменны, укапаны ў зямлю, і холад. 20 дэкаў [100] хлеба ў суткі й адзін раз на 5 сутак талерка жудаснай зупы. Побач крычаць ненармальныя людзі. Крычаць неймавернымі галасамі, іх б’юць. Магу зразумець, што яны выліваюць сабе парашу на голаву, грызуць сьцены, робіцца страшна, не магу зразумець, пашто яшчэ мучаць яны ненармальных, ужо й так пакрыўджаных Богам? Знача, розуму ў іх ніяк няма — зьвяры! А час ужо бліжыцца да вясны. На шырокі бліскучы падаконьнік асеў пыл. Недзе зазванілі ў царкве на вячэрню, і праз закратаванае вакно прабілася вельмі яснае неба. Сонца яшчэ не заходзіць. Сэрца маё перапоўніла прага малітвы, і я пальцам па чорным запыленым падаконьніку пачала маляваць голаў ХРЫСТА ў цярновым вянку. Галава выйшла цудоўна, і кропелькі крыві быццам зьбеглі па сьвятым ЯГО твары. Абраз выйшаў вельмі харошы, быццам нехта натхнёна вадзіў маею рукою, і мне пацяклі сьлёзы. У гэты мамэнт з грукам адчыніліся дзьверы й раз’юшаны савецкі афіцэр схапіў мяне за шыю й пачаў раўсьці, паказваючы на Хрыста: «Кто это, кто это?» — «ХРЫСТОС», — кажу. Тут ён выразіўся на Хрыста такім жудасным, непаўтарымым словам, якое толькі можа прыдумаць абсалютнае бясьсільле ўбогага твору ў змаганьні з ніколі недасяжнай яму веліччу духу. Паўтарыць гэтага не магу. «Еще пять суток карцера дать ёй за эти рисунки!» — енчыў няшчасны, сьціраючы рукавом з шырокага бліскучага падаконьніка голаў ХРЫСТА. А за вакном званілі соладка званы, і бліжыўся дзень ХРЫСТОВАГА ЎВАСКРАСЕНЬНЯ. Той страшны чакіст ня раз пасьля заглядаў да нас у камеру, падыходзіў, калі адвозілі мяне на этап, і з лютай нянавісьцю сычэў на мяне: «Касмапалітка…» Яны прывыклі да ламаньня людзей на першы загад, а я пастанавіла да сьмерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паломаным хрыбтом няма чалавека.

100

Дэка (грэч. deka) — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае дзесяць.

Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасьля сустрэліся на этапе. Называўся ён Лёша, прозьвішча ня памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Зьвялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Маяго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ён усе ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.

На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косьці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага зьдзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасвць радьт выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасьць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спэцыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдзкімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гэстапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі… Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынэлі нёс пад пахаю цэглападобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гаалі б сваяго роднага бацьку… Мы пакідалі Беларусь, тую, па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насьмерць.

Нас разьмясьцілі ў знаёмыя ўжо мне «апартамэнты вагонзака», дапаўняючы намі ўжо й так поўныя клеткі. Мы з Нінай Камбэрскай, здаецца, з Менску, і нейкай другой цяжарнай жанчынай з-за Брэста трапілі ў клетку побач з ксяндзамі. Мы маглі гаварыць. Ксёндз Лазар знаў многа моваў, праўда, ён не лічыў патрэбным на Беларусі ведаць беларускую мову, ну, але гэта няхай яму прабачыць Бог, які даў пакуль што магчымасьць цярпець беларусам за сваю свабодную будучыню, у якую мы цэлым сэрцам верым. Была каталіцкая Вялікая Пятніца, усе былі крыху пад гэтым уражаньнем. Ксяндза асудзілі на 10 гадоў, а за што, ён нават добра ня ведаў. Затое ён ведаў дзень сваяго арышту яшчэ перад арыштам і ведаў дзень, калі яго пусьцяць. Гэта ён ведаў з прарочага сну, з якога многа ўжо спраўдзілася. Ля нас ехаў яшчэ другі Лёша, як ён расказваў нам, яго схапілі, калі прызямляўся на Беларусі, скінуты з дэсантам, так і быў яшчэ ў камбінэзоне. Ехаў там яшчэ й харошы беларускі студэнт Борыс па прозьвішчу, і так стварылася наша маленькая група. Мы стараліся дапамагчы сабе ўзаемна хоць словам, беглі да сябе заўсёды, калі нас выводзілі на этап з чарговай перасылкі.

Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы. Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г. зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта. Была там адна беларуска, жонка яўрэя. Яна мне казала, што яе сынок выжыў толькі дзякуючы таму, што быў яўрэям, яго глядзелі, і муж яе хутка дзіця забраў. У другіх лагерох дзеткі так паміралі, калі іх меліся з лагеру забіраць сваякі. Маюць, напрыклад, прыехаць па дзіця, і вось паўтараюцца ўсе сымптомы запаленьня лёгкіх, і дзіця да прыезду па яго канае. Адна харошая расейская жанчына Шура (прозьвішча ня памятаю), якой муж-хірург пазбыўся розуму, калі яе цяжарную забралі, казала мне, што й з яе дачушкаю зрабілі таксама. Калі радзіла яна, дык разрывы вялікія, якіх такая менавіта медсястра загадала не зашываць, бо быць жанчынай ці быць маці болей зьняволенай ня прыйдзецца… Шура высокая, прыгожая, маладая, заўсбды сумная, усё хварэла далей па-жаночаму. Так жа рабілі на поўначы, і мужчыны прасілі нас лічыць, колькі бедных дзетак памерла. Яны гэта ведалі.

Нас вязьлі далей. Першай вязьніцай, гдзе мы трапілі па дарозе, была вязьніца ў Арле. Калі забіралі ў капцёрку мае рэчы, дык паведамілі мне бытавікі зьняволеныя, якія там працавалі, што сюдой праехаў ужо нехта Геніюш, доктар. Я падзякавала за вестку. Знача, Яначку вязуць на поўнач… У Арлс ўвялі нас з Нінаю ў дзеравяную вязьніцу, у камеру, поўную жанчын. Стаяла там неймаверна велькая дзеравяная параша, па берагі поўная, адпаведна араматная, і жанчыны былі большасьцю зусім абарваныя, хоць пару было й апранутых лепей. Сустрэлі яны нас вельмі сардэчна, да сьлёз цёпла, як нідзе болей. Падзяліліся хлебам і нейкімі ляпёшкамі з бульбы і яшчэ нечага, якія цяжка было раскусіць, але раскусіўшы ўжо нейк было можна жаваць. Многія з іх сядзелі за самагонку, якую гналі з буракоў, каб пракарміць дзяцей, бо мужыкі не вярнуліся з вайны. Яны былі радыя хоць тым, што маюць тут хлеб, і плакалі толькі па дзецях. Жанчьшы гэтыя з усім зьмірыліся, лічылі сваю зямлю няшчаснай, як пад татарскім ігам, і час акупацыі, жудасны час акупацыі, лічылі лепшым часам сваяго нялюдзка суровага жыцьця, бо маглі тады сеяць і жаць на сваім. Яны нічога не баяліся. Сярод іх былі й дзьве настаўніцы з Арла, і жонка прадсядацеля калгаса, якая, калі я ад’яжджала, дала мне 10 рублёў на дарогу, можа, спатрэбяцца. Сядзелі яны таму, як казалі, што нехта сядзець мусяў, доля выпала на іх. Апрача іх былі там немкі з Паволжа й татаркі. Гэтыя дзяўчаты ўцяклі з месца, гдзе пасялілі іх народы. Далі ім за гэта па 20 гадоў катаргі, і ўсіх іх, як я пасьля даведалася, павезьлі на Варкуту.

Пабыўшы ў іх пару тыдняў, мы папрашчаліся з гэтымі амаль сьвятымі жанчынамі. Нас выклікалі далей. Наша малая групка зноў сустрэлася ўся на этапе, і мы маглі крыху пагаварыць. Ксёндз тут адсьвяткаваў свае сьвяты спакойна. Гэта ў Вялікую Пятніцу ў «вагонзаку», калі мы з ім гаварылі праз сьценку, падышоў да яго афіцэр і папытаўся, за што ён, абманшчык, які адурманьваў народ, дастаў срок? «Па графіку, — кажа ксёндз, — падышоў графік, і мяне ўзялі». — «Дык вось ідзі цяпер памый падлогу ў карыдоры, навучышся працаваць». — «Я ўмею ўсё рабіць, — сказаў ксёндз, — а вось вы, акрамя насіць пагоны й мучыць людзей, больш ні на што ня здольныя…» Афіцэр закусіў губы, і калі бедны ксёндз Лазар вымыў той карыдор уздоўж усіх закратаваных клетак з намі, зьвярочкамі, яго далі ў карцар, бо й там ён быў таксама. Дык ксёндз нам, сустрэўшыся, казаў, што не было там так страшна, ён спаў там, а ў клетачцы ля нас сядзела іх болей дваццаці, адзін на адным, і яму было горай. Нас зноў пасадзілі недалёка, і мы між сабой час ад часу перакідаліся словам. Ва ўборную пускалі нас рэдка, а то й не пускалі даўжэйшы час, што было асабліва пацешна для канваіраў, і яны адпаведна камэнтавалі сьпех няшчасных і далей зьдзекаваліся з ксяндза.

Нас прывязьлі ў Горкі ў т. зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, разьмесьцяць, бо зьняволеных назьбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасьцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасьці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са сваяго ўбогага чамаданчыка дзьве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.

Ах, гэты Горкі, кляты Горкі… Там і шманалі нас не палюдзку. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія пасьпелі ім уесьціся ў косьці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана. Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сьведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасьцямі на іх скромным ваенным вясельлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчасьлівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Ня ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі сьветлае. Мне пасьля болей года вязьніцы асабліва хацелася быць вонку.

Поделиться с друзьями: