Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап зьбіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасьля даведалася, абодвух Лешаў і Борыса павезьлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў зьвісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасьцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, ня мог паўтарыць той жудасьці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і разьдзелі, і зьдзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзеньне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і ня чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людзкасьці, якога яна й зьнішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзьверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзі з дзесяцігадовымі срокамі ён ня выжыве. Ён шчыра зайздросьціў нам дваццаціпяцігадовага сроку…

Нас павезьлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усе роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька Марта. Вечарам, нешта расказваючы, выкрала блатная яшчэ сукеначку з таго мяшка, але мне ўжр было ўсе роўна. Начальнік канвою сказаў мне, што ўжо вез сюдэмі маяго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку… Гэта вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах, брудзяць усякае пачуцьце брудным дотыкам сваіх крывавых рук. Пасьля той начальнік стаў ля нашай клеткі й пачаў пяяць панылыя расейскія песьні. Выў гэтак не пераставаючы да поўначы, відно, і самому было нялёгка. Адно бачыць тысячы зьняволеных людзей, а тут цягнуць іх яшчэ на страшную поўнач… Некаторых зьняволеных высаджвалі па дарозе, іншых набіралі. Цяпер ужо суцэльны цягнік быў з «вагонзакаў». Гэта «галіна прамысловасьці» гандлю людзьмі была найлепей арганізаваная ў Савецкім Саюзе й пастаўленая на першае месца. Там недзе амэрыканцы арганізоўвалі дапамогу людзям пасьля вайны ці сваю магутную прамысловасьць… Што ж, каго Бог хоча пакараць — розум адыме…

Нарэшце нас прывезьлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязьніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут ня чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць…

Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…

Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК [101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы… [102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…

101

АК (Armia Krajowa) — Армія Краёва, польская падпольная ваенная арганізацыя перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане.

102

Польскі эмігранцкі ўрад у Лондане (1939–1945).

Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…

Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…

Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…

Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касьцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, гдзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое ня мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасьці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косьці й скуру, ні на што не зьвяртаючы ўвагі, Мы атупелі да іх навакольля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас разьвялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясьціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеньнікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцьвякам. Есьці нас вадзілі ў сталовую строем, гдзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.

З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасьля этапу чэх. Пасьля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчасьлівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласьць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-летгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць зьдзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі… Сьмешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасьць бесчалавечнасьці супраць мяне. Лячыў мяне зьняволены доктар-паляк. Прозьвішча яго ня памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала… Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людзкасьць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер 1-шы ОЛП [103] , з якім належыць мне наладзіць лучнасьць, каб працаваць».

103

Асобы лагерны пункт.

Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцьвенныя сьпевы, то ў дэталі жудаснага сьледства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цьверда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры Нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.

Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зьняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсьці тут адну пісьменьніцу, жонку доктара з Чэх. Знача, яна шукала мяне. Я да сяньня ня пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ… Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсьці. Мужа павезьлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач… Стала нейк безнадзейна, нясьцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На двард была сьлякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэпляць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвэнтуальны пабег… Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласьць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок… Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я ня думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасьць няшчасных. Падаў сьнег з дажджом, і некалькітысячны шнур людзкі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й сьнегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асьвенціме й Майданаку. Навука Гітлера не пайшла ў лес… Што будзе, куды гэта дойдзе людзкасьць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. I вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезьці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя… Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішней цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт» [104] , — казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які ня сьніўся нават ардзе Джынгісхана… Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцьвенны сьпеў двух дзядкоў, я расплакалася.

104

Юберкультывірт (ням. uberkultiviert) — звышкультурны.

5. Лагер

Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі [105] і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.

105

Шчопці (дыял.) — невялікая колькасць чаго-небудзь сыпучага, што можна ўзяць трыма пальцамі.

Поделиться с друзьями: