Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— I доўга ён яшчэ будзе жыць? — нарэшце не вытрымала i запытала тая.

— Хто, мама? — як не здагадваючыся, спытала Маня i хацела, каб свякроў хутчэй пасунулася дадому.

— Хто — яшчэ пытае! — узлавалася тая. — Ён, кватарант твой.

— Не ведаю, — спакойна прамовіла Маня. — Не прагоніш жа чалавека.

— Магла i не браць, — папікнула свякроў. — Другія з мужамі, але не бралі.

— Папрасіўся… — апраўдвалася Маня.

— Мала хто прасіцца будзе. Ты чуеш, што людзі гавораць?

— Хай гавораць… — прамовіла Маня, трымала ў руках вядро, забылася паставіць яго на зямлю.

— Бачу, ты яго не думаеш праганяць, рада, што не выбіраецца, — свякроў злосна бліснула вачыма. — Надта скора забылася пра Сцяпана.

— Перастаньце, мама, не трывожце душы, — напрасна Маня, стрымалася, каб не раскрычацца. — Не паднімем мы яго ўжо…

— Во што ў цябе ў галаве, — усміхнулася свякроў, рукавом фуфайкі выцерла слёзы на маршчыністай шчацэ. — Гэта я толькі ўбіваюся, свету не бачу. Бо я маці, а ты хто…

— Прашу вас, сціхніце, або… — не вытрымала Маня, паставіла на зямлю вядро i рыдлёўку, але стрымалася, больш нічога не сказала.

— Ужо i не трэба мы табе? — гаварыла свякроў, як хвастала па шчоках. — А як дасюль чаго дранага-рванага трэ было, то да нас бегла… «Татачка, мамачка, памажыце». Цяпер ужо не трэба, з двара гоніш.

— Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі… Жыў бы Сцяпан — была б рада яму… Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы… I пра дзіця падумаць не хочаце.

— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш…

— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць…

Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.

Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.

Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.

Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:

— Чаго ты, Маня?

Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.

— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні… Чуеш?

Але яна не чула, не адказвала.

— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.

5

Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.

Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.

— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады… Гаспадар!

Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.

Аплявуха

1

Толькі ўжо на трамвайным прыпынку, калі развітваліся, Вішнявец запытаў пра тое, пра што, мусіць, думаў увесь час.

— Скажы, Васільевіч, ты помніш пра некалішнюю маю аплявуху? — ён не то гарэзна ўсміхнуўся, не то крышку засаромеўся, падняў правую руку i пацёр далонь, быццам яна засвярбела. — Ці забыў даўно ўжо тое?

Вішнявец запытаў, а я збянтэжыўся. Быццам ён невінаваты, быццам я зграшыў. Міжволі зірнуў на гэтую руку, што некалі так балюча ўдарыла мяне. Яна i цяпер, калі Вішнявец пастарэў, трохі асеў, як асядае ў камлі старое дрэва, была яшчэ дужая — шырокая, як шуфель, далонь, тоўстыя пальцы. Ён сцепануўся ад майго пільнага позірку, апусціў руку i, здаецца, без дай прычыны схаваў яе ў кішэні светлага пінжака.

— Даўно тое было… — нібы апраўдваўся Вішнявец, нібы заадно хацеў супакоіць i мяне, каб я хоць цяпер не меў на яго крыўды. — Можа, гадоў трыццаць прайшло ўжо… Я тады быў яшчэ зусім малады, гарачы, а ты — горкае дзіця… Як i наш Міхась… — гаварыў i адводзіў вочы, не вытрымліваючы майго позірку. — Ды i час тады быў… Ого, які гарачы быў тады i час… Многа не гаварылі…

«Які б ні быў час, дзядзька Іван, але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам», — хацеў сказаць я, але змаўчаў.

Я, прызнаюся шчыра, не забыў пра той былы, сапраўды даўні ўжо выпадак, але i не ўспамінаў яго каму-небудзь: па-першае, ці варта доўга выношваць крыўду i помсту, а па-другое, у жыцці маім за гэты час было яшчэ нямала ўсякіх — значных i дробных, прыемных i гаркотных — выпадкаў. Хіба ўсё ўтрымаеш у памяці?! Хіба на ўсё зважаць?! Але сёння, як пачуў званок, адчыніў дзверы i ўбачыў на пляцоўцы нечаканага знаёмага госця, дык адразу i ўспомніў той час, маладога дзёрзкага Вішняўца, тое прыкрае здарэнне.

Запрасіў у кватэру, слухаў яго крыўду, папрокі, частаваў, але не напамінаў былога. Ды i лічыў: Вішнявец пра ўсё ўжо забыў. Калі ўжо тое было! Ды ці варта за яго папікаць цяпер старога ўжо чалавека?! Лепш паглядзець, кім ён стаў на старасці. Маладыя грахі ды памылкі навучылі яго чаму-небудзь карыснаму ці нічога не змянілі ў чалавеку?

Я i цяпер, усміхаючыся, пазіраў на Вішняўца — невысокага, камлістага, у белым капелюшы i ў светлым касцюме, з кішэнькі пінжака якога вытыркаліся два хвосцікі самапісак, з гаспадарчай пакоўнай сумкаю ля ног.

Нейкую хвіліну мы абодва маўчалі, мусіць, кожны па-свойму ўспамінаючы той няблізкі час, тое здарэнне, сваё некаляшняе i цяперашняе жыццё.

— Я, Васільевіч, прызнаюся: я забыў тое… зноў нібы гарэзна, нібы крышку з няёмкасцю ўсміхнуўся Вішнявец. — Кажу, колькі вады ўжо сплыло, чаго толькі не было… Але як параілі знаёмыя пад’ехаць да цябе папрасіць помачы, дык адразу ўспомніў… Як у памяці нешта адчынілася… Думаў: ты цяпер важны чалавек, не захочаш нават гаварыць са мною, пенсіянерам. Каб я яшчэ на базе, як раней, два гады таму, рабіў, дык, можа, паразумеліся б, а так… З-за крыўды, з-за цяперашняй сваёй важнасці можаш нават не дапусціць мяне да дзвярэй… Аж ты просты, бачу, чалавек. Можа, i занадта просты. Во іншы на тваім месцы… Ого, не так бы паводзіўся, не тое меў бы… — Усклікнуў у захапленні.— О, якія ёсць пыхліўцы ды грабуны! I я табе, Васільевіч, скажу, што i трэба марку сваю высока трымаць. Тады болей паважаюць, а то i баяцца… З простага пасміхоўваюцца, а то i папіхаюць яго ўсюды…

Поделиться с друзьями: