Станаўленне
Шрифт:
Я моўчкі слухаў. Вішнявец гаварыў-гаварыў пра сваіх знаёмых падначаленых i кіраўнікоў, хваліў ці ганіў ix, а пасля, убачыўшы, што падыходзіць патрэбны трамвай, заспяшаўся ехаць дадому, у свой гарадок.
— Дык, Васільевіч, заступіся, не дай у крыўду заслужанага чалавека, — зноў, як i ў кватэры, пачаў прасіць. — Цыкні зверху на нашага Сідаровіча, іншым падсып перцу. Памажы дабіцца мне праўды i справядлівасці.
Я падакляраваў узяць ад газеты камандзіроўку i пад’ехаць разабрацца ca скаргаю Вішняўца. Ён аж рассыпаўся, як кажуць, ад падзякі ды паехаў сваёю дарогаю.
Неўзабаве я i з’ездзіў туды, як i абяцаў. Мясцовыя кіраўнікі выслухалі мяне, з болем паскардзілся, што Вішнявец замучыў ix ужо сваімі просьбамі ды скаргамі. Ён па льгоце атрымаў у горадзе вялікую кватэру, легкавік, а цяпер хоча атрымаць яшчэ адну машыну i яшчэ адну кватэру — для сына. Для Міхася, з якім я некалі разам хадзіў у школу. Мне не толькі расказалі пра ўсё гэта, але i дакументамі пацвердзілі, што той Міхась, заводскі інжынер, можа жыць i з бацькамі, бо плошчы хапае.
Калі я, маючы на руках копіі Вішняўцовых лістоў, адказаў з раённых устаноў, зайшоў да Вішняўца ды паказаў усё гэта, дадаў ад сябе, што ён скардзіцца без дай прычыны, дык ён мігам змяніў сваю ласку на гнеў, пачаў нагаворваць i на мясцовых людзей, i на мяне самае што ні ёсць паганае. Мяне яшчэ папікнуў, што я не хачу памагчы яму за тую сваю даўнюю, «нікчэмную», як сказаў, крыўду. Уз’юшыў супраць мяне i свайго сына, бо той не сказаў мне ніводнага прыемнага слова, толькі кпіў з мяне ды таксама нагаворваў на сваіх людзей.
З прыкрасцю я зразумеў, што Вішнявец i на старасці не толькі не змяніўся, не палагоднеў ды не падабрэў, але яшчэ болей закасцянеў ад зла. Недарэмна ж, мусіць, людзі кажуць: калі нарадзілася цялятка з лысінкай, дык з ёю i памрэ.
2
Той даўні выпадак, пра які не адзін раз напамінаў Вішнявец, здарыўся, калі я пайшоў у першы клас.
Што такое пайсці дзіцяці ў школу, усе ведаюць. Гэта — i вялікая падзея, i немалая перамена ў жыцці, i новыя хваляванні ды трывогі, i велізарная радасць ды доўгая, без канца i краю, дарога ў навуку, да пазнання. Тым больш усё гэта было ашаламляльнае i важнае для мяне: я нарадзіўся i гадаваўся на хутары, дзе было ўсяго некалькі аддаленых адна ад адной хат, не мелася яшчэ электрычнага святла, дык для мяне дарога ў вёску, да людзей, навучанне ў школе, дзе было электрычнае святло, радыё, а таксама была досыць вялікая бібліятэка тоўстых i тоненькіх, з малюнкамі кніг, стала, можна сказаць, дарогаю ў вялікі свет. Канечне, свет той быў не такі ўжо вялікі, але для мяне, тагачаснага, быў, паўтару, не малы.
У школе я хораша сышоўся ca сваім суседам па парце, Міхасём Вішняўцом. Быў ён крышку ніжэйшы за мяне, як казалі, «гонкага, але худога», але камлісты, дужы i вельмі прыгожы, нібы дзяўчынка. Яшчэ ён быў разумны, кемны, умеў ужо добра чытаць — не толькі «Буквар», але i кнігі ды газеты, — а таксама спрытна пісаць ды лічыць, здаецца, бясконца. Я яшчэ столькі ўсяго не ўмеў, мог толькі чытаць i пісаць друкаванымі літарамі, лічыў з запінкаю, не мог вызначыць, які дзесятак ідзе ўслед за якім.
Пасябраваўшы з Міхасём, я пачаў заходзіць да яго дадому — ці раніцай, ці пасля вучобы. Хата Вішняўцоў мяне таксама ўразіла: у нас, на хутары, хата, хлеў, гумно — усё было над адной страхою, жыллё наша было з аднаго пакоя, з адным, ад вёскі, ад поля, акном, з гліняным долам. У Вішняўцоў высокі светлы дом стаяў ля вуліцы, за плотам i гародчыкам, a астатнія прыбудовы былі воддаль. Дом быў з трох пакояў, з мноствам вокнаў, з дашчанаю падлогаю. Вішнявец-бацька быў у той час нашым брыгадзірам, жыў заможна.
Мы з Міхасём ці забаўляліся ў двары альбо на блізкім поплаве, ці каталіся на яго дзіцячым веласіпедзе, ці былі ў хаце i гулялі ў «школу», у «настаўніка» i «вучня». Міхасёва маці, цётка Франя, сустракала мяне ветліва, частавала смачнымі грушамі ды яблыкамі альбо разам з Міхасём садзіла за стол, а гаспадара я мала калі бачыў у хаце: ён, лічы, не стыкаўся дома. Сядзе на свайго жарэбчыка, стукне яму нагамі пад бакі — толькі яго i бачылі.
3
Тады, у першым класе, я з зачараваннем адносіўся да нашай настаўніцы — маладзенькай Клаўдзіі Ільінічны. Яна — у белых туфлях, блакітным касцюме, з выкладзеным наверх вялікім каўняром белай блузкі — была вельмі наглядная, а па-другое, ветлівая, хораша тлумачыла, чытала, а таксама спявала. Бачыць, чуць яе была для мяне кожны дзень найвялікшая радасць. Маці мая часамі аж «скардзілася»: пайшоў ты, сынок, казала, у школу, дык зусім змяніўся — мяне перастаў любіць, a палюбіў сваю настаўніцу, чужую жанчыну.
Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам ca сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, «мядзведжым», «лісіным» ды «воўчым», галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне i слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.
Нечакана рззка адчыніліся класныя дзверы, i мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ i зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.
— Ідзі сюды, — запатрабаваў у анямелай цішьші Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына. — I ты, друг хутаранскі,— кіўнуў i мне, — выйдзі.
— Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей. — У нас жа ўрок…
— Нічога, урок можна i перарваць, — непачціва адказаў ёй Вішнявец. — Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі…
— Выйдзем, хлопчыкі,— ціха прамовіла настаўніца, — А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.
Мы падняліся i пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася i Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.
Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт «Казбек» (Міхась збіраў пустыя пачкі i абменьваў на ix жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы i кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку i хустачкаю выцер з ілба буйны пот.
— Іван Станіслававіч, я нічога не разумею… — i разгублена, i незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца. — Што здарылася?
— Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку, — Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?
Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць i не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы i разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але i для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.
— Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў,— папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выстунілі на ix вялікія пляміны.
— Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец. — Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.
Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.
— Дзе грошы?
Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, i ад нечаканага бацькавага запытання.